"МУЖЫЦКАЯ ПРАЎДА". ПЕРШЫ НУМАР

Запісанае роднае слова ўжо адным сваім фактам выклікала ў сялянах водгук. Аднак яно было скіравана, перш за ўсё на моладзь, гатовую да абароны ўласных правоў. Нездарма адзін з распаўсюджвальнікаў газеты, батрак з вёскі Вайнёўцы Сакольскага павета Казімір Станкевіч чытаў яе іншым «скрытна ад старых».

Выданне, сем нумароў якога ляжаць у падмурку ўсёй беларускай дэмакратычнай прэсы, пачало распаўсюджвацца 155 гадоў таму. «Мужыцкую праўду» рэдагаваў Кастусь Каліноўскі, 180-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца ў 2018 годзе.

Тэкст першага нумару "Мужыцкай праўды"

Дзецюкі!
Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толька да сахі, – цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толька карміць сваім хлебам, но яшчэ і ўчыць сваёй мужыцкай праўды.
Пыталі і пытаюць усе, што чуваці па свеце, хто нам бед[н]ым мужыкам дасць вольнасць. Но, праўду сказаўшы, мало хто хочэ сказаці так, як сумленне кажа – па справядлівасці. Мы мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толька слухайце нас!
Маскалі, чыноўнікі і многа паноў будуць перапыняць пісьмо наша да вас; но найдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць вашай свабоды, вашага шчасця – яны то вам самі гэта пісьмо даваці будуць, каб вы зналі, хто ваш прыяцель, а хто ваш вораг.
Шэсць лет ужэ мінула, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфэст, што Цар з Сенатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны, – ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці. Парабілі Канцылярыі, зрабілі суд, як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом, чы без суда. Парабілі Пісараў, Пасрэднікаў, ўсё за мужыцкія грошы і вялікія грошы – чорт іх ведае на што; для таго хіба, каб запісывалі ў ксёнжкі*, як многа напішуць на сраках мужыцкіх. А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці.
 Праўда абяшчалі то калісь даць нам вольнасць, но, як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці, бо калі праз шэсць лет нічога не зрабілі, то чэраз рок пэўне не зробяць. Могуць яшчэ напісаці і другі маніфэст, яшчэ большы ад гэтага, но і з гэтага другога маніфэсту нічога добрага, як і з першага, не будзе.
 Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся; бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, гдзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, Дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны схочуць трымаць з намі, так няхай жэ робяць па свентай справядлівасці: бо калі іначай – так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць сва[й]го патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе.
 Гэту Мужыцкую Праўду напісаў і зноў пісаці будзе Яська, гаспадар з-пад Вільні.

Каштуе грошы 5.

ГІСТОРЫЯ З'ЯЎЛЕННЯ І АНАЛІЗ ПЕРШАГА НУМАРУ "МУЖЫЦКАЙ ПРАЎДЫ"



Не лічылі шкодным, бо лацінкай

У першыя месяцы з’яўлення «Мужыцкай праўды» царская паліцыя амаль не звяртала на яе ўвагі — нават нягледзячы на тое, што нумары траплялі ў рукі прыставаў. З-за лацінкі яна прыпісвалася да польскіх нелегальных выданняў і таму лічылася, што газета не выклікае пагрозы ў асяродку сялянства. Але напрыканцы жніўня 1862 года з міністэрства ўнутраных спраў Расійскай Імперыі да гродзенскага губернатара Галера быў накіраваны загад: неадкладна выявіць крыніцу новага нелегальнага выдання. Падставаю да таго стала «мужыцкая» мова, на якой была надрукавана «Мужыцкая праўда» і якая выкарыстоўвалася вясковым насельніцтвам.
 Выбар слова прадвызначыў папулярнасць «Мужыцкай праўды» ў асяродку беларускага сялянства. Каліноўскі і яго паплечнікі імкнуліся паказаць, што вясковец — сапраўдны гаспадар на сваёй зямлі. Выданне разбурала стэрэатып пра тое, што селянін варты толькі цяжкай працы, таму што «цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці».

