На вышыню нашых магіл. Вялікі Вугал


Адна з папярэдніх частак - тут.
Гушчар сустрэў дажджом і прахалодай, так моцна адчувальнай пасля стамляючага маршу праз балоты і лясы. Раптам скрозь бавоўну хмараў прарвалася апошняя купа сонечных прамянёў і рассыпалася па верхавінах магутных соснаў, заззяла ў тысячах кропелек, вадкімі каралямі звязаўшымі неба і зямлю. Ужо праз імгненне шчыльнай сцяною абрынулася цемра і наваколле патанула ў ёй.
Прыходзілася рухацца навобмацак. Пётр Радавіцкі выдатна ведаў гэтую мясцовасць, называную Вялікім Вуглом, утвораным спалучэннем лугу і лесу, магутнымі закругленымі клінамі ўрэзанымі адзін у аднаго, падобна літары “S”, павернутай ў адваротным накірунку.
"Вялікі Вугал" на міжваеннай карце
Менавіта адсюль пачынаўся паўстанцкі шлях Пятра месяц таму, калі ў сярэдзіне траўня ён прывёў групу сялянаў і шляхцічаў з ваколіцаў маёнтка Краснае ў лагер, у якім збіраліся дабраахвотнікі з усяе Ваўкавышчыны.
Шмат хто чакаў, што менавіта Радавіцкі стане начале атрада. 40-гадовы былы вайсковец быў у вялікай пашане сярод тутэйшых жыхароў. Яго ведалі як добрага гаспадара, які ў вольны час выкладаў сялянскім дзецям розныя навукі. Толькі пасля пачатку паўстання стала вядома, што гэтым яго настаўніцтва не абмяжоўвалася: ён рыхтаваў вяскоўцаў да магчымай партызанскай барацьбы, вучыў іх вайсковай справе і абыходжанню са зброяй.
І ўсё ж Пётр Радавіцкі без усялякага абмеркавання, што было вялікай рэдкасцю сярод паўстанцаў, перадаў камандаванне Густаву Стравінскаму, 26-гадоваму адстаўному паручніку Мурамскага палка. Як раз тады, калі ў іншым гушчары ў ваколіцах Лыскава, вядомым як Альховае Балота, адбылася бойка паміж Улодкам і Самульскім, не падзяліўшымі камандаванне Пружанскім атрадам. Пётр добра ведаў Самульскага, які ў лютым змагаўся яшчэ ў атрадзе Рамана Рагінскага разам з яго братам – Здзіславам Радавіцкім, не паспеўшы з таго часу аднавіцца пасля цяжкага ранення, зноў атрымаў моцнае пашкоджанне і вымушаны пакінуць паўстанцкія шэрагі.
“Колькі лепшых сыноў згубіў наш край за дарма”, - успамінаў апошні месяц свайго жыцця Пётр Радавіцкі, прытуліўшыся да елкі і выглядаючы ледзь заўважныя ў цемры абрысы некалькіх хлопцаў, якія побач марна намагаліся распаліць агонь. Ва ўсім лагеры сухога галля хапіла толькі на два вогнішчы, але і тыя хутка згаслі, расцягнутыя на падпал іншых. Унутрана Пётр адчуў палёгку, бо знікла такая моцная спакуса, якая вабіла амаль паўтысячы чалавек. Здавалася, што паветра дрыжыць разам са стомленымі паўстанцамі, якія вымаклі да ніткі. Калі вогнішчы канчаткова згаслі, залітыя дажджом, які ўсё ўзмацняўся і цяпер ліў як з вядра, Пётр апусціўся долу і лёг на мох пад сасной, адчуўшы непрыемныя выступы параскіданых па зямлі шышак. Аднак нават не было рады іх прыбіраць. Радавіцкі прытуліўся да іншых паўстанцаў і паступова адчуў волкую цеплыню: “Сон робіць людзей роўнымі. Як і магіла”, - паспеў падумаць Пётр перад тым, як стома канчаткова перамагла.

