155 гадоў “Мужыцкай праўдзе”

Пад час паўстання 1863-1864 гадоў царскія ўлады арыштавалі сотні людзей за чытанне і распаўсюджванне гэтага выдання. Шэраг з іх, як селянін Мацей Цюхна, ксёндз Станіслаў Ішора і шляхціч Міхаіл Цюндзявіцкі былі пакараныя смерцю. У ліпені спаўняецца 155 гадоў “Мужыцкай праўдзе”, якая ляжыць у падмурку беларускай дэмакратычнай прэсы.

Першае з'яўленне "Мужыцкай праўды"

Першы факт яе з’яўлення зафіксаваны 10 ліпеня 1862 года, калі селянін вёскі Бярозаўка Брэсцкага ўезда Місей Геліч на полі знайшоў надрукаваны лісток. У гэты ж дзень “Мужыцкую праўду” на сваіх палях знайшлі сяляне і суседніх вёсак – Ясенаўка, Падбуржа і Радовічы. Усяго ў рукі паліцыі патрапілі пяць экзэмпляраў пад № 1. Але шэраг з іх былі сялянамі схаваныя. Падобная гісторыя паўтарылася на Беласточчыне, дзе пра з’яўленне “Мужыцкай праўды” паліцыя даведалася толькі ў верасні, калі былі выяўленыя некалькі зацертых, пажоўклых старонак першага і другога нумароў выдання.
Яго рэдактарам з’яўляўся Канстанцін Каліноўскі, які разам з паплечнікамі – Валерыем Урублеўскім, Феліксам Ражанскім і Станіславам Сангіным – наладзіў у чэрвені 1862 года друк. Газету раскідвалі паабапал шляхоў, падкідалі яе скруткі ў сялянскія двары. У тых выпадках, калі яна даходзіла да сялянаў і чыталася ім нешматлікімі пісьменнымі вяскоўцамі або адукаванымі прадстаўнікамі чыноўніцтва і духавенства, тэкст “Мужыцкай праўды” запамінаўся на памяць. Так, непісьменны селянін Міхась Зянцюк з вёскі Номікі даведаўся пра газету напрыканцы ліпеня – пачатку жніўня 1862 года і напамяць пераказваў яе змест іншым, у тым ліку жыхарам суседніх вёсак Мінкоўцы і Чапляеўка. За гэта расійскія ўлады адправілі Міхаіла Зенцюка і іншага яго аднавяскоўца Казіміра Хмару ў амурскія батальёны. Першапачаткова “Мужыцкая праўда” распаўсюджвалася выключна ў Гродзенскай губерні, але ўжо 10 кастрычніка Віленскі губернатар Пахвіснеў паведаміў міністру ўнутраных спраў Валуеву пра першыя выпадкі з’яўлення нелегальнага, з яго слоў, “перыядычнага выдання” ў падначаленай яму губерні.

Знаходкі "Мужыцкай праўды"

