НА ВЫШЫНЮ НАШЫХ МАГІЛ (памяці Кастуся Каліноўскага). ПАЧАТАК

Пачынаю выкладаць у адкрытым доступе часткі маёй аповесці, прысвечанай аднаму з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве – Кастусю Каліноўскаму. Адзін з яе ўрыўкаў у мінулым годзе ўжо з’яўляўся на старонках “Нашай нівы”. Цяпер жа яе часткі буду выкладаць штотыдзень на сваім блогу “Росшукі”. Звяртаюся да ўсіх цікаўных з просьбаю не абысці гэты тэкст заўвагамі як на ўзроўні мастацкіх яго якасцяў, так, па магчымасці, і навуковым, каб надаць яму большую дасканаласць.
Магчыма, гэты твор так ніколі не з’явіцца ў папяровым варыянце, але застанецца ў сусветным павуцінні. І калі патрапіць на вочы не больш жменьцы чалавек, з якіх хоць у аднаго ён атрымае водгук у сэрцы, то праца мая тады не прайшла марна.
У памяць тых,
Хто аддаў жыццё
ў імя лепшай будучыні
Беларусі

Прысвячаецца маім родным

З маленства да апошняй хвіліны жыцця смерць крочыла побач з Каліноўскім. Забірала самых блізкіх людзей: спачатку маці, братоў і сясцёр, затым сяброў, каб у рэшце рэшт дабрацца і да яго.
Смерці ён не баяўся, лічыў, што небыцця не існуе, пакуль тваё імя памятаюць людзі. Палохала ж яго толькі перспектыва не выканаць абяцанне, дадзенае роднаму брату – Віктару, заўчасна памерламу ад сухотаў. Абяцанне, якое зрабілася справай гонару і ператварылася ў сэнс жыцця. Абяцанне, што ён будзе працаваць за двух – сябе ды брата – ў імя праўды дзеля ўсеагульнага шчасця народаў. Нават тады, калі ўсе іншыя здадуцца і адступяць ад сваіх перакананняў. Нават калі здрадзяць лепшыя сябры. Нават калі веру згубяць паплечнікі, ён застанецца верным сабе, брату і роднаму народу. І не выцягнуць з яго гэтай Веры ні катам, ні мураўёўскім гальштукам шыбеніцы. Паколькі Вера мацней за ўсё. Вера і Надзея ў тое, што родны народзе стане свабодным і тады спамяне добрым словам свайго сына.
І прабач, каханая Марыська, што не мог ён жыць толькі дзеля ўласнага шчасця, у той час, калі любы народзе быў у становішчы быдла. Не меў правоў. Ні на ўласнае імя, ні на родную мову, на якой Каліноўскі выдаваў газету і, ужо ведаючы пра прыгатаванае яму царскімі паслугачамі смяротнае пакаранне, здолеў даслаць лісты з-пад шыбеніцы, якія зрабілі Кастуся неўміручым сімвалам, сапраўднай легендаю і героем беларускага народа. Каліноўскі верыў, што кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця на вышыню нашых магіл. Гэтая вера загартавала не адно пакаленне беларускіх патрыётаў, застаючыся гаючай крыніцаю беларускасці да сёння і на векі вечныя.

СМЕРЦЬ МАЦІ
Вераніка памірала цяжка. Боль ніяк не сунімаўся, але плакаць яна ўжо не магла. Як не магла больш спыняць сіплыя стогны, што ішлі з-пад набрынялых ад малака грудзёў. Цела прабіралі дрыжыкі, халодны пот ператварыў адзежу і бялізну ў мокрую анучу. Напоўненым вільгаццю, быццам у бані, гарачым паветрам было непрыемна дыхаць.
Малое перастала плакаць і цяпер ляжала спакойна цёплым мяшэчкам на грудзях, заблытаўшыся маленечкімі ручкамі ў распушчаных матуліных валасах. Бабуля павітуха ў цёмным куце шаптала нейкі загавор і гатавала зёлкі. Але Вераніка адчувала, што нават доктар, за якім Сымон адправіў у горад, ёй ужо не дапаможа. Да світання яна не дажыве.
