НА ВЫШЫНЮ НАШЫХ МАГІЛ: ПАРФІЯНОВІЧ

Працяг аповесці "На вышыню нашых магіл". Пачатак - тут.
Вітольд ужо некалькі гадзін ляжаў на ложку ў адным з пакояў гасцініцы “Пецярбургская”. Нягледзячы на стому і заплюшчаныя вочы, заснуць ён не мог. Думкі не давалі спакою
Даўгачаканая сустрэча з Вільняй стала поўным расчараваннем. Вобраз, створаны нападставе гісторый, пачутых ад сяброў у Мінску, Магілёве і нават Пецярбургу ніяк не адпавядаў рэчаіснасці. Змагарскі горад, калыска паўстання супраць царскай улады ў Краі аказаўся тыповым цэнтрам губерні, напоўненым войскамі, брудам, шынкамі і гандлярамі. А яшчэ, як на ліха, натоўп гаманлівых гараджан з боку Лукішак, узбуджаны відовішчам пабачанай крыві пасля чарговай экзекуцыі. І трэба ж так здарыцца, што адбылося гэта ў дзень яго прыезду ў Вільню. Быццам нейкі злы знак.
13 верасня царскія войскі растралялі Мікалая Уладыслава. Вітольд чуў пра яго ад Іосіфа Яманта як пра адданага справе паўстання жаўнера. 27-гадовы афіцэр Нарвенскага палка Мікалай Уладыслаў змагаўся ў атрадзе Людвіка Нарбута, загінулага ў бітве пад Дубічамі. У той жорсткай бітве Уладзіслаў услед за камандзірам таксама павінен быў скласці галаву. Але пасля раненняў у жывот і нагу, ён быў выратаваны дактарамі, каб быць прылюдна растраляным на мураўёўскім эшафоце.
Яшчэ ранкам, у дарозе разам з Іосіфам Ямантам і Міхалам Аскеркам пад уплывам аповедаў пра загінулых сыноў Айчыны Вітольд таксама марыў аб гераічнай смерці. Яго жывая юнацкая фантазія моцнымі фарбамі малявала хвалю патрыятычнага ўздыму, выкліканага гэтай смерцю: аб’яднаны жаданнем помсты і справядлівасці народ у Літве і Беларусі паўстае на змаганне супраць царскіх войск.
Дзе ж цяпер тая Вільня, якую Аскерка назваў булькаючым катлом, вось-вось гатовым узарвацца. Асабліва пасля пакарання напрыканцы лета трох кінжальшчыкаў, беспаспяхова паспрабаваўшых забіць мураўёўскага паслугача - віленскага маршалка шляхты Дамейку, якога ўратаваў тоўсты, быццам змяіная скура, халат. Сярод пакараных двое былі фельчарамі, сябрамі Аскеркі - Ян Бянькоўскі і Ян Марчэўскі. Трэцяга, аптэкарскага вучня Эдварда Чаплінскага, Аскерка асабіста не ведаў, але цёпла апісаў Парфіяновічу падчас іх дарогі з Мінска.
Іосіф Ямант, які далучыўся да іх у Радашковічах сваімі нешматслоўнымі каментарамі пераконваў Вітольда ў тым, што справа паўстання ўжо перамагла і цяпер гартуюцца атрады дабраахвотнікаў па ўсёй Еўропе, гатовыя прыйсці на дапамогу. Ямант цэлую дарогу ўзгадваў паўміфічнага дыктатара паўстання ў Краі, прозвішча якога ні разу не назваў. Але Парфіяновіч і так добра ведаў імя Каліноўскага. Яно не сыходзіла з вуснаў Міхала Аскеркі, які надаваў яму ледзь не якасці чараўніка за яго майстэрства канспірацыі і здольнасці нават ва ўмовах царскага тэрору падтрымліваць амаль згаслае полымя паўстання.
