НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 8. Маніфест аб пачатку паўстання ад 22 студзеня


Датаваны 22 студзеня 1863 года і выдадзены ў Варшаве маніфест стаў дакументальным сведчаннем пачатку паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай.
У ім абвяшчалася, што маецца сіла, якая здольная ўзяць на сябе адказнасць за лёсы прыгнечаных этнічных супольнасцяў Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны ў іх шляху да лепшага жыцця праз барацьбу са зброяй у руках. Ворагам бачыўся царызм, які ганьбіць лепшае і культывуе найгоршае ў чалавеку. Маніфест завяршаўся зваротам да "маскоўскага народа", такога ж прыгоннага, пакутлівага і прыгнечанага як і іншыя народы Імперыі, далучыцца да барацьбы супраць рабаўніцкага самадзяржаўя.
Марыя Ільніцка (1825-1897)
Аўтаркай маніфеста была паэтка Марыя Ільніцка (1825-1897) - сястра аднаго з удзельнікаў Цэнтральнага камітэта ў Варшаве (з пачаткам паўстання перайменаваны на Нацыянальны ўрад) - Яна Майкоўскага, жонка сасланага ў Сібір паўстанца, сама была архіварыюсам паўстанцакага ўрада, а таксама адна з яскравых прыкладаў змагарак за эмансіпацыю жанчын на тэрыторыі Польшчы.
Тэкст маніфеста быў адзінагалосна прыняты 17 студзеня 1863 на паседжанні камітэта, створанага яшчэ ў кастрычніку 1861-га як рэакцыя на падаўленне расейскім урадам маніфестацыйнага руху. Датаю выступлення вырашылі прызначыць ноч з 22 на 23 студзеня, напярэдадні рэкруцкага набора, пасля якога каля 12 тысяч маладых людзей за ўдзел у антыўрадавых выступленнях павінны былі патрапіць у расейскае войска.
У нашым краі распаўсюджваемы маніфест завяршаўся сказам "за адпаведнасць арыгіналу сведчыць Літоўскі камітэт у якасці Часовага правінцыйнага ўрада ў Літве і Беларусі", для якога, насамрэч, пачатак паўстання ў Польшчы стаў сапраўднай неспадзянкаю. Аднак Часовы ўрад Літвы і Беларусі праз 10 дзён пасля доўгіх абмеркаванняў выдаў свой маніфест (амаль цалкам паўтор дакумента Нацыянальнага ўрада) аб далучэнні да паўстання, разумеючы, што толькі ў супольнай барацьбе ёсць хоць нейкая магчымасць перамогі.
Ніжэй прыводжу пераклад маніфеста аб пачатку паўстання.

Цэнтральны камітэт у якасці часовага Нацыянальнага ўрада
Маніфест аб пачатку паўстання
Подлы, рабаўніцкі ўрад, раз'юшаны супрацівам пакутуючай праз яго ахвяры, пастанавіў нанесці ёй удар - схапіць некалькі дзесяткаў тысяч самых лепшых і руплівых яе абаронцаў, апрануць у ненавісны маскоўскі мундзір і пагнаць за тысячы міль на вечную галечу і пагібель. Польшча не хоча, яна не можа падпарадкоўвацца гэтаму ганебнаму гвалту, і, пад караю ганьбы перад нашчадкамі, павінна аказаць энергічны супраціў. Процьма мужнай моладзі, моладзі самаадданай, напоўненай гарачай любові да Айчыны, з непахіснай вераю ў правасуддзе і дапамогу Божую, далі клятвавае абяцанне зрынуць праклятае ярмо або загінуць. За ёю, таму, Польскі народ, за ёю! Пасля жудаснай ганьбы рабства, пасля няўяўных пакут прыгнёту, Цэнтральны Камітэт, у цяперашні час адзіны законны твой Нацыянальны Урад, заклікае цябе на поле барацьбы - ужо апошняй, на поле славы і перамогі, якую дасьць табе і, у імя Бога на нябёсах, клятвенна абяцае даць, бо ведае, што ты, учорашні пакаяннік і мсцівец, заўтра павінен быць і будзеш героем і волатам. Так! Ты заваюеш сваю свабоду, сваю незалежнасць, такою веліччу мужнасці, святасцю такіх ахвяр, якіх ні адзін з народаў яшчэ не запісаў на старонках сваёй гісторыі. Адроджанай сваёй Айчыне ты без шкадавання, слабасці і вагання аддасі сваю кроў, жыццё і ўласнасць, якіх яна запатрабуе ад цябе. Наўзамен гэтага Цэнтральны Нацыянальны Камітэт абяцае табе, што намаганні тваёй адвагі не знікнуць бясследна, ахвяраванні твае не будуць страчаныя, бо ён, прымаючы стырно праўлення, будзе трымаць яго моцнаю рукой. Ён раструшчыць ўсе перашкоды, раскідае усе завалы, а ўсялякую нядобразычлівасць да святой справы і нават недахоп стараннасці будзе пераследваць і караць перад суровым, хоць і справядлівым судзілішчам абражанай Айчыны.
З першага ж дня адкрытага выступлення, з першага моманту пачатку святой барацьбы, Цэнтральны Нацыянальны камітэт аб'яўляе ўсіх сыноў Польшчы, без адрознення веры і роду, паходжання і стану, свабоднымі і роўнымі грамадзянамі краю. Зямля, якою земляробы валодалі на правах чыншу або паншчыны, з гэтага моманту становіцца безумоўнай іх уласнасцю, на правах вечнай спадчыны. Уладальнікі, якія панеслі страты будуць ўзнагароджаныя з агульных сродкаў дзяржавы. Беззямельныя і падзёншчыкі, якія ўступаюць у шэрагі абаронцаў краю, або ў выпадку доблеснай іх смерці на поле гонару, сем’і іх атрымаюць надзелы з абароненай імі ад ворагаў зямлі дзяржавы. Такім чынам, да зброі, народ Польшчы, Літвы і Русі! Да зброі! Бо гадзіна агульнага вызвалення ўжо прабіла, стары меч наш аголены, святы сцяг Арла, Пагоні і Архангела ўжо разгорнуты.
А зараз мы звяртаемся да цябе, Маскоўскі народ! Наш традыцыйны пароль - воля і братэрства народаў. Таму мы даруем табе нават забойства нашай Айчыны, даруем нават кроў Прагі і Ашмянаў, гвалту на вуліцах Варшавы і катаванні ў цытадэльных падзямеллях. Даруем табе, бо і сам ты, - бедны і забіты; трупы тваіх дзяцей гайдаюцца на царскіх шыбеніцах, прарокі твае мерзнуць у снягах Сібіры. Але калі ты ў гэты рашучы момант не адчуеш ўнутры сябе згрызоты за мінулае, не пачуеш святой смагі аб лепшай будучыні, калі ў нашай барацьбе ты будзеш дапамаць тырану , які нас забівае, а цябе топча, то - гора табе! Бо мы, перад абліччам Бога і ўсяго святу, зрачэм цябе, на ганьбу вечнага падданства і вечныя пакуты рабства; мы выклічам цябе на страшны бой знішчэння, апошні бой еўрапейскай Асветы з дзікім Варварствам Азіі!
Варшава. 22 студзеня 1863 года

За адпаведнасць арыгіналу сведчыць Літоўскі камітэт у якасці Часовага правінцыйнага ўрада ў Літве і Беларусі.

Комментарии