Сымон сядзеў побач, моцна сціскаючы ў вялікай далоні маленькую жончыну руку. Яму нават падалося, што такім чынам ён можа затрымаць Вераніку да прыезду доктара. Аднак у танцуючым ззянні свечак перад вачамі, залітымі салёным потам, маланкай праступіў цёмны вобраз халоднай маўклівай жанчыны, якая стаіць з другога боку ложка і сваімі танклявымі пальцамі трымае жонку за другую руку. Вобраз быў такі ясны, што Сымон аж уздрыгнуў, ды яшчэ мацней сціснуў далонь Веранікі. Пот і слёзы на яго вачах перамяшаліся.
Вераніка адчувала моцны поціск мужа, аднак не мела сіл сказаць яму пра гэта. Тым больш боль у руцэ адцягваў увагу ад іншага болю, які ішоў знутры яе. Думкі пра мінулае, дзе яна яшчэ ёсць і будучае, дзе яе ўжо няма, шматлікімі птушкамі віравалі ў яе галаве. Спачатку яна намагалася ўспомніць твары сваіх бацькоў, і ніяк гэта ў яе не атрымлівалася. Потым думала пра лёсы сваіх дзетак. Яны ўяўляліся ёй галінамі пахіленага дрэва, якое вось-вось абрынецца долу. Пасля ж пачала проста правальвацца ва ўспаміны, забываючыся на боль.
Цяжкія дзіцячыя гады яе сям’і – Рыбінскіх… Успаміны пра першае спатканне з Сымонам Каліноўскім, які ўвесь час імкнуўся нешта даказаць сваім родным, яе бацьку, суседзям – усяму свету. Ён быў старэйшы на 11 гадоў, але Вераніку гэта не турбавала і яна пагадзілася стаць яго жонкай, каб дапамагчы мужу ў здзяйсненні яго мар, якія зрабіліся іх супольнымі марамі.
І меньш чым за 20 гадоў яны здолелі дасягнуць таго, што падавалася немагчымым. Цяпер у іх быў маёнтак ды цэлая фабрыка ў Мастаўлянах. Час ад часу Вераніка чула як суседзі-шляхцічы, асабліва іх жонкі, зняважліва называюць Сымона “ткач”. Але яна разумела, што тут больш зайздрасці, чым знявагі. Вераніка ганарылася мужам, які так шмат працаваў, каб ўсяго дамагчыся. Асабліва гонар у яе выклікалі абрусы і сурвэткі, якія вырабляліся на іх фабрыцы і прадаваліся па ўсім Краі. Нават цяпер, лежачы на ложку, яна адчувала асаблівую пяшчоту мясцовай бялізны, няхай і вільготнай ад яе пота, але затое такой роднай і ўтульнай.
Вераніцы падалося, быццам бялізна пад ёю мякчэе, і яна пачынае па-ціху апускацца ўніз. Сымону яе ўжо не ўтрымаць.
Апускаючыся ўніз, яна ўбачыла першага сына – Кандрата. Колькі было шчасця пасля яго нараджэння! Як жа радаваўся Сымон, як ён яе, аслабелую, разам з немаўлём насіў на руках і моцна-моцна цалаваў. Цяпер яна ўзгадала, як выпраўляла Сымона ў дарогу па ткацкую навуку ў Царства Польскае.
Быў ранак. Вось ён ужо стаіць ля самага ганку. 11-гадовы Кандрат, 5-гадовы Іосіф і двухгадовы Юрка вісяць на бацьку, нікуды не хочуць яго адпускаць. А яна стаіць спакойна, адчуваючы пад сэрцам яшчэ ненароджанага Віктара. Адно яе слова, і Сымон не паедзе ні ў якую Астраленку да нейкага там Бонды. Дык не! Вераніка, сцягвае з мужа дзяцей, бласлаўляе яго ў добры шлях. Муж, пахіліўшы галаву, выходзіць на двор, а яна бяжыць у свой пакой і пачынае ціха, каб не пачулі дзеці, плакаць.
Пасля гэтага Сымон яшчэ не адзін раз выязджаў па справах: то вучыцца, то па варштаты для фабрыкі, то дамаўляцца пра продаж вырабаў. Аднак ёй запала ў душу менавіта першая яго выправа, і цяпер, ляжачы на ложку, яна адчувала гонар не толькі за яго, але і за сябе, што ўмела быць моцнай там, дзе гэта сапраўды патрэбна было. А пасля таго, як Сымон вярнуўся ад Бонды, іх каханне ўспыхнула з новай сілай. І за дзесяць гадоў у дадатак да першых трох, у іх з’явілася яшчэ дзевяць дзяцей. Дванаццатае – апошняе, нядаўна народжанае, цяпер спакойна спала, у той час як яго маці згасала разам з полымем свечак.
