Праслужыўшы 25 лет, да і торбу
ўзяўшы, ідзі жабраваці! А што граху
набярэшся перад Богам, спрыяючы
маскалеві, таго ніколі Бог не даруе.
"Мужыцкая праўда", № 5.
Пасля захопу тэрыторыі Беларусі ў выніку
падзелаў Рэчы Паспалітай, яе жыхароў прымусілі плаціць даніну крывёю на карысць
Расейскай імперыі – пастаўляць салдат для захопніцкіх войнаў на Усходзе,
задушэння Венгерскага паўстання і прайгранай Крымскай вайны. Разам са шляхтаю ў
расейскім войску сталі служыць сяляне і мяшчане, абавязаныя выдзяляць рэкрутаў
на 20-гадовую службу: да 1820 г. адзін рэкрут з 200 душ мужчынскага полу, а з
1820 ўвогуле адзін са 125. Гэта была вельмі цяжкая павіннасць, якую ўлады
выкарыстоўвалі і для пакарання абаронцаў прыгнечанага беларускага сялянства, як
у выпадку паэтаў Паўлюка Багрыма і Францішка Савіча.
І. Рэпін, Праводзіны навабранца |
Таму, калі на хвалі ўздыму рэвалюцыйнага руху ў Польшчы з мэтаю адхілення ад яго патрыятычна настроенай моладзі
расейскія ўлады ў канцы 1862 абвесцілі пра хуткі масавы рэкруцкі набор, гэта
стала апошняю кропляю на шляху да паўстання.
А. Гроттгер, Лёсаванне рэкрутаў (з цыкла "Вайна") |
Згодна загаду імператара Аляксандра ІІ ад 26 верасня (7 кастрычніка па н.ст.) 1862 замест ранейшага выбару рэкрутаў праз лёсаванне ўводзіўся адбор па спісах, у якія ўключылі 12 тысяч удзельнікаў барацьбы супраць ўлады.
Варта ўлічыць і тое, што набор не
праводзіўся з 1856. А цяпер да 27 студзеня 1863, дня, які ўрад доўгі час трымаў у таямніцы, неабходна было паставіць
пяць чалавек ад кожнай тысячы жыхароў. Нездарма надрукаваны ў Варшаве 22 студзеня 1863 маніфест аб абвяшчэнні паўстання пачынаўся
словамі: “Подлы рабаўнічы ўрад, раз'юшаны супрацівам замучанай ім ахвяры,
пастанавіў нанесці ёй удар – схапіць некалькі дзесяткаў тысяч самых лепшых і руплівых яе абаронцаў, апрануць у ненавісны маскоўскі мундзір і пагнаць за
тысячы міль на вечную галечу і пагібель. Польшча не хоча, яна не можа
падпарадкоўвацца гэтаму ганебнаму гвалту і, пад караю ганьбы перад нашчадкамі,
павінна аказаць энергічны супраціў”.
Рэкруччына |
Патрапіць у рэкруты - гэта быў праклён для селяніна, якога адрывалі ад вясковай грамады. Ён пераставаў існаваць і для сваёй сям'і, паколькі выпадаў з удзелу ў сельскагаспадарчым жыцці тае на два дзесяткі гадоў ды губляў права на бацькоўскі надзел зямлі. Нягледзячы на тое, што служба ў войску дазваляла атрымаць адукацыю і пазбавіцца ад прыгону, скарыстацца такімі выгодамі маглі далёка нямногія. Большасць жа сялян заставалася бязыменнымі ляжаць у могліцах на ўскрайку свету, аддаўшы сваё жыццё ў імя Імператара, для велічы Імперыі і падпарадкавання народаў, якія з ёй змагаліся.
А. Сахачэўскі, Узяцце палякаў у расейскае войска ў 1863 |
Паўстанне з дзесяцідзённым
спазненнем вымушаныя былі падтрымаць і паўстанцы Беларусі і Літвы, для якіх яго раптоўны пачатак быў нечаканасцю. Як і для расейскіх уладаў. Аднак выбар заставаўся заўсёды:
змагацца за вольнасць роднай зямлі ці ўдзельнічаць у захопніцкіх войнах Імперыі
і задушэнні спробаў шматлікіх яе народаў вызваліцца з-пад прыгнёту.
1-м лютым 1863 датаваўся выдадзены Маніфест Часовага ўрада Літвы і Беларусі, у якім тутэйшыя паўстанцы салідараваліся з польскімі і прызнавалі першынство Варшаўскага Нацыянальнага ўраду ў кіраўніцтве сумеснай барацьбою.
Маніфест часовага ўрада ў Літве і Беларусі ад 1 лютага |
МАНІФЕСТ ПОЛЬСКАГА ЎРАДА
Часовы правінцыяльны ўрад у Літве і Беларусі ад імя польскага Нацыянальнага ўрада абвяшчае наступнае:
§ 1. З сённяшняга дня ўсе сяляне і іншыя жыхары, якога б яны ні былі паходжання і веры, з'яўляюцца свабоднымі, як старапольская шляхта.
§ 2. Польскі Нацыянальны ўрад аддае аселым сялянам, панскім і скарбовым, на вечныя часы ў поўнае ўладанне без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу, а ўсе распараджэнні маскоўскага ўрада адмяняе, таму што гэта зямля польская, а не маскоўская.
§ 3. За гэта сяляне павінны, як шляхта, бараніць польскі край, грамадзянамі якога з'яўляюцца з сённяшняга дня.
§ 4. Парабкі ж, адстаўныя салдаты і ўсе неаселыя, якія толькі пойдуць бараніць польскі край ад маскалёў, атрымаюць самі ці іх сем'і ва ўзнагароду надзел зямлі сама меней у тры моргі.
§ 5. Польскі ўрад узнагародзіць грамадзян за панесеныя імі ахвяры з нацыянальных фондаў.
§ 6. Калі хто не будзе паслушны гэтаму Маніфесту, ці ён пан, селянін, чыноўнік або хто іншы, будзе пакараны паводле польскіх ваенных законаў.
Божа, збаў Польшчу!
Дадзены ў Вільні дня 1 лютага 1863 г.
У Маніфесце часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі, ва ўмовах адсутнасці нацыянальных рухаў у тыя часы, пад "Польшчаю" і "польскаю зямлёю" разумелася тэрыторыя былой Рэчы Паспалітай як федэратыўнай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай. На жаль, усведамленне гэтага факта розум сённяшняга чалавека пад уплывам нашай нацыянальнай свядомасці цяжка пераварвае (блытаючы сучасную Рэспубліку Польшчу і польскі народ з тымі паняццямі, змест якіх у 1863-м быў зусім іншы). І гэта становіцца падставаю фальсіфікацый ды нават імкнення адмовіцца ад цэлых кавалкаў нашай гісторыі. Той, калі пад "польскім" надэтнічным народам разумелі этнічную супольнасць палякаў, літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў як нашчадкаў спадчыны зніклай з палітычнай карты Еўропы ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Федэрацыю якой і імкнуліся аднавіць паўстанцы 1863-га.
Комментарии
Отправить комментарий