З моманту знаёмства ў Магілёве з доктарам Міхалам Аскеркам у лютым 1863 года і ўваходжання тады ж у таемную паўстанцкую арганізацыю, Вітальд Парфіяновіч марыў пра сапраўдную барацьбу, жыццё паўстанца, пра рызыкоўныя заданні. Яму даручылі пераправіць ў Вільню 200 рублёў срэбрам,перададзеныя афіцэрам Жукоўскім. Далі імёны сувязных: Баневіч і Кандратавічава. Іх каардынаты: вуліца Дамініканская, у Дамініканскім будынку, над аптэкаю Савіцкага. І пароль: “-Каго любіш? – Люблю Беларусь! – Так узаемна!” Апошняе асабліва цешыла фантазію Парфіяновіча, які ўяўляў сябе героем шпіёнскага рамана.
Аднак эмацыйны пад’ём першых месяцаў студэнта Кіеўскага ўніверсітэта паступова спаў, разбіты аб ганкі чыноўніцкіх кабінетаў з мэтаю атрымаць дазвол на выезд у Вільню. Ды канчаткова быў астуджаны пасля звестак пра паразы паўстанцкіх атрадаў і пабачаныя ў газетах прозвішчы рэпрэсаваных знаёмых. Да таго ж так атрымалася, што дзве сотні рублёў паступова зменшыліся напалову, а затым увогуле зніклі ў віхуры юнацкага жыцця.
За паўгады ён больш не атрымаў ніводнага задання ад Аскеркі. І ў той момант, калі меньш за ўсё чакаў, бязмэтна шпацыруючы па цэнтры Магілёва, сустрэўся з доктарам. Вітольд адразу не пазнаў гэтага пажоўклага, быццам сама восень, злёгку згорбленага чалавека, паглыбленага ва ўласныя думкі. “На выгляд яму больш, чым 27”, - падумаў Вітольд і, нягледзячы на сорам за распушчаныя грошы, павітаўся. Міхал адарваў погляд ад бруку і Вітольд пабачыў гарачыя вочы ды лёгкую ўсмешку, у адказ на якую той таксама ўсміхнуўся. Яны загаварылі як старыя знаёмыя і далей пайшлі разам. Міхал расказваў смешныя выпадкі са сваёй практыкі, пра сенненскага маршалка Юзафа Свяцкага, якога пастаянна мучылі хваробы, узгадаў гады свайго навучання ў Маскоўскім універсітэце, у адказ на што Вітольд распавёў пра жыццё Кіеўскага. І пры раставанні Аскерка, між іншым, запрасіў Парфіяновіча з’ездзіць разам у Мінск, куды той накіроўваўся па справах. Вітольду не было чаго рабіць, тым больш ён адчуваў некаторую віну перад гэтым чалавекам, і таму пагадзіўся.
У дарозе Міхал Аскерка ў імгненне вока ператварыўся ў сур’ёзнага суразмоўцу, распавядаў пра жорсткі рэжым тэрора, пра ганебную абыякавасць насельніцтва да бедстваў роднага Края, пра здрадніцтва памешчыкаў, негатовых развітацца з мроямі мінулага і перадаць зямлю сялянам, пра рыхтуемае на вясну 1864 года новае паўстанне і таемную арганізацыю ў Вільні. На чале яе стаіць Каліноўскі, пры ўзгадванні прозвішча якога Аскерка першапачаткова пераходзіў на шэпт, але паступова ўжываў яго ўсё часцей і часцей з асаблівай пашанай у голасе. Парфіяновіч, уражаны словамі доктара, уяўляў і сябе палымяным патрыётам, лідарам паўстання, гатовым на ўсё дзеля яго перамогі. Таму сам выклікаўся дапамагчы Аскерку. Як на ліха, чыноўнікі ў Мінску выдалі пашпарт для выезду ў Вільню.
Цяпер Вітольд ляжаў у паўзацемненым пакоі гасцініцы, шкадаваў пра тое, што паддаўся хвіліннаму эмацыйнаму ўздыму, гатовы вось-вось адправіцца ў адваротным накірунку. Пры гэтых думках у дзверы пагрукалі. Вітольд доўга ўзважваўся на пад’ём. На парозе адчыненых дзвярэй стаяў Міхал Аскерка. “Значыць паеду пазней”, - падумаў Вітольд, і пайшоў услед за доктарам.

Комментарии