ДЗЁННІК ПАРТЫЗАНА. ЧАСТКА 2

4.09.13 Прачнуўся за некалькі хвілін да шасці. Наведванне прыбіральні не прынесла жадаемых вынікаў. Такая ж праблема, аказваецца, не толькі ў мяне аднаго (я ўжо падумаў, што да доктара трэба звяртацца): новы рэжым харчавання ды іншая ежа. Але наш таварыш маёр сказаў, што гэта на дні два-тры, а потым арганізм зноў запрацуе як мае быць. Толькі вярнуўся да ложка як у пакой увайшоў салдат: час падымацца, у 6:15 павінны ісці снедаць, хоць учора сказалі, што снеданне будзе ў 7. Усе ўстрапянуліся, падняліся, апрануліся ды снедаць. У 9 пачаліся заняткі, якія доўжыліся да абеда.
На першым занятку таварыш падпалкоўнік распавёў нам пра крымінальную адказнасць за правапарушэнні. У кодэксе маецца цэлы раздзел, прысвечаны воінскім злачынствам. Тут табе і адказнасць за нез’яўленне на зборы. прычым, як зразумеў, пакаранне ідзе толькі тады, калі паўторна напрацягу года праігнорыш іх. І то тады цябе пакараюць толькі на 3 месяцы. А вось за невыкананне загада могуць даць цэлых два гады пазбаўлення волі. Ды ў асноўным усе пакаранні з гэтага раздзела КК даюць або 2, або 5, або 7, а то і 12 гадоў, але ў большасці выпадкаў я так і не ўцяміў закладзены тут прынцып. Быццам проста ад балды пісалі, прычым калі адзін раз ухілішся ад збораў – увогуле нічога такому не зробяць, толькі мозг могуць павыносіць. Дзе, называецца, справядлівасць. Затое, калі б хто ўхіляўся ад прызыва ў перыяд мабілізацыі, то тут далі б цэлых 7 гадоў.
Да нас завітала маладая дзяўчына ў вайсковай форме. Яна прынесла паперкі, у якіх распісаліся за веданне аб адказнасці за парушэнне дзяржтаямніцы. Прычым, тэрміны тут былі проста завоблачныя. Таму мы спыталі: а як зразумеем, што гэта дзяржаўная таямніца? Адказала: гэта будзе занатавана словам “Секретно” ў правым куце. Адразу асацыяцыі з архіўнымі дакументамі. Дзяўчына тут жа дадала, што мы амаль стопрацэнтна такіх дакументаў не пабачым, але гэта на ўсялякі выпадак.
Я перапісаў з сайта міністэрства тэкст прысягі і стаў яго вучыць. Таксама спампаваў устаў, і яшчэ раз прачытаў пра цырымонію прысягі. Запісаў таксама, як і Пятро, на лісцік, паколькі спадар Ш. сказаў, што трэба будзе прамаўляць яе па памяці. Аказалася, што ён жартаваў. Я ўвогуле, не магу зразумець, калі ён жартуе, а калі – не. Хітры шпак. Прычым амаль на кожным занятку казаў, што забярэ ў мяне планшык, думаючы, што я быццам запісваю нешта там на дыктафон ці здымаю і выкідаю гэта ў нэт. Мне ў глыбіні душы трохі смешна, паколькі б ведай ён пра маю памяць, то зразумеў: планшык забраць ніяк бы не дапамагло) Але ён даволі добры ваенны, і ўзяў мяне на зборы, да таго ж мне тут вельмі падабаецца, і таму я б ніколі не стаў выкідаць якую лухту.
Затое спадар маёр, які ўчора даў пачыткаць уставы, сёння прынёс раздрукаваны тэкст прысягі. Прычым яна на двух мовах, і на беларускай напісана першай. Гэта прыемна парадавала вочы.
Пасля абеда мы сталі рыхтавацца да прысягі. Гэта вельмі святочны момант. Таму з Пятром перападшыліся, панаводзілі марафету і пасля трох пайшлі на пляц.
