ДЗЁННІК ПАРТЫЗАНА. ЧАСТКА 3

Працягваю выкладваць свой дзённік ([частка 1], [частка 2]) з вучэння "Захад-2013", каб паказаць, як выглядалі яны з пункту погляду звычайнага ўдзельніка. Змяшчаю дзённік без мастацкай апрацоўкі, непасрэдна ў той форме, якой ён і пісаўся, за выключэннем рэальных імёнаў і прозвішчаў, ды свайго і таварышаў удзелу ў вучэнні, пакідаючы толькі пабытовы яго бок.

8.09.13 Самы звычайны ранак. Ужо на аўтамаце прачынаюся задоўга да шасці. Затое шмат паспяваю зрабіць, пакуль усе спяць: пачыткаць, памыцца ды размяцца. Ранкам ужо адчуваецца восень, хоць дзень па-летняму цёпленькі.
На сняданак была пярловая каша з тушонкаю. Хадзіў сёння да доктаркі, паколькі пякотка ўжо пачала дапякаць. Яна дала мне таблетку і запыталася, колькі дзён тая ў мяне. Адказаў, што тры (насамрэч, усе пяць). Палядзела як на дурня і сказала: думала, што такімі неклапатлівымі аб сваім здароўі могуць быць толькі тэрміновыя шэрагоўцы.
Потым заняткі. Пад 12 пайшлі на кацэрцэрт, прысвечаны Дню танкіста, упершыню ўведзены ў 1946 годзе. Патэліў і павіншаваў дзеда са святам, але ён як заўсёды ў рыбе, таму павіншаваў бабулю з дзедавым святам. А сам ішоў і ўяўляў, што гэты канцэрт насамрэч прысвечаны Аршанскай перамозе. І такім чынам адзначаецца нашая перамога ў 1514, калі войскі Астрожскага далбанулі маскоўскую армію на рацэ Крапіўне. Гэтая думка даволі сцёбна выглядала на фоне прысутнасці на канцэрце расейцаў.
Убачыў, як ідуць будаўнічыя працы на Крынічным. Знешне ўсё выглядае даволі новым. Нармуль так асфальцік паклалі, бардзюркі. Але ў пафарбаваным салатавым амфітэатры старыя лавы незразумелага ні то карычневага, ні то апельсінавага колеру глядзяцца так, быццам на іх пайшло не больш паўбанкі фарбы. Зэканомілі называецца. Прыйшлі, калі народу ўжо трохі было, селі на ўскрайку, ззаду. Потым падышлі расейцы.
Форма расейцаў падобная на натаўскую. Але самі яны глядзяцца такімі маленькімі хлопчыкамі ў параўнанні з нашымі мужыкамі-партызанамі. А яшчэ сярод іх быў адзін цемнаскуры. І тут з розных бакоў пачалі гаварыць са здзіўленнем: І гэта рускія?
Генадзь сказаў, што ў расейцаў няма такога запасу як у нас: у іх проста атрымаў ваеннік і ўсё – алес, ніякіх збораў. Гэта яны, канешне, дарма: спачатку губляюць сродкі і час на навучанне салдата, а потым проста на іх забіваюць болт.
Віншавалі кіраўнікі танкавых войскаў, потым дэсантнікі, якіх тут таксама была цэлая брага. Спяваюць у асноўным мужыкі. Я б у войску канцэрты ладзіў толькі з удзелам адных жанчын. Песні патрыятычнага зместу, кшталту:
“Да, беларусы мы – и ты, и я,
А мы единая ее семья
По званью имени, по роду племени
Отчизны дочери и сыновья.
Але найбольшы ўсплёск эмоцый разам з дзяўчынай як Айова, выклікаў хлопчык з песняю пра бульбу. Простыя словы ды музыка – у выніку цэлы дзень матыў у галаве: “Бульба – гэта суперклас, абароніць бульба нас ад усякай атэпічнай (?) трасцы”. Слухаў гэтую песеньку і бачыў, як у нядзельку дома ем дранікі. Першы раз за час вучэнняў падумаў пра дом.
Абед: суп, грэчка з тушонкаю, гарбата і шклянка яблычнага соку. Наш маёр сказаў мне, што я магу спакойненька запытацца другую порцыю кашы і кухары не адмовяць. Было няёмка, але запытаў. Таварыш Ш. яшчэ пажартаваў, што запытаць я магу, але яны могуць і не даць. Аднак далі, і я з задавальненнем з’еў яшчэ адну порцыю грэчкі.
Посля абеда пайшлі з Давыдавічам у брусніцы. Прайшліся па ўскрайку нашага кавалка леса і за гадзіну назбіралі па шапцы ягадаў, натрапіўшы на даволі велькую палянку, на якой брусніцы асыпаліся нават ад лёгкага да іх дотыку. Потым зноў заняткі, а затым пайшлі мыцца.

