Людвік Нарбут (1832-1863) |
Яго імя назаўсёды застанецца прыкладам поўнай адданасці барацьбе "За Вашу і Нашу Свабоду". Вялікі сын вялікага бацькі. Людвік Нарбут, чые гераізм і самаахвярнасць з'яўляюцца прыкладам для ўдзячных нашчадкаў.
Ён нарадзіўся 26 жніўня 1832 годзе ў радавым
маёнтку Шаўры ў сям’і знакамітага гісторыка Тэадора Нарбута і Крыстыны з
Садоўскай. 4 верасня быў ахрышчаны ў касцёле вёскі Нача.
Сямейная ж легенда сцвярджала, што Людвік з'явіўся на свет яшчэ ў 1831-м,
калі на хвалі Лістападаўскага паўстання яго маці была ахоплена патрыятычнымі пачуццямі і спадзяваннямі. Надзеямі, што тыя войскі, якія праходзілі праз Шаўры на чале генерала Гелгуда атрымаюць перамогу і вызвяляць Айчыну. Такія адчуванні павінны былі ўздзейнічаць на яшчэ ненароджанае дзіцё.
Бацька Людвіка – Тэадор – нарадзіўся ў Шаўрах 8
лістапада 1784, скончыў матэматычна-інжынерны факультэт Віленскага ўніверсітэта
і ў 1803 пачаў працу вайсковым інжынерам, праектаваў і будаваў Бабруйскую крэпасць, любіў працаваць на зямлі, збіраў старажытныя артэфакты,
напісаў “Гісторыю літоўскага народа”. Тэадор Нарбут верыў, што з дапамогаю гісторыі можна выхаваць і загартаваць новыя пакаленні грамадзян, якія здолеюць вызваліць Айчыну з няволі, і таму прысвяціў сябе гэтай справе. Усё жыццё жыў мінулым, але з думкамі аб будучым. Пасля падаўлення лістападаўскага паўстання расейскія ўлады двойчы арыштоўвалі яго і трымалі за кратамі ў Вільні па абвінавачванні ў антырасейскай прапагандзе
сярод насельніцтва.
Маці Людвіка – Крыстына-Катажына з Садоўскіх - была дачкою
збяднелага шляхціча з Лідскага павету, былога ўдзельніка паўстання Тадэвуша Касцюшкі.
У дзяцінстве Людвік ад матулі чуў шмат аповедаў пра свайго дзядулю-паўстанца, а ад таты - гісторыі Вялікага княства Літоўскага і
Рэчы Паспалітай, іх герояў, ды слухаў творы Міцкевіча, якія распаўсюджваліся таемна. Людвік бачыў на ўласныя вочы рэчы далёкага мінулага, сведчанні колішняй велічы Радзімы, сабраныя бацькам.
У Нарбутаў была вялікая сям’я: акрамя Людвіка, яшчэ 3
сына і 3 дачкі. Яны выхаваліся пад наглядам удзельніка Лістападаўскага паўстання
Гератоўскага, які жыў у Шаўрах і распавядаў дзецям пра подзвігі паўстанцаў і прымаў удзел у іх гульнях ў
вайнушку.
Але бесклапотнае дзяцінства хутка прайшло. Пасля заканчэння школы ў Лідзе Людвік адправіўся ў Віленскую гімназію (1846-1850). Гэта быў той час, калі ў краі ішла падрыхтоўка да
чарговага паўстання, калі зноў на вуснах моладзі гучалі імёны пакараных смерцю
Шымона Канарскага і Міхала Валовіча. У лютым 1848 у Вільні вазілі па вуліцах горада закутых у кайданы Эдварда Ромэра (сяба сям’і Нарбутаў),
Апаліна Хафмайстра і Юзэфа Багуслаўскага. Пад уплывам гэтых прыкладаў Людвік
разам з сябрамі Нарвойшам і Бакшанскім ў
лістападзе 1850-га стварылі у гімназіі “Патрыятычнае таварыства”, якое
мела на мэце, ні многа ні мала – падрыхтоўку ўзброенага паўстання. Суполка была
выкрыта, а Людвік трапіў за краты, дзе яго наведаў сам кіраўнік краю
генерал-губернатар Бібікаў.
24 лютага 1851 следчая камісія над палітычнымі
злачынцамі пакінула вырашэнне яго лёсу за генерал-губернатарам. Бібікаў, звяртаючы ўвагу на ўзрост Нарбута, дамогся ад цара збіцця розгамі і адданне ў войска без страты
шляхецкага тытулу ў адзін з палкоў 6-га корпусу з пазнакаю, каб за ім вёўся суровы нагляд.
29 сакавіка 1851 Людвік прайшоў ганебную экзекуцыю,
на якой прымусілі прысутнічаць усю сям’ю Нарбутаў, усіх яго сяброў і ўсіх старэйшых вучняў Віленскай гімназіі, на тэрыторыі якой і адбывалася пакаранне.
