Акадэмік Перцаў У., Кастусь Каліноўскі (Да 80-годдзя з дня смерці). 1944. Частка 2.

Пачатак - тут.
Вярнуўшыся ў канцы 1862 года ў Вільню, Кастусь Каліноўскі пачаў агітаваць за свой план узняцця народнай рэвалюцыі сярод членаў Віленскага камітэта і схіліў на свой бок большую частку іх. Фактычна ён падначаліў сабе Віленскі камітэт, стаў яго галавой і душой і надаў яму “чырвоны”, гэта значыць рэвалюцыйна-дэмакратычны характар.
Але калі ў пачатку 1863 года пачалася польская рэвалюцыя,  перад камітэтам паўсталі вялікія цяжкасці. У яго не было згоды з варшаўскім Цэнтральным камітэтам і з узнікшым трохі пазней (з 10/22 мая 1863 г.) часовым рэвалюцыйным урадам Польшчы (так званы Жонд Народовы). Рэвалюцыйны ўрад Польшчы дзейнічаў нерашуча і з вялікімі хістаннямі. Ён баяўся прыцягваць да ўдзелу ў рэвалюцыі шырокія народныя масы, не хацеў задавальняць патрабаванняў сялян у аграрным пытанні і ва многіх адносінах ішоў на павадку ў “белых”. Народна-дэмакратычны кірунак дзейнасці чырвонага “Віленскага камітэта”, якім кіраваў Каліноўскі, здаўся ў Варшаве падазроным і небяспечным. У Вільню быў накіраваны варшаўскі агент Дзюларан, які паведаміў у Варшаву, што Літоўскі камітэт настроены па-сепаратыстку, вядзе агітацыю за нацыянальную незалежнасць Літвы і Беларусі і мае на ўвазе ўзняць сялянскую рэвалюцыю.
Аднак дзейнічаць адкрыта супроць Каліноўскага ў Варшаве знаходзілі небяспечным. Ён меў вялікую папулярнасць сярод мас і ўваходзіць з ім у просты канфлікт азначала-б адабраць у рэвалюцыі самыя істотныя і рэальныя сродкі барацьбы з царскімі войскамі. Таму ў Варшаве рашылі, не парываючы рашуча ў Каліноўскім, паставіць яго дзейнасць пад кантроль. Ва ўсе беларускія паветы былі пасланы агенты Варшаўскага памяркоўнага ўраду, якія, пад выглядам збору грошай на справу паўстання, пільна і наогул непрыязна сачылі за дзейнасцю Каліноўскага. Проста яны не перашкаджалі чырвоным узнімаць паўстанні, спадзяючыся, што чырвоныя ў барацьбе з царскім урадам патрацяць свае сілы, пасля чаго вынікі іх барацьбы можна будзе скарыстаць белым.
Пад уплывам дзейнасці Каліноўскага сялянскі рух шырока разгарнуўся ў Літве і на Беларусі. Ён набывае характар сапраўднай аграрнай рэвалюцыі. Энгельс у лісце да Маркса ад 8 красавіка 1863 года пісаў: “Літоўскі рух (пад Літвой тады разумелі ўсе ўладанні былога Вялікага княжаства Літоўскага) – цяпер самы важны, таму што ён, па-першае, выходзіць за межы кангрэсавай Польшчы і, па-другое, у ім прымаюць вялікі ўдзел сяляне” (Маркс і Энгельс, творы, т. ХХІІІ, ст. 142). У сялян у розных месцах Літвы знайшліся таленавітыя і смелыя кіраўнікі – ксёндз Мацкевіч, афіцэр рускай школы Серакоўскі, будучы ўдзельнік Парыжскай Комуны Ўрублеўскі, на Міншчыне –Траугут, але душой і галавой беларускіх мялян быў і цяпер, як і раней, Каліноўскі. У хуткім часе склалася сітуацыя, пры якой яго вялізарныя арганізацыйныя і рэвалюцыйныя здольнасці маглі праявіцца і развіцца ў поўнай меры.
Белых усё больш палохаў народны характар руху, які адбываўся ў Бітве і на Беларусі. Набыўшы перавагу ў Варшаве, яны вырашылі распусціць Чырвоны Літоўскі камітэт. У выпадку непадпарадкавання яны пагражалі апублікаваць імёны членаў Літоўскага камітэта ў замежнай прэсе, як здраднікаў рэвалюцыі. Каліноўскі пратэставаў, хаця пад уплывам пагозы белых зрабіў выгляд, што падпарадкуецца. На справе ён не толькі не падпарадкаваўся, але як-раз у гэты час развіў самую кіпучую дзейнсць. Белыя, якія папрабавалі было ўзяць рух у свае рукі, фактычна развалілі яго. Масы да іх не пайшлі, шляхта таксама ўхілялася ад актыўнай дапамогі паўстанцам, баючыся, каб рух не павярнуўся супроць яе самой. Надзеі на дапамогу з-за мяжы не апраўдаліся. У той-жа час Мураўёў-Вешацель развіваў энергічную дэмагагічную дзейнасць, абяцаючы сялянам пашырэнне плошчы землекарыстання і зніжэнне выкупной платы. У сялянскае асяроддзе ьыла пушчана чутка, што паўстанне было выдумана панамі для таго, каб адабраць палёгк маніфеста 19 лютага. Пад уплывам усіх гэтых умоў сярод паўстанцаў узніклі вялікія хістанні і сумненні ў канчатковым поспеху паўстання. Каб іх перамагчы, неабходна была цвёрдая і рашучая ўлада. На Беларусі