Тут ужо быў увесь партызанскі батальён. Мы сталі збоку, побач са сталом, на якім ляжалі чырвоненькія пакецікі і прыгожыя папкі. Ля стала побач з таварышам Ш. стаяў незнаёмы нам падпалкоўнік Г., у якога казырок фуражкі быў апушчаны бліжэй да вачэй. Дзень надзіва сонечны, хоць і ветраны. Таварыш Г. падышоў да нас і спытаў: «Кто в армии не служил?» Не паднялі рукі толькі трое з нашых, прычым сярод іх не аказалася Давыдавіча, які быў на зборах ужо ў пяты раз і даслужыўся такім чынам да маёра. «И такое бывает».
Таварыш Г. пачаў расказваць нам пра прысягу. У звычайных абставінах я б слухаў гэта скрозь вушы як нейкую ідэалагічную байдзень. Але ў дадзеных абставінах яго словы гучалі гарманічна з маімі думкамі. Надвор’е, словы, да таго ж прысяга – гэта ж не проста абяцанне. Гэта, клятва на ўсё жыццё. Таму сёння з Пятром не маглі зразумець, як гэта нашыя старэйшыя афіцэры прыносілі яе некалькі разоў: то Саветам, то яшчэ іншай краіне, то нашай.
Назвалі маё імя. Я рушыў як мага бліжэй да страявога кроку. Падышоў, павітаўся па-вайсковаму. Мне ўручылі папку. Узяў. Развярнуўся. Кожнае слова ведаў, але ўсё ж глядзеў у паперку, паколькі баяўся, што памяць усё ж падвядзе. Прыносіў па-нашаму. Гучна, з пачуццем, чым далей прамаўляў словы, тым больш адчуваў мурашы на скуры. З боку партызанскага батальёна даносіліся смяшкі як рэакцыя на маю прамову. Але ў адказ ім мой голас стаў яшчэ гучней. Скончыў. Развярнуўся. Аддаў папку. Таварыш Г. паціснуў мне руку, павіншаваў і ўручыў пакет з часопісам “Армія”, і яшчэ некалькімі рэчамі з сымболікай 95 гадоў Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь. Ад хвалявання я, ляўша, нават пераблытаў нагу, і пайшоў да сваіх з правай. Потым даваў прысягу Пятро, таксама па-беларуску. Затым Віталь, па-руску.
Мы павінны былі адразу ж ісці на заняткі, але таварыш Ш. пасля таго, як пазнаёміў з намі нашага начальніка старлея дазволіў перапынак да 4-х, паколькі заўтра нам гнаць на лес – трэба закупіцца ў чыпок схадзіць. Сказаў таварышу Ш, што вельмі рады магчымасці прыносіць прысягу на роднай мове. Той сказаў, што гэта і правільна, што, як і хацеў, па-беларуску прыносіў. Але пакуль такой магчымасцю карыстаюцца нямногія. Мо, з часам, стане болей.
Пайшлі з Пятром у чыпок. І на табе – убачыў свайго добрага знаёмага, з якім разам удзельнічаў у алімпіядах па гісторыі і з якім не так даўно бачыўся ў Горадні. Аказваецца, ён таксама лейтэнантам, ды на зборах. Прыемная сустрэча! Наколькі ж малы наш свет.
Набралі розных салодзенькіх прысмакаў, прычым паколькі ў чыпку не было рэшты з 200 тысяч, Пятро пазычыў мне 40 тысяч, і я на ўсе набраў Алёнак і кавы тры ў адным. Аказваецца, падшывы таксама прадаюцца, прычым каштуюць амаль 3 тысячы. Хай яно лясне! Лепш прасціна.
Амаль да шасці сядзелі на занятках, прычым іх вёў Серы, які атрымаў такую магчымасць за свой доўгі язык. Гаварылі пра розныя газеты ў нашай вобласці. Аказваецца іх – да халеры і большасць іх датуецца дзяржавай. Не ведаю, ці ёсць у нас увогуле столькі людзей, каб іх усе чытаць.
Падчас вячэры адзін з партызанаў зваліўся і страціў свядомасць, пачаўшы біцца ў канвульсіях. Хлопцы ўставілі яму лыжку ў рот і яго забрала хуткая.
Вечарам прыносіў прысягу Максім. Па-беларуску. Пасля вячэры, побач з тубзікам. Віншавальныя словы маёра перарваў салдат, які выйшаў з прыбіральні,трымаючы ў руках вядро вады і швабру ды спытаў дазвол прайсці. Маёр сказаў: "давай, быстро".