25
удараў розгамі вытрымаў мужна. А пасля на сустрэчы з роднымі ўпаў у ногі бацьку і маці і прасіў блаславення перад цяжкай жыццёвай каляінай, якая яго чакала.
На наступны дзень, 30 сакавіка, яшчэ да ўсходу сонца Людвіка таемна вывезлі з Вільні, не даўшы нават развітацца з роднымі. Яго адправілі да "месца прызначэння" – Калугу.
Людвік Нарбут |
Гэта былі цяжкія гады службы ў войску на карысць ворага сваёй
Айчыны, калі за ім была пляма “бунтовщика». У 1854 Людвіка накіравалі на
Каўказ, дзе ён ўдзельнічаў у вайне з туркамі, а пасля – да 1859-га, у вайне з
горцамі. На яго рахунку некалькі дзесяткаў бітваў і сутычак.
20 верасня 1855 за адвагу, прадэманстраваную ў бітве
пад Кюрук Дара, Нарбут атрымаў званне падафіцэра і 3 рублі. У 1857 “за заслугі па службе” атрымаў званне харунжага. А за мужнасць, прадэманстраваную ў экспедыцыі на фронт
Купрыс-Шава ў 1858 адзначаны ордэнам Св. Ганны 4-й ступені з надпісам “за
адвагу".
Нарэшце, у 1858 Людвік Нарбут атрымаў даўгачаканую амністыю, і 7
жніўня 1859 у званні падпаручніка звольніўся са службы “па сямейным абставінам”.
Напачатку красавіка 1860-га ён прыбыў у родныя Шаўры, дзе адпачывае душою і целам. А затым адправіўся на паўгады ў Варшаву і Кракаў. Па вяртанні закахаўся ў гаспадыню суседняга маёнтка
Сярбянішкі Лідскага ўезда, маладую ўдаву Амелію з Кунцэвічаў Сядлікоўскую. Яны
ажаніліся ў 1861, пасля чаго Людвік пераехаў у маёнтак жонкі. Аднак іх шчасліваму сумеснаму жыццю было наканавана быць кароткім, як і жыццю іх адзінага дзіцяці – дочкі Марыі.
Людвік займаецца земляробствам і паляваннем, якое дазваляла пазнаёміцца з роднымі мясцінамі, што пад час паўстання прынесла свой плён. Як уладальнік зямель ён наведаў ваколічныя вёскі,
дзе назірае за жыццём простага селяніна.
Аднак усё часцей і часцей да Нарбутаў даходзілі весткі
пра маніфестацыі ў Варшаве. Тыя пачалі адбывацца і ў Вільні, і ў
Гародні, і Менску і іншых гарадах ды мястэчках. Аднак Людвік быў праціўнікам такога
спосабу расходвання пратэстнай энергіі. Таемныя арганізацыі, канспіратыўны рух,
палітычная барацьба яго не цікавіла, хоць ён і спагадаў "чырвоным" Кастуся Каліноўскага, з якім асабіста не так даўно пазнаёміўся. Людвік ведаў, што словы без дзеяння застаюцца пустымі. Волю словамі не здабыць. За волю трэба змагацца.
М.Э. Андрыёлі, Выступленне да бою |
У канцы 1862 у маёнтак Людвіка завітаў малодшы брат
Баляслаў і прачытаў таму адозву варшаўскага Цэнтральнага камітэта. Людвік рэзка
ўсхапіўся, зняў са сцяны над ложкам прывезеную з Каўказа чаркескую шаблю ды пацалаваў яе. У гэтым нямым жэсце была галоўная думка, пачутая з адозвы.
З першых дзён паўстання Людвік як ваенны начальнік Лідскага павета пачаў ствараць атрад, у якім першапачаткова было ўсяго 8 чалавек: браты Нарбуты і шэсць сялян. Але ў хуткім часе за кошт у першую чаргу сялян (згодна гісторыку Смірнову - 3/4 усёй колькасці), дробнай шляхты і гарадской моладзі гэты атрад дасягнуў лічбы ў 100 чалавек і працягваў павялічвацца. Нарбут выдзеліў са свайго атрада некалькі групаў прапагандыстаў і адправіў іх зачытваць па вёсках паўстанцкі маніфест. Каля Начы па яго загаду быў павешаны мясцовы тысяцкі Антоній Казелла, які выдаваў паўстанцаў уладам і паведамляў тым пра перамяшчэнні атрада.
Па загаду генерал-губернатара Назімава ў ваколіцы Начы накіроўваюцца некалькі атрадаў расейскіх войск для пошуку паўстанцаў, над
якімі агульнае камандаванне ўзяў палкоўнік Вімберг. Гэта прымусіла Нарбута адступіць углыб Рудніцкай пушчы, у якой 8
сакавіка паўстанцы адпачывалі ў чаканні будучай бітвы. А на наступны дзень па загаду камандзіра рушылі да віленскага трактату, на якім
арганізавалі засаду. Недалёка ад Вільні, каб такім чынам абвесціць жыхарам горада, што паўстанне - гэта не пустыя словы.
