Побач з заходняй мяжою сённяшняй Беларусі знаходзіцца невялічкі горад Сямяцічы. У ім і яго ваколіцах жыве багата беларусаў. У самім горадзе 30-40 % насельніцтва - праваслаўныя. А ў 10 кіламетрах ад яго месціцца важны праваслаўны цэнтр - Святая Гара Грабарка.
Менавіта пад гэтымі Сямяцічамі былой Гродзенскай губерні 6-7 лютага 1863 адбылася самая вялікая бітва Паўстання 1863-1864 на тэрыторыі так званага Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Значную колькасць паўстанцаў у гэтай бітве склалі беларускія сяляне.
Бітва пад Сямяцічамі 6-7 лютага 1863 г. |
У канцы студзеня 1863 у ваколіцы мястэчка Сямяцічы, абраныя месцам збору для каардынацыі сумесных дзеянняў, сталі прыбываць паўстанцкія атрады. Першым падышоў двухтысячны атрад Уладыслава Ціхорскага, да якога далучыўся Раман Рагінскі, Браніслаў Рыльскі, а таксама паплечнік Каліноўскага Станіслаў Сонгін. З улікам дабраахвотнікаў з сялян і мяшчан агульная колькасць паўстанцаў наблізілася да 4-х тысяч.
Яны былі арганізаваныя наступным чынам: на кожную тысячу чалавек было 208 стралкоў, падзеленых на 4 узводы, па 52 чалавекі ў кожным, на чале з афіцэрамі. Чатыры узводы складалі адну роту пад кіраўніцтвам ротнага камандзіра. Стралкі былі ўзброены аднаствольнымі і двуствольнымі ружжамі, некаторыя мелі штуцэры. Астатнія 800 чалавек з тысячы - гэта касінеры, узброеныя косамі і дзідамі, таксама дзяліліся на ўзводы. Пад Сямяцічамі сабралося і некалькі соцень кавалерыі, а адзін з кавалерыйскіх узводаў з 32 чалавек быў арганізаваны ў Сямяцічах.
Амаль уся пяхота мела на галаве чамарку, а стралкі былі апранутыя ў адзенне чорнага колеру.
На Сямяцічы
расейцы выслалі некалькі атрадаў: ад Цеханаўца ішоў генерал Манюкін з 7
ротамі і 4-ма гарматамі, ад Венграва рухаўся Крываносаў.
6 лютага на двары было пацяпленне. Ішоў дробны дожджык. Дарогі зусім размякчэлі і ператварыліся ў коўзкі бруд. Нягледзячы на гэта, расейскія войскі на чале з Манюкіным (каля 2,5 тыс. чалавек) пераадолелі за дзень 40 верст і пад 5 гадзін вечара падышлі да мястэчка Сямяцічы, дзе заселі паўстанцы.
Манюкін атрымаў інфармацыю пра хуткі падыход сюды яшчэ адной паўстанцкай калонны з боку Венграва. Таму ён вырашыў тэрмінова атакаваць.
План. Бітва пад Сямяцічамі |
Манюкін размясціў свае войскі побач з могліцамі, да якіх моцнай цаглянай сцяной з невялічкай брамаю ў тых прытулілася само мястэчка. Як толькі расейцы занялі пазіцыі, па іх адкрылі страляніну. Паўстанцы выкарыстоўвалі выступаючыя ў бок могліцаў хаты: частка баявога парадку праціўніка апынулася пад агнём. У адказ расейцы падцягнулі гарматы і пасля двух стрэлаў на штурм могліцаў накіраваўся Лібаўскі пяхотны прынца Карла Прускага полк на чале з падпалкоўнікам Філімонавым. У гэты ж час 2-я стралковая рота Калужскага палка без супраціву падышла да цаглянай сцяны.
Лібаўскі полк апынуўся пад прыцэльным агнём. Філімонаў вярхом на кані намагаўся падняць расейскія войскі ў атаку, але, сам паранены ў жывот, паваліўся на зямлю. Пасля такога відовішча чакаць наступлення ад дэмаралізаваных салдат было немагчыма.