«Дурны маніхвэст»

Першы нумар «Мужыцкай праўды» быў па-сапраўднаму праграмным, пачынаючы са звароту «Дзецюкі!» і заканчваючы подпісам «Яська-гаспадар з-пад Вільні». Паміж імі сканцэнтраваны моцны сацыяльны запал, якога бракуе наступным нумарам, і ў адносінах якога ад нумару да нумару паступова змяняецца націск.
 Нумар абрынуўся крытыкай на маніфест аб адмене прыгоннага права 1861 года, які так і не прынёс селяніну жаданай волі, увасобленай ва ўласнасці на зямлю. У той жа час «Мужыцкая праўда» папярэджвае пра марнасць сялянскіх спадзяванняў на істотныя змены «чэраз рок», гэта значыць у 1863 годзе, да якога, пакуль уводзіліся ўстаўныя граматы, захоўвалася ўлада памешчыкаў над сялянамі, і калі, згодна чуткам, павінен быць дараваны «другі маніфест». Галоўны аргумент супраць: «Калі праз шэсць лет нічога не зрабілі», то няма больш на што разлічваць, акрамя чарговага ашуканства. Маніфест быў накіраваны не на дараванне волі, а на стварэнне за сялянскія грошы канцылярый, судоў і пісараў: «Як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом чы без суда», дзе абразлівы выраз характарызуе атрыманае пасля ўвядзення рэформы 1861 года права валаснога суда прымяняць у адносінах сялян, нароўні з арыштам або грашовым спагнаннем, фізічнае пакаранне 20 ударамі розгаў.
 Галоўнымі ворагамі ў «Мужыцкай праўдзе» названыя «маскалі, чыноўнікі і многа паноў». «Дурны» ж маніфест — гэта справа «цара з сенатам і з панамі». У іншым месцы падкрэсліваецца, што «ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць».
 Радыкалізм першага нумару «Мужыцкай праўды», які сваім з’яўленнем напалохаў землеўладальнікаў, быў відавочны, паколькі менавіта «паны» падкрэслена названыя тымі, хто перашкаджае сялянскай волі. Нездарма абшарнікі бачылі мэтай распаўсюджваемага выдання ні што іншае, як «адно толькі крывавая помста і злачынствы, якія асвячаліся і абвяшчаліся ў імя гэтай помсты».
Былыя паўстанцы ў сібірскай ссылцы
Сябрамі сялянаў у «Мужыцкай праўдзе» названыя «людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць нашай свабоды». Асабліва важна гучыць згадка пра людзей «з панскага роду», да якіх належаў сам Каліноўскі і яго паплечнікі, выдаўцы газеты — Валерый Урублеўскі, Фелікс Ражанскі і Станіслаў Сангін. Гэтае абасабленне яшчэ раз пацвярджае той факт, што сярод саміх паноў у мужыкоў няма сяброў. Але «панам» усё ж пакідаўся шанец зрабіць усё «па свентай справядлівасці» і далучыцца да мужыкоў.
 У першым нумары, нягледзячы на подпіс «Яська-гаспадар з-пад Вільні», няма той асабовасці, моцнага «Я», якім прасякнутыя наступныя нумары. Тут толькі «мы, мужыкі, браты вашыя», за выключэннем апошняга сказа. Такім прыёмам узмацняецца націск у адказы на галоўнае пытанне: у чым сіла і праўда? У адзінстве, праз якое толькі самі мужыкі могуць заваяваць вольнасць: «Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сакеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе», што пераклікаецца з вядомым выразам Каліноўскага «пра сякеру над калыскай шляхецкага дзіцяці».