Да світання было яшчэ далёка, калі дождж, нарэшце, скончыўся і Вялікі Вугал пачаў напаўняцца гукамі. З першымі ж водбліскамі ўзыходзячага сонца тут напоўніцу віравала жыццё. Мінулая ноч падавалася жудасным насланнём. А калі з Лыскава прывезлі харчаванне і сухія дровы, радасці не было межаў. Упершыню за апошнія дні паўстанцы паснедалі гарачай ежай. Размораныя, яны моўчкі сядзелі ды ляжалі ля вогнішчаў – кожны самнасам са сваімі думкамі.
Пётр адчуваў агульную прыгнечанасць у паводзінах людзей, большасць з якіх не магла ўцяміць, чаму яны, здаецца, і перамогшы пад Мілавідамі, вымушаныя былі збегчы як пасля паразы.
-  Давай, браце, кубак! - пачуў Радавіцкі за спінай знаёмы, нізкі з хрыпатой голас Валерыя Урублеўскага. – Я табе прынёс падарунак.
-  Няўжо вяндліна?– з усмешкаю прамовіў Пётра, адразу забыўшыся на дрэнныя думкі і прадчуваючы магчымае відовішча. – Абы не лупавіна!
-  Лепш! – на працягнутай далоні ляжалі суніцы, жменя якіх тут жа апынулася ў кубку Пятра. Водар свежасарваных ягадаў перамяшаўся з пахам дыму.
-  І чым я заслужыў?
-  Сам ведаеш, - узгадваючы выдатную стральбу Радавіцкага падчас Мілавідскай бітвы, адказаў Урублеўскі. Але цяпер яму патрэбная дапамога ў іншай справе, у якой Пятру таксама не было роўных ва ўсім лагеры. – Толькі нешта настрой у нас сапсаваўся. Што будзем рабіць?
-  Ды ёсць адзін сродак, - сказаў Радавіцкі больш гучна, чым, здавалася, было ў тым патрэбы. Прысутныя побач ужо навастрылі вушы, пакуль не разумеючы, што ж дзеецца. – Толькі на яго могуць збегчыся маскалі з усяго ваяводства.
-  А мо так і трэба! – быццам даў згоду Урублеўскі, падтруньваючы тым самым Радавіцкага.
-  Я пачну, а ты падтрымаеш! – Пётр без ваганняў перайшоў на патрэбны тон. Гледачы ўжо пачалі здагадвацца, што перад імі разыгрываецца сапраўдная містэрыя, часткай якой яны таксама стануць з хвіліны на хвіліну.
-  Калі ўпаду – падхопіш!
-  А раптам памру дык пахаваеш!
-  Ты для мяне, браце, тое ж зробіш! – Урублеўскі паціснуў руку Радавіцкага адным ім вядомым знакам.
І тады да дрыжыкаў моцны вокліч панёсся ад вогнішча да вогнішча, прымушаючы ўвесь лагер паўставаць на ногі. І распачатую Пятром паўстанцкую песню падхапілі пяць сотняў ртоў. Спачатку бязладна, гук паступова зліваўся ва ўнісон, узмоцнены эхам і разносіўся так далёка, што яго было чуваць у самым Лыскаве:
“Гэй-га, разам, хлопцы.
Гу-га, мы малодцы!
Гэй-га, з Палякамі,
Гу-га, а Бог з намі!
І на Божу здайма волю:
Нашы слёзы і няволю.
Гэй-га, мы пачулі:
Гу-га, што нас скулі!
Гэй-га, цяпер знаем:
Гу-га, выклікаем:
З зямлі нашай вон, варогі!
Маскалёў злуб вон да ногі!”
Пасля трох песень голас Пятра канчаткова здаўся. Цяпер ён толькі перабіраў вуснамі, назіраючы, як яшчэ колькі хвілін таму прыціснутыя, разгубленыя асобы зноў зрабіліся агульным арганізмам. “Значыць, яшчэ і песня”, - дадаў Радавіцкі ў працяг сваіх начных думак.