Манюкін вымушаны быў накіраваць начальніка свайго штаба капітана Гейнса да роты Калужскага палка, якая ўжо падышла да брамы Сямяцічаў і спрабавала іх узламаць, каб уступіць у абароненае сцяною мястэчка і зайсці ў тыл паўстанцам. Але амаль сцямнела, надвор'е ж канчаткова сапсавалася - падняўся моцны вецер з дажджом. Акрамя таго паўстанцы, выкарыстоўваючы для абароны будынкі, адстрэльвалі салдат. Тыя спрабавалі схавацца за надмагіллямі і заставаліся тут жа, ляжаць мёртвымі або цяжка параненымі. Манюкін аддаў загад аб адступленні.
У гэты час з мястэчка пад песню "Boże coś Polska" у атаку кінуліся паўстанцы. Манюкін у сваім рапарце запісаў: "Это, впрочем, можно было слышать по их пению и крикам, потому что темнота, упавшая вдруг, стала совершенно непроницаема". Расейцы, не здолеўшы стрымаць
моц атакі, адступілі ў вёску Чартаева, пакінуўшы на полі дзесяткі забітых і параненых,
а таксама дзве гарматы. Паўстанцы страцілі 14 забітымі, сярод якіх Мікалай
Сняжынскі і Адам Вольман, і 13 параненых.
Касінеры |
7 лютага у 12 гадзін Манюкін, атрымаўшы падмацаванне, зноў падышоў пад Сямяцічы. На гэты раз расейцы выкарысталі рэльеф мясцовасці і атакавалі з боку дарогі на Драгічын, слаба ўмацаванай паўстанцамі. Мястэчка ўвесь час абстрэльвалася гарматамі і маленькія драўляныя хаткі пачалі гарэць. Паступова расейцы займалі вакольныя ўмацаваныя паўстанцамі пункты, папярэдне накрываючы іх 6-фунтовымі ядрамі.
Побач з Сямяцічамі размяшчалася сядзіба памешчыка графа Феншаў, з якой паўстанцы зрабілі моцны абарончы вузел. Расейцы падышлі да дома з боку парка, але не здолелі захапіць яго сходу: "Чтобы не штурмовать комнату за комнатой, солдаты подожгли дом". Паўстанцы выпрыгвалі з вокнаў і тут жа расстрэльваліся. Толькі адзінкам удалося, дзякуючы хуткім нагам, дабрацца да мястэчка.
Паўстанцы намагаліся зноў авалодаць сядзібаю Феншаў, накіраваўшыся з мястэчка ў наступленне. Але, сустрэтыя агнём падцягнутых сюды двух рот праціўніка і агнём артылерыі, адступалі ў паніцы. Сюды ж Манюкін накіраваў дадаткова дзве роты, а сам узначаліў атаку мястэчка з фронту.
Паўстанцы ў хаўсе бою пачалі адступаць да лесу, праз мост, у хуткім часе захопленым салдатамі. У выніку дзесяткі абаронцаў засталіся ляжаць на полі, параненыя ў спіну. Казакі кінуліся заколваць дзідамі параненых. Убачыўшы гэта, ужо амаль дасягнуўшая лесу паўстанцкая кавалерыя развярнулася і накіравалася ў бой, вымушаючы казакаў шукаць паратунку ў захопленым расейцамі мястэчку.
У Сямяцічах пачалася сапраўдная разня, якая адбывалася на фоне пажару ад гарматных стрэлаў, у выніку якога мястэчка амаль цалкам выгарала. Параненыя і акружаныя паўстанцы змагаліся да апошняга. Манюкін пісаў: "Стрелки, рассевшиеся по домам, открыли в войска частую пальбу, но потеря наша была незначительна, в особенности от того, что солдаты поджигали соломенные крыши каждого дома, из которого раздавался выстрел, и, обегая по задворкам и переулкам, продолжали двигаться далее".
С. Віткевіч, Паранены паўстанец |
Страты паўстанцаў забітымі склалі каля 100 чалавек. Вялізная колькасць, пераважна мясцовых сялян, патрапіла ў палон. Параненых жа паўстанцаў расейскія салдаты проста дабівалі. Манюкін у рапарце пазначыў: "Как я уже сказал, ожесточение было велико. Наши солдаты кричали, что они теперь мстят за варшавские оскорбления, понесенные два года безнаказанно".
Ціхорскі, пад якім пад час бою быў забіты конь адступіў на тэрыторыю Каралеўства Польскага, а Рагінскі накіраваўся падымаць паўстанне на поўдзень Беларусі.
Комментарии
Отправить комментарий