М.Э. Андрыёлі, Паўстанцкая бітва |
У гэты час палкоўнік Вімберг на чале расейскіх войск выйшаў з Руднікаў, дзе меў адпачынак. На ўскрайку лесу казакі заўважылі адну з частак паўстанцаў Нарбута, на чале якіх стаяў Аляксандр Скавінскі. Завязалася перастрэлка. Скавінскі з падначаленымі яму людзьмі сталі адступаць углыб лесу пад націскам казакаў, якія да таго часу ўжо спешыліся. Паўстанцы рассыпаліся на некалькі групак, мянялі пазіцыі, адстрэльваліся, і працягвалі адступаць, пакуль не дасягнулі невялічкай палянкі. Сюды ж падышлі і казакі, якія ўжо збіраліся растраляць паўстанцаў Скавінскага. У гэты момант прагучала каманда Нарбута і схаваныя за дрэвамі стральцы трапнымі стрэламі клалі казакаў адзін за адным, пакуль тыя не падаліся на ўцёкі. Паўстанцы пабеглі за імі. Нягледзячы на каманды Нарбута і афіцэраў спыніцца, яны пераследавалі праціўніка, пакуль не нарваліся на новыя сілы ворага, якія наступалі з боку лідскага тракту. Нарбут, пад якім быў застрэлены конь, вымушаны быў развярнуць сваіх людзей. Ён загадаў тым схавацца за дрэвы і без каманды не адкрываць агонь. Расейцы пачалі наступленне. Калі адлегласць да іх стала ўсяго некалькі крокаў, Нарбут аддаў каманду страляць, а пасля на чале свайго атрада кінуўся на ворага. Завязаўся рукапашны бой. Расейцы пачалі адольваць паўстанцаў. І тут прагучала новая каманда, і з лесу паказаліся касінеры на чале ксяндза Гарбашэўскага. Баючыся акружэння і магчымасці апынуцца ноччу ў варожым лесе, праціўнік пачаў адступаць, пакінуўшы ляжаць на полі бою некалькі дзесяткаў забітымі.
Атака паўстанцаў на расійскі транспарт |
Бітва пад Руднікамі адбылася ўсяго ў трох дзесятках кіламетрах ад Вільні, што прымусіла генерал-губернатара па трывозе падняць увесь гарадскі гарнізон. Пасля яе імя Людвіка Нарбута стала шырока вядомым, а да яго атраду далучылася група віленскай моладзі на чале з мастаком Міхалам Эльвірам Андрыёлі (заняў пост кіраўніка штаба атрада).
Напрацягу сакавіка Нарбут, акружаны пераўзыходзячымі сіламі праціўніка, вядзе з імі цяжкія баі ў раёне Дубічы-Новы Двор у Лідскім уездзе. Да яго атрада павінны былі далучыцца маладыя гімназісты з Гродна. Аднак гэтая акцыя, выкрытая паліцыяй, правалілася.
На пачатку красавіка Нарбут атрымаў інфармацыю аб рыхтуемым расейцамі канвоі рэкрутаў са Шчучына да Гродна, для перахопу якога накіраваўся пад Бершты. Яго атрад размясціўся недалёка ад вёскі Дубічы. Па загаду Людвіка, яго кавалерыя 10 красавіка разбурыла мост на р. Котра. Тым часам да Берштаў 11 красавіка накіраваліся расейскія войскі на чале з капітанам Цімафеевым. Адбыўся бой, у якім Нарбут вымушаны быў адступіць да сваіх родных мясцін у ваколіцах Начы, дзе меў бытвы пад Кавалькамі (20.4) і Станюнкамі (21.4).
Аднак апошняй для Нарбута стала бітва каля вёскі Дубічы. З дапамогай мясцовага лесніка, салдаты на чале капітана Цімафеева падышлі да лагера атрада паўстанцаў, размешчанага ў лесе на беразе Дубіцкага возера. Яны пераапрануліся ў сялянскую вопратку. Паўстанцы прынялі іх за чакаемы транспарт з хлебам. Завязаўся бой. Неспадзяваны напад прымусіў паўстанцаў адступіць у балоты. Але зрабілі яны гэта арганізавана і расейцам спатрэбілася восем атак, каб канчаткова зламаць супраціўленне атрада Людвіка Нарбута, які быў паранены ў ногу і грудзі. Паўстанцы выносілі свайго камандзіра на руках, калі варожая куля патрапіла яму ў шыю.
М.Э. Андрыёлі, Смерць Нарбута |
Цела Людвіка Нарбута пахавалі разам з некалькімі паўстанцамі ў брацкай магіле ў в. Дубічы, якую расейцы пазней зруйнавалі. Але рэшткі яго атрада сабраліся пад кіраўніцтвам Парадоўскага-Астрогі і працягвалі барацьбу ў Гарадзенскай пушчы, пакуль не перайшлі ў Аўгустоўскія лясы.
У 1933 на месцы пахавання Нарбута быў усталяваны помнік з надпісам "За нашу свабоду і вашу".
Комментарии
Отправить комментарий