11 студзеня 1863 года салдаты Неўскага пяхотнага палка адабралі “Мужыцкую праўду” ў старасты вёскі Ёдаўцы Свянцянскага ўезда Андрэя Буйко. Пра гэты выпадак пісала імперская газета “Северная пчела”, а таксама герцэнаўскі “Колокол” у Лондане. Значэнне гэтаму, здавалася б, шэраговаму прыкладу надаваў той факт, што жандармерыя арыштавала мяркуемых аўтараў “Мужыцкай праўды”. Імі аказаліся аканом маёнтка Лянцоўшчына Фелікс Тамашэвіч і аканом з мызы Каралінава Мацвей Пятроўскі. Аднак у ходзе раследавання высветлілася, што тыя яшчэ ў лістападзе 1862 года атрымалі экзэмпляры газеты ад сакратара міравога пасрэдніка маёнтка Вішнева Тыбурця Ходзькі. Ходзька, Тамашэвіч і Пятроўскі, з’яўляючыся шляхцічамі, былі высланыя на катаргу на 4 і 6 гадоў. У сваіх паказання Пятроўскі адзначыў, што яму ў рукі трапілі зусім новыя, быццам толькі аддрукаваныя, нумары. Але за некалькі месяцаў яны прайшлі праз шматлікія сялянскія рукі, у выніку чаго выглядалі пажоўклымі і сцертымі.
З пачаткам паўстання “Мужыцкая праўда” пачынае трапляць ўсё далей на ўсход, аб чым 21 студзеня паведамляў віцебскі губернскі жандарскі штаб-афіцэр Турцэвіч. А 28 студзеня ён ўжо рапартуе пра з’яўленне газеты ў вёсках Дзінабургскага ўезда “з мэтай выклікаць у простым народзе паўстанне супраць усіх улад”.
 У пачатку лютага 1863 года два экзэмпляры газеты былі знойдзеныя каля вёсак Стараельня і Заполле Навагрудскага ўезда Мінскай губерні. 28 лютага адзін разам з маніфестам Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі аб пачатку паўстання быў накіраваны мінскім губернатарам Кажэўнікавым генерал-губернатару Назімаву ў Вільню.
6 лютага 1863 года ў карчме пры вёсцы Камень Барысаўскага ўезда газету сялянам прачытаў Міхал Цюндзявіцкі, пакараны за гэта смерцю.
10 лютага 1863 года ў Лондане ў газеце “Głos wolny”, выдаваемай А. Жабіцкім (у далейшым член Генеральнага савета І Інтэрнацыянала), быў перадрукаваны № 6 “Мужыцкай праўды”, пра якую было сказана: “таемнае пісьмо выдаванае ў Мінску на беларускім нарэччы”.
25 лютага пра знойдзены экзэмпляр газеты ў Люцынскім павеце ў вёсцы Выстоў паведамляў люцынскі благачынны Кушын: “такіх шмат ёсць у сялян, і падбухторшчыкі смела ездзяць, калі мужыкам тлумачаць, і падобныя лісткі наклейваюць пры карчмах, пры капліцах, а ў вёсках падкідваюць”. Распаўсюджваннем газеты займаліся паўстанцы з маёнтка Марыенгаўзен, дзе пад кіраўніцтвам адстаўнога паручніка Антонія Рыка вялася падрыхтоўка да выступлення і была наладжана друкарня расійскай арганізацыі “Зямля і воля”. Сястра Антонія, Марыя Рык перадала № 6 “Мужыцкай праўды” канторшчыку Рамуальду Бжазінскаму, які ў сваю чаргу, пад час праводзімала паліцыяй ператрусу ў маёнтку, паведаміў пра гэта ўладам.
Пэўнай праблемай для распаўсюджвання газеты далей на ўсход было тое, што яна друкавалася лацінкай. Так, дачка ўладальніцы маёнтка Ігнапаль Полацкага павета Марыя Свіршчэўская ў сакавіку 1863 года, дэманструючы сялянам “Мужыцкую праўду”, казала: “…Гэтую кніжку пісаў у Польшчы мужык Яська… Хто трапіць з рускага боку ў Польшчу, гэтыя кніжачкі рускаму кладуць у кішэнь…”.
22 студзеня 1863 года Антаніна Кірэеўна з мястэчка Асінгарадок Дзісенскага павета “доўга не спала і сядзела ля аконца, у той час надвор’е было яснае і ноч светлая ад месяца; між тым каля паўночы заўважыла, што праехалі па той вуліцы, дзе яна жыве, у павозцы на адным кані вялікага росту два нейкія невядомыя чалавекі; апранутыя яны былі: з іх адзін у бурносе шэрага сукна, а другі ў чорным адзенні, пасля чаго неўзабаве павярнулі назад і накіраваліся на другую вуліцу, каля карчмы па дарозе ў вёску Ласіцы…”. Зранку на дамах, прыдарожных слупах, варотах і гаспадарчых пабудовах сялян у мястэчках Асінгарадку і Верхні, у вёсках Ласіцы і Верацейкі былі знойдзеныя прыбітыя цвікамі чацвёрты, пяты і шосты нумары “Мужыцкай праўды”. Значная частка выданняў была параскіданая па дарогах, вёсках і карчмах Вілейскага павета.

