НА ВЫШЫНЮ НАШЫХ МАГІЛ: МАЧЫХА


Новая глава аповесці “На вышыню нашых магіл”, прысвечаная паўстанню 1863-1864 гг.
Пачатак - тут.
Працяг - БРАТ ВІКТАР

Ізабэла доўга вагалася, стоячы перад закрытымі дзвярыма пакойчыка мужа, ператворанага тым на ўласны кабінет. Прыслухоўвалася, збіралася з думкамі, чакала зручнага моманту. І калі, нарэшце, пачула за дзвярыма рыпанне ножак крэсла, увайшла.
За апошнія паўгадзіны пасля чарговай сваркі з пасербам яна паспела адысці. Раз’юшанасць, якая яшчэ нядаўна яе перапаўняла, зменшылася і зусім зніякавела. Але адкладваць у доўгую шафу пытанне, даўно накіпелае ў яе душы, сёння Ізабэла не збіралася. Вырашыла прыкласці ўсе намаганні, каб канчаткова дабіцца свайго.
Сымон сядзеў за вялізным сталом, які займаў ледзь не ўвесь пакой. Паабапал сцен выцягнуліся шафы, застаўленыя кнігамі. Сам Сымон не меў на іх ні часу, ні жадання, але тыя былі напамінам пра гонар яго як бацькі – старэйшага сына Віктара, што вучыўся на доктара ў Маскве.
Цень Ізабэлы загайдаўся ў полымі лучыны. Прыемна абдала цеплынёй, якой так не хапала вялізнаму дому ў гэты маркотны зімовы вечар. Яна ўбачыла на стале невялікі стос папер з чарнільніцай, некалькі бухгалтарскіх кніг, ды поўны кубак гарбаты, які, відавочна, даўно астыў. Жанчына засталася на парозе цеснага пакоя, але ўваходзіць у яго не стала, ведаючы, што выйсці адтуль пры яе становішчы будзе складана.
- Вы збіраецеся сёння вячэраць? Ежа ў другі раз астыла. Я пайду ўжо класціся, - прамовіла Ізабэла і ледзь заўважна пасунулася назад. Яна заўсёды ў звароце да Сымона звярталася на “Вы”, што з’яўлялася не столькі данінаю павагі жонкі да мужа, колькі было імкненнем падкрэсліць розніцу ва ўзросце – амаль два дзесяткі гадоў.
- А Вы павячэралі? – хрыпаватым, натужным голасам спыніў жонку Сымон.
- У рот нічога не лезе, - адказала Ізабэла і адразу адвярнулася, каб не паказаць лёгкую ўсмешку на сваім маладзявым, і, нягледзячы на стому, прыгожанькім твары ў чаканні далейшага працягу размовы. Цяпер яна была падобная на рыбака, які закінуў прынаду і падрыхтаваўся зацапіць сваю здабычу.
- А што здарылася? – заклапочаны Сымон падняўся з крэсла.
- Ваш сын сапсаваў мне апетыт, - знаходзячыся спінаю да мужа сказала Ізабэла і адразу адчула ўнутраную задаволенасць ад таго, што здабыча трапіла “на кручок”. Есці яна не магла ўжо з ранку, ад самога паху ежы яе цягнула на ваніты. Страўнік не слухаўся, прыходзілася ўвесь час трымаць каля сябе гаршчок. Яна чакала, што вось-вось павінны пачацца роды, але тыя так і не надыходзілі. Пад самы вечар палягчэла, яна адчула сябе як ніколі за апошнія дні добра і вырашыла, што пакуль яшчэ не час. І трэба ж было гэтаму пасербу, гэтаму недавуку, які не ўмее трымаць язык за зубамі, сапсаваць такі прыемны вечар.