Максім добра ставіцца да роднай мовы і гісторыі, з якой, на дзіва, шмат ведае. Ён нават хацеў аддаць свайго сына ў беларускамоўны клас, але даведаўшыся, што ў такім класе будзе ўсяго некалькі дзяцей, перадумаў гэта рабіць, паколькі разумее, што дзеці не павінны гадавацца невялікай купкай у школе адасоблена па моўнай прыкмеце. Гэта можа дрэнна сказацца на псіхалагічным выхаванні.
Я асабіста праціўнік усялякіх падзелаў на беларускія і рускія класы. Гэта ператварае родную мову ў прыкмету маргінальнай вузкай праслойкі дзяцей, бацькі якіх мараць пра навучанне сваіх дзяцей на роднай мове. Па-мне, у нашых школах павінна палова прадметаў быць па-нашаму, палова - па-руску. І тады не ўзнікне патрэба ніякага такога падзелу.

5.09.13 Прачнуліся ў 6, паснедалі ды сабраліся для пераезду ў лес. Перад самымі 9 гадзінамі пайшлі на пастраенне з усімі сваімі торбамі, матрасамі і бялізнаю. Наш таварыш маёр нагадаў усім запоўніць вадою свае флягі. Выйшлі. Халаднавата, але светла і надвор’е абяцала быць цёплым. На пляцы быў амаль увесь батальён. Многія з іх мелі пры сабе спальныя мяшкі. Але іх на ўсіх не хапае, паколькі кожны каштуе 1,8 мільёна. І калі згубіш яго, то будуць вялікія праблемы.
Наш выезд прызначаны на дзевяць. Чацвёра з нас едуць старэйшымі на машынах, і павінны былі прыехаць у лагер у складзе калонны пасля трох. Мы ж да таго часу павінны паставіць палатку. Але ўсім сваім аддзелам чакалі выезду аж да паловы дванаццатага. Вось гэта армія. Прыехалі ў лагер пасля 12-ці, і таварыш Ш. выбраў нам выдатнейкае месца для палаткі – побач са сталоўкаю. Сёння ж ацанілі такое размяшчэнне. Перад гэтым прыйшлося няхіла папоркацца з палаткамі, якія ніхто з нас шасцярох ніколі не ўстанаўліваў. Таварыш Ш. папрасіў у старшыны салдата нам у дапамогу. Той, у адрозненні ад нас ведаў як гэта рабіць. І ўсё ж яго частыя знікненні прыводзілі да ўсплёску эмоцый у пацыкаў. Я ж не паліў сабе мозг.
Як аказалася, устаноўка палаткі – гэта не такая ўжо і складаная справа. Проста трэба, каб было ўсё неабходнае пад рукой. Жартавалі, што ў памагатага нам салдата ёсць магчымасць пакіраваць трыма лецёхамі і адным маёрам. І ўсё ж салдат рэальна нам дапамог з устаноўкаю і пераносам шчытоў для падлогі, за што яму вялікі дзякуй. А вось прывязванне намёта паказаў няправільна, з чым нам ужо прыйшлося разбірацца. Як і з устаноўкаю другой палаткі, калі прыехалі нашыя старэйшыя. З імі мы вельмі хутка паставілі ў палатку буржуйку і ложкі. Потым я з Пятром займаліся абкопваннем двух нашых злучаных у адну хаціну палатак. Цеснавата, канешне, але, па-мне, даволі ўтульна.
Увесь вечар калолі дровы, якія збіралі па ўсім лесе. Давыдавіч, нягледзячы на ўзрост, як энер-джайзер, паказвае прыклад, як трэба працаваць).
Ужо бачу як гэты зялёненькі лес з яго мохавым пакрыццём кардынальна змяніўся ўсяго за дзень.
Спадзяюся, што заўтра паставяць прыбіральні, а то такім тэмпам увесь лес за*еруць.
Аляксей сёння няхіла спаліўся, але замест яго чамусьці сталі абвінавачваць Генадзя. Абышлося, паколькі ўсе тут людзі і сказалі, што другі раз не прабачаць.

