НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 14. Валянцін Парчэўскі - прыхільнік партызанскай вайны

Валянцін Парчэўскі
(1829-1869)
У шэрагу самых таленавітых паўстанцкіх камандзіраў 1863-га стаіць  імя Валянціна Парчэўскага, кавалерыйскі атрад якога ўдала дзейнічаў у Калішскай губерні Каралеўства Польскага. Прафесійны вайсковец, адданы ідэі партызанскай вайны, ён не адступаў ад яе і ўдала здзейсніў 22 напады на варожыя войскі. Вядомасць яму прынесла пакушэнне на камандуючага 10-тысячным гарнізонам Лодзі, калі шэсць паўстанцаў, абяззброіўшы варту, таемна праніклі ў горад і паспрабавалі застрэліць генерала Брэмсэма, пакуль той спакойненька піў гарбату на балконе сваёй рэзідэнцыі. Брэмсэм, адпомсціў спаленнем роднага маёнтка паўстанца і кінуў за краты яго брата.
На жаль прозвішча Валянціна Парчэўскага, у адрозненні ад Рамана Рагінскага, мала вядома ў Беларусі, скуль пачаўся яго баявы шлях паўстанца. Менавіта ў Гродзенскай губерні ён пазнаў смак перамог на чале аднаго з першых, арганізаваных тут у лютым 1863, атрадаў.

Валянцін Парчэўскі ў маладосці служыў у прускай арміі, у складзе якой у 1848 удзельнічаў у баях з паўстанцамі Вялікай Польшчы: у бітве пад Мілаславам ваяваў супраць роднага брата Францішка. З пачаткам паўстання 1863 знаходзіўся ў Варшаве, дзе атрымаў загад узначаліць адзін са ствараемых атрадаў у Бельскім уездзе Гродзенскай губерні:

Цэнтральны Камітэт у якасці Часовага Нацыянальнага ўрада
Грамадзянін Валянцін Парчэўскі, былы афіцэр, неадкладна накіроўваецца да атраду, які пасля ганаровай бітвы пад Венгравым, перайшоўшы Буг, праз Сямятычы рухаецца ў Літву.
Камандзіру, кіруючаму сабранымі там нацыянальнымі сіламі, дадаць да іх баявога парадку Валянціна Парчэўскага і даручыць таму кіраўніцтва прызначаным атрадам.
13 лютага Nr. 6106

Ранкам 14 лютага Парчэўскі быў ужо ў дарозе ў Бельскі ўезд, дзе, як занатаваў у сваіх успамінах, у прызначаным месцы, "сярод непраходных лясоў і пакрытых снегам пушчаў, я знайшоў атрад у некалькі дзесяткаў чалавек, напалову голых, бездапаможных, галодных, у асноўным складзены з прадстаўнікоў класа рамеснікаў".
У складаных умовах Валянцін, не губляючы ні хвіліны, заняўся арганізацыяй атрада: паўстанцы маршыравалі, з-за амаль поўнай адсутнасці зброі вучыліся біцца на палках, і дзякуючы засадам на дарогах адбіралі ў расейскіх салдат зброю і ежу. Такія напады аказаліся арганізаванымі настолькі паспяхова, што на працягу кароткага часу ўвесь атрад быў забяспечаны зброяй.
А вось з ежаю была сапраўдная праблема - адсутнічала соль. Раскошаю для паўстанцаў лічылася вячэра, складзеная з захопленых хлеба і чыстага тлушчу, ды пад запечаную сялянскую бульбачку.

1 лютага ў Сакольскім уездзе атрад Парчэўскага ў ваколіцах Супрасля зрабіў засаду, у якую патрапіў расейскі абоз. Ахова з ліку казакаў не чакала нападу побач з мястэчкам і разбеглася, пакінуўшы ляжаць на дарозе 8 забітых.
У хуткім часе пасля гэтага каля вёскі Чорнае Сяло ў двух дзесятках кіламетраў ад Беластоку Парчэўскі здзейсніў напад на калону вайсковай інваліднай каманды. Аднак тая была падрыхтаваная да сустрэчы, паколькі ведала пра нядаўні напад на казакаў.
У баі Парчэўскі быў паранены ўдарам штыка ў левы бок. Плямы чырвонай крыві на белым снезе. Нягледзячы на рану, Валянцін працягнуў бой, у якім паўстанцы захапілі 40 ружжаў.
Але пасля злёг. Свайго камандзіра з месца на месца паўстанцы пераносілі на ўласных плашчах. Хадзіць Парчэўскі ўжо не мог. Рана пачала гнаіцца, яго ахапіла гарачка. У атрад даставілі доктара, які паведаміў: некалькі дзён - і зімовы лес назаўсёды зробіцца прытулкам Парчэўскага.
Валянцін вымушаны быў распусціць атрад, а сам застаўся лячыцца ў сялянскай хаце. Як толькі адчуў, што можа ўстаць на ногі, апрануў сялянскі кажух і рушыў у дарогу. Любому са шматлікіх патрулёў, якія яго запынялі было дастаткова зазірнуць пад кажух, каб убачыць чырвоную пляму на світцы. Аднак Парчэўскі здолеў дабрацца да Вільні, дзе яго і выхадзілі жанчыны ў жалобным чорным адзенні.
Па выздараўленні ён адправіўся да родных, што жылі ў ваколіцах Гродна. Тут Валянцін Парчэўскі даведваецца пра стварэнне пад Калішам кавалерыйскага атрада, куды і выязджае, каб упісаць сваё імя ў лік герояў 1863-га.


Комментарии