- Зноў пасварыліся? І што на гэты раз? – Сымон вярнуўся ў сваё крэсла і цяжка ўздыхнуў, разумеючы, што зараз будзе працяг даўно пачатай размовы, якую некалькі разоў адкладаў, карыстаючыся ўласнай занятасцю. Але цяпер такой магчымасці не меў.
- Ды як звычайна. Намагалася навесці яго на дарогу. А ён як заўсёды, спрытны на язык аказаўся. Глядзіць на мяне воўкам. І гэта пры маім-та становішчы? – уся постаць Ізабэлы выказвала абурэнне. Яна апусціла падрабязнасці размовы з Кастусём. Разумела, што муж можа палічыць яе вінаватай, паколькі дазволіла сабе лішняга: нядобра сказала пра яго першую жонку, Вераніку, хай зямля ёй будзе пухам.
- Мы ж, здаецца, усё вырашылі: Кастусь з’едзе па вясне. Куды ж цяпер, пры такіх маразах? Ды і не час яшчэ паступаць. Пакуль хай рыхтуецца.
- А да вясны будзе сядзець на нашай шыі? Дарослы дзяцюк, амаль 18 гадоў, а галава без клопату. Усё па вёсках бадзяецца, па дзеўках сялянскіх. Зараз прынясе нам у кошыку падарунак, будзем гадаваць, у дадатак да сваіх, - яна адчула, што не ўтрымалася, занадта злосна агучыла тое, што казалі яе знаёмыя суседкі-шляхцянкі, на дочак якіх Кастусь нават не глядзеў. Ізабэла ведала, што гэта не праўда, але вяртаць словы не стала. Не той была яна чалавек, хто дазваляў сабе прызнаваць памылкі. У іншым выпадку як жа дабіцца свайго. А свайго яна дабівалася. Як у пытаннях грашовых, так і пры сварках з мужам. Той заўсёды прасіў прабачэння першым. Ізабэла ведала слабы бок Сымона, мужчыны палкага і гарачага, і ўсяляк гэтым карысталася.
- Ну што ты такое гаворыш? Ён не з такіх. Ведаеш жа, што па вёсках дзяцей вучыць, з людзьмі гаворыць, - Сымон апусціў галаву, апошнія словы прамаўляў не гледзячы жонцы ў вочы. Для яго размова згубіла ўсялякі сэнс і ён намагаўся яе хутчэй спыніць.
- Ага, галовы сялянам баламуціць. Адчувае мая душа, што бокам яшчэ вылезе нам гэтая “навука”, - не магла ўжо спыніцца Ізабэла, якую кінула ў гарачку. Да шчокаў яе прыліла кроў.
Сымон, вытрымаўшы невялікую паўзу, так і не гледзячы жонцы ў вочы, цяжка ўздыхнуў. Пачаў гаварыць тое, што даўно адцягваў, на што не хапала духу: не хацеў растройваць жонку, якая яшчэ не аправілася ад смерці трохмесячнай Уршулі напачатку года, нягледзячы на тое, што цяпер зноў была цяжарнай.
- Ён мне патрэбны. У бухгалтэрыі разабраўся, рахункі праверыў, канцы з канцамі звёў. Думаю, можа лепш замест універсітэта хай мне надалей дапамагае. Расце пераемнік. Тым больш цікавіцца фабрыкай ды зямлёю.
Апошнім часам Сымону стала значна прасцей, паколькі ў Кастусю ён знайшоў руплівага памагатага. Той разбіраўся ў грашовых разліках і ўмеў дамовіцца з працоўнымі, асабліва ў выпадках, калі затрымлівалі з аплатай заробку.
- Ды нічога яму, па праўдзе, нецікава, акрамя яго сялян. Усё б ім аддаў, а нас голымі ды босымі па свеце пусціў. Паслухай, што людзі пра яго гавораць: абібока, лайдак, лянота, гультая кавалак, дармаед халопскі. У касцёл нават не зацягнеш. Носішся з ім, як з торбаю пісанаю, даеш яму папуску. А ён не табе, ім дапамагае. Гаспадарку давядзе да пухі.
