НА ВЫШЫНЮ НАШЫХ МАГІЛ: ЛОСЕЎ

ПРАЦЯГ.
НА ВЫШЫНЮ НАШЫХ МАГІЛ: АСКЕРКА - тут.
Па заснежаным ранішнім Мінску ў адзіноце рухалася брычка. Фурман, змерзлы і злы, падбадзёрваў коня да шпаркай хады ўдарамі бізуна. У брычцы сядзеў захінуты ў футра і вядомы на ўвесь горад расійскі жандарм – Аляксандр Лосеў. У вочы яго мала хто бачыў, але прозвішча ведаў ледзь не кожны сабака.
Аляксандр Лосеў спяшаўся ў турму, каб адным з першых сустрэцца з арыштаваным у Бабруйску студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта Парфіяновічам. За некалькі месяцаў ад пачатку паўстання Лосеў паспеў ужо наглядзецца на розных “змагароў”, у асноўным студэнтаў або афіцэраў, якія ў большасці сваёй былі тыповымі балбатунамі і здзейсніць супраць урада так нічога не паспелі. Тым прыемней было адчуванне ад зробленай працы – прэвентыўны арышт. І тут, хутчэй за ўсё, нічога цікавага. Аднак унутранае пачуццё не давала спакою.
Аляксандр увогуле адным з першых сустракаў арыштаваных палітычных злачынцаў. У яго быў добры нюх на людзей, здольны адразу зразумець хто ёсць хто, таму начальства прыслухоўвалася. Ён ганарыўся, але, у глыбіні душы, жадаў значна большага. Усё ж і не малады ўжо: 45-ты год як ні як, і толькі падпалкоўнік.
Мяцеж у Паўночна-Заходнім краі – сапраўдны шанец для кар’ернага росту, узнагарод, а значыць шлях да багацця. Да таго ж служба на карысць Айчыне і Імператару. Паспеў нават пакіраваць Віцебскай асабовай следчай камісіяй па справах паўстання. Паспяхова. Шкада, што ўсё добрае сканчваецца, і мяцеж таксама амаль задушаны. Цяпер усё робіцца, каб падобнае не адбылося ў будучым. Пры такіх думках Лосеў узгадаў запланаванае на заўтра павешанне Цэзара Булынка. Зуб за зуб, як кажа Біблія. За ўдзел у павешанні праваслаўнага святара Канапасевіча ў маёнтку Багушэвічы Булынка будзе таксама павешаны. Прыемнае пачуццё ад сваёй прыналежнасці да раследавання гэтай справы як ніякое футра грэла Аляксандра Лосева ў той час, як брычка пад’ехала да турмы.
Аляксандр не адразу пайшоў да Парфіяновіча, а найперш загадаў размясціць маладога студэнта бліжэй да камеры Цэзара Булынка, якога заўтра ўздзёрнуць на шыбеніцы ў цэнтры Мінска. Апошні не адрозніваўся стрыманасцю і сілай волі, што павінна адразу ж паказаць Парфіяновічу магчымае будучае. З арыштаванымі трэба як з жанчынамі, лічыў Лосеў: уся справа ў прэлюдыі.
Калі Лосеў увайшоў у камеру, дзе сядзеў Вітольд Парфіяновіч, то здзівіўся малочна-беламу твару і ненатуральнай худнечы маладога студэнта. “Куды ж лезуць гэтыя саплякі”, - падумаў ён, у той час як па-сяброўску павітаўся. Адказам была цішыня.
Аляксандр запытаўся дазволу прысесці. Зноў цішыня, таму сам прысеў побач і працягнуў:
-         У суседняй камеры знаходзіцца чалавек, які заўтра будзе павешаны за жудаснае злачынства – удзел у павешанні праваслаўнага святара. Тая справа, якую Вы, Вітольд, абараняеце, насамрэч, ні што іншае як тэрор, забойства мірных грамадзян, спаленыя мястэчкі і вёскі. І ў імя чаго? Айчыны, справядлівасці, светлага заўтра? Нішто, нішто не здольна апраўдаць смерць ніводнага чалавека. Асабліва такога маладога як Вы, Вітольд. – Лосеў замаўчаў і заўважыў, як ніжняя сківіца Парфіяновіча пачала моцна дрыжаць, і каб не грукаць зубамі той злёгку прыадкрыў рот.
-         Я? – здзіўлена запытаўся Парфіяновіч. – Але за што? Я нічога не зрабіў.
-         І за меншае вешалі, - спакойным голасам, з невялікімі паўзамі паміж словамі адказаў жандарм. 
У Парфіяновіча на вуснах засталося нямое пытанне. Лосеў падсеў трохі бліжэй і працягваў ужо амаль шэптам:
-         Паслухай, сынок, я – твая адзіная надзея. Толькі я з усёй нашай тутэйшай жандармскай браціі разумею, што ты, сынок, проста памыліўся: марыў пра славу, стаць героем. Але каму трэба ў наш час твой гераізм, сынок? Колькі ўжо добрых людзей узышлі на шыбеніцу, але хіба гэта да чаго прывяло? Толькі на відовішча натоўпу. Яму напляваць на Вашыя ідэі. У нас з прынцыповымі асабліва не цырымоніцца і Яго Светласць Міхаіл Мікалаевіч адпраўляе іх або на шыбеніцу, або на сібірскія руднікі. Доказы тут гуляюць далёка не першую скрыпку. А пра што змаўчыш ты, сынок, раскажуць іншыя. І калі ўсплыве тваё прозвішча, то тады табе больш верыць ніхто не будзе. Скажу па сакрэту, што цябе таксама арыштавалі па наводцы. Мы і так усё ведаем, што ты можаш нам распавесці. Але ты малады, зялёны, таму табе, сынок, ад Імператара нашага даецца шанец павініцца. Толькі ўсё як на духу, і тады табе будзе дадзены другі шанец.
Лосеў умеў увайсці ў давер, умеў стварыць вобраз сумленнага чалавека, не грэбуючы любымі метадамі, у тым ліку самай адкрытай хлуснёй. І гэта амаль заўсёды давала свой плён. Як і цяпер. Унутранае пачуццё не падвяло жандарма, але нават пасля пачутых ад Парфіяновіча слоў Лосеў яшчэ доўга не мог паверыць, што гэта і ёсць той шанец, які даецца раз за ўсё жыццё.

Парфіяновіч спачатку намагаўся не глядзець у карыя вочы Лосева, але паступова стаў усё ўважлівей разглядаць яго крыху паўнаваты твар, прамы нос, вусы з бакенбардамі. Яго кранала пяшчота ў голасе гэтага жандарма, сяброўскае, і нават бацькоўскае стаўленне. Бацька! Як жа ён, хворы, цяпер будзе без любімага сына? Лосеў сказаў, што ў таго адбяруць усё. Хто дапаможа яго братам? Няўжо гэта сапраўды адбываецца з ім? А ён толькі пачынае жыць!
І тут усё ўнутры Парфіяновіча завагалася і трэснула. Раптам ён пачаў плакаць – ціхенька, а затым усё гучней і гучней! Лосеў абняў яго па-бацькоўску і стаў супакойваць, казаць, што трэба толькі павініцца і яму прабачаць. Стаў нават цалаваць у шчокі і лоб, прыціснуў яго галаву да сваіх грудзёў. Парфіяновічу было вельмі прыкра і сорамна, але стрымацца ён ужо не мог: “Я раскажу Вам усё!”

Комментарии