І пакуль адныя спявалі побач з вогнішчамі, іншыя пакідалі тое намоленае месца і накіроўваліся бліжэй да дарогі. То былі падляскія дабраахвотнікі з атрада Юльяна Эйтміновіча, капітана Лібаўскага пяхотнага палка. Усяго 96 чалавек, якія выпраўляліся ў бацькоўскія мясціны – Сакольскі, Бельскі ды Беластоцкі паветы, каб распачаць там фарміраванне новых атрадаў. Толькі некалькі дзясяткаў сакальчанаў заставалася ў Вялікім Вугле. Паўстанцы адыходзілі з песняй, не развітваючыся, быццам збіраліся бліжэйшым часам зноў спаткацца. “Калі не на гэтым свеце, то на тым – абавязкова”, - падумаў Пётра, гледзячы ў вочы Юльяна Эйтміновіча, які злёгку апусціў галаву, падтрымліваючы капялюш рукою.
На наступны дзень, 16 чэрвеня, развітанне паўтарылася і з шасцю дзясяткамі дабраахвотнікаў на чале з Аляксандрам Лянкевічам, які накіраваўся для збору рэштак разбітага Слонімскага атрада. Ён павінен быў дзейнічаць паміж Зальвянкаю і Шчараю, пагражаючы варожым камунікацыям.
Паўстанцкае войска Гродзенскага ваяводства зменшылася амаль на траціну. Пётр разумеў, што па-іншаму і не магло быць: ва ўмовах партызанскай вайны атрады могуць збірацца разам толькі для выканання сумесных адзінкавых аперацый, а ў астатні час павінны невялікімі групамі вымотваць і джаліць праціўніка.
Апоўдні трэніроўку ў стральбе прыйшлося перапыніць, таму што на дарозе паказалася конніца. Па легеры пайшла пагалоска, што гэта казакі. Паўстанцы заварушыліся як тыя камары, што мак таўклі. Яны неадкладна пачалі займаць загаддзя падрыхтаваныя пазіцыі – хто за дрэвамі, хто за валунамі, хто за прыцягнутымі на ўскраек гушчара вываратнямі.
Конніца неслася з усяе хады. А паперадзе яе – харугва. “Свае!” – з палёгкай уздыхнуў Пётр, заўважыўшы, што на дарогу для сустрэчы выйшаў Валерый Урублеўскі. Але Радавіцкі працягваў трымаць падначаленую роту напагатове, не атрымаўшы пакуль новага загаду.
Вецер падхапіў дзіўную харугву з выявай зямной кулі і нябесных свяцілаў, вакол якой гартаваліся 56 дабраахвотнікаў “Літоўскай кавалерыі”. Усе як на падбор – у адмыслова пашытай для іх вопратцы сіняга колеру. Сапраўдная супраціўнасць з паўстанцамі ў Вялікім Вугле.
Пётр назіраў, як у Казіміра Кабылінскага прынялі дрэўка з харугвай. А затым ён, вызваліўшыся, здзыгнуў з каня і павітаўся з Урублеўскім. Гэта быў сярэдняга росту мужчына, узрост якога ўжо даўся яму ўшыркі, але ён трымаў паставу як малады. Пры хадзе яго ногі нагадвалі кола, выдаючы тым самым у ім прафесійнага кавалерыста. З пазіцыі Радавіцкага не было чуваць размовы, але, убачыўшы абдымкі двух камандзіраў, стала зразумела, што навіна добрая.
Паўстанцам неадкладна было загадана пашыхтавацца. Асобна ад іншых сталі Ануфры Духінскі, Валерый Урублеўскі і Казімір Кабылінскі.