Вераніка правальвалася то ў бяспамяцтва, то зноў бачыла пробліскі шчаслівага сямейнага мінулага, то на яе абрушваліся хвалі клопату пра Сымона і дзяцей. Хто будзе іх даглядаць, калі яе не стане? Як складзецца лёс Віктара? Яму няма яшчэ і дзесяці, а ён неадрыўна сядзіць у кніжках, якія бацька не паспявае яму купляць? Што будзе з маленькім пяцігадовым Кастусём? Той больш часу праводзіць з тутэйшымі сялянскімі дзецьмі, чым з роднымі братамі і сёстрамі?
Між такіх думак Вераніка паспела заўважыць, што полымя свечак загайдалася і ў пакой увайшоў яшчэ адзін чалавек, апрануты ў чорнае. Няўжо гэта доктар? Але калі той падышоў бліжэй, Вераніка пазнала ў ім ксяндза Ялоўскага касцёла, і апошняя надзея жанчыны знікла ў бляску крыжа на яго грудзях. Святар спачатку загаварыў з Сымонам, які нават у гэты момант не адпускаў далонь жонкі, потым звярнуўся да павітухі. Аб чым яны гаварылі Вераніка не чула, чарговы раз праваліўшыся ў бяспамяцтва.
На світанні яе не стала. Вераніка з Рыбінскіх памерла ад родаў ва ўзросце 37 гадоў 29 красавіка 1843 года ў Мастаўлянах. Усе яе 12 дзяцей адправяцца ўслед за мацераю напрацягу наступных 21 гадоў. Апошнім з іх будзе Кастусь Каліноўскі.
______________________________________________________________

Кім бы стаў Кастусь Каліноўскі, каб не паўстанне 1863-1864 гг.? Яго мэтанакіраванасці хапіла б для поспеху ў любой справе. Гэтая здольнасць перадалася яму ад бацькі – Сымона Каліноўскага. У той жа час жыццёвы шлях бацькі быў для сына прыкладам памылковасці, марнатраўства часу і энергіі: бацька прыкладаў усе намаганні для сямейнага шчасця, сын жа дзейнічаў у імя сацыяльнай справядлівасці на карысць “мужыцкага народа”, для якога прынёс у ахвяру ўласнае жыццё. Класічны тургенеўскі прыклад, адлюстраваны ў шэрагу раманаў мяжы 1850-1860-х гадоў, якімі зачытваліся будучыя паўстанцы і рэвалюцыянеры ўсёй Расійскай імперыі.
Нягледзячы на імкненне дыстанцыравацца ад бацькі як прадстаўніка слоя, увасабляючага “несправядлівасць, глум і здзерства”, Каліноўскі характарам і якасцямі быў падобны на таго значна больш, чым яму падавалася, і тым больш хацелася.

БАЦЬКА
Сымон пакутаваў неймаверна, але выгляду не падаваў, некалькі дзён цалкам паглынуты падрыхтоўкай пахавання. Зараз жа пачуцці захлынулі і ён не стрымаўся: ледзь чутно скавытаў, слязмі і ніткамі звісалай з рота сліны вымочваў новую, прывезеную з самой Вільні, так ніколі пры жыцці і не надзетую жонкай, сукенку. Цела тае, вымытае і апранутае, выглядала пакінутай хацінаю. Як пустым без Веранікі, нягледзячы на тузін дзяцей, цяпер здаваўся маёнтак у Мастаўлянах.
За дзвярыма спальні ўсё гучней тапталіся людзі. Час выпраўляцца на могліцы даўно прайшоў, а Сымон усё ніяк не мог адпусціць жонку, якая была не толькі каханай жанчынай, самым лепшым сябрам, але невымернай падтрымкай, у радасці ды горы. Цяпер яе не стала.
Пасля сыходу жонкі быццам нейкая пошасць напаткала род Сымона Каліноўскага. Здавалася, што сама Смерць пасялілася ў маёнтку, высмоктвала ўсе сокі і забірала самых кволых яго жыхароў – дзяцей. Адзін за другім тыя амаль штогод маўклівым шэрагам выпраўляліся на могліцы, застаючыся ляжаць невысокімі насыпамі. Па ваколіцах сярод вяскоўцаў папаўзлі чуткі, што пан іх прадаўся злой сіле і цяпер расплочваецца за багацце жыццямі родных.
