Рэкруцкім наборам,
дакладны дзень якога трымаўся ў таямніцы, улады збіраліся забраць у войска 12 тысяч патэнцыяльных паўстанцаў. Разумеючы наступствы такіх стратаў для рэвалюцыйнага руху, унутры канспіратыўнай арганізацыі на чале з Варшаўскім Нацыянальным камітэтам завязалася дыскусія наконт дня пачатку ўсеагульнай барацьбы.
Умераныя "белыя" з Агатонам Гіллерам выказвалі заклапочанасць магчымасцю хуткага развязвання баявых дзеянняў. Гэта было звязана з шэрагам праблемаў:
- не хапала зброі, а яе
закупка і перапраўка на тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай ішла вельмі марудна;
- большая частка кантрабанды трапляла ў рукі расейскіх і прускіх уладаў;
- былі
арыштаваныя паўстанцкія эмісары ў Францыі;
- не хапала адукаваных вайсковых кадраў, а
таксама ўзгодненай стратэгіі барацьбы не толькі на тэрыторыі ўсёй былой Рэчы Паспалітай, але нават у асобна ўзятых уездах.
Зыгмунт Падлеўскі (1836-1863) |
Аднак у дыскусіі перамог накірунак "чырвоных" - за неадкладнае паўстанне. На чале яго стаяў афіцэр Зыгмунт Падлеўскі, які пасля заканчэння кадэцкага корпусу ў Брэсце вучыўся ў артылерыйскім вучылішчы ў Пецярбургу.
Менавіта ў сталіцы Імперыі Падлеўскі далучыўся да рэвалюцыйнага гуртка Серакоўскага і Дамброўскага, дзе пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім. Як і Каліноўскі, Падлеўскі належыў да левага крыла арганізацыі "чырвоных". Ён быў таксама адным з кіраўнікоў "Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы" і выступаў за цеснае супрацоўніцтва з рускімі арганізацыямі і сумеснае з імі паўстанне супраць царызму. З пачаткам паўстання Падлеўскі стаў паўстанцкім начальнікам у Плоцкай губерніі Польшчы, дзе грабіў і растрэльваў тых памешчыкаў, якія адмаўляліся памагаць паўстанцам. У адной з бітваў Падлеўскі патрапіў у палон і 15 мая быў растраляны ў Плоцку.
12 студзеня 1863 на сустрэчы Варшаўскай канспіратыўнай арганізацыі Падлеўскі заявіў: "Аддаванне рэкрута з’яўляецца найвялікшаю здрадаю супраць народа". І патрабаваў распачаць барацьбу з моманту абвяшчэння набора. Чакаць доўга не прыйшлося.
Людвік Мераслаўскі (1814-1878) |
Ужо ў ноч з 14 на 15 студзеня ў Варшаве расейскія салдаты правялі першыя зачысткі ўнесеных у спіс актывістаў. Але гэтая акцыя ўладаў правалілася, паколькі большасць патэнцыяльных рэкрутаў была папярэджаная і напярэдадні сышла ў лясы.
16 студзеня Варшаўскі цэнтральны камітэт узяў на сябе ролю часовага Нацыянальнага ўрада, 17-га прыняў Маніфест аб пачатку паўстання, датаваны 22-м студзеня. У сувязі з патрэбаю ў лідэры, так званым "дыктатары", 19 студзеня прымаецца рашэнне перадаць гэтую ролю Людвіку Мераслаўскаму, сябру Гарыбальдзі і ўдзельніку аб'яднання Італіі, які, аднак, быў недасведчаны аб сітуацыі на землях былой Рэчы Паспалітай і на гэты момант знаходзіўся па-за яе межамі.
У ноч на 23 студзеня распачалося само паўстанне. У сувязі з тым, што ў Варшаве размяшчаўся 50-тысячны расейскі гарнізон, што складала палову імперскай арміі ў Польшчы, сталіцаю Часовага ўрада абралі Плоцк, у ваколіцах якога сканцэнтравалася каля 2 тысяч слаба ўзброеных, памерзлых і стомленых ўжо першым тыднем ляснога жыцця паўстанцаў.
Аўтарам плана па захопу Плоцка быў Падлеўскі. У горадзе на гэты момант размяшчаўся гарнізон з 400 салдат на чале з генералам Яўгеніем Менгдэнам, які з 5-ці гадзін вечара забараніў рух па вуліцах горада і запальваць святло нават у хатах. Яшчэ 400 расейцаў ён адправіў на вышукі паўстанцаў у ваколічных лясах.
На Плоцк вырашылі наступаць шасцю атрадамі (сёмы - у рэзерве) агульнай колькасцю каля тысячы чалавек. Адзін з іх пад кіраўніцтвам Аляксандра Рагалінскага падчас маршу натыкнуўся на расейцаў у 12 км ад Плоцка. У выніку бою былі забітыя 19 салдат, а паўстанцы страцілі трох. Аднак гэта не дазволіла Рагалінскаму своечасова прыбыць да Плоцка, штурмам якога кіраваў Казімір Конрад Блашчынскі (мянушка - Багдан Боньча).
Некалькі дзесяткаў паўстанцаў на чале з Блашчынскім атакавалі гарадскія казацкія казармы. Адначасова ў розныя месцы Плоцка накіраваліся паўстанцы пад кіраўніцтвам начальніка гарадской канспіратыўнай арганізацыі Войцэха Зэгжды.
Паўстанцы захопліваюць Казімеж над Віслаю (малюнак з французскага часопіса Le Monde Illustre) |
Расейцы былі папярэджаны аб нападзе і добра падрыхтаваліся. Адсутнасць святла не дазваляла зарыентавацца ў вызначэнні прызначаных для атакі пунктаў. Цемра, моцны снег, слаба арганізаваныя паўстанцы і як вынік - хаўс на вуліцах Плоцка. Атака правалілася. Расейскія салдаты, запаліўшы святло, перайшлі ў наступ і пачалі высочваць паўстанцаў у хатах гараджан. Цяжка паранены Зэгжда быў акружаны. Але каб не здацца ворагу, застрэліўся.
Няўдалая спроба авалодаць Плоцкам прывяла да таго, што Часовы ўрад не мог адкрыта заявіць пра сябе і вымушаны быў працягваць канспіратыўную дзейнасць у Варшаве.
Першыя падзеі паўстання паказалі, наколькі ж слаба падрыхтаваныя яго ўдзельнікі. З 24 атак на расейскія гарнізоны поспехам скончыліся толькі 6. Праваліўся захоп Плонска, Высокіе Мазавецке, Мэнжэніна, і самае галоўнае - не ўдалося разбіць гарнізоны ўздоўж брэсцкага тракту. Сярод поспехаў самым значным стаў захоп Лукава атрадам ксяндза Станіслава Бжускі. Але ранкам той таксама пакінуў захоплены населены пункт. Страты варожых бакоў можна ацаніць прыкладна ў две сотні з кожнай.
Юзаф Пілсудскі ў сваёй кніжцы пра паўстанне 1863 года запісаў: "У начным баі 22 студзеня... амаль усюль бой пайшоў на карысць расейцаў. Нападаючыя нават там, дзе часова былі гаспадарамі поля бою і пераможцамі, ужо на світанні вымушаныя былі пакінуць занятыя пункты, каб адступіць у меньш даступныя і больш укрытыя, чым гарады і мястэчкі".
Комментарии
Отправить комментарий