6.09.13 Пісаніна цэлы дзень – хай яна лясне! З прыемнай працы толькі рубашанне дроў. Прычым сёння пад вечар здарыўся прыкольны выпадак. Мы з пацыкамі стаялі размаўлялі на вуліцы, а Андрэй Міхайлавіч вырашыў яшчэ крыху пакалоць дровы. Ён зняў кіцель і спакойненька займаўся гэтай справай. Тут да нас завітаў падпалкоўнік Гал. і палкоўнік К. Яны павіталіся і сталі распытваць пра нашае засяленне. Сярод нас не было Давыдавіча, які ў гэты момант быў накіраваны да нас спадаром Ш., каб папярэдзіць аб хуткім з'яўленні высокага кіраўніцтва. І тут Давыдавіч падыходзіць, не бачачы, што вышэйшае кіраўніцтва ўжо тут, гаворыць: "Железный дровосек, иди одевайся, К. едет". І тут спадар К з Гал. абарочваюцца, ды ўсе як пачнуць смяяцца. Мяса!
 Прыцягнуў вялікую калодку з ускрайку леса і выкарыстоўваю яе ў якасці снарада для фізухі. Кормяць нармуль, але не адмовіўся б і ад другой порцыі. Нашай машыны, сказаў таварыш Ш., не будзе да 8-га. Страляць мы таксама пакуль не паедзем, хоць сёння мой знаёмы казаў, што яны адстраляліся: усяго 3 патрыка на ПМ і 8 на калашык.
Па-ціху прызвычайваюся да сваіх новых таварышаў. Кожны з іх даволі разумны ў сваёй вобласці. Файна, што ў нас такая розніца ва ўзросце. Анекдоты, канешне, у іх – гэта проста жэсць. Таварыш маёр Не думаў, што людзі могуць столькі іх ведаць ды так па-майстэрску расказваць.
Як разумею, некаторым з іх цяжка ўспрымаць маю беларускую гаворку ды яе мадэрнае ўвасабленне) Таварыш Ш. увесь час намагаецца мяне падкалоць на гэтай глебе. Калі ён пачуў, што рыдлёўку я называю рыдлёўкай, а не “лопатой”, то ўсміхнуўся ды адразу запытаўся: “как же будет тогда сапёрная лопатка?”. Я аўтаматычна адказаў “капачык”. Вось тут ён рэальна стаў смяяцца і распытваць тлумачэнне слова. А калі на яго словы пра дыверсантаў я запытаўся ці падрыхтаваныя нашыя, спадар Ш. неяк шматзначна спытаў: а вашыя - гэта хто?
Салдаты паставілі прыбіральню ды займаліся ліквідацыяй наступстваў адсутнасці гэтага збудавання ў першы дзень. І як казаў таварыш маёр, усё сталася нармуль і арганізм адаптаваўся да новага рэжыму і складу харчавання. Сёння рэальна пабачыў плюсы заканчэння ваеннага факультэта хоць бы ў тым, што мы ямо ў сталоўцы з талерак, а не з кацялкоў, хоць ямо тое ж, што і шэраговыя партызаны.

7.09.13 На размову са мною з ранку прыязджаў кантрразведчык маёр В. на чорнай волзе.
Я з хлопцамі спакойненька рубасілі дровы, калі заўважылі ў нашым лагеры чорную волгу. Серы сказаў, што на такой ездзяць кантрысты. Потым мяне паклікалі да спадара Ш., насупраць якога за сталом сядзеў даволі малады, гадоў троху больш трыццаці чалавек з маёрскімі пагонамі. Ён павітаўся, спытаў на мае прозвішча і імя і папрасіў адысці ўбок, каб іншыя не грэлі вушы ад нашай размовы. Позіркі хлопцаў з непаразуменнем на вачах, што, думаю, было і на маіх.