Сымон часцей стаў бываць у Ялоўскім касцёле, дзе пазнаёміўся з Ізабэлай Лазарэвіч – жанчынай разважлівай, з пэўным жыццёвым вопытам і моцнай верай. Ён сам шукаў душэўнага спакою ў веры. Гэта стала глебаю для іх першых сустрэч, якія паступова перараслі ў прыхільнасць, а затым і шлюб.
Жаніўшыся ў другі раз, Сымон, зразумела, думаў перш за ўсё пра дзяцей – ім патрэбна маці. У глыбіні ж душы спадзяваўся: Ізабэла пазбавіць яго не толькі ад адзіноты, але здолее ўтаймаваць цяжкі боль. Не здолела. Нягледзячы на ўсе намаганні, пакахаць у другі раз Сымон не меў сіл: Вераніка так і заставалася адзінай у яго сэрцы.
Усё ў маёнтку, размешчаным на поўдні ад аднайменнай вёскі Мастаўляны, нагадвала пра Яе. Абрысы драўляных пабудоў, сады, шырокая панарама даліны ракі Свіслач, краявіды якой адкрываліся з вокнаў дома. Ліпы паабапал дарогі да сажалкі. Каліноўскія любілі шпацыраваць травеньскімі вечарамі і марыць аб тым, што гэтая зямля калі-небудзь зробіцца іхнай.
Народжаны ў часы сканання Рэчы Паспалітай, абцяжараны дзяцінствам сына беззямельнага шляхціча, Сымон заўсёды марыў пра вялікую сям’ю і ўласны маёнтак, як у дзеда Мацея. У іх дасягненні ён мог спадзявацца толькі на падтрымку жонкі, уласныя здольнасці, ды чакаць зручнага моманту, каб імі скарыстацца.
І той надышоў напачатку 1830-х гадоў, пасля задушэння лістападаўскага паўстання, у якім Сымон не ўдзельнічаў. Каліноўскага больш турбаваў спакой і дабрабыт родных, чым перспектыва стаць героем і аповеды гарачых патрыётаў пра Ашмяны, якія за вызваленне з-пад расейскай улады заплацілі вялізны кошт, ператварыўшыся ў папялішча, а каля 500 яго жыхароў царскія войскі выразалі ў дамініканскім касцёле падчас набажэнства.
З вуснаў у вусны пераважнай большасці шляхты перадаваліся імёны патрыётаў і назвы месцаў бітваў. Сымон жа цікавіўся прозвішчамі прадпрымальнікаў і адкрытымі тымі прадпрыемствамі.
У Беларусі пачынаўся прамысловы пераварот, панавала “цукровая гарачка”, ды актыўна развівалася суконная прамысловасць, падтрымліваемая дзяржаўнымі замовамі на карысць арміі.
У гэты час Сымон пазнаёміўся з Ігнацыем Бондаю, чалавекам па-сапраўднаму таленавітым, уладальнікам фабрыкі льняных, баваўняных і шаўковых вырабаў у горадзе Астраленка Каралеўства Польскага. Буйны фабрыкант разгледзеў ва ўжо амаль 40-гадовым Каліноўскім прадпрымальніцкую жылку і запал, рысаў, якіх хапіла, каб узяць таго да сябе і паўтары гады вучыць ткацкаму майстэрству. Паступова прафесійнае знаёмства перарасло ў сяброўства.
Ды такое, што Бонда дапамог Каліноўскаму арандаваць у памешчыка Станіслава Радавіцкага маёнтак Мастаўляны і выступіў яго кампаньёнам у справе адкрыцця тут у 1835 годзе фабрыкі льняных вырабаў. У 1840 годзе ён даслаў з Астраленкі пасведчанне аб ткацкім майстэрстве Сымона, які “дзякуючы асабліваму свайму старанню і намаганням дасягнуў у ім такой дасканаласці”, што вырабы яго фабрыкі ні ў чым не саступалі замежным.
Прадстаўнік узнікаючага дваранскага прадпрымальніцтва, Сымон разумеў недахопы прыгонных прадпрыемстваў, якімі даўно ўжо цікавіўся. Прадукцыйнасць на іх была нізкай, гэта прыводзіла да высокага сабекошту прадукцыі і невялікай рэнтабельнасці. Таму на фабрыцы ў Мастаўлянах яшчэ задоўга да адмены прыгоннага права працавалі вольнанаёмныя. Яны былі зацікаўленыя ў выніках працы і здольныя абслугоўваць складаныя варштаты, купленыя па зніжаных коштах у Каралеўстве, вываз тавараў з якога ў Імперыю ўлады абмежавалі высокім мытам. У гэтай справе Каліноўскаму зноў жа дапамог Ігнацый Бонда.
