ПАЎСТАНЦКІ АЛЬБОМ

Рэцэнзія на кнігу: Янушкевіч К., Янушкевіч Я. “Партрэты Паўстання”. – Ракаў, 2014. – 76 стар.
Да 150-годдзя ахвярнай смерці Кастуся Каліноўскага на віленскім Лукішскім пляцы і задушэння Паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве ў Ракаве была выдадзеная кніга “Партрэты Паўстання” Камілы і Язэпа Янушкевіча. Выданне па-сапраўднаму ўнікальнае ў Айчыннай гісторыі.
Частку з прадстаўленых выяваў можна знайсці ў свабодным доступе ў сеціве, пэўная колькасць іншых ужо змяшчалася ў розных выданнях. Аднак значная частка фотаздымкаў, якія захоўваюцца ў архівах і бібліятэках Беларусі, Літвы, Польшчы, а таксама прыватных зборах ніколькі раней не друкавалася. А пад адной вокладкай усе яны сабраныя ўвогуле ўпершыню. Нездарма ва ўступе аўтары “паўстанцкага альбома” адзначаюць, што гэта “першае ў гісторыі айчыннага фотамастацтва альбомнае выданне з такімі багатымі відарысамі: тут пададзена звыш 180 фотаабліччаў нашых суайчыннікаў пераважна змагарнага ХІХ стагоддзя, а таксама паплечнікаў суседніх народаў Латвіі, Летувы, Польшчы, Украіны, якія загінулі “за Нашу і Вашу Свабоду”.
Альбом змяшчае 198 выявы, сярод якіх 6 – гэта адваротны бок фотаздымкаў. Ва ўступе, названым “Нябесны Легіён, або Рэпрэсаванае пакаленне” даецца кароткі нарыс паўстання 1863-1864 гадоў у айчынным і еўрапейскім фоталетапісе, у якім канстатуецца, што “Гісторыя беларускай фатаграфікі пазамінулага, ХІХ ст. – не напісаная”. Адну з магчымых прычын такой сітуацыі аўтары бачаць у тым, што большасць выяваў ХІХ стагоддзя захоўвае абрысы “не тых герояў”.
Фотаздымкі герояў 1863-га года гралі прапагандысцкую ролю яшчэ ў часы самога паўстання, асабліва тыя, хто сваё жыццё склаў у баях або стаў ахвяраю расейскай рэпрэсіўнай палітыкі. Як адзначае Вольга Гарбачова, адным з першых, хто падрыхтаваў глебу для такога ўспрымання фатаграфіі быў варшаўскі майстар Караль Баер, якому належыць аўтарства здымкаў пяці забітых маніфестантаў у Варшаве 27 лютага 1861 года[1]. Ужо пасля задушэння паўстання выявы яго ўдзельнікаў з’яўляліся на старонках мемуараў, сярод якіх вылучаюцца творы Якуба Гейштара[2], дзе змешчана 128 выяў паўстанцаў, Апалінарыя Свентажэцкага[3] з 87 фотаздымкамі і Бенядзікта Дыбоўскага[4]. Пазней пачалі з’яўляцца шматлікія выданні[5] і альбомы[6], у якіх акрамя фотаздымкаў змяшчаліся карціны на паўстанцкую тэматыку і выявы жалобнай біжутэрыі. Прадаўжэннем гэтай справы з’яўляецца з’яўленне ў суседняй Рэспубліцы Польшча каталогаў з фондаў музеяў, прысвечаных паўстанню 1863-1864 гг. У нас у гэтым плане праца толькі пачынаецца.
Гісторыю фотасправы ў Беларусі немагчыма ўявіць без фотамайстроў, удзельнікаў паўстання 1863 года. Так у адной з першых айчынных кніг, дзе закранаецца тэма фатаграфікі Беларусі, Сяргей Харэўскі ўзгадвае пра мінскую майстэрню Антона Прушынскага і аднаго “з піянераў ў справе фотамастацтва ў Беларусі” – Ахіла Банольдзі[7]. Значным дасягненнем у вывучэнні дадзенай тэмы зрабіліся артыкулы Вольгі Гарбачовай, у адным з якіх было змешчана 10 фотаздымкаў (з сяммю адваротнымі адбіткамі)[8], а ў другім – 29[9]. Таксама 8 фотаздымкаў змешчана ў кнізе Алены Фірыновіч[10].
Цяпер жа, дзякуючы Язэпу і Каміле Янушкевічам мы маем цэлы альбом, прысвечаны выключна паўстанцам 1863-га года, які пачынаецца Зыгмунтам Серакоўскім і Кастусём Каліноўскім ды ўпершыню надрукаваным здымкам патрыятычнага асяродка вакол часопіса „Słowo” ў Пецярбургу, які захоўваўся ў сямейным архіве Фалевічаў у Варшаве. Прычым кожны фотаздымак мае няхай кароткі, але даволі ёмкі каментар. Напрыклад на старонцы 18-й: “Язэп-Эліядор Пякарскі, шляхціч Менскага павета, паўстанец атрада Антона Трусава, на допыце заявіў амаль словамі К. Каліноўскага: «Мы считали своими врагами не русский народ, а русское правление». Прысуд: на катаргу! На 12 гадоў руднікоў…”
Як адзначаюць аўтары, “амаль усе абліччы на фотаздымках цалкам перадаюць настрой карцін “Сармацкага партрэту” і стыль рамантызму. Мы бачым і асноўныя ягоныя стылістычныя прыкметы як шчымлівая настальгія па лепшых часах і пачуццё “сусветнага смутку”, узнёсласць, узбуджанасць, рашучасць і мужнасць”. Тут і Зыгмунт Чаховіч, які аказаў уплыў на маладога Янку Купалу, і паэт Арцём Вярыга-Дарэўскі, і сям’я Францішка Багушэвіча, і Ян Карловіч, на сродкі якога ў Кракаве ў 1891 годзе пабачыла свет “Дудка беларуская”, і дзесяткі іншых паўстанцаў, многія з якіх загінулі на полі боя, або адправіліся ў ссылку на цяжкія катаржныя працы ў Сібір. Унікальнымі з’яўляюцца сямейныя партрэты паўстанцаў: Яманты, Здановічы, Барановічы… Выявы членаў сям’і Далеўскіх і многіх іншых. Усе яны знявечаныя за патрыятычныя пачуцці сваіх бацькоў і дзяцей.
Сярод шматлікіх фотаздымкаў у альбоме асабліва вылучаюцца жаночыя партрэты, у вопратцы, стане і позірках якіх прысутнічае пачуццё болю, журбы, і ў той жа час кахання: “Тое каханне, якому вучылі з маленства – каханне да паняволенай Айчыны. А на іншае і сіл не заставалася. Ім ня трэба было стылёвых і рознакаляровых сукенак, ім хапала аднаго колеру – чорнага. Колеру іхняе паднявольнае долі, невыказнага смутку, тужлівай журбы па тых, каму забаронена вяртацца ў родны край. Каму наканавана памерці не на радзіме. Толькі таму, што яны паспрабавалі абараніць сваю Айчыну ад акупантаў, не паступіцца пачуццём уласнай годнасці”.
Аднак не толькі ў эстэтычным, пачуццёвым змесце крыецца значэнне гэтых фотаздымкаў. Як адзначае Алена Фірыновіч, яны таксама “ўтрымліваюць схаваную факталагічную базу, якая дэталізуе падзеі 1863-1864 гг. на ўзроўні чалавечага светаўспрыняцця, а таму вызначае новыя прадметы даследавання. Зразумела, што працэс выяўлення аб’ектыўнай інфармацыі, якая зафіксавана імі незалежна ад усведамлення стваральніка, дастаткова складаны. Аднак неабходна і лагічна выкарыстоўваць яе ў якасці дадатковай асновы пры зборы, дапаўненні, пацвярджэнні фактаў па гісторыі паўстання 1863-1864 гг.”[11].
Тым больш у гэтым накірунку застаецца праблемай не столькі выяўленне новых крыніц, як увядзенне ў шырокі ўжытак вядомых вузкаму колу навукоўцаў. Прыкладу, “паўстанцкага альбома” з 90 фотаздымкамі, які захоўваецца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, перададзены яму Пятром Маркевічам 22 кастрычніка 1922 года. У той жа час для беларускіх навукоўцаў застаюцца малавядомымі зборы архіваў і музеяў Расійскай Федэрацыі, дзе адбывалі пакаранне паўстанцы, а таксама Парыжа і Лондана, куды тыя выпраўляліся на эміграцыю.
Працы багата, аднак дзякуючы Язэпу і Каміле Янушкевічам можна сказаць, што край гэты пачаты. Спадзяемся на працяг з пашыранымі біяграмамі герояў партрэтаў “паўстанцаў і змагароў эпохі апошняга вялікага Супраціву нашых продкаў у ХІХ ст.”, як і абяцана ў самім альбоме.




