ДЗЁННІК ПАРТЫЗАНА. ЧАСТКА 6

22.09.13 Заснуў толькі напачатку семага. І ў 6:45 трэба было ўставаць. Цяжка даўся такі ранішні пад'ем пасля гэткай ночкі. Прачнуўся і адразу на кухню есці. Грэчка з булкаю ды згушчонкаю, плюс гарбата. Паеў, прыйшоў і спаткі. Прачнуўся напачатку дзесятага. Пайшоў памыўся ды стаў падшывацца і рыхтавацца да пастраення на 11 гадзін. Схадзілі на пастраенне, дзе да нас давялі, што трэба ва ўсіх пытаць пропуск падчас каравулу. Камбат таксама расказаў як адзін з пацыкаў пажартаваў, патэлефанаваўшы з мабілы і паведаміў аб быццам бы злоўленым дыверсанце, чым падняў полк сувязі на вушы. З ім добра паразмаўляла кантрразведка.
Камбат сказаў, што такія людзі, якія трапляюць на аловак кэдэбэшнікам, думаю, атрымоўваюць шмат праблем. Вось, напрыклад, пакіне яму бабулька з Амерыкі спадчыну, і яму трэба тэрмінова напрацягу двух тыдняў туды выехаць, але ен не зможа гэтага зрабіць. Больш ен так увогуле ў жыцці жартаваць не будзе. А таксама расказаў, што "и бедное четвертое кэпэпэ, которое отстреливалось до последнего третьего патрона".
Я прыйшоў і зноў забурыўся спаць, паколькі ночка давала аб сабе ведаць. Разбудзілі на абед: суп з трохі макарон і бульбы, пярлоўка, стакан соку і гарбата з белым хлебам. Прыйшоў і зноў спаць. Прадрых амаль да трох.
Потым да нас завітаў таварыш падпалкоўнік Г. і трэба ж было мне павітацца выйсці, як замест ложка прыйшлося ісці ды размаўляць. Аднак ён аказаўся даволі разумным мужыком і дасведчаным у псіхалогіі. Намагаўся ўсе пра мяне даведацца і сафістычнымі метадамі давесці, што мая пазіцыя няправільная ў пытаннях адстойвання роднай гісторыі і мовы. Тлумачыў, што яму цікавая не мая асоба, а мае думкі, якія, відавочна, падтрымлівае нейкая купка такіх як я.
Таварыш Г. спытаў акрамя ўсяго рознага, колькі ж у нас у краіне беларусаў. Серы сказаў, што давайце запытаемся ў прысутных, якіх акрамя спадара Г. было чацвера (разам са мною), і мы назваліся беларусамі. Таварыш Г. сказаў, што гэта не паказальнік, таму што тут праблема ў выбарцы і звярнуўся да мяне з пытаннем, як жа я лічу. Тады я пачаў прыводзіць лічбы з апошняга перапісу. Падпалкоўнік Г. махнуў на гэта рукою і сказаў, што гэтым лічбам нельга давяраць, ды зноў спытаў як асабіста я лічу. Я сказаў, што давяраю перапісу.
Падпалкоўнік Г. тады спытаў: а хто ж такія беларусы? Гаварыў, што павінны ж быць нейкія агульныя моманты, крытэрыі якія ўсе "беларусы" прымалі б. І ці есць такія ўвогуле?
Пасля кароткага ўступу і чарговых сакратаўскіх пытанняў спадара Г., я сказаў проста, што беларус - гэта той, хто лічыць сябе беларусам. І што ў маім разуменні, з'яўленне Рэспублікі Беларусь - гэта вышэйшае дасягненне гісторыі нашага народа ў ХХ стагоддзі. Падпалкоўнік увесь час намагаўся мяне спіхнуць на палітычныя пытанні, каб я выказаў свае стаўленне да нашых улад. Але мне надакучыла сітуацыя допыту, а не жывой размовы і я проста сказаў пра гэта таварышу Г., падкрэсліўшы яго статус падпалкоўніка і мой статус салдаціка, якім ен тут карыстаецца.