Духінскі выглядаў надта хваравіта. Прызначаны Варшавай вайсковым начальнікам Гродзенскага ваяводства, ён быў сапраўднай недарэчнасцю, не ўсведамляючы напачатку ні асаблівасцяў тутэйшага насельніцтва і яго мовы, ні арыентуючыся ў мясцовасці гэтага Краю. Яго недахопы кампенсавала наяўнасць побач Валерыя Урублеўскага, які зараз узяў слова:
-  Бітва пад Мілавідамі застанецца ў нашай памяці. Але мы былі вымушаныя адысці, бо ворага як ігліцы на сасне: ён, хоць і адступіў, чакаў прыбыцця падмацаванняў. Аднак нашая Партызанка толькі пачынаецца. Трэба біць ворага тады, калі ён найменьш гэтага чакае і непадрыхтаваны, як тое зрабілі хлопцы Кабылінскага. Сёння зранку яны наведаліся ў госці ў Ружаны, дзе пазычылі ў мясцовага гарнізона два дзясяткі карабінаў.
У шэрагах паўстанцаў пачуўся смех. Затым слова ўзяў сам Кабылінскі і распавёў пра захоп Ружанаў, падрабязна спыніўшыся на тым, як рускія вайскоўцы схаваліся на гарышчы аднаго з дамоў, адкуль вымушаныя былі паскідаць свае карабіны. “Колькі весялосці і жвавасці ў гэтым моцным чалавеку з такім жывым тварам”, - падумаў Пётр.
Паўстанцы насмяяліся да болю ў жываце. На завяршэнне Кабылінскі перайшоў на сур’ёзны лад:
-  Браты, хацелася б Вам сказаць, што мы пераможам, разаб’ем ворага хутка і без цяжкасцяў. Але не буду вам махляваць, бо сіла супраць нас ідзе магутная, як саранча. Самі бачыце, што яна пераўзыходзіць нас і ў вайсковай выпраўцы, і ў якасці зброі, і ў колькасці. Але на нашым баку – бацькоўская зямля, наш край! Шмат ворагаў прыходзіла сюды, і шмат з іх зараз ляжаць у безыменных курганах. Дык зробім так, каб такіх курганоў з’явілася яшчэ больш!
А затым двум дзясяткам найлепшых стралкоў былі ўрачыста перададзеныя захопленыя ў Ружанах карабіны. Дасталася новая стрэльба і Пятру.
-  Учора – суніцаў, сёння – карабін, а заўтра – штуцэр! – павіншаваў Радавіцкага Урублеўскі.
-  Дзякуй! Але штуцэр будзе ўжо маім уласным трафеем у баі! – адказаў Пётра, забраўшы карабін і паціснуўшы рукі паўстанцкіх камандзіраў.
Святочны абед падалі адразу пасля шыхтавання, умацаваўшы агульны настрой. Пасля па лагеры пачалі хадзіць копіі адозваў, толькі што напісаных да жыхароў розных паветаў Гродзенскага ваяводства. Падчас адпачынку Пётра зачытаў усе шэсць сваім шэраговым. У кожным з дакументаў узгадваўся вобраз слыннага тутэйшага ўраджэнца. Адозва да жыхароў Слонімскага павета пачыналася словамі “Хай сёння прамовіць да нас памяць аб Касцюшку”. Да Беластоцкага павета - праз Стэфана Чарноцкага, аднаго з герояў вайны супраць шведаў падчас “Патопу”, дзе гучалі наступныя словы: “Сёння, калі край ізноў у няволі, хай жыве партызанка! Хто шчыра любіць Айчыну – з намі на маскалёў!”. Адозва да Гродзенскага павета звярталася да слаўнага імя Тадэвуша Рэйтана і завяршалася: “Для гэтага з’едзьцеся на адно поле, поле бітвы, пад адзін сцяг, сцяг са знакам Арла, Пагоні і Міхаіла Арханёла, для адной мэты, якой ёсць вызваленне Айчыны…”.