- Давай вырашым гэтае пытанне пазней. Ня годзе на ноч, ды так гучна, - намагаўся супакоіць жонку Сымон. Устаў з крэсла, падышоў да яе, паспрабаваў абняць, але яна не далася.
- Я з ім светлай часіны не бачу. Мне глядзець сябе трэба, а не сына твайго.
Адносіны з Кастусём у Ізабэлы не склаліся з самага пачатку іх знаёмства, паколькі жанчына заўсёды падкрэслівала, што не збіраецца стаць для дзяцей Сымона ад першага шлюбу чымсьці больш, чым проста мачыхай. Канчаткова яны сапсаваліся ў пазамінулым годзе, пасля смерці Фелікса, яе з Сымонам першынца. Кастусь па заканчэнні Свіслацкага вучылішча і ад’езда ў Маскву Віктара стаў шмат часу ўдзяляць малодшаму брату. Ізабэла нават радавалася гэтаму братэрскаму сяброўству, іх гульням, дазваляла ім выпраўляцца на вёску. Але пасля адыходу ў лепшы свет іншых сваіх сыноў - сямімесячнага Ісідора Тэафіла і двухмесячнага Юльяна – яна, як маці, намагалася цалкам засяродзіць сваю ўвагу і пяшчоту на Феліксу, якому таксама не пашчасціла. 28 чэрвеня 1853 года ён памёр ад залатухі, не дажыўшы да пяці гадоў.
Пасля гэтага Ізабэла, нягледзячы на сваю рэлігійнасць і перакананні ксяндза ў адваротным, канчаткова паверыла ў злы лёс і наканаванне сям’і Каліноўскіх. Выходзячы замуж за Сымона, яна бачыла ў шлюбе Божае выпрабаванне, а сваю місію лічыла выратаваннем гэтага чалавека і яго дзяцей. Але калі адчула няздольнасць нешта змяніць, проста прыняла ўсё як належнае. Цяпер жа яна верыла ў тое, што адзіны сродак змяніць усё на лепшае – гэта выправіць з Якушоўкі ўсіх дзяцей Сымона ад першага шлюба. Абы куды, толькі падалей.
Сымон усё ж здолеў схапіць жонку ў абдымкі і моцна прыціснуў яе твар да сваіх грудзёў. Ён чуў, як яна плача, але не хацеў бачыць яе слёзы. Ён адчуваў, як яе кінула ў трасцу і намагаўся яшчэ мацней узяць яе ў абдымкі. Здавалася, прайшла цэлая вечнасць, перш чым яна прамовіла:
- Выбірай: або я, або ён.
Сымон стаяў нерухома, абдымаючы жонку. Ён не ведаў, як рэагаваць, што рабіць. Адказу не было. Як яе супакоіць? У гэты момант ён адчуў, як па яго нагавіцах расцяклася цеплыня. Сымон спалохаўся і адштурхнуў Ізабэлу. Прыгледзеўся і ўбачыў збялелы твар жонкі, у якой адышлі воды.

8 снежня 1855 года ў сям’і Каліноўскіх нарадзіўся сын Міхаіл, які 20 снежня быў ахрышчаны ў Якушоўцы. У канцы года Кастусь Каліноўскі пакінуў бацькоўскі дом і выправіўся ў дарогу да брата Віктара ў Маскву.

P.S. Усе народжаныя пасля ад’езду Кастуся з Якушоўкі дзеці Сымона і Ізабэлы Каліноўскіх пражылі доўгае жыццё. Іаганна-Юзэфа (1.07.1858), Казіміра Ізабэла (3.03.1860), Сабіна (6.09.1861) і Міраслава Элеанора (21.02.1864), праз тыдзень пасля ахрышчэння якой на Лукішскай плошчы быў павешаны яе старэйшы брат – Кастусь Каліноўскі. 

Комментарии