АРТУР ГРОТГЕР І ЦЫКЛ “LITHUANIA”





Праз 150 гадоў пасля паўстання 1863 года, азіраючыся назад, мы можам бачыць, якім чынам вобраз той падзеі замацоўваўся, змяняўся, трансфармаваўся ў свядомасці як яго ўдзельнікаў, так і тых, хто прыходзіў пасля іх. Непараўнальна моцны ўплыў на ўспрыманне Студзеня аказала мастацтва, якое задало накірунак літаратуры і паэзіі. Першым у шэрагу рупліўцаў справы ўвекавечвання гэтай памяці стаяў Артур Гротгер (Artur Grottger, 1837-1867). Да заўчаснай смерці ва ўзросце 30 гадоў ён стварыў вобраз паўстання, які кранае за душу, а яго творы да гэтага часу застаюцца папулярнымі.
Артур Гротгер (1837-1867)
Ён сам, у адрозненні ад таго ж Максімільяна Герымскага, не прымаў удзел у паўстанні. Жыў у Вене, вучыўся мастацтву. Менавіта дыстанцыя садзейнічала таму, што ён здолеў пакінуць такі моцна рамантызаваны вобраз 1863 года,  у той час як Герымскі – непасрэдны ўдзельнік баёў, сведка стратаў, цяжкасцяў, адступленняў – адлюстроўваў паўстанне без усялякага патасу.
Гротгер у Аўстрыі дапамагаў паўстанцам-эмігрантам, арышт аднаго з якіх у яго кватэры ў Вене прывёў да абвінавачвання ў рэвалюцыйнай дзейнасці, і імператар Франц Іосіф пазбавіў Артура стыпендыі. Але менавіта ў гэты час мастак стварае цыклы малюнкаў, дзякуючы якім яго імя захавалася ў памяці нашчадкаў як і яго творы. Найбольшую вядомасць Гротгеру прынеслі цыклы “Polonia” і “Lithuania”. Першы з іх падаваўся як замалёўкі з тэатра баявых дзеянняў, дзе кожная сцэна зразумелая і выклікае спачуванне, чаго, прыносячы ў ахвяру гістарычную рэчаіснасць,  і дабіваўся мастак. Гротгер, такім чынам, заклаў краевугольны камень пад помнік, які польскае мастацтва ўсталявала жаўнерам 63-га года, гэтым сапраўдным асілкам духу. Менавіта паводле цыкла “Polonia” пачалі распавядаць падзеі 1863 г., якія, зрабіўшыся стэрэатыпам, перайшлі на ўзровень польскага нацыянальнага міту.
Цыкл “Lithuania” моцна адрозніваецца ад папярэдняга. Усё тут вельмі сімбалічна. І калі “Polonia” больш нагадвае сукупнасць эпізодаў, якія звязаны паміж сабою перш за ўсё пачуццёвым зместам, то “Lithuania” – гэта аповед, суцэльна чытаемы, кожная дэталь якога напоўнена сэнсам. Героем яго з’яўляецца сям’я лесніка, якой наканавана цяжкае выпрабаванне. Якім будзе гэтае выпрабаванне мы бачым на першай жа выяве, своеасаблівай прадмове, цыкла – сцэне літоўскай пушчы, праз якую праносіцца смерць. Пахіленае дрэва вось-вось абрынецца долу, не ў стане ўтрымацца нават коштам магутных каранёў. Ручай як увасабленне жыццёвага шляху. Смерць ляціць з супрацьлеглага яго берагу, адтуль, дзе да вады прытуліўся стары пень.
Польскі гісторык мастацтва Мар’я Попшэнцка (Maria Poprzęcka) дае наступнае тлумачэнне зместу цыкла “Lithuania”. Пасля “Пушчы” мы бачым героя аповеду – ляснічага, якога ад жонкі і дзіцяці адрывае таемны знак. У лесе ён дае прысягу паўстанца, каб затым загінуць у бітве. Ён зноў вяртаецца да хаты, толькі ўжо як прывід, дух, каб пабачыць жалобу жонкі, пакінутую ім разам з дзіцём. Жанчына расплочваецца за мужа і прыносіць паўстанцкую ахвяру – адпраўляецца ў сібірскую катаргу.
У апошняй карціне Гротгера знайшла ўвасабленне ідэя, прыхільнікам якой быў мастак – непарыўная сувязь Польшчы і Літвы. У капальні-каплічцы, закутая ў кайданы, літвінка бачыць Чэнстахоўскую Божую Маці (а не Віленскую Вострабрамскую). Змена такога характэрнага для часу Гротгера сцэнару – з шляхецкага маёнтка да леснічоўкі – гэта сведчанне жадання не этнічнай, а грамадскай салідарнасці, якой, нажаль, паўстанню так і не хапіла.






Малюнкі цыклу “Lithuania” Гротгера выклікаюць у мяне асацыяцыі з дантаўскім пеклам. Матывы змагання і веры, праз якія мастак тлумачыць постаці сваіх герояў. Гімн пакутніцтва, занатаваны ў кожнай сцэне. Дабро і ліха. Імкненне паказаць, наколькі ж складана супрацьстаяць спакусе кінуць усё, спыніцца, адрынуць святло, якое так цяжка трымаць у сабе, не запляміць тое чэранню здрады, слабасці, беспрынцыповасці, нявер’я, веданне таго, што цябе чакае толькі шыбеніца, куля, або, у “лепшым” выпадку – развітанне з Радзімай. Малюнкі Гротгера – гэта не сцэны фізічных расправаў і катаванняў, гэта моманты псіхалагічных пакутаў, напоўненыя болем і смуткам. Праз такія эмацыйна напоўненыя складнікі паўстанне 1863 года ўвайшло ў скарбніцу сусветнай гісторыі і мастацтва. Гэты шлях, распачаты Гротгерам, Прушкоўскім і Мальчэўскім, працягнулі дзесяткамі слынных мастакоў, сярод якіх Міхал Андрыёлі (Michał Andrioli, 1837-1893), Максімільян Герымскі (Maksymilian Gierymski), Аляксандар Сахачэўскі (Aleksander Sochaczewski), Антоні Казакевіч (Antoni Kozakiewicz), Людамір Бенедыктовіч (Ludomir Bebedyktowicz), Францішак Стрэйт (Franciszek Streitt, 1839-1891), Лессэр (Lesser, 1814-1884), Генрык Пілацці (Henryk Pillatti, 1843-1902) і Уладыслаў Бакаловіч (Władysław Bakałowicz).

Яны спрычыніліся да таго, што паўстанец 1863 года – гэта велічны і нескароны барацьбіт, патрыёт і пакутнік.


Выявы цыкла Lithuania” узятыя з кнігі "Rok 1863 w malarstwie polskim. 63 reprodukcyi", выдадзенай Тадэвушам Рутоўскім у Львове з нагоды 50-годдзя паўстання.

Комментарии