Патрэбныя сумесныя беларуска-польскія помнікі на месцах памяці паўстання 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне. Адказ прафесару Здзіславу Юльяну Вінніцкаму



Тэкст прафесара Вінніцкага па спасылцы
“За нашую і вашую свабоду!”. Менавіта пад такім заклікам пачыналася паўстанне 1863-1864 гадоў на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, дзе праз паўстанцкія шэрагі прайшло каля 200 тысяч чалавек[1]. Пры гэтым толькі ў Беларусі і Літве дзейнічала каля 220 атрадаў з колькасцю ў 67957 чалавек[2], з якіх каля трэці складалі сяляне. Але ў ідэалагічных мэтах, па ініцыятыве кіраўніка задушэння паўстання на тэрыторыі Беларусі і Літвы Міхаіла Мураўёва-Вешальніка за тымі падзеямі быў замацаваны вобраз “польскага ксяндзоўска-шляхецкага мецяжа”.
Паўстанцкая харугва
Гэта рабілася, у першую чаргу, для абгрунтавання рэпрэсій і рашучых крокаў па прадухіленню ўсялякага супраціву ў далейшым за кошт распальвання міжэтнічных і міжканфесійных супрацьстаянняў. Ствараемы вобраз падтрымлівалі ў сваіх мемуарах і шэраг паўстанцаў з ліку партыі “белых”, кшталту Якуба Гейштара, якія намагаліся перакласці віну за паразу на “чырвоных” на чале з Кастусём Каліноўскім і адсутнасць шырокай падтрымкі з боку сялянства, у першую чаргу праваслаўнага.
Падобная схема ў мэтах “рускага свету” сёння прысутнічае ў працах так званых “заходнерусістаў”, якія адмаўляюць Беларусь як самастойную гістарычную з’яву. Таму выклікае сапраўднае здзіўленне, калі адпаведныя тэзы падзяляюць польскія гісторыкі. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра прафесара Юліяна Вінніцкага, які жорстка выказаўся ў сувязі з усталяваннем побач з польскімі помнікамі ў Беларусі некалькіх памятных стэлаў з надпісам “Айчына абаронцам сваім. Беларусь перадусім” на месцах бітваў часоў паўстання.
У якасці аргументаў таго, што гэта выключна “польскія месцы нацыянальнай памяці”, якім пагражае “беларуская дэпаланізацыя”, Юліян Вінніцкі прыводзіць наступнае: “Абмінаючы факт, што польскае нацыянальнае паўстанне 1863-1864 гадоў не мела нічога супольнага з “барацьбой за свабоду Беларусі”, але, як сведчаць паўсюдна даступныя крыніцы, тутэйшыя праваслаўныя сяляне не толькі не мелі ў той час беларускай нацыянальнай свядомасці, але таксама масава супрацьстаялі польскаму паўстанню, даносячы царскім уладам пра рух паўстанцкіх партый, ловячы паўстанцаў і ствараючы супрацьпаўстанцкую так званую “сялянскую варту”.
На жаль, гэтае выказванне не толькі памылковае, але і, выйшаўшы з-пад пяра польскага навукоўца, можа прывесці да напружвання там, дзе яно не патрэбна ні беларусам, ні палякам. Тым больш прагучала яно не задоўга да 17 верасня - своеасаблівага дня нашай мінуўшчыны. Аднак разбярэм па парадку словы польскага прафесара пра яго асабістае разуменне падзей паўстання 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне.
1.                    Спадар Вінніцкі не правы, калі кажа, што “польскае нацыянальнае паўстанне 1863-1864 гадоў не мела нічога супольнага з “барацьбой за свабоду Беларусі”.
“Наш традыцыйны пароль – свабода і братэрства народаў” – сведчыў маніфест аб пачатку барацьбы, датаваны 22 студзеня 1863 года, у якім адзначалася: “З першага ж дня адкрытага выступлення, з першага моманту пачатку святой барацьбы, Цэнтральны Нацыянальны камітэт аб'яўляе ўсіх сыноў Польшчы, без адрознення веры і роду, паходжання і стану, свабоднымі і роўнымі грамадзянамі краю”. Як відавочна з кантэксту, “Польшча” тут выступала як сінонім колішняй Рэчы Паспалітай, уключаючы сюды “народ Польшчы, Літвы і Русі.”: “Бо гадзіна агульнага вызвалення ўжо прабіла, стары меч наш аголены, святы сцяг Арла, Пагоні і Архангела ўжо разгорнуты”.
Маніфест аб пачатку паўстання
Нездарма маніфест быў перадрукаваны і распаўсюджаны ў “Паўночна-Заходнім краі” Расійскай імперыі ад імя “Літоўскага камітэту ў якасці Часовага правінцыйнага ўрада ў Літве і Беларусі”.

