150-я ўгодкі паўстання 1863. Вынікі: Шляхавікі

2013-ы год мінуў. Надышоў час падсумаваць яго значэнне як 150-ых угодкаў паўстання 1863-1864. Гэтая важкая для станаўлення беларускага народа падзея захавалася ў параскіданых па ўсёй Беларусі месцах памяці - вузлавых кропачках нашага мінулага, якія патрабуюць належнага да іх стаўлення і далучэння да ліку сімбалічных элементаў нацыянальнай спадчыны (што паступова і адбываецца). Ужо зроблена шмат, яшчэ больш працы чакае нас наперадзе.

2013-ы стаў годам, калі ментальная карта беларуса напаўнялася новымі мясцінамі і пуцявінамі, як у віртуальным яе вымярэнні, прыкладу інтэрактыўнай карты "Канстанцін Каліноўскі і паўстаньне 1863-1864 гадоў", або новымі экскурсійнымі маршрутамі кшталту "Год 1863: паўстанне на Слонімшчыне", так і ў рэальным яе змесце, у прыватнасці дзякуючы святкаванню важкіх падзей паўстання як "Мілавідскі фэст - памяці паўстанцаў 1863 года", так і шматлікім вандроўкам па месцах, звязаных з паўстаннем, як двухдзённае вандраванне, арганізаванае культурна-асветніцкай ініцыятывай "Грунт" і інш.
Важкім элементам у "засвойванні" месцаў памяці выступаюць шляхавікі - пуцяводнікі, гіды-бюлетэні, брашуры з маршрутамі па месцах гістарычных падзей, каталогі са спісамі помнікаў, кароткія інфармацыйныя лісты, прысвечаныя гістарычным асобам і звязаным з імі месцамі. Усе яны выступаюць пасярэднікам і своеасаблівым кіраўніцтвам у засваенні гістарычнай прасторы. У 2013-м з'явіўся шэраг такіх шляхавікоў. Сярод іх былі як невялічкія, прысвечаныя асобным падзеям, напрыклад, Мілавідскай бітве (спампаваць - тут), так і даволі значныя як у аб'ёме, так і ахопленай у іх тэматыцы.
25 траўня падчас навуковай канферэнцыі "Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне" былі прэзентаваныя адразу два такіх шляхавіка.
Адзін з іх - польскі "Gloria Victis" ("Слава пераможаным") аўтарства актывіста Саюза палякаў у Беларусі Юзафа Пажэцкага (Józef Porzecki). Ён складаецца з двух частак: першая - гэта кароткі нарыс паўстання на Гродзеншчыне, другая - месцы памяці паўстання на Гродзеншчыне. Аб накіраванасці выдання яскрава сведчыць яго невялічкі раздзел пад назваю "Захаваць ад забыцця": "На Гродзеншчыне захаваліся некалькі дзесяткаў месцаў памяці, што сведчаць пра паўстанне 1863 года. Вядомыя: крыжы на паўстанцкіх магілах у Азёрах, Кадышу і Маховічах; магілы паўстанцаў у Мінявічах, Пацэвічах, Начы; месцы апошняга прыстанку паўстанцаў у Сенне, Шаўрах, Лідзе, Беняконях, Ваўкавыску, Лідзе, Вавёрцы, Ішчольне, Жалудку, Гродне. З вусных пераказаў і гістарычных крыніц мы ведаем пра ўжо зніклыя крыжы на паўстанцкіх могілках у невядомых месцах у Мураваным Ляцку, Гадзелёнах, Слабудцы, Баярах, Львоўшчыне, Гальшанах, Азярніцы, Мадзюнах, Новым Двары, Відзейках на Святым Балоце і ў шматлікіх іншых невядомых нам мясцовасцях. Нягледзячы на няўдачы і ў канчатковым выніку паразу паўстання, яно з'яўляецца ўпрыгожваннем карты гісторыі Польшчы, у тым ліку і Гродзенскай зямлі. Варта яго пазнаваць, паглыбляць і набліжаць, а месцы памяці атачаць любоўю і клопатам".