І ўсё ж ён даволі разумны, як, мусі, і большасць палітрукоў. Але яму такія як я мазоляць вочы. Хоць асабіста, мусі, ен супраць мяне нічога не мае, але яго прафесія патрабуе кантроля над такімі элементамі. Добра пагаварылі, хоць ён пра сябе нічога не сказаў, акрамя таго, што з Брэста і толькі раз у дзяцінстве чуў упадабаную яму літаратурную нашую мову. На прамое пытанне, чаму ен не хоча нам нічога пра сябе гаварыць, ён адказаў, што мы не тыя людзі, і з намі ен не еў разам і не жыў, каб мець да нас давер і чамусьці ў адзін з момантаў дадаў: "Были и у нас деструктивные элементы, которые не поддерживали систему и пытались проводить здесь свою работу. Но ушли на гражданку сержантами".
Я спытаў таксама наконт самагубстваў у войску, ці ёсць увогуле такія, паколькі сёння ранкам чыткануў у нэце, што ў нас ледзь не 6 самагубстваў у сярэднім на дзень 2012 года прыходзіцца. Гэтая лічба мяне вельмі насцярожыла і выклікала недавер. Аднак там было шмат розных разумных табліцаў і схемаў, таму можа яно і так. Пра гэта я спытаў у таварыша Г., на што ён сказаў: пры яго 19-гадовай службе ён стаў сведкам толькі адной спробы самагубства ад дурасці ў галаве, але хлопца ўратавалі.
Потым прыйшоў у намёт і зноў забурыўся баінькі. Прачнуўся незадоўга да вячэры. Рыс з крыху варанай рыбнаю кансерваю, тры кавалкі чорнага хлеба, адзін з якіх са згушчонкаю, гарбата.
Потым прайшліся па лесе ў пошуках дыверсантаў. Быў адзіночны стрэл. Сення ноччу зноў заступаць у каравул. Паелі другую вычэру. Падрымаў трохі, потым пачыткаў пацыкам урыўкі з гэтага дзенніка.
У 23:20 прыйшоў наш маер Т. і сказаў, што нам усю ноч поркацца і працаваць. Мне і Аляксею было сказана ісці і змяніць у каравуле Максіма і Віталю, якіх выклікалі рабіць нейкую патрэбную байдзень. У нашай палатцы-класе сабралося шмат народу.
Мы ж з Аляксеем пайшлі ў каравул. Лес даволі добра падсвечваўся з боку бэхадэ і дарогі. А на нашым 200-метровым участку былі толькі мы ўдвух, з двума каламі і ліхтаром. Ноч была цямнюсенькая, трохі пакропваў дождж, і ўвесь лес шумеў ад ветру. Так мы пахадзілі па маршруту да 2:07, пакуль не прыйшлі Генадзь з Андрэем Міхайлавічам.
Вярнуліся ў намёт, ляпнулі гарбаткі і без задніх ног навярнуліся баінькі, у той час, як Серы з Максімам працавалі да позняй ночы.

23.09.13 Прачнуўся ў 6:00, але мне цяжка было падымацца. Таму пасля таго як выйшаў папісюганіць, зноў адправіўся далей спаткі. Як раз вярнуліся з каравула Пятро і Віталя, апошні прычым пабываў у ім двойчы за ноч. У 6:40 прачнуўся, памыўся. Раніца паказвае, што дзень будзе цеплы. Большасць нашых спала і вырашыла не ісці снедаць, таму што ноч прапрацавалі то над выкананнем сваіх абавязкаў, то ў каравуле.
Сняданак: грэчка з тушонкаю, гарбата з булкаю са згушчонкаю, хлеб.
Прыйшоў і зноў забурыўся спаць. У 8:30 прачнуліся ад з'яўлення да нас пасярэдніка з міністэрства абароны палкоўніка Р., які прычапіўся да таго, што спім і парушаем рэжым, што ў нас брудна, што мы такія-рассякія. Нас паднялі, нягледзячы на цяжкую ночку.
