ПАЧАТАК - тут
Многія з яго дасягненняў у далейшым былі прыпісаныя малодшаму
брату, на якога ён аказаў вызначальны ўплыў і перадаў пасля заўчаснай смерці
эстафету на шляху змагання за лепшы лёс абяздоленага народа. Віктар Отан Каліноўскі,
народжаны 9 (21) красавіка 1833 года ў Мастаўлянах, на фоне сямейнай трагедыі стаў
не толькі выхавацелем Кастуся, але і лепшым сябрам, за якога той гатовы быў
ахвяраваць усім, што меў. У тым ліку, скласці жыццё ў імя праўды, у якую брат Віктар
верыў больш, чым хто-небудзь іншы.
![]() |
Маёнтак Каліноўскіх у Якушоўцы |
Віктар ляжаў
на ложку, цалкам паглынуты ўласнымі думкамі. Паўсюль – на стале, падлозе - стаялі
нагрувашчаныя стосы кніг і сшыткаў, сабраныя з усёй ваколіцы ад сяброў ды
проста знаёмых, перададзеныя часам праз трэція рукі. Падрыхтоўка да паступлення
ва ўніверсітэт ішла цяжка. Ён, па прыродзе чалавек спакойны, разважлівы, уважлівы
да дробязяў і ўмеючы сканцэнтравацца, цяпер знаходзіўся ў стане разгубленасці,
можа ўпершыню ў жыцці не ведаючы, з якога боку падысці да справы. Ужо некалькі
разоў ён браўся за навуку, але кожны раз заўважаў, што думае зусім пра іншае,
так амаль нічога не запамінаючы з прачытанага.
Кінуўшы дурны
занятак, змірыўшыся з чарговай, дарма згубленай гадзінай, Віктар дастаў з-пад
ложка прыхаваны стары сшытак з пажоўклымі, зачытанымі да дзірак старонкамі,
пачаў іх гартаць, ледзь чутно перабіраючы сухімі вуснамі:
“Жыў-быў Эней,
дзяцюк хупавы,
Хлапец
няўвошта украсіў;
Хоць пан, але
ўдаўсь ласкавы,
Даступен,
вецел, неграбіў…”
Думкі
свідравалі кожнае слова паэмы – жартаўлівага пераказа твора старажытнарымскага
паэта Вергілія “Энеіда”. Канешне, язык не паварочваўся іх параўноўваць, але
Віктара здзіўляла іншае: наколькі ж яскрава невядомы аўтар перадаў несправядлівасць
узаемаадносін шляхты і сялянства.
Селянін, якія
б паслабленні не меў, як бы добра да яго не адносіўся пан, усё роўна застаецца
прыгонным. Віктару карціла, што тутэйшыя сяляне называлі і яго не інакш як “панічом”,
здымалі капелюшы і схілялі галовы пры яго з’яўленні, прапускалі на дарозе. Але
ў тым не было ні кроплі яго заслугі, а толькі пазнака прыналежнасці па
нараджэнні да саслоўя, якому наканавана быць вышэй астатніх на сацыяльнай
лесвіцы. Рана ці позна гэта зменіцца, абрынецца, рухне, перавернецца да гары
нагамі, вывернецца, як тая “Энеіда” – навыварат.
Чаму такія
думкі турбавалі яго цяпер, калі ён стаяў на жыццёвым раздарожжы, выбар
далейшага шляху на якім яшчэ нядаўна здаваўся такім ясным і прадвызначаным?
Чаму цяпер, калі ў дышы яго павінна быць светла, яму так маркотна? Чаму так
балюча шчыміць сэрца, хоць, здавалася, упершыню за доўгія гады ўсё спакойна?
Вось у чым адказ:
спакой – паняцце адноснае, а хваляванні, войны, разбурэнні – з’ява пастаянная.
Гэтаму вучыць гісторыя. А гісторыю Віктар любіў як ніякую іншую навуку. У чым
жа прычына ўсіх бедстваў, што здараюцца на зямлі? Не адзін год ён псаваў вочы ў
пошуках адказу на старонках гістарычных кніг і самых новых філасофскіх
трактатаў, засыпаных мудрагелістымі разважаннямі, якія яго пакаленне расцягвала
на цытаты, выкарыстоўваючы іх пры любым выпадку і ў якасці тлумачэння ўсялякай
падзеі. Аднак адказ Віктару падказала само жыццё. Ён убачыў яго ў
несправядлівасці, увасобленай у заўчаснай смерці маці, братоў і сясцёр.