Помнік паўстанцам
(вёска Маховічы)
На жаль, спадар Пажэцкі падае падзеі паўстання толькі ў вузкапольскім яго разуменні, забываючыся на тое, што помнікі паўстанцаў у Беларусі - гэта памяць пра паўстанне, якое на нашай зямлі было агульнай справай беларускага, польскага і літоўскага народаў і мела рэгіянальныя асаблівасці, якія адрозніваюць яго ад падзеяў на тэрыторыі колішняга суседняга Царства Польскага.
Аднак сам шляхавік зроблены на высокім узроўні, змяшчае багата фотаздымкаў, да таго ж некалькіх вельмі цікавых і малавядомых месцаў. Сярод іх - вёска Маховічы на Лідчыне, дзе захаваўся камень з крыжам і датаю "1863" і дзе ў 1995 годзе Таварыствам Беларускай мовы былі добраўпарадкаваныя могліцы і ўсталяваныя крыжы.
Другі са шляхавікоў, прэзентаваны 25 траўня - гэта "Адрасы паўстання 1863-1864 у Гародні і на Гарадзеншчыне", укладальнікам якога з'яўляецца Эдвард Дмухоўскі, аўтарамі тэксту выступілі Андрэй Вашкевіч і Уладзімір Хільмановіч, фотаздымкі выканалі Янка Лялевіч і Юлія Дарашкевіч. Ён з'яўляецца пашыранай версіяй буклета "Гродна мае права на помнік Каліноўскаму!" (спампаваць - тут), што занатавана ў агульнай для іх абодвух прадмове.
"Адрасы паўстання" падаюць пералік месцаў, "якія варта ведаць і якія трэба ўшаноўваць, бо тут жылі, працавалі, прымалі адказныя, часта апошнія ў сваім жыцці, рашэнні тыя, хто змагаўся за свабоду нашай Бацькаўшчыны". Гэта перш за ўсё 17 адрасоў Гародні, звязаныя з 1863-1864:
- месцы працы прадстаўнікоў Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, як былое губернскае праўленне (плошча Тызенгаўза, 2), або аптэка Адамовіча каля Фарнага касцёла,
- месцы таемных сходаў паўстанцаў, як дом Фукса (сённяшняя крама Оптыка на вул. Савецкая, 7), або дом і гатэль Севярына Ромера (вул. Савецкая, 23),
- адрасы, звязаныя з гарадзенскімі гімназістамі, якія 2 сакавіка 1863 года спрабавалі на цягніку пакінуць горад, каб далучыцца да паўстанцкага атрада,
- мемарыяльныя знакі ўдзельнікам паўстання як шыльда братам Зыгмунту і Эдварду Урублеўскім у Фарным касцёле (Зыгмунт Урублеўскі пасля вяртання з сылкі ў Сібір стаў знакамітым фізікам, які першым здабыў вадкі азот і вадкі кісларод), знак таленавітаму паўстанцкаму камандзіру Валерыю Урублеўскаму на вуліцы ў яго гонар (вул. Урублеўскага, 32), ды крыж пры ўездзе ў Грандзічы, на тым месцы, дзе калісьці стаяла скульптура святога Яна і ў 1862-м быў знойдены другі нумар газеты "Мужыцкая праўда",
- месцы, звязаныя з карна-рэпрэсіўнай дзейнасцю расейскага ўрада па падаўленню паўстання як Стары замак і былы іезуіцкі калегіум і былы кляштар кармелітаў (цяпер будынак банка) у якасцю турмаў для паўстанцаў і прадстаўнікоў іх сем'яў.
Яшчэ адзін шляхавік быў прызентаваны 22 лістапада ў Мінску. Ім стаў гід-буклет "Шляхамі паўстання 1863" (спампаваць - тут. Аўтарам яго тэксту выступіў укладальнік "Адрасоў паўстання" ў Гародні Э. Дмухоўскі, кансультантам - А. Вашкевіч, дызайн і вёрстка - І. Паўлёнак, а фотаздымкі прадаставілі Я. Лялевіч і Ю. Дарашкевіч.