Таварыш Р. сказаў, што слова "грыбы" ўвогуле трэба забыць. У нас, як і ў кожнай палатцы тут, у лагеры, грыбоў да халеры. Пазней Андрэй Міхайлавіч сказаў наконт сваей грыбной практыкі: "Я убегал от безделья, на которое меня обрекли". Пасля гэтага спадар Р. хадзіў па лагеру і скардзіўся, што мы вось гэдакія, што кожны дзень ямо грыбы. Ну такая, бачна, праца ў яго. Аднак калі б ён пакаштаваў грыбоў, прыгатаваных Давыдавічам, ці Андрэем Міхайлавічам, або тым больш нашым таварышам маёрам, то ён дакладна падабрэў і атрымаў ад іх сапраўдныя асалоду і задавальненне, адно б толькі слінкі глытаў. Тут чарговае пацверджанне аднаго з галоўных правілаў арміі: вінаваты не той хто здзейсніў, а той, каго запалілі.
У 12 гадзін зноў пацягнулі працаваць Серага, які апошнія два дні спаў па 4 гадзіны і робіць вялікую працу.
Падпалкоўнік Ш. сказаў патэліць у музей і дамовіцца, каб заўтра прапусцілі бясплатна ансамбль імя Аляксандрава і нашыя правялі для іх, па просьбе камандуючага ЗАКа, экскурсію. Я сказаў таварышу падпалкоўніку, што найбольш кампетэнтным у гэтым плане лічу Пятра і каб экскурсія была на вышэй высокага ўзроўні, то варта было б адправіць менавіта яго.
Перад абедам выконвалі свае непасрэдныя абавязкі.
У абед быў боршч, пярлоўка з кавалачамі тушонкі, гарбата ды белы і чорны хлеб.
Пасля абеда працягваем працу.
Надвор'е стварае прыемны настрой. Мо, нарэшце, дажджы прайшлі і апошнія дні вучэнняў па надвор'ю будуць як першыя. І гэта хоць не перашкодзіць правесці іх на самым-самым высокім узроўні, каб без праблемак. А то гэтыя дні суцэльнага дажджу ў нас пачалі выклікаць пэўныя турботы ў гэтым плане: для тэхнікі і людзей гэта вельмі цяжка.
Сення пяцёх партызан з нашага лагера адправілі дахаты з-за таго, што яны былі бухія. Вярталіся з задання ў лагер, на пад'ездзе да якога іх і зняла з машыны ВАІ, папрасіўшы выйсці з кузава.
Вечар даволі хутка прайшоў. Выконвалі пастаўленую задачу.
Дзень вельмі прыгожы, светлы і прыемны.
У 18 гадзін прайшоў старлей і я з Аляксеем пайшлі займацца новым заданнем. Збольшага яго зрабілі, пакуль у машынку не прыйшоў адзін маёр і не стаў трындзець над самым вухам, перашкаджаючы нам працаваць, пра што я і сказаў. Да таго ж гэты маер толькі на падставе маей мовы прылічыў мяне да ліку “апазіцыянераў”, пачаўшы з гэтага жартаваць і сказаўшы, што мяне нельга пускаць на нейкае заўтрашняе мерапрыемства з пісцікам на поясе, паколькі там можа быць Прэзідэнт з сынам Колем, апошні з якіх можа мяне застрэліць для забавы і ў дачыненні да якога той стаў адпускаць жарты. Я ж сказаў, што з Колем мог бы стаць лепшым сябрам і мы б разам з ім пастралялі некалькіх даўгаязыкіх людзей, маючы на ўвазе спадара маера, які перашкаджаў працаваць. Але ці ен не зразумеў, ці недачуў, размаўляючы са старлеем і Серым. Так ці інакш было амаль сем, таму  я з Аляксеем сабраліся на вячэру.
Макароны з тушонкаю, якой амаль не было, кавалак сала, гарбата, ды белы хлеб.
Пасля вячэры пайшоў мыцца ды патрапіў у душык. Файненька было, нягледзячы на вулічную дубарыну.
