Прадмова Яна Чачота да першага зборніка “Сялянскіх песень з-над Нёмана” (1837)

Першы зборнік Яна Чачота
"Piosnki wieśniacze znad Niemna
"

Нашы сяляне – люд добры, лагодны, працавіты, пачцівы – павінны абудзіць у нас найпрыхільнейшыя да сябе пачуцці. З імі мы можам быць шчаслівыя. Удзяляючы ім за працу іх рук працы нашага розуму і асветы, мы можам памножыць усеагульнае дабро. Не думайе, што мы не можам і ад іх чаму-небудзь навучыцца. Мы многаму навучымся з пазнання іх становішча і характару; знойдзем у іх паданні, казкі, былі, самае багатае будзе жніва песень, якія дадуць магчымасць пазнаць іх тонкія, прыгожыя, нават далікатныя і глыбокія пачуцці. Не думайце, што толькі кожны горад ці правінцыя маюць свайго вучонага спевака; мы ўбачым, што свайго невучонага, але душэўнага і сардэчнага спевака мае амаль кожная вёска. Я заўважаў, што на адлегласці колькі міль, нават паўмілі зусім розня спяваюцца песні. Які гэта скарб для адукаванага спевака і даследчыка! Колькі там нязмушанай і свежай паэзіі! Слухаючы з ахвотай вясельныя, дажынкавыя, купальскія і іншыя песні, не раз будзем мы прыемна задаволеныя і, што яшчэ больш важна, набудзем большую прыхільнасць да нашых добрых земляробаў. Так цяжка мне ўспамінаць, як у нас дома (гэтаму я быў сведкам) з боязі пажару ад запаленых агнёў не дазвалялася святкаваць Купалу, як, не жадаючы прымаць у сваім маёнтку працавітых і мілых гасцей, што часам не ўмеюць як трэба спажываць божыя дары, паны раздавалі ім на дажынкі яду і пітво па хатах! Пры добрым з боку памешчыка ці прадстаўніка ўлады наглядзе гэтыя сапраўдныя вясковыя ўрачыстасці так бы ўзаемна ядналі і прывязвалі і гэтых гаспадароў, што ва ўладзе, і тых, што прыносяць, нібы пчолы ў вулей, багаты плён!




Шчыра палюбіўшы з гадоў маленства нашых мілых і добрых сялян, я хачу даказаць тут ім сваю прыязнасць. Доказ гэты – пераклад і перайманне сялянскіх песень, якія спяваюць над берагамі Нёмана, у аколіцах Беліцы [сёння – вёска ў Лідскім раёне]. Не ўсюды я вельмі трымаўся арыгінала, некаторыя ж, аднак, перакладзены даслоўна; іншыя больш-меньш блізка пададзены ў перакладзе. Сялянская і наша пісьмовая мова не вельмі паміж сабой і розняцца; часам засталіся цэлыя выразы, некаторыя часам, каб зрабіць асобныя сказы больш гладкімі альбо каб удакладніць думку, я дазволіў сабе адступіць ад тэксту, але заўсёды галоўная думка заставалася тая ж…
У будучым, калі і збор песень павялічыцца, я выдам іх разам з тэкстам арыгінала. Як бы я быў шчаслівы, калі б гэтыя песні былі скарыстаны ў нас на святкаванні Дажынак, Купалы і павялічылі тую ўзаемную прыхільнасць пана і селяніна, ад якой так многа залежыць!

1834

Комментарии