Віктар Каліноўскі: натхніцель паўстання, якога жандармы шукалі пасля яго смерці

 

Жнівень 1865 года. З Пецярбургу ў Гродна да мясцовага губернатара прыходзіць зварот: пацвердзіць смерць Віктара Каліноўскага, брата павешанага ў Вільні лідара паўстання ў Беларусі і Літве. Выканаць гэта даручаецца архідыякану Гінтаўту. Між іншым, гэты ксёндз у 1861 годзе быў у ліку заснавальнікаў Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, аб чым царскія ўлады так і не даведаліся. Урэшце, праз два месяцы высветлілася, што Віктар Каліноўскі памёр яшчэ 25 кастрычніка 1862 года ў Якушоўцы і быў пахаваны ў Свіслачы.

Метрыка аб хрышчэнні Віктара Атона Каліноўскага
Віктар Атон Каліноўскі. Метрыка аб хрышчэнні


Віктар нарадзіўся 21 красавіка 1833 года ў Мастаўлянах (сёння вёска на мяжы Беларусі і Польшчы). Другое яго імя – Атон. Віктар быў пятым па ліку сынам Сымона і Веранікі Каліноўскіх, у іх вялікай сям’і з 12 дзяцей, з якіх ніхто не перажыў бацькоў.

Свіслацкая гімназія
Свіслацкая гімназія

Віктар скончыў Свіслацкую і Гродзенскую гімназіі з адзнакаю “добра” па ўсіх прадметах. 23 чэрвеня 1852 года ён атрымаў атэстат аб заканчэнні поўнага гімназічнага курса, а ўжо 22 ліпеня падаў прашэнне аб допуску да іспытаў у Маскоўскі ўніверсітэт, на медыцынскі факультэт. Віктар марыў стаць доктарам. Але з-за хваробы лёгкіх некалькі разоў вымушаны перапыняць навучанне, застаючыся ў 1856 годзе вольным слухачом І курса.

Будынак Гродзенскай мужчынскай гімназіі

Падчас навучання ён моцна зацікавіўся гісторыяй, зарабляючы тым, што збіраў генеалагічныя звесткі для прадстаўнікоў шляхты і магнатаў з Беларусі і Літвы.

У 1856 годзе Віктар Каліноўскі быў выключаны з Маскоўскага ўніверсітэта. Па адных звестках за тое, што ўзяў віну іншага чалавека за распаўсюджванне забароненых кніг, па іншых – за ўдзел у студэнцкіх непарадках. Пераязджае ў Пецярбург, куды разам з ім выпраўляецца яго малодшы брат Кастусь.

Віктар працаваў на Віленскую археалагічную камісію, якая займалася зборам і даследаваннем помнікаў старажытнасцей на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Шукаў дакументы, у тым ліку напісаныя, як падкрэсліваў сам Віктар, “на гаворцы Крывіцкай (беларускай)”. Асноўным месцам яго дзейнасці стала Пецярбургская публічная бібліятэка, дзе можна было бясплатна не толькі карыстацца кнігамі, але заўсёды быць у цяпле, а ў яе залях было светла, раскоша, якую сабе маглі дазволіць далёка не ўсе. Віктар быў тут кожны дзень, з-за чаго сябры лічылі яго “біблятэкарам”.

Віктар Каліноўскі дапамагаў збіраць дакументы шматлікім даследчыкам, прыкладу кіраўніка львоўскай бібліятэкі імя Асалінскіх гісторыку Аўгусту Бялёўскаму – пра гетмана Жалкеўскага, а таксама прафесару Мікалаю Кастамараву – па гісторыі казацтва.

Амаль усе заробленыя грошы траціў на набыццё кніг, сабраўшы бібліятэку ў 230 асобнікаў, у асноўным па гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Прафесар Кастамараў, ацэньваючы яго выдатныя разумовыя здольнасці і веды адзначаў: Заўсёды ў зацяганым плашчы, харчуючыся нішчымнаю ядою ў нейкай польскай кухмістаршы, Каліноўскі мала клапаціўся пра свой жыццёвы камфорт і, можна сказаць, ва ўсіх адносінах быў чалавек “не ад свету гэтага”.