Троху прайшліся, ён прадставіўся і фактычна першым жа пытаннем выдаў: чаму я размаўляю на беларускай мове. Я сказаў чаму, потым яшчэ былі пытанні пра месца маёй працы і навучання. Акрамя таго падкрэсліў, што трэба ахайна ставіцца да ўласнай зброі, якая цяпер знаходзіцца ў сховішчы і нам пакуль яе не выдалі на рукі. Пачаў расказваць пра выпадкі, калі зброю і патрыкі спрабуюць загнаць – за гэта даюць здаровыя тэрміны. Гэта я і так разумею, тым больш наш таварыш маёр падкрэсліў, каб зброю заўсёды насілі пры сабе. Зараз нават падчас рубашання дроў пацыкі вымушаныя не раставацца з калашамі. Затое не будзе выпадкаў развешвання калашыкаў на вецці ці, як бачыў падчас перасялення, іх некаторыя проста ставілі каля дрэў. Бяры – не хачу. Партызаны – што тут яшчэ скажаш. Потым маёр В сказаў, каб я нікому не распавядаў сюжэты, звязаныя з выкананнем абавязкаў у войску і калі буду працаваць з дакументамі – іх зместу. Далей крыху пагаварылі пра гэты выпадак з танкам у кувеце і як яго раздулі. Насамрэч танку ж нічога. Але ў нас любяць цапляцца да арміі і любыя недарэчнасці ў ёй раздуваюць з мухі да памераў слана. У любой арганізацыі і любой хаце есць праблемы. Я сказаў, што мне гэта і так зразумела, але гэта ад недахопу інфы пра наша войска. Вось праходзіць гэты “Захад-2013”, а людзі ж амаль нічога пра яго не ведаюць. Было б файна, каб здымалі міні-серык пра вучэнні ды штодня выкладвалі ў сеціве хоць бы на сайце міністэрства. Гэта ж шмат выдаткаў не патрабуе. Зразумела, што гэта не яго сфера, але я сказаў, што пра нашае войска я пераглядзеў усе магчымыя фільмы. І не адзін з іх, пават пра крапавыя берэты, не спадабаўся мне настолькі як “Жыве Беларусь”. Хоць там насамрэч ад рэальнасці амаль нічога. Але як мастацкі фільм мне ён спадабаўся. Нашым таксама трэба больш здымаць нармульнага кінца. Маёр В. сказаў, што здымаюць і будуць больш гэта рабіць. Але ўсё роўна, такія рэчы трэба каб профі рабілі, а не тыя ж ваенныя, якім прыходзіцца гэта рабіць. Прыклад амерыканцаў, у якіх прапаганда моцы сваёй арміі непамерная. І вось з чаго нам варта браць прыклад. А не проста гаварыць, што ў нас усё закаціся. Маёр В. сказаў мне не пісаць “няпраўды”, ды ўвогуле пазбягаць інтэрнэта. У прынцыпе з такім прыёмам, як у гэтым лесе, для мяне яго і так няма. Я сказаў, што на армію можна было б больш выдаткаў даваць, але армія гэта павінна быць з прафесіяналаў, дабраахвотная. Тады карысць для ўсіх будзе.
У канцы маёр пачаў гаварыць пра дысцыпліну, якая ў нас, як далажылі суседзі, кепская і згодна ім – квітнее п’янства. Я сказаў, што сам ніколі не ўжываў гэтай атруты і пачынаць не збіраюся, а наконт сваіх таварышаў нічога кепскага сказаць не магу. На тым і скончылі.
Калі ж вярталіся да нашай палаткі, Пятро выкінуў фокус. Ён падышоў да маёра В. і, павітаўшыся, запытаўся, чаму той з ім не пагаворыць. Маёр ад нечаканасці спытаў, хто той такі, і, пачуўшы адказ, сказаў: дык ты той, хто з Васілём працуе.
Потым маёр для ўсіх нас расказаў тое, што расказваў мне, падмацаваўшы ўсе асноўныя тры моманты прыклады з рэальнага жыцця: наконт дысцыпліны, зброі і інфармацыі. Аказваецца, у кантрыстаў хапае такой працы, але ў адрозненні ад іншых спецпадраздзяленняў, яны не бахваляцца сваімі паспяховымі дзеяннямі, а проста робяць сваю працу. На Нёмане знайшлі схрон з запасамі чорнашукальнікаў, куды тыя складвалі зброю часоў вайны.
Пасля такога спаткання я расказаў хлопцам змест сваёй размовы з маёрам В., на што яны былі вельмі здзіўленыя.

Вечарам разгадвалі сканворды'на беларускай мове.

Комментарии