Паўстанне пачыналася з мэтаю вызвалення не толькі народаў колішняй Рэчы Паспалітай, але пакідала шанец на вольнасць і “маскоўскаму народу”. Што ж датычыць назвы  “Беларусь”, то яна прысутнічае ў паўстанцкіх дакументах, прыкладу “Прыказа ад ронду польскага над цэлым краем Літоўскім і Белорускім да народу зямлі літоўскай і белорускай”.
 Прыказ польскага ронду на народу зямлі літоўскай і беларускай
“Беларусь” засталася і на старонках паказанняў здрадніка Парфіяновіча, які выдаў Кастуся Каліноўскага і пакінуў згадку пра пароль: “- Каго любіш? – Люблю Беларусь! – Дык узаемна!”
Старонка паказанняў В. Парфіяновіча з паўстанцкім паролем
2.                    “Тутэйшыя сяляне не мелі ў той час беларускай нацыянальнай свядомасці”. Вось тут прафесар Вінніцкі мае рацыю, з адной толькі агаворкай: польскія сяляне, незалежна ад веравызнання, таксама не мелі “нацыянальнай свядомасці”. “Нацыянальная свядомасць”у той час толькі пачынала закладацца, і значэнне паўстання 1863-1864 гадоў для гісторыі Беларусі як раз у тым, што з’явілася “пакаленне 1863-га” (Ф. Багушэвіч, А. Абуховіч, З. Чаховіч, К. Кастравіцкі і інш.), якое гэтую свядомасць гартавала і спрычынілася да паўставання беларускай мадэрнай нацыі. Прадчуванне таго ўжо прысутнічае ў “Лістах з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, які звяртаўся да “мужыкоў Беларусаў” і спадзяваўся на сумленне польскага ронду ў выпадку перамогі ў паўстанні ў пытаннях дапамогі братнім народам, у першую чаргу, у аўтаноміі і адукацыі на сваёй мове: “Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча, а ў гэтыя школы адно з другога канца света маскалёў насылаюць, што толька ўмеюць красці, людзей абдзіраці дай служыць за грошы паганаму дзелу на глум народу”.
3.                    Сярод праваслаўных беларускіх сялянаў на Гарадзеншчыне было шмат тых, хто паўстанню дапамагаў.
Палкоўнік Аляксандр Гейнс, які змагаўся супраць паўстанцаў у баях пад Коцкам, пры Калішы і Семяцічах, у асабістым лісце да свайго сябры Канстанціна фон Каўфмана, аднаго з наступнікаў Міхаіла Мураўёва на чале генерал-губернатара “Паўночна-Заходняга краю” Расійскай імперыі, пісаў, што афіцыйныя данясенні замоўчваюць факты “ўпартай абыякавасці да нас сялян ва ўвесь час барацьбы” і што “гэты недавер ішоў так далёка, што, не ў дакор афіцыйным данясенням, многія рускія сяляне бралі ўдзел у паўстанні”. А ў маі 1863 г., напярэдадні Мілавідскай бітвы ў Слонімскім павеце, “сяляне цэлымі станамі прымалі праваслаўную прысягу на вернасць мяцяжу”[3].

