Даведка: Кастусь Каліноўскі (дадатак да мемуараў Якуба Гейштара, 1913 г.)

У сувязі з падрыхтоўкай да святкавання 50-х угодкаў Студзеньскага паўстання ў 1913-м, польская супольнасць вяла актыўную працу па выданню ўспамінаў вядомых удзельнікаў падзей 1863-1864 гг, сярод якіх выдзяляліся мемуары Якуба Гейштара (1827-1897). Гейштар быў кіраўніком Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, лідарам "белых" і ідэйным праціўнікам Кастуся Каліноўскага (Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. 2 t. Wilno, 1913). Важным элементам успамінаў Гейштара зрабіліся дадаткі да іх, у большасці сваёй - бібліяграфічнага характару. Гэта вынік працы некалькіх даследчыкаў, сярод якіх і Людвіг Чэрноўскі. Відавочна, менавіта ён стаў аўтарам змешчанай тут даведкі на Кастуся Каліноўскага (T. 1. S. 370-371).
У аснову даведкі, акрамя ўспамінаў Нікоціна і Масолава, ды артыкула Licza (“Gazeta Wileńska”, 1906, № 17), былі пакладзеныя таксама лісты сястры Каліноўскага Казіміры Багушэвічавай, ды спадарыні Марыі Плаўскай (апублікаваныя ў артыкуле Алеся Смаленчука «Асоба Кастуся Каліноўскага як даследчая праблема» у зборніку «Кастусь Каліноўскі іяго эпоха ў дакументах ікультурнай традыцыі», 2011).
Якуб Гейштар

(1827-1897)
У самой даведцы прыведзена шэраг цікавых момантаў, напрыклад, згадка пра "шматлікія рукапісы" Віктара Каліноўскага, якія былі прададзеныя ў Варшаву. Як і тлумачэнні блытаніны фактаў жыцця братоў Віктара і Кастуся Каліноўскіх, паколькі апошняму прыпісвалі дасягненні старэйшага брата (напрыклад, так зрабіў Браніслаў Ліманоўскі ў  сваіх працах). Таксама пададзена тлумачэнне ўжывання ў адносінах да Каліноўскага такой характарыстыкі як "сын ткача", аднак зроблена гэта без уліку той адмоўнай канатацыі дадзенага азначэння, якую выкарыстоўвалі ідэйныя праціўнікі - сучаснікі Каліноўскага, каб прынізіць Кастуся, паколькі таго называлі "мужыком" за яго погляды на ролю і падтрымку сялянства ў паўстанні. У той жа час Каліноўскаму акрамя "Мужыцкай праўды" прыпісваецца аўтарства адозвы “Пісьмо ад Яські Гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай”, што ў даследчыкаў выклікае вялікае пытанне.