Баня – гэта дзве злучаныя палаткі. Побач стаіць машына, якая награвае ваду з басейна. У адной з палатак мы распранаемся і потым атрымоўваем на замену майку ды ручнік. А ў другой мыемся па чалавек 6-8. Нармуль так памыліся. Бялізну сказалі, што памяняем у старшыны, што вечарам і зрабілі.
Вячэра: рыс з кавалкам сала і двума лыжкамі рыбнай кансервы. Гарбата белы хлеб.

9.09.13. Чаканне стрэльбаў. Адмянілі. Прыязджалі журналісты. Мы зноў хадзілі ў брусніцы з Андрэем Міхайлавічам, які файна разбіраецца ў музыцы і грае для нас на губным гармоніку, і Давыдавічам. Праўда толькі на паўгадзіны, але паспелі назбіраць зноў шмат ягадаў. Потым Заняткі.
Гулялі ў шашкі і шахматы. Гаварылі пра фатоны і што сабое ўяўляе святло, у пытаннях чаго нас прасвятляў Максім. Я расказваў пра ўтварэнне ВКЛ і яго ўзаемаадносіны з Галіцка-валынскім княствам.
У абед добра паелі. Узяў двайную порцыю.
Цэлы дзень чулася страляніна: танкі ды куляметы. Спадзяванне пайсці на палігон. Але адмянілі, таму што прыйшла калонна.
Пасля заняткаў парубасіў дровы ды папракачваўся пры дапамозе калодкі. Турнік бы.
Пасля вячэры наварылі ў чайніку старшыны грыбны суп. Генадзь з Андрэем Міхайлавічам, які быў вечарам за кухара, узялі ў сталоўцы пару бульбін і цыбуліну. Другая вячэра. Супец - смаката, сала, тушняк ды каўбаса. Усе ўсім дзеляцца.
Файнае надвор'е. У адрозненні ад першых ночак у лесе, было горача – дзяжурылі ля буржуйкі па гадзіне.
Звычайнае вечаровае падшыванне. Размовы пра хуткасць свету, абсалютны мінімум і тэорыю "вялікага выбуху". Максім расказваў нам пра звышправаднікі.

