НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 13. Шляхам атрада Рамана Рагінскага

Раман Рагінскі (1840-1915)
За 24 дні атрад Рамана Рагінскага прайшоў па Беларусі 750 км. Пераследуемы пераўзыходзячымі сіламі праціўніка, ён дзейнічаў у цяжкіх умовах і незнаёмай мясцовасці. Адзін з расейскіх афіцэраў так ахарактарызаваў Рагінскага: «Этот ловкий предводитель всегда действовал как опытный партизан, быстро формируя шайки, он, несмотря на то, что был три раза последовательно разбит, держался довольно долго, тревожа уезды Пинский, Брестский и в особенности Кобринский».

Рагінскі ўжо падчас навучання ў варшаўскай гімназіі захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі. У 1861 удзельнічаў у маніфестацыйным руху, пасля чаго, вымушаны пакінуць Варшаву, накіроўваецца ў Італію, дзе пастапае ў вайсковую школу ў Генуі, пазней перанесеную ў Кунеа (у П'емонце). Адкрытая пры падтрымцы Дж. Гарыбальдзі ў верасні 1861-га школа рыхтавала вайсковыя кадры для будучага паўстання, пакуль пад націскам Расіі не была зачынена ў чэрвені 1862. Аднак нават за такі кароткі час дадзеная інстытуцыя здолела падрыхтаваць 120 чалавек, у тым ліку Зыгмунта Мінейку і Рамана Рагінскага.
15 кастрычніка 1862 Рагінскі вяртаецца ў Варшаву, дзе ад Цэнтральнага камітэта атрымоўвае заданне рыхтаваць паўстанне на Падляшшы. Для гэтага ён прыязджае ў г. Белая (сёння Бяла-Падляска ў 36 км ад заходняй мяжы Рэспублікі Беларусь), дзе займаецца вярбоўкаю людзей, у асноўным з ліку шляхты і мяшчан, стварэннем складоў зброі і харчавання ў ваколічных лясах. Да Рагінскага далучаюцца яго памочнікі - прапаршчык 3-й артылерыйскай брыгады Багуслаў Паўловіч у якасці ад'ютанта і былы выхаванец аднаго з манастыроў Стасякевіч.
У першую ноч паўстання з 22 на 23 студзеня Рагінскі на чале каля 60 чалавек спрабаваў авалодаць горадам Белая. Але няўдала, паколькі расейскі гарнізон падняўся па трывозе. Рагінскі з паўстанцамі пакінуў горад і арганізаваў атрад, які ў хуткім часе павялічыўся амаль да тысячы чалавек. Пасля адыходу з Белай расейскіх войскаў генерала Мамаева, паўстанцы занялі горад. Аднак ужо 1 лютага Рагінскі уступіў у начны бой з генерал-маёрам графам Іванам Рыгоравічам Носціцам. Гэта было іх першае супрацьстаянне ў доўгай чарадзе.
Іван Носціц (1824-1905)
Генерал-маёр Світы яго імператарскай вялікасці граф Іван Носціц з'яўляўся нашчадакам старога арыстакратычнага роду і праславіўся ўдзелам у задушэнні выступленняў горцаў на Каўказе. У студзені 1863 года па асабістаму загаду імператара Аляксандра ІІ ён быў накіраваны ў дапамогу Віленскаму генерал-губернатару Назімаву. Назімаў жа адправіў яго ў Беласток, скуль Носціц з вайсковым атрадам рушыў у Белую. Пасля авалодання горадам, Носціц спрабаваў 4 лютага акружыць Рагінскага ў бітве пад Няміравым, але той здолеў вырвацца і пасля пераправы праз Буг накіраваўся ў Сямяцічы, каб аб'яднацца з паўстанцамі на чале з Уладыславам Ціхорскім. 6-7 лютага пад Сямяцічамі адбылася бітва паўстанцаў з расейскімі войскамі на чале генерала Манюкіна, пасля паражэння ў якой Рагінскі, з мэтаю пазбавіцца ад пераследу расейскіх войскаў і пашырыць паўстанне, накіраваўся ўглыб тэрыторыі Беларусі, на яе поўдзень, папярэдне некалькі дзён правёўшы ў Белавежскай пушчы.
Атрад пераходзіць у Брэсцкі ўезд і 8 лютага наведваецца ў Высока-Літоўск да князя Ксаверыя Сапегі з просьбаю аб дапамозе людзьмі, правіянтам і зброяй. Рагінскі ўспамінаў: “Гэта не быў нашчадак тых Сапегаў, якія мелі шаблі напагатове для абароны Радзімы. Даў ён нам шэсць коней, дзве двустволкі ды 250 рублёў грошай. Вось ахвяра, якую ён прынёс на алтар Айчыны”.
