НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 6. Маніфестацыйны рух

"Самы небяспечны момант
для дрэннага рэжыма - 
калі ён пачынае рэфармавацца".

"Зло, якое доўга цярпелі як непазбежнае,
становіцца невыносным ад адной толькі думкі,
што яго можна пазбегнуць".
Алекс, дэ Таквіль (1805-1859), французскі палітык


[У якасці падарунка выкладаю цікавую кніжку, нягледзячы на год выдання, актуальную і сёння. А з нагоды адсутнасці канцэптуальных працаў такога характару апошнімі гадамі, то ўдвая важную
Смирнов А.Ф., Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. - М., 1963. (Спампаваць)]

Алекс дэ Таквіль звярнуў увагу, што калі дэспатычная ўлада змяняе палітыку рэпрэсій на рэформы, то перад ёю паўстае пагроза грамадзянскага гневу, папярэдне жорстка прыціснутага.
Войцэх Коссак, Чаркесы на Кракаўскім прадмесці
Нягледзячы на дэклараваную пасля смерці бацькі арыентацыю на нязменнасць усталяванага тым парадку, імператар Аляксандр ІІ вымушаны быў ісці на паслабленне рэжыма і пачаць падрыхтоўку рэформаў. Таго патрабавалі паражэнне ў Крымскай вайне, кепская эканамічная сітуацыя ўнутры краіны і ўзмацненне сялянскага руху. З новым імператарам звязвалі вялікія чаканні. І ён іх першапачаткова апраўдваў. Гэта несла карысць і тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Цэнзура слабела, часцей сталі з'яўляцца выданні на беларускай мове, сярод якіх апынуліся і "Песні набожныя", выконваемыя ў 1861 у касцёлах.

                            



 






У такіх абставінах Расійскі імператар дазволіў вярнуцца з Сібіры на Радзіму ўдзельнікам Лістападаўскага паўстання (1830-1831). Прыезд былых паўстанцаў прывёў да зрухаў у настроях грамадства. Тыя падзеі, асобы і пачуцці, з імі звязаныя, якія так доўга былі пад забаронаю, выліліся спачатку ў салонныя і карчмовыя размовы, затым у стварэнне разнастайных суполак, аб'яднаных успамінамі аб мінулым. У выніку, калі памерла ўдава героя Лістападаўскага паўстання генерала Юзэфа Савінскага, то 11 чэрвеня 1860 на яе пахаванне сабралася ледзь не ўся Варшава. Такім чынам распачалася серыя вялікіх шэсцяў, дэманстрацый - так званы "маніфестацыйны рух", падзеі якога звычайна звязваюць з уздымным і трагічным 1861-м годам.
У кастрыніку 1860-га ў Варшаве падчас з'езда  манархаў, мясцовыя патрыёты сарвалі ўрачыстыя і атракцыйныя мерапрыемствы. Гэта звярнула на сябе ўвагу не толькі еўрапейскай супольнасці, але і імператара Алясандра ІІ. Пасля маніфестацыі 29 лістапада, прысвечанай трыццатым угодкам Лістападаўскага паўстання, дзе ўпершыню вялікая колькасць людзей выконвала патрыятычныя польскія песні, расійскі цар аддаў загад: у выпадку больш значных выступленняў адкрыць па дэманстрантам агонь з гармат Варшаўскай цытадэлі.
25 лютага 1861 з нагоды 30-й гадавіны самай крывавай бітвы Лістападаўскага паўстання - бітвы пад Грохавым (у ёй загінула каля 20 тысяч расейцаў і палякаў) у Варшаве адбылася чарговая маніфестацыя, на гэты раз разагнаная войскам. У сувязі з гэтым жыхары Варшавы 27 лютага сабраліся на новую маніфестацыю, якая зноў была разагнаная, а пяцёра яе ўдзельнікаў былі забітыя расейскімі салдатамі на Кракаўскім прадмесці.