24 студзеня “нейкія газеты на беларускай мове, накіраваныя супраць цара і ўрада” чытаў сялянам сын арандатара фермы Мілейкава паблізу Крэва Ляшчынскі. А 27 студзеня ў мястэчку Жалудок Лідскага павета вікарны ксёндз Станіслаў Ішора зачытаў прыхажанам маніфест Часовага ўрада аб пачатку паўстання і абвясціў “мужыкам, каб не хадзілі на паншчыну”. Ён таксама паклікаў да сябе арганіста Адама Калясінскага: “…Ён чытаў мне, не ведаю, нейкую “Харунгев свабоды”. І зноў схаваў, а мне даў нейкія друкаваныя аркушыкі “Яська – з-пад Вільні гаспадар” і казаў, каб я параскідваў па рынках ці кам аддаў прачытаць…”.
У пачатку лютага “Мужыцкую праўду” сваім сялянам чытаў Юліян Барткевіч, які арандаваў мызу графа Лапацінскага Аннадвор Дзісненскага павета, за што быў сасланы ў Сібір. Газета распаўсюджвалася і сярод рабочых металургічнага завода графа Храптовіча ў мястэчку Вішнева Ашмянскага павета. Нават рыхтаваўся план начнога нападу на атрад рускіх войскаў з мэтаю захопу артылерыі, але яго так і не здзейснілі. Распаўсюджваннем газеты ў Вішнева займаліся механік Мікодым Пятровіч і селянін Іван Юша, якія былі 7 лютага арыштаваныя казакамі і разам з сем’ямі ў верасні 1863 года, па загадзе Мураўёва, сасланыя ў Табольскую і Пермскую губерні.
У гэты ж час газету чыталі ў хаце лесніка Нехнядовіча непадалёк Іўя. Прысутнічалі сяляне вёскі Галімшчына. Газету прынёс лясны аб’ездчык Уладзіслаў Свярчынскі. Гэта быў трэці нумар “Мужыцкай праўды”. Свярчынскі, які прыбыў з Варшавы, распавядаў пра паламаную чыгунку паміж Варшавай і Гродна і што “ў крэпасці ў Модліне злучылася гвардыя з палякамі”. Паколькі Свярчынскі быў замежным падданым, яго выслалі за мяжу.
Вясною 1863 года распаўсюджваннем “Мужыцкай праўды” займаўся 34-гадовы селянін Крэўскай сельскай грамады Вікенцій Тамашэвіч. За яго адукаванасць у юнацтве яго абралі старшынёю грамады, але ён дабраахвотна пакінуў пасаду. Тамашэвіч перадаў селяніну Феліцыяну Грыневічу № 2 “Мужыцкай праўды” і № 3 “Гутаркі двух суседаў”. Аднак вядома гэта стала ўладам толькі ў верасні 1863 года. Дзякуючы Тамашэвічу, як адзначаў ашмянскі ваенны начальнік Пахомаў у лісце да Мураўёва 14 кастрычніка 1863 года, “не зусім паспяховым” стала арганізацыя сельскага каравула ў мястэчку Крэва. Тамашэвіч быў сасланы ў Астраханскую губерню, адкуль вярнуўся на Радзіму толькі ў 1881 годзе.
1 сакавіка 1863 года свяшчэннік Груздоўскай царквы Ашмянскага павета Кладніцкі накіраваў валожынскаму благачыннаму Адамовічу “падкінутыя сялянам падбухторваючыя і мяцежныя паперы” - № 4, 5, 6 “Мужыцкай праўды” і “Гутарку старога дзеда”. Яны былі знойдзены яшчэ ў канцы студзеня каля хаты, у якой вартавалі падрыхтаваных для здачы рэкрутаў з вёскі Капач, і адрасаваны селяніну гэтай вёскі Васілю Сыраквашу: “Маруднасць мая ў адсылцы гэтых папер епархіяльнаму начальству вынікала з апаскі, каб яны не былі адабраны выпадкова ў пасланца”.
6 мая 1863 года на досвітку трэці нумар “Мужыцкай праўды” знайшла сялянка вёскі Сакі Кобрынскага павета. Газета была уторкнута ў пляцень, зроблены пры яе агародзе.
30 мая 1863 года тры экзэмпляры “Мужыцкай праўды” былі адабраныя ў прапаршчыка Першага рэзервовага стралковага батальёна Гераніма Швайніцкага на станцыі Жослі ў Троцкім павеце. У выніку ён быў звольнены са службы і адпраўлены ў Аранбургскую губерню пад строгі нагляд паліцыі.
У чэрвені 1863 года на дарозе каля мястэчка Еўе Троцкага павета быў знойдзены № 7 “Мужыцкай праўды”. Яна была перасланая мясцовым прыходскім свяшчэннікам ў Трокі благачыннаму.
У першай палове ліпеня 1863 года селянін вёскі Парчэўцы Сакольскага павета знайшоў адзін з нумароў “Мужыцкай праўды” па дарозе з Кузніцы ў Саколку.
8 ліпеня ўначы семы нумар “Мужыцкай праўды” быў прыклеены на слупе за вёскай Стары Корнін Бельскага павета і падкінутая да хаты старшыні.