Віктар Каліноўскі напісаў ненадрукаваную кнігу “Уманская разня”: “Апрача звестак пра саму разню, мяне моцна цікавяць дакументы, якія даюць уяўленне пра тагачасны стан праваслаўнай царквы, асвету духавенства, яго залежнасць і г.д.”. “Уманская разня” або “Калііўшчына” адбылася ў час гайдамацкага паўстання 1768 года на Украіне. Падставаю для яго паслужыла “дысідэнцкае пытанне” (рэлігійны прыгнёт) у Рэчы Паспалітай. У горадзе Умані было забіта каля 15 тысяч чалавек (шляхта, уніяты, габрэі, а таксама каля 2 тысяч праваслаўных). Падрыхтаванае да друку навуковае выданне так і не пабачыла свет. Далейшы лёс рукапісу невядомы.

Віктара Каліноўскага называлі “другім Томашам Занам”, які марыў пра стварэнне арганізацыі кшталту віленскіх прамяністых, ці філарэтаў, для чаго “бярэ пад сваю няпрошаную пратэкцыю маладых студэнтаў, уцягвае іх у сваё таварыства”.

Віктар Каліноўскі быў вядомы як “другі Томаш Зан”, які марыў пра стварэнне арганізацыі кшталту віленскіх прамяністых, ці філарэтаў, для чаго “бярэ пад сваю няпрошаную пратэкцыю маладых студэнтаў, уцягвае іх у сваё таварыства”.

Адзін з лістоў Віктара Каліноўскага да Адама Кіркора

Віктар Каліноўскі быў адным з лідараў таемных таварыстваў у Пецярбурзе, з’яўляючыся “правай рукой” Зыгмунта Серакоўскага. Да яго накіроўвалі студэнтаў, каб падрыхтаваць іх да ўваходжання ў таемныя суполкі. Ён займаўся рэкрутаваннем новых сяброў арганізацыі, праводзячы з размовы і падбіраючы адпаведную літаратуру, нават з ліку забароненых твораў, якія “здымаліся з сакрэтных паліцы публічнай бібліятэкі”. Сярод тых, хто дзякуючы старэйшаму Каліноўскаму увайшоў у таемныя аб’яднанні быў сын купца-мільянера Мікалай Ісакавіч Уцін (1841-1883), адзін з кіраўнікоў рускай арганізацыі “Зямля і воля”.

Віктар Каліноўскі аказваў на малодшага брата Канстанціна вялізарны ўплыў, дазволіўшы яму ў юнацкім узросце ўвайсці ў шматлікія, абмежаваныя для звычайных студэнтаў, таемныя суполкі, а таксама завязаць сувязі, якія мелі вырашальнае значэнне для яго поспехаў пасля вяртання на Радзіму і разгортвання дзейнасці Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Сам Кастусь працягнуў працу, якую распачаў яго старэйшы брат.


Памятны камень на месцы сядзіцы Каліноўскіх у Якушоўцы
Памятны камень на месцы Сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы


У жніўні 1862 года Віктар Каліноўскі вяртаецца ў бацькоўскі дом. Гэта было звязана з пагрозаю арышту, а таксама з-за адчування таго, што хвароба пакінула яму лічаныя месяцы. Ён памёр 25  кастрычніка (6 лістапада) ад сухотаў і пахаваны ў Свіслачы Гродзенскага раёна. Кастусь Каліноўскі адсутнічаў на пахаванні старэйшага брата. Ён у гэты час быў у Вільні, дзе адстойваў права на самастойнае ад Варшавы кіраўніцтва будучым паўстаннем.

Сабраныя Віктарам Каліноўскім дакументы пазней былі прададзеныя яго сваячніцай Эльжбетай Данцэвіч “за некалькі соцен рублёў у Варшаве”.

Штогод 31 кастрычніка ладзіцца Дзень памяці паўстанцаў, падчас якога людзі з’язджаюцца пакланіцца магіле Віктара Каліноўскага, які зрабіў найвялікшы ўплыў на свайго брата Кастуся – аднаго з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў у Белаусі і Літве.

Комментарии