Пайшлі яшчэ па лесе прайшліся ў пошуках дывераў. Вярнуліся пасля праверкі ям. З Аляксеем пайшлі і дарабілі сваё заданне, нягледзячы на зніклы інтэрнэт. Армейскі нэт - гэта яшчэ тая маза.
Другая вячэра, падчас якой прыйшоў Жэня і назваў нам пароль на каравул "***-***". Максім з Віталікам дабраахвотна ўжо пайшлі ў каравул. Трэба наведацца яшчэ на ўскраек леса і праверыць схроны дывераў. Арганізавалі туды вылазку. У адным з хронаў я пакінуў свежа закладзеную схаваную міну класа зямля-зямля.
Прыйшоў, і чарговую раз не здымаючы на ноч ботаў, паклаўся спаць. Можна было спаць глыбока - сёння нам не гаварылі заступаць у каравул.
Некалькі разоў прачынаўся і бачыў заступаючых дабраахвотна на каравул хлопцаў, ды зноў правальваўся ў сон. У палове чацвертага прачнуўся, амаль цалкам выспаўшыся. Як звычайна ўзяў кала, адзеў перавернутымі флікерным бокам бушлат, падысподам якога быў кіцель, паверх таго рымень з пісцікам, які здымаю толькі, пакідаючы для дагляду таварышам, калі іду памыцца ды да прыбіральні (і то не заўседы). Прайшліся па маршруце з Давыдавічам, які выспаўся яшчэ да адбоя і набіраў на свежаасвоены ім планшык адзін з чарговых сваіх усмінаў-тэкстаў.
Цямрэча ды вецер. Падаючае галле ды сасновыя іголкі, час ад часу трапляючыя за шкірку. Але ў астатнім усе ціха. Вярнуліся пад намет, але як толькі пачаў варочацца сон, то пачуліся некалькі моцных выбухаў бабах-пакетаў і страляніна. Я ўскочыў як ашпараны, схапіўся за кол, пачакаў, пакуль апранецца Давыдавіч (сам пасля вяртання ляжаў ужо апрануты). Быў толькі пачатак пятага. Удвух мы выйшлі на маршрут. Праверылі ўсе, дабраліся да засады батальена аховы, дзе сядзеў адзін хлопец. Ен паведаміў пра нядаўнішнюю атаку на вузел сувязі і сказаў, што тут таксама лезуць. Я ўзяў ліхтар у правую руку, кол у левую, ды пачаў шорстаць па лесе святлом. Хутка да нас ужо падышлі тры партызана, якія дзякуючы флікерам на неперавернутых бушлатах былі бачныя яшчэ задоўга да іх набліжэння. Яны папрасілі ў аднаго са сваіх па халастому: "скажаш, што выстраліў, а там яны патрэбней".
Я пайшоў да месца вырубкі на ўскрайку лесу, паперадзе мяне пасоўваўся прамень ліхтара, час ад часу накіроўваемы і за спіну. Прайшоўся, нікога незнайшоў. А вось вецер у сукупнасці з соснамі ствараў непрыемную страшлівасць, час ад часу парыпваючы старымі дрэвамі. Я вырашыў прайсціся да ўскрайку леса, злева ад мяне з Давыдавічам туды ж у метрах ста рухаліся чацвера партызан. Я дайшоў амаль да лініі сховаў, але непрыемны трэск соснаў пад уздзеяннем ветру выклікаў у мяне мурашкі па спіне. Тут я азірнуўся па баках, ды не ўбачыў ні партызан злева ад мяне, ні Давыдавіча за мною. І тут я рэальна спалохаўся, хоць баяцца не было чым, паколькі мозг у імгненне вока намаляваў несуцяшальны сцэнар быць схопленым дыверсантамі. Не падаючы выгляду, яшчэ больш моцна сціснуўшы ў левай руцэ кол, я стаў паступова адступаць да нашага маршрута, дзе спакойненька стаяў Давыдавіч. Пра свае страхі я нічога яму, зразумела, не сказаў, але сустрэў яго як той партызан нас - з прыемным пачуццем роднасці і сапраўднай братэрскай любові.