Далей паўстанцы накіраваліся у бок сядзібы Каралёў Мост Пружанскага ўезда, паблізу якой 11 лютага адбылося сутыкненне атрада Рамана Рагінскага з войскамі графа Івана Носціца.
Была моцная завіруха і снег. Расейскія салдаты скарысталіся надвор'ем, каб незаўважанымі падысці да стадолі, у якой паўстанцы размясцілі коней, сваю амуніцыю, боепрыпасы і порах, ды грэліся і варылі ежу. Пачалася страляніна і ў хаўсе бою агонь, на якім варылі ежу ахапіў стадолю. 12 паўстанцаў замест таго, каб бегчы ў лес як астатнія, кінуліся ратаваць коней. Акружаныя ж расейцамі, не здаваліся і стралялі ў іх нават з пылаючага будынка. У гэты час агонь дабраўся да бочкі з порахам. Раздаўся выбух і паўстанцы загінулі, акрамя чатырох, параненых, але жывых, выцягнутых салдатамі з агню. Яшчэ пяць паўстанцаў патанулі пры спробе пераправіцца праз рэчку Лясную.
Маршрут руху атрада Рамана Рагінскага
 Частка паўстанцаў разбеглася і адышла ў Падляшша, яшчэ адна на чале са Стасякевічам накіравалася пад Брэст. У гэтым сутыкненні загінула і трапіла ў палон 85 паўстанцаў, быў страчаны абоз. Носціц у сваіх мемуарах пісаў пра 50 загінулых паўстанцах і трох палонных, сваі ж страты ацаніў у 13 параненых салдат.
Сам Рагінскі з рэшткамі атрада адступіў у лес. 12 лютага, познім вечарам яго атрад злучыўся з невялікім фармаваннем акцызнага чыноўніка Гродзенскага губернскага праўлення Станіслава Сангіна і рушых да Шарашова. Паўсанцы захапілі ў мястэчку будынак сельскага праўлення і знойдзенымі там грашамі расплаціліся з мясцовымі жыхарамі за прадукты і адзенне. Рагінскі пісаў: “Усё мястэчка збеглася нас накарміць, а габрэі даставілі астатняе. Калі ўжо я заявіў, што плачу за ўсё, далі нам тое, у чым больш за ўсё адчувалася неабходнасць: пораху, патронаў і мноства пістонаў для ружжаў”.
Пасля гэтага аб’яднаны атрад пад агульным кіраўніцтвам Рагінскага на 15 фурманках накіраваўся на Пружаны, якія былі захоплены 13 лютага. У гэтай акцыі паўстанцам дапамагла гарадская рэвалюцыйная арганізацыя, у якую ўваходзіла фактычна ўсё кіраўніцтва горада. Напад ажыцяўляўся ўвечары на казармы спаўшай вайсковай інваліднай каманды. Пры гэтым кіраўнік каманды Пружанскай унутранай аховы паруччык Платон Галаўня «обнаружил трусость и, спасая только себя, бежал из города, переодевшись в крестьянскую одежду». Пазней Галаўню пазбавілі афіцэрскага звання і дваранства, выгналі з арміі і выслалі ўглыб Імперыі. І калі Галаўня праявіў баязлівасць, то адзін з расейскіх салдат, які ахоўваў будынак мясцовага казначэйства толькі пасля 10 раненняў паваліўся непрытомным.  У казначэйстве было захоплена больш 10 тысяч рублёў, дакументы і амуніцыя. Таксама паўстанцы абяззброілі мясцовую нешматлікую вайсковую каманду і захапілі 200 карабінаў і 1720 патронаў.
Раман Рагінскі растаўляе пасты
(малюнак Эдварда Рыдза Сміглы)
У выніку сутыкнення былі забітыя 2 шэрагоўца інваліднай каманды і 1 адстаўны, а таксама паранены 9 чалавек, з якіх адзін.
З гарадской турмы выпусцілі 9 чалавек, аднак тыя адмовіліся далучацца да паўстанцаў. З Пружан у атрад пайшлі толькі 2 чалавекі: бухгалтар казанчэйства Стравінскі, які “нанёс удар шашкаю па галаве” абяззброенаму салдату мясцовай інваліднай каманды, і пісарчук уезднага суда Глябовіч, “стрэлам у горла” забіўшы шэрагоўца Калеснікава. Акрамя таго, Рагінскі “сілаю ўвёў у мяцеж” мясцовых шляхцішчаў братоў Франца і Аляксандра Пульхоўскім і шляхціча Брэсцкага ўезда Малеўскага, якія той жа ноччу збеглі з атрада, пра што і даклалі вайсковаму начальству.