Кожную з адозваў Пётра тлумачыў, быццам тым дзецям, якіх вучыў у сваім маёнтку Краснае. Амаль усе чулі імя Тадэвуша Касцюшкі, распавядаючы нават мясцовыя легенды, як той мужыкам волю хацеў даць. А вось з Чарноцкім і Рэйтанам было ўсё вельмі дрэнна. Распавядаючы пра іх жыццёвы лёс Пётра і не заўважыў, як “Літоўская кавалерыя” выправілася на поўдзень – у накірунку фальварка Устронь.
Аднак ужо у палове на шостую тая вярнулася з наступаючым на пяткі ворагам. Той набліжаўся па лугавіне з боку Устроні, расцягнуўшыся ў некалькі доўгіх шэрагаў. Паўстанцы замітусіліся, займаючы пазіцыі на ўзлеску, у адпаведнасці з тым, як гэта ўжо адбывалася апоўдні: ваўкавыскія дабраахвотнікі пад кіраўніцтвам Стравінскага занялі цэнтр, у той час як невялікая група сакальчанаў размясцілася на фланзе, прыкрываючы кавалерыю. Ззаду схаваліся і чакалі свайго часу касінеры.
Пётра назіраў, як вораг набліжаецца ўсё бліжэй і бліжэй, відавочна, збіраючыся ўдарыць менавіта ў самы цэнтр. Такое відовішча ўражвала нават спрактыкаванага чалавека, што ўжо казаць пра тых, для каго гэты бой быў адным з першых. Да таго ж асабліва палохала тое, што варожыя штуцары ўжо раз пораз абстрэльвалі паўстанцкія пазіцыі, у той час як для агню ў адказ адлегласць была яшчэ даволі далёкая, паколькі ні карабіны, ні тым больш дубальтоўкі – не роўня наразной зброі і кулі, выпушчаныя з іх нават не даляталі б да праціўніка. Таму нездарма са штаба прыйшоў загад без каманды не страляць.
Паўстанцы маўчалі. Удар на сябе прымалі пакуль толькі сосны. Пётра спрабаваў уцяміць, чаму вораг так метадычна ідзе па адкрытай прасторы, да таго ж забалочанай і зарэсценай высокай травой, месцамі ўжо скошанай і складзенай у невялічкія копны. “Яны не ведаюць нашай колькасці, мяркуючы, што тут толькі кавалерыя”, - здагадаўся Радавіцкі. Напалоханае птаства паднялося з наседжаных месцаў і падалося ўбок. Толькі кнігаўкі моцна гукалі, налятаючы на ворага. Аднак той працягваў набліжацца і калі яму да ўзлеску заставалася каля ста крокаў прагучала каманда “Агонь!”. Дым пораху быццам туманам ахінуў гушчар і з луга пачуліся крыкі параненых царскіх вайскоўцаў. Збянтэжанасць ворага адгукнулася яшчэ адным стрэлам паўстанцкіх ружжаў. Яшчэ адзін стрэл вымусіў ворага пасунуцца назад. Але гэта было падманлівае адступленне, насамрэч пачынаючы абыходзіць паўстанцаў з фланга, пагражаючы нешматлікім сакальчанам. “Неабходна перакінуць туды дадатковыя сілы”, - падумаў Пётра і ў гэты самы момант яму перадалі загад узяць два дзясяткі сваіх людзей і тэрмінова накіравацца на фланг. Радавіцкі не звяртаў увагі на ігліцу, якую касілі варожыя стрэлы. Стравінскі ў дадатак перадаў яшчэ дзясятак чалавек і Радавіцкі рушыў да сакальчанаў. Вораг ужо быў зусім блізка, калі да паўстанцаў падыйшло падмацаванне. Стрэл, яшчэ, яшчэ… Ззаду Радавіцкі адчуваў, што на ўсялякі выпадак сюды ж перакінутая частка касінераў. Вызначыўшы сваім людзям сектары абстрэлу, ён удала дзейнічаў і як стралок. Сустрэўшы моцны агнявы адпор, царскія войскі вымушаныя былі, нарэшце адступіць.