Двойчы Бонда прыязджаў у госці да свайго сябры і вельмі здзівіўся, наколькі павялічылася сям’я Каліноўскіх пасля апошняй іх сустрэчы.
…Амаль дзесяцігоддзе мінула з таго часу. Цяпер Сымон клапаціўся не пра патрэбы фабрыкі, справы якой ішлі не так добра, як у першыя гады, а пра пераезд сям’і. Ініцыявала ад’езд Ізабэла, бачачы, што ўсё ў Мастаўлянах нагадвала мужу пра першую жонку і памерлых дзяцей. Ён згубіў колішні агонь у вачах, а галоўнае – мары: пазбавіцца арандатарскага ярма, у якім усё жыццё пражылі бацькі – Стэфан і Тэрэзія – і якое было наканавана таксама іх сыну з моманту нараджэння ў невялічкай вёсачцы Рэпля на Ваўкавышчыне. Пра ўласны кавалак зямлі з магчымасцю перадаць яго ў спадчыну. Пра пашырэнне фабрыкі і пра адкрыццё яшчэ адной – каля самой Вільні, у Караліне, дзе побач, у Замечку, знаходзілася прадпрыемства па адбельванню тканін Міхала Фрычынскага. Фрычынскі пакінуў выкладчыцкую працу ў Віленскім універсітэце і зрабіўся фабрыкантам, але ў ім усё роўна пазнаваўся прафесар агранаміі. Каліноўскі актыўна з ім супрацоўнічаў і нават дасылаў на фабрыку ў Замечку частку вырабляемага матэрыялу на апрацоўку.
Сымон з Ізабелай доўга абіралі месца новага жыхарства. Ім стаў маёнтак у вёсцы Якушоўка, набыты ў памешчыка Вікенція Ляскоўскага ў красавіку 1849 г.: 226 дзесяцін збольшага пясчанай зямелькі з невялікім лесам і сенажаццю. Не ў параўнанне арандаваных Мастаўлянаў з 342 “рэвізскімі душамі” і памерам амаль у дзесяць разоў большым. Але так праз 80 гадоў пасля продажу дзедам Мацеем радавога маёнтка ў Каліноўскіх зноў з’явіўся спадчынны кавалак зямлі. І надзея, што злы лёс злітаваўся над імі, цяжкія выпрабаванні скончыліся, а пошасць адступіла.
Месца пераезду спецыяльна абіралі ў ваколіцах Свіслачы, вядомай другім па памерах у Гродзенскай губерні Успенскім кірмашом, саступіўшы першае толькі Анненскаму. З самога мястэчка, у 13 вярстах ад якога размяшчаліся Мастаўляны, выпраўляліся на продаж вырабленыя на фабрыцы Каліноўскага тавары: бялізна ў Віленскую і Мінскую губерні, сурвэткі і абрусы – у крамы Гродзенскай. Тым больш у скасаванай колішняй Свіслацкай гімназіі, замененай на павятовае вучылішча, навучаліся дзеці Сымона: Кастусь скончваў другі клас, а Віктар – чацверты.
Быў пачатак траўня 1849 года, любімы месяц Веранікі. Пакуль сяляне выносілі рэчы і рыхтавалі іх да пераезду, Сымон Каліноўскі блукаў па пакоях напаўпустога дома як па заблытаных лабірынтах уласнай памяці. Ужо некалькі разоў яго клікалі да падводы, але ён нават не адзываўся, проста стаячы на адным месцы побач з незавешанымі вокнамі, праз якія разглядаў абрысы даліны ракі.
Раптам Сымон прыслухаўся да пакоя, у якім жыццё даўно спынілася. Не пачуўшы нічога, акрамя ўласнага дыхання, ён у адно імгненне развярнуўся і рашучым крокам выйшаў на вуліцу. Сонца свяціла па-летняму, насычаныя колеры білі ў вочы, сотні гукаў перапаўнялі цёплае паветра, прыемна казытаў травеньскі ветрык. Каліноўскі падышоў да падводы, за крок да якой затрымаўся і развітальным позіркам зірнуў на калыску свайго шчасця – Мастаўляны. Затым спакойна сеў, і больш ні разу не азіраючыся, загадаў ехаць: “У Якушоўку!”

Комментарии