Да шасці з Давыдавічам былі ў каравуле. Сустрэлі маёра Г., які правяраў пасты. Паказаў нам, як выглядае лес у прыборы начнога бачання. Файна лядзіцца, але маер сказаў, што ў дывераў апаратурка ў разы лепшая і што яны выходзяць на заданне групаю ў 4-6 чалавек. Адразу асацыяцыі з кампутарнымі гулькамі, але ўсе роўна да рэальнасці са спецыфічным зяленым колерам яшчэ распрацоўшчыкам працаваць і працаваць. Пабылі на пасту да шасці і дахаткі.

24.09.13 Прачнуўся ў 7 гадзін, разбуджаны Пятром. Пабудку свайго будзільніка прапусціў, таму хутка пайшоў умывацца. Памыўся ды есці. Сняданак: пярлоўка з тушонкаю, булка з лыжкаю згушчонкі, на якую прыляцела некалькі восаў, гарбата.
Прыйшоў, апрануўся ў бушлат і спаткі. Прачнуўся амаль у дзевяць і пайшоў дапамагаць запраўляць машынку.
Потым прыйшлося ісці ў Крынічнае з двума 20-літровымі каністрамі, каб набраць саляры. Вярнуліся. Зноў на паўгадзіны стаў разам з Аляксеем паперарэжчыкам, перарабляючы а3 у а5. Побач з намі ў палатцы Серы творча выконваў сваю працу.
Пасля гэтага гурбою навярнулі па кубку кавы і разам з Генадзем гадзінку паразміналіся на брусах і пападцягваліся. Падчас фізухі над намі вельмі нізенька праляцелі побач адзін з адным два верталеты - прыгожае відовішча, суправаджаемае моцным гукам, заглушыўшым гарматныя стрэлы, чутыя ўдалечыні. Перад абедам пачаўся моцны дождж.
Абед: суп з бульбы і гарохавага канцэнтрату ды макароны з тушонкаю, гарбата і тры кавалкі белага хлеба. Паеў і забурыўся баінькі. Праспаў з гадзінку, пакуль прачнуўся ад шоргату Пятра побач з ложкам. Ен вярнуўся з экскурсіі, падчас якой вадзіў ансамбль імя Аляксандрава. Сярод артыстаў таго тры прыгожыя жанчыны, таму кожны з нас па-добраму яму зайздросціў. Ен прывез мне шакаладку з арэшкамі. Шкада, што больш ён з намі не працуе. Іншага настолькі кампетэнтнага экскурсавода я не ведаю. Да таго ж ён добры сябра. Я трохі ўнутрана пасумаваў, але кубак кавы з шакаладкаю ды прыемная гаворка адвялі гэтыя думкі. Спадзяюся, што Пятру на новай працы будзе лепш і каб больш плацілі.
Перад вячэраю прыйшоў таварыш Ш. і паставіў мне з Аляксеем новую задачу.
Павячэралі рысам з кавалкам сала, рыбнаю кансерваю і гарбатаю з белым хлебам з лыжкаю згушчонкі.
Ішоў даволі моцны дождж, які пачаўся яшчэ ў другой палове дня.
Прыйшлі і селі за працу. Выканалі і тут пачалася другая вячэра, якая прайшла пад знакам салка з праслойкаю і паляндвіцы. Сення не каравулім, таму пасля насычанага працоўнага дню спакойненька трындзелі.
Спаць не хацелася і да гадзіны ночы тузаліся па лесе: я, Серы і Давыдавіч, дапамагаючы двум мужыкам з палку абслугоўвання. Але акрамя трох п'яных падпалканоў, якія ішлі не ў той бок да гасцініцы на крынічнае і спалохана сказалі мне "апусці кала", больш нікога не бачылі. Але ў баку дарогі чулі некалькі стрэлаў і два водбліскі ў тым накірунку. Прыйшлі, напіліся гарбаты і ляглі спаткі.

У пяць раніцы прачнуўся ад выбухаў бабах-пакетаў і страляніны, падняўся, устаў, папісюганіў, адчуў патрэбу ў працягу сна, ды далей лег спаць.

Комментарии