10.09.13 Ночка была вясёлая, Генадзь параніў сабе руку: "сначала мы клеили пластырь, затем начали есть таблетки".
Я прачнуўся ў 4.10, каб падкінуць дроў, а ў выніку наш маёр хацеў, каб я кінуў дурное і пачаў з ім размаўляць па-руску. Ён на поўным сур’ёзе гаварыў паўтараць за ім "Меня зовут...") на што я стаў адказваць па-нямецку, у выніку маер, які дасканала валодае нямецкай і гаворыць на трох з яе дыялектаў, пачаў вучыць мяне нямецкай, а потым і англійскай. Паступова перайшлі нават на кыргызскую, маіх ведаў якой хапіла на больш-меньш зразумелую размову. Да ранка паспеў толькі кімарнуць.
Ноччу перагарэла лямпачка. Прычым гэта ўжо другі раз. Хлопцы нават жартавалі, што гэта не з-за скачкоў напружвання а з-за лямпачак 1964 года, якія гараць па паўтары сутак. Я нават не магу сабе ўявіць запасаў, падрыхтаваных у Савецкі час.
Ранкам пачуўся выбух побач са сталоўкаю. Любы б другі матор памер ад такога выбуху ды пагнула б шатуны, а армейская машына спакойненька паехала далей.
Таварыш Ш. зайшоў падчас заняткаў:
- Какой-то у вас аромат неправильный. Наверное, пили водку.
- Никак нет. Это веет с леса.
Шукалі пакет з медыкаментамі Генадзя. Аказалася, што яго выкінулі ў пакет са смеццем. Як і рэшткі майго сала, якое, на жаль, не знайшлі. Давыдавіч, называецца, прыбраўся ў палатцы.
Пасля абеду, у тры гадзіны адправіліся на пастраенне, скуль нас павезлі на палігон. Нам далі па тры патрыка да пээма. Файна было з яго страляць. Гук моцны, аддача падымае руку ўверх. Вельмі важна не трымаць дзяржальну пісталета рукою за механізм ствала, які моцна і хутка адыходзіць назад і можа раздалбаць руку. Тым больш да гэтага ўважліва трэба адносіцца пры стральбе з двух рук, ніжняя з якіх павінна быць знізу дзяржальны, а не на ёй самой, як першая.
Трэба ўлічваць лічбу на самім пісціку зверху, якая паказвае, па які зрэз мішэні трэба арыентавацца. Першым стрэлам я выбіў сямёрку. Потым стаў доўга прыцэльвацца, але два другія патрыка пусціў у малако. Проста пісталет насамрэч не такі легкі, як падаецца, і чым больш марудзіш з выстралам, тым складаней патрапіць. Затое я навучыўся правільна прыцэльвацца. Потым мы пайшлі да сваіх машын, каб ехаць назад да лагера, але нам прапанавалі пастраляць з калаша. Далі восем патронаў, і мы хуценька, з ліку тых, хто дарваўся, пастралялі. З трох мішэняў я дакладна першым жа стрэлам збіў першую, дзве другія з маёй крайняй левай пазіцыі былі незаўважныя, і я проста перавёў агонь на аўтамат, і чарадою растраляў усе патрыкі, паклаўшы трэцюю. Другую так і не бачыў.
Я ўвесь вечар пад уражаннем. Эмоцыі проста фантастычныя. Шутэрам да такога адрэналіна далёка, асабліва калі страляеш і бачыш як куля трапляе ў мішэнь,а пасля – у месца, дзе струменьчыкам уздымаецца пясочак. Наш маёр сказаў, што за савецкім часам стралялі штодня. Практыкаваліся. Цяпер няма такіх грошаў, столькі прыпасаў, як пры СССР. Нават у арміі вымушаныя гільзы збіраць.
Потым мы вярнуліся ў лагер, памылі рукі ды пайшлі вячэраць: рысавая каша з пару лыжкамі рыбнай кансервы, плюс гарбата і белы хлеб. Звычайна я бяру яшчэ дабаўку, але сення і так было нармуль.
Звычайнае вячэрняе мыццё ног, чыстка зубоў, падшыванне.
Пагулялі з Давыдавічам у шашкі. Вечарам, у адрозненні ад ранка, я яго выйграў. Давыдавіч увогуле файна гуляе, уважліва так. Я за апошнія дні пераняў яго тактыку і цяпер плённа выкарыстоўваю супраць яго.
Вечарам – футбол. Шкада, канешне, што нашыя прайгралі, але файны матч. Калачоў – малайца! Выдатны гол пасля перадачы Пуцілы, які атрымаў мяч ад Глеба. Але затым прапусцілі тройчы і ў выніку прадулі 2:4. Футбік глядзелі ў палатцы адпачынку. Некалькі партызан пайшлі раней часу. Ніякай павагі, як і ў гледачоў на стадыку.
11.09.13
Сняданак: макароны з тушонкай плюс гарбата.
Абед: капусны суп, пярловая каша з тушонкаю, булка з лыжкаю згушчонкі, яблычны сок, гарбата.
Вячэра: грэчневая каша з тушонкаю, гарбата, белы хлеб.
Сення большую частку дня праседзелі ў працоўнай палатцы на занятках.
Кожнаму ёсць чым заняцца – газеты, сон, трындзенне. Гуляў з Давыдавічам у шашкі. Выйграў 3:1, выкарыстаўшы вопыт, атрыманы падчас гульні з ім.
У палове шостага прыехала наша машынка. Сталі яе маскіраваць. Даволі незвычайна выглядае.
Пасля вячэры дамаскіравалі нашу працоўную палатку. Затым сабраліся на другую вячэру. З-за кавалака зялёнага перца пасварыўся з Аляксеям і Генадзем. Гэтага варта было чакаць, паколькі мы ўжо тыдзень у лесе, і кожны мае сваю мадэль паводзінаў і ступень выхаванасці. Узровень апошняга паняцця ў сваіх унутрыкалектыўных зносінах мы няхіла так апусцілі, прычым я да гэтага маю непасрэднае дачыненне.