У жніўні 1863 года ў вёсцы Стаўпы невядомы прыбіў сёмы нумар “Мужыцкай праўды” і “Прыказ… да народу” да хаты селяніна Сцяпана Касюціча. Паўгады гэтыя дакументы вандравалі з хаты ў хату, пакуль не былі перададзеныя ўладам. У распаўсюдзе быў абвінавачаны валасны пісар Леў Мянчынскі, які належыў да сялян Сакольскага павета, і быў сасланы ў Томскую губерню на пасяленне.
Сёмы нумар газеты і “Прыказ… да народу зямлі літоўскай і беларускай” знайшлі таксама ў вёсцы Такары Брэсцкага павета. 22 жніўня 1863 года сялянскія дзеці, якія выганялі раніцай валоў, знайшлі 8 экзэмпляраў дакументаў перад хатамі старасты, соцкага і суддзі. У гэты час ў Такарах знаходзілася вялікая колькасць паліцыі, паколькі за некалькі тыдняў да таго ў паўстанцкі атрад з вёскі пайшлі шэсць часоваабавязаных праваслаўных сялян, якія збілі вартаўніка і пабілі вокны ў двары памешчыка Такарэўскага. Маці былога салдата Мар’я Федарук распавядала, што сын яе Янка пакутаваў ад памешчыка і збег ад яго. За распаўсюджванне “Мужыцкай праўды” ў Такарах быў арыштаваны толькі валасны пісар Феафіл Сеген, абвінавачаны ў самавольным знішчэнні двух экзэмпляраў газеты і высланы ў Самарскую губерню.
У кастрычніку 1863 года салдатамі падчас рэкагнасціроўкі ў Церабінскіх лясах Брэсцкага павета, быў знойдзены сёмы нумар газеты разам з дэкрэтамі варшаўскага Нацыянальнага ўрада ад 10 (22) студзеня аб надзяленні сялян зямлёю.
31 кастрычніка 1863 года быў праведзены ператрус у Гродзенскай палаце дзяржаўных маёмасцяў, пад час якога знайшлі 37 экзэмпляраў “Мужыцкай праўды” № 3 і 5. Таксама тут жа былі знойдзены пярсцёнак з надпісам “1861.L. 27 d.”, які ўказваў на дату растрэлу дэманстрацыі ў Варшаве 27 лютага 1861 года, а таксама партрэт Гарыбальдзі з запіскай: “(Хай) давераны неадкладна разашле ўмелым (людзям) кожнай вёскі непрыкметным спосабам у форме пісем пад асабістай адказнасцю. Зямляк, не парушай веры, у адваротным выпадку – спалі”. Да справы былі прыцягнутыя цітулярныя саветнікі Петр Вяржбіцкі, Людамір Абрэмскі, які займаў пасаду паўстанцкага ваяводскага касіра, калежскія сакратары Рамуальд Сінкевіч, Юрый Сарасек, калежскі рэгістратар Іван Дзенісевіч і казённы селянін Антон Матусевіч. Аднак жандармы так і не высветлілі, каму дакладна належаць паперы. Таму толькі Рамуальд Сінкевіч, у распараджэнні якога знаходзілася шафа са знойдзенымі нелегальнымі выданнямі, быў сасланы ў Томскую губерню.
У сувязі са зробленымі ў Гродна знаходкамі, было прынята рашэнне правесці раптоўныя ператрусы ў валасных упраўленнях, у валасных пісараў і старшынь з мэтай адшукання “Мужыцкай праўды” ці іншых забароненых папер. У выніку высветлілася, што ў Кобрынскім уездзе “Мужыцкая праўда” была прыбітая на крыжах ва ўсіх валасцях, што належаць Палаце дзяржаўных маёмасцяў. Аднак знайсці хоць адзін экзэмпляр у паліцыі не атрымоўвалася, пакуль у вёсцы Моталь дыякан мясцовай царквы не паведаміў ваеннаму начальніку 5-га стана Кобрынскага ўезда штабс-капітану Чарнапятаву, што бачыў газету ў Асавецкай валасной канцылярыі. У выніку ў пісара Андрэя Кржывіцкага былі знойдзены № 4 і 5 “Мужыцкай праўды”. Толькі цяжкая хвароба, ад якой той памёр у чэрвені 1864 года, ўратавала яго ад арышту. Як адзначалася, у Кржывіцкага меліся яшчэ нейкія вершы “на простанароднай літоўскай мове”.
31 кастрычніка ў выніку раптоўнага ператрусу ў будынку Ашмянскай дваранскай апекі былі знойдзены 12 экзэмпляраў № 2 “Мужыцкай праўды” і 21 экзэмпляр № 3 і № 4 “Гутаркі двух суседаў”. А таксама выяўлена існаванне “Бібліятэкі ашмянскай моладзі”, бібліятэкарам у якой быў пісьмавадзіцель апекі Фульгеній Акушка. Біблятэка была філіялам таемнага таварыства “Піянтковічаў”.
Экзэмпляры розных нумароў “Мужыцкай праўды” выяўляліся ўладамі яшчэ доўгі час пасля паўстання. Нават праз стагоддзе пасля яго заканчэння здараліся дзіўныя адкрыцці: 9 сакавіка 1960 года “Мужыцкая праўда” была знойдзена ў Вільнюсе падчас рамонтных прац на гарышчы старога дома.

Комментарии