Караль Байер, Пяцёра забітых, 1861
Пахаванне забітых, ператварылася 2 сакавіка ў чарговую маніфестацыю і прывяло да дэманстрацый салідарнасці не толькі ў гарадах Польшчы, але Літвы, Украіны. Нават Расіі: яшчэ 1 сакавіка студэнты Пецярбургскага ўніверсітэта, Медыка-Хірургічнай акадэміі, слухачы ваенных вучылішчаў сумесна з польскімі студэнтамі гэтых устаноў правялі паніхіду па загінулых (удзельнічала да 1500 чалавек), 17 сакавіка адбылася паніхіда і ў Маскве, на якой Пётр Зайчнеўскі ў сваёй прамове заклікаў рускіх і палякаў сумесна змагацца з агульным ворагам - самадзяржаўем.
А. Лессэр, Пахаванне пяці загінулых у Варшаве
Да жалобы далучыліся і гарады Беларусі: Беласток, Гродна, Ваўкавыск, Слонім, Брэст,Мінск, Магілёў... 27 сакавіка 1861 паніхіда адбылася ў Віцебску. Жандармскі палкоўнік Лосеў з гэтае нагоды пісаў, што яна арганізавана "обществом из фанатических дам и мелких чиновников... из занимающих в Витебске высшие места никто на этой церемонии не был".  Але нідзе гэта не вяло да парушэння грамадскага парадку, садзейнічаючы толькі ўсплёску салідарнасці сярод удзельнікаў маніфестацый.
У знак жалобы на жыхарах краю пачала з'яўляцца адзежа ў асноўным з чорных колераў, упрыгожаная жалобнай біжутэрыяй. У асяродку шляхты зрабіліся моднымі нацыянальныя польскія касцюмы.
Расейцы ў адказ стварылі паліцэйскія суды, якім было даручана "вменить в обязанность не затрудняться излишними формальностями по сему предмету, так как доказательства одежды служат достаточным фактом обвинения". Гурбою на грамадзян пасыпалися штрафы и арышты. Так, у Гродна да канца 1861 да судовай адказнасці за форму адзення былі прыцягнуты 15 чалавек, 4 з іх пакараны штрафам і арыштам, а 3 арыштам.
Модным зрабіўся зварот і да твораў польскай культуры. Так, у Мінску быў арганізаваны святочны прыём сыну Адама Міцкевіча, які ехаў у Навагрудак, а ў чэрвені мінчукі, нягледзячы на забарону, правялі паніхіду па Іяхіму Лелявелю, замаскіраваўшы яе пад выглядам паніхіды па нейкаму гараджаніну.
Спачатку ўдзельнікаў маніфестацый высылалі ў вёскі, пакуль генерал-губернатар Назімаў не здолеў дабіцца высылкі тых ва "ўнутраныя губерніі" Імперыі. Аднак гэта не дапамагала: рэпрэсіі яшчэ больш раздзьмувалі вогнішча маніфестацый.
Г. Пілацці, Пахаванне пяці ахвяр маніфестацыі ў Варшаве ў 1861 годзе

8 красавіка ў Варшаве расейскае войска разагнала чарговую маніфестацыю, забіўшы больш 100 чалавек, не лічачы некалькіх соцень цяжка параненых.
У маі 1861 года ў Віленскім катэдральным саборы была арыштавана суполка моладзі (Б. Дыбоўскі, браты Ліманоўскія, К. Карэва і інш.) за спяванне рэлігійна-патрыятычных гімнаў, што выклікала дэманстрацыю: віленчукі пайшлі да палаца Назімава з патрабаваннем вызвалення арыштаваных.
Спробы імператара залагодзіць тэрыторыю Каралеўства Польскага некаторымі саступкамі ў чэрвені 1861 прывяло да новай хвалі выступленняў, якія больш шырока ахапілі таксама Літву, Беларусь і Украіну. Асабліва з нагоды гадавіны Люблінскай уніі, якую вырашылі ўрачыста адсвяткаваць 12 жніўня 1861 г. і патрабаваць уз'яднання Літвы з Царствам Польскім у межах адзінай адміністрацыі, не парушаючы правы цара. У Коўна шматтысячнае шэсце (па дадзеным улад - 8 тыс. чалавек) рушыла ў бок Нёмана, насустрач калонне з Царства Польскага. Войскі, якія першапачаткова перашкаджалі руху, раступіліся, звялі пантонны мост, і людскі паток зліўся ў адзін.
У Гродна таксама была спроба арганізаваць такое ўрачыстае мерапрыемства. 26 жніўня калонна гарадзенцаў на чале з ксяндзом Маеўскім, які дамовіўся з кіраўніцтвам губерніі, рушыла да кляштару ў Ружаным Стоку, але афіцыйныя ўлады ў апошні момант перадумалі, разабралі драўляны мост праз Нёман, арыштавалі гродзенскага ксяндза, ды саслалі таго на паўгады ў Сібір. 
14 кастрычніка 1861 быў у Каралеўстве Польскім было ўведзена ваеннае становішча. Спроба правесці ў Варшаве маніфестацыю 15 кастрычніка з нагоды гадавіны смерці Тадэвуша Касцюшкі скончылася чарговым разгонам і арыштаваннем 1878 людзей у касцёлах.
17 кастрычніка ў Варшаве быў арганізаваны гарадскі камітэт, які распачаў падрыхтоўку паўстання...
Лагер расейскага войска ў цэнтры Варшавы
пасля ўвядзення ваеннага становішча

Комментарии