12.09.13 Сняданак: пярлоўка з тушонкаю, булка з лыжкаю згушчонкі, белы хлеб і чорны, гарбата.
Абед: грэчка з тушонкаю,суп з маракон і бульбы, белы і чорны хлеб, гарбата.
Вячэра: рысавая каша з тушонкаю (узяў дзве порцыі), гарбата, белы хлеб са згушчонкаю, чорны хлеб.
Сення як заўседы прачнуўся раненька, зрабіў сабе каву тры ў адным, пачыткаў, памыўся. З'явіўся катар, непрыемна, не вельмі добра сябе адчуваю. Захворваю. Бачна, пасля ўсіх нашых, надышла і мая чарга захварэць.
Ранкам пайшлі ў клас, куды прыйшоў наш кіраўнік малады старлей і мы займаліся вывучэннем сваіх абавязкаў.
Першую палову дня працягвалі камуфляваць машыну, чакаючы з'яўлення нейкага генерала, які наведаў лагер і выкалбасіў мозг нашым суседзям за смецце і грыбы ў палатцы. Гэта прымусіла Андрэя Міхайлавіча шукаць магчымасці схаваць свае грыбы.
Я лядзеў Лютэра. Файны серык. Прыемна ўзрушыў маё ўнутранае эмацыйнае балота. Катар пагаршаецца.
Пасля абеда пайшлі ў лес па брусніцы і грыбы. Я збіраў ягады, хлопцы пайшлі па грыбы. Сабраў палову кацялка, яны таксама назбіралі нямала. У 14:45 пачаўся дожджык, і мы паспелі своечасова дайсці да палаткі, калі пачало ліць як з вядра. Пасля гэтага я далядзеў апошнюю серыю лютэра і без пятнаццаці чатыры мы пайшлі ў баньку, якая не рабіла з-за нізкага ціску. Прыйшлі, я забурыўся баінькі і слухаў музыку.
У 17:45 мяне паднялі і мы з другой спробы дабраліся да банькі. Праўда, вада там была не больш 20 градусаў, затое танізуючая. Памыліся, памяняў ручнік і майку, а на зваротным шляху замыў брудную адзежу. Прыйшлі і фактычна адразу ж пайшлі на вячэру. Пасля яе я выканаў звычайны вечаровы рытуал. Інтэрнэт нам сёння, нягледзячы на ўсе намаганні, так і не падключылі.
Лячуся, выпіў тры кубкі запараных, расцярушаных лыжкаю брусніц, засыпаных цукрам, якія кіпяціў да стану морса.

13.09.13 Як заўседы прачнуўся ў пачатку шостага. але сон не адышоў. Па палатцы барабаніў дождж. Стаяў тыгрыны рык пацыкаў, якія спалі. Я пайшоў у суседнюю палатку за планшыкам. У праходзе вылілася зверху вада, якая набралася за ноч над нашым калідорам паміж палаткамі. Сон як рукой зняло. Па вяртанні да ложка паставіў на буржуйку металічны кубак з налітаю ў яго з фляжкі вадою, а сам накіраваўся далей даглядаць сон. Прачнуўся ў 6:20 з пачуццем пыхкаючага з мяне здароўя, застаўся толькі лёгкі катар. Заліў гарачай вадою каву. Справіў ранішнія справы.
Сняданак: грэчка з тушонкаю, булка (Генадзь аддаў мне і сваю), лыжка згушчонкі, белы хлеб, гарбата.
Пасля абеда падшыванне, слухалі канал культура з файным музлом бітлза і разенбаўма, затым лёгенькі 15-хвілінны сон. Потым на заняткі. Я з Пятром вучылі ангельскую мову і гулялі ў шашкі. А частка хлопцаў пайшла выконваць свае вайсковыя абавязкі.
Прыходзіла журналістка з "Вячэрняга Гродна", якая ведае Серага. Мы яму па-добраму зайздросцілі, калі яна па-сяброўску таго абдымала. Прыгожая чарнявая жанчына на вялікіх абцасах, якая распытвала нас пра нашае жыццё, аб чым размаўляць не змог, сказаўшы, што не ведаю аб чым варта гаварыць і магу трындануць нешта не тое. Затое я ведаю, хто мне сёння прысніцца)
абед: пярлоўка з тушонкаю, суп,гарбата,белы хлеб і чорны.
Пасля абеда амаль усе пайшлі за грыбамі, а я вырашыў паспаць. Па іх вяртанні заняўся дачытваннем кніжкі Матвейчыка пра паўстанне. Нармуль такая кніжка. Праўда, я думаў, што пра бітвы там будзе паболей інфы. Усё ж прысвечана баявым дзеянням. Але і так добра, што ў нас яна з’явілася. Для паўтарэння мне самае тое.
Вячэра: макароны з рыбнаю кансерваю, белы хлеб са згушчонкаю, гарбата.
Пасля вячэры ўмыванне. Наша машынка ўключыла фільм на сваім экране. Было шмат народу, але распачаўся дождж.
Падшыўся. Другая вячэра. Елі сальца, пілі брусніцы. Слухалі "Людзі на балоце", “Маўзера”, “Рэвалюшн рэнесанс” і радыё “Беларусь”.

Амаль увесь дзень і ноч ідзе дождж.

Комментарии

  1. Святкаваць дзень перамогі над расейцамі пад Воршай і адначасова святкаваць сталінскі дзень танкіста-на такую хрэнь здольныя толькі беларусы.

    ОтветитьУдалить

Отправить комментарий