Канфіскаваную зброю, боепрыпасы і амуніцыю паўстанцы загрузілі на фурманкі і рушылі ў накірунку Кобрына, па дарозе куды паміж Рагінскім і Сонгіным здарылася спрэчка. Сангін быў супраць далейшага руху ўглыб яшчэ непадрыхтаванай да паўстання тэрыторыі. Рагінскі ж настойваў на далейшым руху. У выніку атрад Сангіна забраў сваю частку захопленай маёмасці і грошай, ды павярнуў у бок Бельскага ўезда. Па дарозе туды 15 лютага атрад Сангіна патрапіў у пастку паблізу паселішча Рэчыца Пружанскага ўезда і быў разбіты пераўзыходзячымі сіламі праціўніка пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Вімберга. Загінулі 11 паўстанцаў, у тым ліку і сам Сангін, 16 патрапілі ў палон, некалькі чалавек патанулі, выратаваліся толькі 8 чалавек. Расейскія войскі страцілі толькі 2 чалавека забітымі і 3-х параненымі (згодна афіцыйным дадзеным).
Тым часам Рагінскі з атрадам у 30 чалавек пасля захопу Пружанаў размясціўся павячэраць у маёнтку Лінява памешчыка Багуслава Трэмбіцкага. На працягу руху да Антапаля да атрада актыўна далучалася мясцовая шляхта, гімназісты, рамеснікі, служачыя лясной варты. Але буйныя памешчыкі адкупляліся толькі нязначнымі харчовымі падачкамі.
Раман Рагінскі ў вопратцы паўстанца
У выніку атрад Рагінскага дасягнуў 85 чалавек і  14 лютага прыбыў у маёнтак Антапаль Кобрынскага ўезда, які належыў графу Казіміру Ажароўскаму - адстаўному артылерыйскаму штабс-капітану і былому міравому пасрэдніку Кобрынскага ўезда. Слова вядомага чалавека магло паўплываць на мясцовае насельніцтва. Аднак, як і ад іншых памешчыкаў, ад Ажароўскага Рагінскі атрымаў толькі харчаванне.
Рух углыб Палесся працягваўся. Вялікую дапамогу Рагінскаму аказвалі ляснічыя, якія перадавалі паўстанцам інфармацыю пра рух расейскіх войскаў.
Падчас знаходжання Рагінскага ў мястэчку Любашаў ён атрымаў паведамленне, што ў Пінску знаходзяцца толькі каля 100 чалавек казакаў і салдат мясцовай інваліднай каманды. Усе ж астатнія накіраваныя на пошук паўстанцкага атрада. Рагінскі вырашыў атакаваць горад, але для праверкі інфармацыі адправіў у горад свайго сябру Валовіча. Праз два дні той вярнуўся: з паліцэйскім ураднікам Юрашкевічам, настаўнікам Пінскай гімназіі Астрамецкім і гімназістам Клюкоўскім ды паведамленнем аб тым, што інфармацыя аб сыходзе расейцаў з Пінску - гэта качка, злітая паўстанцам дэза.
Вечарам 20 лютага на мосце праз раку Ясяльду, у 11 км ад Пінска, атрад Рагінскага перахапіў пошту ў Мінск з сакрэтнаю перапіскаю і грашыма. Пасля Рагінскі лясамі рушыў у накірунку Лунін-Радзівілавічы, і далей – да Боркаў.
Генерал Носціц 23 лютага падзяліў свае войскі на 4 атрады і накіраваў іх услед Рагінскаму. У гэты ж дзень Рагінскі ўвайшоў у маёнтак Лунін князя Друцкага-Любецкага, дзе атрад атрымаў харчаванне і некалькі коней.
26 лютага атрад Рагінскага дасягнуў паселішча Боркі Пінскага ўезда - маленькая бедная вёска ўсяго з некалькіх хат і шэрагу гаспадарчых прыбудоў. Паўстанцы размясціліся лагерам сярод гэтых пабудоў і ўладкаваліся на начны пастой. Але ноччу з 26 на 27 лютага іх нечакана атакаваў атрад штабс-капітана Еўдакімава. На хуткую руку былі ўзведзены невялікія барыкады з вазоў. Але яны не выратавалі паўстанцаў ад поўнага паражэння. З 85 чалавек збеглі толькі 12, у тым ліку і Рагінскі, 24 патрапілі ў палон, астатнія ж загінулі. Сярод палонных апынуўся прапаршчык 13-й артылерыйскай брыгады Багуслаў Паўловіч, які самавольна пакінуў частку і далучыўся да Рагінскага яшчэ на тэрыторыі Польшчы. Паўловіч быў растраляны ў Брэсце 1 жніўня 1863.