"Шляхамі паўстання 1863" прапаноўвае адзін з магчымых маршрутаў падарожжа па месцах памяці падзеяў 150-гадовай даўніны. Трохдзённы шлях павінен ахапіць 1050 км па Панямонню - самым паўстанцкім рэгіёне 1863-га. Мне падаецца, нават пры ўсім жаданні, гэта вельмі складанай справай, што ніколькі не зніжае саму значнасць шляхавіка і важкасць акрэсленых у ім месцаў.
Ён складаецца з трох частак, падарожжу па кожнай з якіх адводзіцца па аднаму дню:
Першы дзень (Міншчына-Гродзеншчына): Мінск-Плябань-Мохавічы-Ліда-Нача-Шаўры-Вавёрка-Ішчолна-Жалудок-Пацэвічы-Азёры - 400 км;
Другі дзень (Гродна і ваколіцы): Гродна-Кадыш-Гожа-Мінявічы-Лунна - 200 км;
Трэці дзень (Гродзеншчына-Брэстчына-Міншчына): Індура-Свіслач-Якушоўка-Поразава-Падароск-Лыскава-Ласасін-Косава-Мілавіды-Сянно-Налібокі - 450 км.
Шляхавік багата ілюстраваны, напісаны зразумелаю моваю і змяшчае досыць змястоўныя апісанні, кшталту: "Уздоўж Белавежскай пушчы, якая была надзейным сховішчам паўстанцаў, едзем у Поразава, мястэчка з непаўторнай заходнебеларускай атмасферай, прыгожым сядзібным домам, захаванымі сінагогай, царквой і касцёлам. На парафіяльных могілках злева ад уваходу знаходзяцца два аднолькавыя вялікія помнікі з камянёў з крыжамі. Гэта пахаванні паўстанцаў Яна Дмухоўскага і Казіміра Шалкевіча".
Шляхавік змяшчае таксама праект сядзібы аднаўлення Каліноўскіх у Якушоўцы, выкананы В. Касцюк на падставе чарцяжоў 1989 г.
Праект аднаўлення сядзібы Каліноўскіх.
Напрыканцы выкажу некалькі высноваў:
1) Шляхавікі варта было б складаць не толькі па рэгіянальным прынцыпе, паколькі сённяшнія тэрытарыяльна-адміністрацыйныя адзінкі значна адрозніваюцца межамі і плошчаю ад колішніх, а ствараць іх на падставе маршрутаў руху паўстанцкіх атрадаў. Многія з іх, як атрада Рагінскага, даволі добра вядомыя. У першую чаргу неабходна распрацаваць маршруты руху атрадаў Лянкевіча, Урублеўскага і Нарбута, з іх прыпынкамі ў розных месцах, зачытвання паўстанцкага маніфеста, ды проста дазволіць удзельніку такіх маршрутаў адчуць атмасферу паўстанцкага атрада з яго асаблівым рытмам жыцця.
2) Месцы памяці неабходна ўвасабляць не толькі ў мемарыяльных знаках (на сёння найбольш важкім праектам, які патрабуе рэалізацыі з'яўляецца помнік К. Каліноўскаму ў Гродне), але і ў матэрыяльных аб'ектах, кшталту адноўленай сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы або паўстанцкага лагера пад Мілавідамі. Апошні з гэтых аб'ектаў можа зрабіцца цікавым турыстычным цэнтрам, дзе акрамя фэсту праводзілася б штогадовае разыгрыванне  бітвы паміж паўстанцамі і расейскімі войскамі.
3) Маштаб, колькасць удзельнікаў і бітваў часу 1863-га года ў Беларусі дазваляе амаль у кожным раёне нашай краіны пашырыць сімбалічнае ўвасабленне месцаў памяці і іх выкарыстанне як турыстычных аб'ектаў.
4) На жаль, многія з вядомых бітваў 1863-га нелакалізаваныя, для працы над чым неабходна падтрымка археолагаў. Іх духоўны патэнцыял можа стацца дадатковым стымулам для вывучэння паўстання, а магчымыя адкрыцці - дадатовай падставаю для шырокай грамадскай цікавасці.

Комментарии