Пётра бачыў, як вораг пачаў адыходзіць, і адзін з царскіх вайскоўцаў, няўдала адкрыўшыся, стаў ахвяраю яго трапнага стрэлу, абрынуўся на дарогу, сціскаючы ў руках штуцэр. “Вось і мой трафей”, - палічыў Пётра і паколькі стральба спынілася, а сярод паўстанцаў пачулася пераможнае “Ура!”, ён падняўся з пазіцыі і накіраваўся за штуцэрам. Пётра спыніўся за крок да рускага салдата, гатовы ўжо нахіліцца за зброяю, якую трымаў у руках, варожы салдат, які ляжаў на спіне. Яго твар быў павернуты ўбок, вачэй было не відаць.
Раптам Пётра пачуў быццам удар маланкі. Ногі перасталі слухацца, а цела павалілася на зямлю. Яго твар апынуўся зусім побач з тварам рускага салдата. Блакітныя вочы падаваліся промнямі сонца, якое вось-вось схаваецца за хмары. Як было некалькі дзён таму, калі ўначы паўстанцы прыйшлі ў Вялікі Вугал. Праз імгненне вочы салдата ўжо згаслі. А яшчэ праз імгненне згаслі і вочы Пётра.

Варожая куля трапіла Пятру Радавіцкаму ў лоб, калі ён выйшоў забраць штуцэр у забітага ім расійскага салдата. Гэтая страта шанаванага чалавека, сапраўднай душы кампаніі засмуціла ўсіх. Яго цела прынеслі ў лагер. Касінеры, якія так і не паўдзельнічалі ў баі, выкапалі косамі невялічкую магілу. Пахаванне яго адбылося перад самым заходам чэрвеньскага сонца. Валерый Урублеўскі, які згубіў аднаго з лепшых сяброў, доўга блукаў па лесе, утаймоўваючы пачуцці. На яго позірк трапілі кветкі каліны, якія ён, сам таго не заўважаючы, пачаў ірваць, каб пакласці на магілу Радавіцкага.
Паўстанцы другі раз за дзень пашыхтаваліся, на гэты раз каб праводзіць у доўгі шлях забітага паплечніка.
-  Я веру, што прыйдзе час, калі нам не трэба будзе паміраць за Бацькаўшчыну. Калі мы будзем жыць у справядлівым грамадстве, дзе будзе панаваць праўда. На жаль, гэты час не надыйдзе без ахвяры лепшых сыноў нашай зямлі. Пётр быў адным з іх і ён застанецца ў нашай памяці, як і Вялікі Вугал застанецца чарговым пацверджаннем таго, што непераможных няма. І вы, браты, сёння гэта даказалі. Я не маю чым вас аддзячыць, акрамя, - Урублеўскі паказаў букет, які трымаў у руках, - кветак каліны. Лепшага дарунку мы цяпер не маем, але калі-небудзь кветкі стануць пладамі.
Валерый прайшоўся і раздаў кветкі лепшым стралкам, якія паказалі сябе ў мінулай бітве. Ад букета засталося толькі некалькі веццяў. Урублеўскі падыйшоў да магілы, побач з якой схіліўся і апусціў уніз каліну.
-  Чакай мяне, браце! Яшчэ заспяваем, - сказаў Урублеўскі ледзь чутно. Узняўшыся, ён зацягнуў:
“Гэй-га, разам, хлопцы.
Гу-га, мы малодцы!
Гэй-га, з Палякамі,
Гу-га, а Бог з намі!”

Пётр Радавіцкі загінуў 16 чэрвеня 1863 года падчас бітвы ў гушчары Вялікі Вугал побач з мястэчкам Лыскава. Яго брата Здзіслава царскія ўлады павесілі 18 жніўня 1863 года ў Седліцах у Кароне Польскай. Усяго род Радавіцкіх падчас пастання 1863-1864 гадоў страціў шэсць чалавек.

Комментарии