Рагінскі з рэшткамі свайго атраду намагаўся вырвацца з акружэння, рухаючыся далей на ўсход. Некалькі дзён паўстанцы блукалі па лясах на моцным марозе і ветры, пакуль не дасягнулі маёнтка Круковічы памешчыка Адахоўскага, дзе спадзяваліся пераначаваць. Аднак да маёнтка падышла калонна капітана Алебартава і паўстанцы зноў вымушаны былі ўцякаць у лес. Змучаныя, яны ўцякалі, пакуль у вёсцы Лахва ім не  ўдалося ў мясцовых сялян атрымаць трохі прадуктаў і падводу, на якой паўстанцы накіраваліся ў бок Жыткавічаў Мазырскага ўезда.
Не даходзячы да Жыткавічаў, Рагінскі пакінуў свой атрад і разам з памочнікам Юрашкевіам пешшу адправіўся ў Тураў на сустрэчу мясцовай шляхты, якую 3 сакавіка збіраў ў сваёй хаце адстаўны ўланскі афіцэр Млынскі. Аднак Рагінскі і Юрашкевіч былі схоплены мяшчанамі і выдадзены казакам. Былі схоплены і іншыя прадстаўнікі атрада. Пад узмоцненай аховаю паўстанцы был адвезены ў Жыткавічы, а адтуль у суправаджэнні капітана Альбертава дастаўлены ў Пінск. У Пінску адбылася першая сустрэча Носціца з Рагінскім. Рагінскі ўспамінаў: “Ён увайшоў у пакой, дзе  сабралося шмат афіцэраў, якія з цікавасцю разглядалі мяне, і, звяртаючыся да мяне, сказаў па-руску:
-  Г-н Рогинский, я вашу храбрость уважаю. Подал бы вам руку, но руки ваши обагрены кровью моих соотечественников. Вы подняли мятеж против нашего государя и народа. Если вам это будет прощено, останемся друзьями...
Раман Рагінскі пасля
атрымання амністыі
Пасля некалькіх дзён, праведзеных у Пінску, пад узмоцненай аховаю на чале з Носціцам Рагінскага прывезлі ў Брэст, пасля накіравалі ў Варшаву, дзе вайсковы суд прыгаварыў Рамана Рагінскага да смяротнага пакарання. Але Носціц “Во внимание чистосердечного признания Рогинского и сделанных им показаний, желая спасти жизнь этого энергичного двадцатилетнего юноши… я ходатайствовал у Великого князя о даровании ему жизни». Прысуд быў заменены катаргаю ў Сібіры. Праз тры дзесяткі гадоў Рагінскі атрымаў амністыю і ў 1896 наведаў 72-гадовага генерала Носціца ў яго маёнтку ва Украіне: “Сустрэў ён мяне з натуральнаю радасцю і ветлівасцю”.
Сам Носціц адзначаў: «Отвага, энергия и предприимчивость всегда творили чудеса на войне, и этими качествами вполне обладал Рогинский».

Рэйд атрада Рагінскага паказаў непадрыхтаванасць паўднёвай Беларусі да паўстання і даў  несуцяшальную карціну адносін насельніцтва: як сялянства, так і шляхта на Палессі пазбягалі любой дапамогі паўстанцам. На жаль, вынікі гэтага паходу не былі ўлічаны кіраўніцтвам паўстання пры распрацоўцы тактыкі і абвяшчэнні ўсеагульнай барацьбы.

Пры напісанні матэрыяла выкарыстаныя:
Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края. Часть 2. - Вильна, 1915. - 466 с.
Из воспоминаний постанца (Р. Рагинский) // Исторический вестник. – 1906. – Т. 105. – С. 422-452.
Карпович О.В., Рейд отряда Романа Рогинского по Беларуси зимой // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия А. – 2013. - № 1. – С. 37-41.
Матвейчык Д.Ч., Паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў. - Мн., 2013. - 122 с.
Zieliński Stanisław, Bitwy i potyczki 1863-1864. W Rapperswilu, 1913. - 562 s.

Комментарии