[1] Гарбачова В., Фотаздымак як крыніца па гісторыі паўстання 1863 г. // Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі: Матэрыялы міжнар. Навук. Канф., Менск, 25 верасня 2009 г. – Мн., 2011. – с. 95.
[2] Gieysztor J. Pamiętniki z lat 1857-1865. Wilno, 1913.
[3] Kowalewska Z. Ze wspomnień wygnańca [Apolinarego Swiętorzeckiego], Wilno, 1911.
[4] Dybowski B. Pamiętnik od roku 1862 zacząwszy do roku 1878. Lwów, 1930.
[5] Напрыклад, Dowódcy Oddziałów w Powstaniu Styczniowym i współczesne Pieśni Rewolucyjne. Lwów, 1907.
[6] Напрыклад, Album pamiątek. Lwów, 1913.
[7] Харэўскі, С.В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі / С.В. Харэўскі – Вільня: ЕГУ, 2007. – С. 172.
[8] Гарбачова В., Фотаздымак як крыніца па гісторыі паўстання 1863 г.
[9] Гарбачова В. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках // Arche. 2010. № 12. С. 99-132.
[10] Фірыновіч А.Э. Паўстанне 1863-1864 гг.: вядомыя і невядомыя крыніцы беларускіх архіваў. – Мінск: Беларус. Навука, 2013. – 315 с. –
[11] Фірыновіч А., с. 77.

Комментарии