Менавіта з-за
смерці родных Віктар вырашыў стаць доктарам, каб пазбавіць сваю сям’ю “праклёна”,
пра які перашэптваліся не толькі ваколічныя сяляне, але і адукаваныя
суседзі-памешчыкі. Асабліва іх жонкі, якія зняважліва працягвалі называць
бацьку Віктара “ткачом”. І гэта нягледзячы на тое, што ў дадатак да фабрыкі Сымон
Каліноўскі ўжо некалькі гадоў валодаў уласным маёнткам! Мачыха тлумачыла злы лёс
сям’і спачатку боскай карай, цяпер жа, у сувязі з заўчаснай смерцю ў мінулым
годзе Ісідора, пражыўшага ўсяго сем месяцаў, гаворыць, што род іх зраклі: “Тое
яшчэ будзе”. Нядобрыя словы цяжарнай жанчыны, асабліва ў апошнія дні, праведзеныя
ў чаканні нараджэння новага дзіцяці, трымалі ў напружанасці ўсю сям’ю Каліноўскіх.
У мачыхі свая праўда, як і свая праўда ў мужыка, які не ўяўляе волі без
уласнага кавалка зямлі.
Чаму ж Віктару
так цяжка размаўляць на гэтую тэму са сваімі сябрамі? Не меў ён падтрымкі ні ў Свіслацкай
гімназіі, ператворанай на павятовае вучылішча, ні ў Гродзенскай, куды вымушаны
быў адправіцца закончваць навучанне, каб мець магчымасць паступіць ва
ўніверсітэт. Яго пакаленне жыло марамі пра адноўленую ў межах 1772 года шляхетную
Рэч Паспалітую, бачыла ў ёй мэту, квінтэсэнцыю свайго існавання. Мара даўно перарадзілася
ў мрою, насланне, якое ператварала нават самых разумных і разважлівых у
фанабэрыстых фанатыкаў. Размова з імі амаль заўсёды скончвалася абразамі ў
адрас Віктара.
![]() |
Галіцыйская разня 1846 года |
Спачатку ён
намагаўся абгрунтоўваць свае погляды аб Рэчы Паспалітай як федэрацыі роўных
народаў, дзе ўсе грамадзяне маюць аднолькавае сацыяльнае становішча, прыводзіў
прыклады пакараных царскімі ўладамі Валовіча і Канарскага, але ў адказ чуў
толькі “хам” і “хлоп”. Віктар лічыў, што зрухі да будучага радыкальнага
перавароту ўжо адбыліся, пацверджанне таму ён бачыў ва Уманскай разні 1768 года
і крывавых падзеях 1846 года ў Заходняй Галіцыі, дзе сяляне ўзнялі паўстанне
супраць памешчыкаў і фактычна дапамаглі аўстрыйцам у задушэнні паўстання ў
Кракаве на чале з Эдвардам Дамбоўскім, якое стала чарговай беспаспяховай
спробай адрадзіць Рэч Паспалітую. Але Віктара не хацелі слухаць, і ён перастаў
выказвацца, яшчэ больш паглыбіўся ў кнігі, якія праглынаў адну за адной.
Бацька
падтрымліваў апантанасць сына, не шкадуючы грошай на новыя выданні, якія прывозіў
у Якушоўку амаль з кожнага горада, у якім прыходзілася бываць па справах
фабрыкі. Ён, чалавек не надта адукаваны, па-сапраўднаму ганарыўся сынам і
звязваў з ім будучае сям’і Каліноўскіх. Нават мачыха патурала цікавасцям
Віктара, прабачаючы яму многае з таго, што не магла не заўважаць у іншых:
пачынаючы ад часам неахайнага знешняга выгляду і скончваючы няўдзелам у рэлігійных
святах. Увогуле ў сям’і да яго адносіліся як да дзівака, але паважалі за вялікі
розум.