гэту ўладу і ўзяў у свае рукі Каліноўскі. Галоўнай задачай гэтага крытычнага моманту, які перажывала тады паўстанне, было наладжванне сувязей з шырокімі народнымі масамі, і для вырашэння гэтай задачы не было лепшай кандыдатуры, чым Каліноўскі. Ім быў утвораны для Беларусі паўстанчы чырвоны ўрад (“Чырвоны Жонд”), і на чале гэтага ўрада з фактычнымі правамі дыктатара стаў ён сам. Ён спадзяваўся зрабіць тое, чаго не мог зрабіць Цэнтральны польскі ўрад, - а іменна арганізаваць шырокі народны рух. Другая палова 1863 года была перыядам самай кіпучай дзейнасці. Каліноўскі знаходзіўся ўвесь час у руху, выдаваў загады і адозвы, выпускаў у Вільні газету “Мужыцкая праўда” (выйшла 6 ці 9 нумароў), арганізаваў паўстанчыя атрады. Адзін за адным выбывалі са строю яго сябры і паплечнікі: адны ўцякалі за мяжу, іншыя гінулі ахвярамі мураўёўскіх катаў. Адзін Каліноўскі заставаўся на сваёй рэвалюцыйнай рабоце, адстайваючы з незвычайнай энергіяй дзве асноўныя ідэі, якія і раней былі асноўным зместам яго рэвалюцыйнай дзейнасці: надзяленне сялян зямлёй шляхам падзелу памешчыцкіх уладанняў і ўтварэнне незалежнай літоўска-беларускай рэспублікі. Ён жыў у Вільні, адкуль ішлі шырокія шляхі, што звязвалі яго з рэвалюцыйнай Беларуссю і Літвой, яму даводзілася па некалькі разоў на дзень пераапранацца і ўвесь час мяняць пашпарты і кватэры.
“Гэты адзін чалавек, - гаворыць аб ім адзін польскі гісторык, - меў значэнне сотняў, бо ён умеў працаваць, ахвяраваць сабой і хавацца. Яго звалі “хамам” і ён сам сябе так называў і ганарыўся гэтым прозвішчам, люта выступаючы супроць шляхты…” Сам Мураўёў павінен быў прызнаць яго арганізацыйныв талент. У “Справаздачы па кіраўніцтву Паўночна-Заходнім краем” ён пісаў: “Паўтанне было страшным не колькасцю ўзброеных атрадаў, але сілай і таямнічасцю рэвалюцыйнай арганізацыі, якая пакрыла сваёй сеткай увесь край”. На Беларусі на чале гэтай арганізацыі стаяў Каліноўскі, - і ўжо гэта дае яму права на прызнанне яго адным з самых таленавітых кіраўнікоў рэвалюцыйнага руху.
У той час, як Каліноўскага шукалі ўсюды, ён жыў у Вільні, не хаваючыся, хадзіў па яе вуліцах і абедаў у адчыненых рэстаранах. Між іншым, яго шукалі і ў Мінску. Туды быў накіраваны жандарскі палкоўнік Лосеў, які арыштаваў блізкага да Каліноўскага шляхціча Парфіяновіча, і той па баязлівасці выдаў Каліноўскага. Ён паведаміў на допыце, што Каліноўскі хаваецца ў памяшканнях, якія належаць касцёлу св. Яна ў Вільні, пад імем Вітольда Вітажэнца.
Уночы 7/19 студзеня 1864 года (сапраўдная дата – 17/29 студзеня – В.Г.) Каліноўскі быш арыштаваны і адвезены ў Дамініканскую турму. У турме ён напісаў ліст, адрасаваны “беларускаму народу”. У гэтым лісце маюцца такія радкі: “Няма, браткі,  большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек мае розум і навуку. Тады ён толькі можа быць у радзе, жыць у дастатках… бо збагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свій цэлы шчыра палюбіць… Ваюй, народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную”.
7/19 красавіка 1864 года (памылка, сапраўдная дата 10/22 сакавіка 1864 – В.Г.) ён па прысуду суда быў павешаны. Калін чыноўнік, які чытаў прысуд, абвясціў яго званне і імя: “Дваранін Канстанцін Каліноўскі”, ён спыніў яго словамі: “У нас няма дваран – усе роўныя”. Па расказах сведкаў, на эшафот ён узышоў смела, высок ўзняўшы галаву.
Так скончыў сваё жыццё гэты слаўны дзеяч беларускага рэвалюцыйнага руху, уся кароткая дзейнасць якога была самаадданым і бясстрашным служэннем свайму народу. Беларускі народ ніколі не забудзе таго, хто загінуў за яго шчасце, і яго памяці будзе прысвечана шмат і навуковых работ, і песень. У адной з такіх песень гаворыцца:
З агнём у вачах, з душою брата,
На вуснах з клічам вызвалення,
Агорнен ўвесь агнём сумлення,
Ён з вёскі ў горад, з кузні ў хату
Ішоў па землях беларускіх
І, як прарок, прарочыў людзям,
Сваім братам, што шчасце будзе.
(Алесь Гурло)

І сапраўды, любоў да людзей, клопат аб шчасці сваіх братоў беларусаў, - былі заўсёды асноўным зместам жыцця і дзейнасці К.Каліноўскага. Гэтага не маглі не прызнаць нават яго ворагі. За гэта яго шануе і любіць беларускі народ.

Комментарии