Канстанцін Вікенцій Каліноўскі – адзін з самых дзейных удзельнікаў паўстанцкай арганізацыі ў Вільні, пра выключную ролю якога неаднаразова ўзгадваюць дадзеныя ўспаміны. У нас атрымалася сабраць ад сям’і наступныя дадзеныя пра яго.
Ён нарадзіўся 21 студзеня [па новым стылі - 2 лютага - В.Г.] 1838 года  ў Мастаўлянах Ялоўскай парафіі Ваўкавыскага павету Гродзенскай губерні, бацька – Сымон і маці – Вераніка з Рыбінскіх, са шляхты, якія мелі ў Якушоўцы ў 10 вёрстах ад Свіслачы (Ваўкавыскага павету) фабрыку ткацкіх вырабаў; таму таксама К. Кал. раз ад разу называецца “сынам ткача”, хоць такое азначэнне даволі павярхоўнае, бо, паводле інфармацыі, якую маем, Сымон Каліноўскі меў толькі агульны нагляд над фабрыкаю і прафесійным ткачом не быў.
Пасля заканчэння пяці класаў прагімназіі ў Свіслачы, К. Кал. падаўся да Пецярбурга. Тут яго забраў старэйшы брат Віктар Кал., які на той час працаваў у Імператарскай Публічнай Бібліятэцы і пакінуў шматлікія рукапісы, пазней прададзеныя за некалькі сотняў рублёў у Варшаве – невядома каму. У Пецярбургу Канстанцін Кал., пасля адпаведнай падрыхтоўкі і экзаменаў, паступіў у Пецярбургскі універсітэт і навучаўся як стыпендыят на праўна-камеральным факультэце, які скончыў са ступенню кандыдата (ва ўспамінах Гейштар называе яго “эксстудэнт Пецярбургскага ўніверсітэта”).
Перад паўстаннем ён прыбыў да краю, зрабіўся разам з Эдмундам Вярыгаю, Янам Казелаю і іншымі (якіх імёны падаюцца ва ўспамінах) адным з самых дзейных прадстаўнікоў "Камітэту руху". Ужо тады яго шукала паліцыя, бо, калі праз два тыдні пасля смерці брата Віктара (які памёр ад сухотаў у кастрычніку 1862 г.) прыбыў да дому да бацькоў на адзін дзень, адразу ж пасля яго ад’езду прыбыла са Свіслачы паліцыя, якая распытвалася пра яго.
Пасля аддзялення "Камітэту руху" (арганізацыя "чырвоных") з грамадзянскай арганізацыі ("белых") у "Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы", быў Калін., як вынікае з успамінаў Гейштара, самым руплівым, а адначасова самым радыкальна настроеным яго сябрам. Гэта ён стварыў арганізацыю ў Гродне, ездзіў у Коўна, хацеў абудзіць народныя масы і выдаваў у таемнай друкарні Нацыянальнага ўраду на беларускай мове газетку пад назваю “Мужыцкая праўда” (якой некалькі нумароў – вельмі рэдкіх – мае музей графа Мураўёва ў Вільні), а таксама адозвы на той жа мове, як, напрыклад, “Пісьмо ад Яські Гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай”.
Акрамя ўсяго, гуляючы па-просту з небяспекаю, будучы прысутным на амаль кожным смяротным пакаранні ў Вільні, з пашпартам Вітольда Вітажэнца, пражываў ён у Свянтаянскіх мурах, дзейнічаў цягам цэлага 1863-га году і быў напрыканцы, пасля выезду іншых на эміграцыю, арыштаў і смяротных пакаранняў, адзіным прадстаўніком цэнтральнай паўстанцкай улады ў Літве. Быў К. схоплены толькі ў студзені 1864 года, праз сведчанні Парфіяновіча, зробленыя для Камісіі А.М. Лосева ў Мінску.
Пасля двухмесячнага даследавання ў Следчай камісіі, у па-даніміканскіх мурах, дзе кіраваў генерал Сабалеўскі, Каліноўскі быў пакараны праз павешанне 10/23 сакавіка 1864 года ва ўзросце 26 гадоў на Лукішскай плошчы, “несучы таямніцу сваіх дзеянняў разам з сабою ў магілу. Пад шыбеніцай, падчас зачытвання прысуду, у якім ён быў названы шляхцічам, выкрыкнуў: “шляхты няма, усе роўныя!” Гэта было апошняе пакаранне, выкананае ў часы Мураўёва ў Вільні.
Тут варта адзначыць, што: 1) падвойнае імя Каліноўскага (Канстанцін Вікенці, і імя брата – Віктар) дало падставы да некалькіх баламуцтваў ва ўспамінах пра 1863 год, 2) Канстанцін Каліноўўскі не мае нічога агульнага (акрамя прозвішча) з Юзафам, сынам дырэктара шляхецкага інстытута, таксама актыўным ў арганізацыі ў Вільні (пра якога ніжэй).
Вышэй пададзеныя звесткі паходзяць: ад сястры Канстанціна Каліноўскага, Казіміры Багушэвічавай, ад спадарыні Марыі Плаўскай, а таксама з успамінаў Нікоціна, стр. 242-244. Таксама Licza “Gazeta Wileńska” (1906, № 17).

Комментарии