І цяпер, калі
ўвесь маёнтак стаяў на вушах, заняты чаканнем нараджэння новага прадстаўніка
рода Каліноўскіх, Віктара не турбавалі. Ён, знаходзячыся ў поўнай адзіноце,
працягваў чытаць:
“Эней
пачухаўся, паскробся,
На ногі лапці
падвязаў,
З палацей да
кута дагробся
Ды плыць
надкорніку казаў…”
Апошнія радкі
выклікалі ў памяці Віктара вобраз брата Кастуся, які вольны час праводзіў у
гульнях з вясковымі дзецьмі. Не грэбаваў ні сялянскай світкай, ні лапцямі, у
якіх аднойчы з’явіўся перад мачыхай, пасля чаго тая падняла бучу на ўвесь
маёнтак. Кастусь – вось ён, гэты Эней з паэмы, шляхецкі дзяцюк, які стаіць на
абароне сялян. Віктар, сам чалавек па прыродзе хваравіты, нават летам маючы
катар, па-добраму зайздросціў малодшаму брату за яго фізічнае здароўе, такое
рэдкае ў сям’і Каліноўскіх, яго няўрымслівы характар, жаданне любымі сродкамі
дабівацца свайго. Але ў той жа час, ён, як ні хто іншы ведаў слабыя бакі
Кастуся, быў сведкам яго нервовых зрываў, першы з якіх здарыўся адразу па
смерці маці, калі той доўгі час ні з кім не гаварыў, за выключэннем Віктара.
Нават цяпер бацька часам праз старэйшага сына шукаў магчымасць падысці да
малодшага, з якім увесь час сварыўся і на якім, як аднойчы прызнаўся, ужо паставіў
крыж.
Толькі з
Кастусём Віктар мог размаўляць па-сапраўднаму, дзяліўся сваімі летуценнямі,
пераказваў прачытаныя кнігі, у якіх знайшоў сведчанні пра былую веліч тутэйшага
народа, моваю якога карыстаўся ў размовах з малодшым братам. Гэта зрабілася ў
іх добрай традыцыяй. І калі ў сям’і гучала польская мова, а бацька ды мачыха
ўжывалі ўсяго некалькі дзесяткаў тутэйшых словаў, рабілі гэта вымушана, каб
загадаць тое ці іншае працоўным па фабрыцы або служкам па хаце, то Кастусь з
Віктарам удасканальвалі свае здольнасці, пашыралі слоўнікавую скарбонку адзін
аднаго. З цягам часу іх занятак з дзіцячай гульні ва ўласную мову перарос у
захапленне. Віктар звяртаўся да беларускай мовы ў тым выпадку, калі хваляваўся,
калі яму неабходна было сканцэнтравацца, калі была патрэба ачысціць галаву ад
дрэнных думак. Так рабіў ён і цяпер:
“За стол ўсе
порадам садзілісь,
Мялянік на
стале ляжаў.
Дыдона варыва
ўлівала,
Шматкамі мяса
ў місы клала
І забяляла
малаком.
Трупаціла яна
крупеню,
Яечню, руднік,
жур, смажэню,
Каму пячэню з
часнаком;
Былі й
салодкія пацешкі:
Вяземскі
пернікі, арэшкі,
Мязгі й мязюму
рашаты.
Страўнік Віктара
здрадніцкі забурчэў. Ён узгадаў, што з самай раніцы не трымаў у роце ні дробкі,
ды толькі здзівіўся, што мачыха за цэлы дзень ні разу яго не патурбавала запрашэннем
ісці да стала. Віктар ўзняўся з ложка, але ўсё цела балюча зацякло і не
слухалася свайго гаспадара. Ён паспрабаваў рэзка ўзняцца на ногі, але адчуў цемру
ў вачах і зноў сеў на ложак, чакаючы, пакуль палягчэе.
Раптам дзверы
ў пакой адчыніліся і на парозе з’явілася постаць, якую Віктар яшчэ не мог
разглядзець невідушчымі вачыма.
- Братка, пакуль ты тут з кніжкамі возішся, у нашых шэрагах
папаўненне. Ты стаў старэйшым братам яшчэ для аднаго Каліноўскага, - па голасе
Віктар пазнаў Кастуся, які тут жа пасля сказанага выбег з пакоя.
Цемра
паступова адступіла. Віктар устаў на гліняныя ногі і накіраваўся на гук новага
жыцця, плач якога разносіўся па ўсім маёнтку. Журботныя думкі зніклі ў імгненне
вока, наўкол панавала надзея і вера. Віктар убачыў свайго нованароджанага брата
Юльяна, шчаслівага бацьку і стомленую мачыху. Затым ён, так і не павячэраўшы,
вярнуўся ў свой пакой і напрацягу некалькі дзён не адыходзіў ад кніг, ні на
секунду не сумняючыся ў выбраным шляху. Напачатку жніўня ён адправіўся ў Маскву
для паступлення на медыцынскі факультэт.
Больш Віктар не
ўбачыў свайго брата Юльяна, народжанага 24 ліпеня 1852 года, ахрышчанага праз
тры дні ў Якушоўцы і памерлага 15 верасня. Злы лёс трымаў сям’ю Каліноўскіх у
сваіх кіпцюрах.
Комментарии
Отправить комментарий