У імя справядлівасці

Значэнне сямі нумароў «Мужыцкай праўды», якія пабачылі свет з ліпеня 1862 года па красавік 1863 года, да сённяшняга часу пераацаніць немагчыма. Кожны з іх прысвечаны пэўнай тэме, сярод якіх махлярства маніфеста аб адмене прыгоннага права, гісторыя ўзнікнення паншчыны, разуменне таго, што такое вольнасць і сапраўдны «ронд» (з яго вечным: «Не народ зроблены для ронду, а ронд для народу»), апісанне ганебнасці рэкрутчыны, і нават спроба патлумачыць сялянам, што «праўдзівая вера дзядоў і прадзедаў» — уніяцтва.
 У «Мужыцкай праўдзе» ідэалізаваліся часы Рэчы Паспалітай, прыкладам найлепшага дзяржаўнага кіравання называліся грамадска-палітычныя сістэмы «у Пранцуза, чы ў Англічаніна», а галоўнымі ворагамі Радзімы пазначаныя «Немец і Маскаль».
 Газета звярталася да шматлікіх народных стэрэатыпаў, у тым ліку да ілюзій, што адмена прыгону адбылася пад замежным ціскам. Нават у час паўстання 1863–1864 года ўлады адзначалі: сялянства ў Беларусі спадзявалася, што «Пранцуз прыйдзе». У той жа час Каліноўскі і яго паплечнікі заўважылі рысу народа, якая перашкаджала яму скарыстацца дапамогай сапраўдных яго абаронцаў: «Таму, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем».
 «Мужыцкая праўда» не пазбаўленая памылак — і ў трактоўцы гістарычных фактаў, і ў разуменні рэчаіснасці. Але што ў яе не адняць — гэта імкненне данесці думку, што лёс Бацькаўшчыны залежыць толькі ад жадання народу дабівацца вольнасці, свабоды, шчасця.

Завучвалі на памяць і пераказвалі

З пачаткам паўстання ў 1863 годзе расійскія ўлады «Мужыцкую праўду» пачалі разглядаць як больш небяспечную за тыя адзінкавыя атрады, якія пачалі ўтварацца ў пушчах. Нездарма 21 студзеня адзін з удзельнікаў скасавання царкоўнай уніі ў 1839 годзе, полацка-віцебскі архіепіскап Васілій пісаў у лісце да обер-пракурора «Свяцейшага сінода» генерала Ахматава пра хуткія тэмпы пашырэння нелегальнага выдання: «Я атрымліваю пэўныя звесткі, што род газеты, якая выдаецца ў Вільні рэвалюцыйным таварыствам на беларускай мове, — «Мужыцкая праўда», мэта якой усхваляць просты народ супраць урада рускага і схіліць да агульнай разні, — у вялікім мностве пашыраецца ў Дзісненскім павеце Віленскай губерні, сумежным з Дрысенскім і Лепельскім Віцебскай губерні, і, зразумела, распаўсюдзіцца хутка ў гэтых паветах пры нахабным садзеянні прапагандыстаў, якіх нямала хаваецца ў тутэйшай губерні».
 Газета першапачаткова распаўсюджвалася шляхам падкідання яе нумароў падчас руху па дарогах або ноччу па палетках, у чым прымаў удзел і Валеры Урублеўскі, і Канстанцін Каліноўскі. Але праблемаю з’яўлялася неадукаванасць сялянаў: яны не ўмелі чытаць, і звярталіся па дапамогу да пісарчукоў, святароў, і нават паноў. У архівах багата дакументаў пра тое, як выданне якраз пасля такіх просьбаў трапляла ў рукі паліцыі.
 Але не бракавала выпадкаў, калі сялянам выданне ўсё ж чыталася, і ў такім разе тэкст «Мужыцкай праўды» завучваўся напамяць, пераказваўся з хаты ў хату, распаўсюджваўся ад вёскі да вёскі. Займаліся гэтым і прадстаўнікі паўстанцкіх арганізацый, якія ў чаканні будучага паўстання ў 1862 годзе актыўна ўладкоўваліся на пасады сельскіх настаўнікаў і валасных пісарчукоў, якія, згодна аднаму з аўтараў газеты і паплечніку Каліноўскага Феліксу Ражаньскаму, «працуючы з энергіяй і самаахвярнасцю, разгарнулі сваю карысную дзейнасць».
 Запісанае роднае слова ўжо адным сваім фактам выклікала ў сялянах водгук. Аднак яно было скіравана, перш за ўсё на моладзь, гатовую да абароны ўласных правоў. Нездарма адзін з распаўсюджвальнікаў выдання, батрак з вёскі Вайнёўцы Сакольскага павета Казімір Станкевіч чытаў яе іншым «скрытна ад старых». Сяляне верылі «Мужыцкай праўдзе», аб чым сведчаць словы іншага селяніна, 44-гадовага Мацея Цюхны, пакаранага смерцю за распаўсюджванне газеты: «Прачытай — і будзеш усё ведаць».

Матэрыял надрукаваны ў газеце "Новы час"

Комментарии