Праваслаўныя сяляне з самага пачатку паўстання ў студзені 1863 г. былі шырока прадстаўлены ў атрадах Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў, удзельнічалі ў захопе горада Сураж (23 студзеня) і бітве пад Семяцічамі (6–7 лютага). Напрыклад, у атрадзе ваеннага начальніка Мазавецкага ваяводства Каятана-Віктара Старжынскага ваяваў 18-гадовы Сымон Якубавіч Казлоўскі з вёскі Жаўткі Беластоцкага павета. Касінерам у атрадзе Святлінскага (Пярун) быў 25-гадовы Севярын Аўгусцінавіч Талочка з вёскі Чэхі, у атрадзе Дзікоўскага два месяцы правёў 17-гадовы Маркел Ільіч Дзямянчык з вёскі Лысы (абодва – Бельскага павета). З вёскі Студнякі Сакольскага павета адразу некалькі праваслаўных сялян уступілі ў атрад Ануфрыя Духінскага, у тым ліку 18-гадовы Васіль Матвеевіч Сінкевіч, які таксама змагаўся пад кіраўніцтвам Фелікса Улодака і Валерыя Урублеўскага[4].
Некалькі дзесяткаў праваслаўных змагаліся ў атрадзе падпалкоўніка Аляксандра Лянкевіча (Ляндэр), які здзейсніў паспяховы напад на кватэру лясніцтва ў мястэчку Азёры Гродзенскага павета. Сярод іх – 17-гадовы панскі батрак Міхаіл Аляксеевіч Кучынскі з в. Талочкі, які ў сваіх паказаннях пасля амаль пяці месяцаў змагання адзначыў: “Мэтаю майго паступлення ў атрад было толькі тое, што абяцалі даваць грошы, і вольнасць”[5]. Аснову атрада Лянкевіча складалі маладыя ў большасці сваёй людзі 16–30 гадоў, незадаволеныя сваім сацыяльным становішчам, як, напрыклад, праваслаўныя 16-гадовы Адам Восіпавіч Кашатук з вёскі Гліняны і 17-гадовы Міхаіл Аўгусцінавіч Аўсейнікаў з вёскі Галавачы.
Больш сотні праваслаўных паўстанцаў з ваколіц Жыровіцкага манастыра змагаліся ў слонімскім атрадзе Юндзіла ў бітве пад Мілавідамі 3 чэрвеня 1863 года. У тым ліку чатыры прадстаўнікі кліра, у тым ліку 19-гадовы Іван Шышко з в. Добрая Воля Ваўкавыскага павета, што служыў пры жыровіцкім архімандрыце. Увогуле за падтрымку паўстання на тэрыторыі Беларусі ў ссылку выправілі 14 праваслаўных святароў. Не параўнаць, канешне, з колькасцю сасланых каталіцкіх ксяндзоў, але гэта не адмяняе таго факту, што пра іх таксама варта помніць і ўзгадваць.
Як і пра тое, што сярод каталікоў былі тыя, хто дапамагаў царскім уладам. Прыкладу селяніна Івана Рабічкі з вёскі Войнаўцы Сакольскага павета, дзякуючы даносам якога ў Сібір адправілі некалькі дзясяткаў іншых сялян, у тым ліку праваслаўных, а таксама 6 (18) чэрвеня 1863 года ў Саколцы пакаралі смерцю селяніна Мацея Цюхну. Рабічка пагрозаю палітычных даносаў і вымагальніцтвам грошай трымаў у страху ўсю ваколіцу[6].
Падобных выпадкаў у часы паўстання 1863-1864 гадоў хапала, аб чым сведчаць матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна.
Галоўнае тут тое, што не рэлігійны фактар у выбары жыхарамі Гарадзеншчыны баку, на якім змагацца, быў вырашальным. Усё было значна складаней. Як і так званыя “сялянскія варты”, ініцыяваныя Міхаілам Мураўёвым і якія на Гарадзеншчыне не атрымалі належнай падтрымкі з боку вяскоўцаў. Матэрыялы архіваў сведчаць як раз пра тое, што сяляне адмаўляліся ад службы і ў выніку “сялянскія варты” пачалі складацца ў асноўным з казакаў, якія размяшчаліся ў вёсках Гарадзеншчыны. Але ідэалагічна канструкт “сялянская варта” працаваў на карысць вобраза паўстання, як справы выключна шляхты.
Помнікі, усталяваныя побач з мясцінамі, дзе ў 1863 годзе адбываліся баі, з’яўляюцца напамінам нашчадкам пра загінулых. Сярод іх былі прадстаўнікі розных сацыяльных груп і канфесій. Гэтыя мясціны - нашая супольная спадчына пра “апршняе паўстанне ідэі Рэчы Паспалітай” і першае, у якім маюцца рысы нацыянальна-вызвольнага непасрэдна для беларусаў. Нездарма ў асяродку паўстанцаў на Гарадзеншчыне былі папулярныя песні па-беларуску, аб чым сведчыў Ігнат Арамовіч у сваіх “Марах” (Giller A. Historja powstania narodu polskiego w 1861-1864 r. 4 t. Paryż, 1867. S. 194). І ў гэтых песнях паўстанцы вераць у “Польшчу”, або як у крыніцах на беларускай мове проста “Польш” - агульную, яднальную спадчыну, колішнюю Рэч Паспалітую Абодвух народаў, зыдэалізаваны вобраз, з усталяваннем якога звязваўся надыход праўдзівай свабоды і вырашэння лесу Беларусі і Літвы.
Адна з песень гродзенскіх паўстанцаў 1863 года
На жаль, як паказвае сітуацыя са зніклымі амаль адразу пасля ўсталявання беларускімі актывістамі помнікамі, месцы гэтыя сення не яднаюць, а раз’ядноўваюць.
Я ж пакідаю сабе надзею на тое, што кампраміс у гэтым пытанні будзе знойдзены і да польскага боку прыйдзе разуменне таго, што беларусы маюць права на ўсталяванне сваіх помнікаў побач з польскімі ва ўжо вядомых мясцінах. Ніякай “дэпаланізацыі” тут няма, бо помнікі ставіліся побач, а не замест.
Таму я заклікаю прыкласці намаганні да з’яўлення сумесных беларуска-польскіх помнікаў у іншых месцах, звязаных з трагічнымі старонкамі паўстання 1863-1864 гадоў на тэрыторыі Гарадзеншчыны.  У адваротным выпадку рана ці позна гэта зробіцца вялікай праблемай.


[1] Kalwat Wojciech, Leśne powstanie // Mówią wieki. 2013. - № 1/13 (636). - S. 41.
[2] Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного края.Часть 2. Переписка о военных действиях с 10-го января 1863 года по 7-е января 1864 года. – Вильна, 1915. – с. LІІ.
[3] Смирнов А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. – М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1963. – с. 244.
[4] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у Гродна. – Ф.1. – Воп. 34. – Спр. 871, арк. 8, 9; Ф.1. – Воп. 34. – Спр. 697, арк. 479-480, 720, 1021-1022.
[5] Повстанческое движение в Гродненской губернии. 1863-1864 гг. – Брест, 2006, с. 118.
[6] Ф.1 Оп. 34 Д. № 165 Дело о предании суду крестьян деревни Войновцы Сокольского у. за участие в восстании 1863 г. Начато 4 января 1863 г. Окончено 15 января 1864 г. На 132 листах. Арк. 5.

Комментарии