ДЗЁННІК ПАРТЫЗАНА. ЧАСТКА 5

20.09.13 Чарговы дзень ідзе дождж. Ранкам устаеш, ды коўзаеш па гразюцы ў берцах. Сення прачнуўся, пайшоў мыцца, а вада скончылася. Потым сняданак з грэчкі (двайная – Серы зноў аддаў) тушонкаю і кавалкам сала, ды гарбатаю з белым хлебам.
Да абеда яшчэ ўтрушчыў булку са згушчонкаю якую прынес Андрэй Міхайлавіч. Да таго ж у лесе, пайшоўшы ў лес па грыбы ды згубіўся Давыдавіч. Хлопцы яго знайшлі амаль праз пяць гадзін пасля яго знікнення. Добра, што знайшлі без усялякіх праблемаў і яго не схапілі дыверсанты.
Да абеда сядзелі ў класе, ствараючы выгляд працы. У 11 пайшоў дапамагаць запраўляць машынку. Перад самым абедам зноў рэзаў паперу а3 на а5. Нямала так нарэзалі.
Абед: файны суп, пярлоўка з тушонкаю, поўны 200-грамовік яблычнага соку, гарбата,белы хлеб. Потым крыху паваляўся, хвілін з 20, паколькі затым прыйшоў наш шафер і я дапамагаў яму зліваць саляру з 200-літровай бочкі ў бак. У нашай машынкі, аказваейца 4 бака. Потым схадзілі і атрымалі пісцікі. Мой нумар ******. Трэба памятаць.
У палове чацвертага да нас у намет Серы запрасіў пагрэцца нашага былога выкладчыка з ваенкі падпалкоўніка С. Я прачнуўся ды пайшоў зняць з зарадкі тэлефон, краем вуха чуўшы як спадар С. скардзіўся Сераму, што таму кожны дзень прыходзіцца прыязджаць на палігон. Серы сказаў, што гэта ж насамрэч файна, можа кожны дзень быць дома і спаць у нармульным ложку.
- Дома то дома, але прыходзіцца кожны вечар сушыць бушлат. Да таго ж прыйшлося на трыста тысяч заправіць бак.
Ну Серы не стаў ужо казаць таварышу падпалкоўніку, што таму ж далі месца ў гасцініцы армейскай, якое армія аплочвае ў 120тысяч рублеў.
Я вярнуўся, ды ў гэты момант прыйшоў пацык, які прыехаў з таварышам С. і які займаўся фатаграфаваннем ды прыйшоў да нас з парасонам.  Да таго ж да нас увайшоў і падпалкоўнік Г.
Распачалася жывая размова. Загаварылі і пра алкаголь, які на зборах "часоў цара гароха" ўжывалі ў вялікіх аб'емах. Я выказаў свае адмоўнае стаўленне да яго, да таго ж падпалкоўнік Г. аказваецца, малайца – завязаў з гэтай справай.
Таварыш С. распачаў гаварыць пра сенняшняе рашэнне аб забароне ўжывання цыгарэт ва ўнутраных войсках людзям у форме. Я адзначыў, што мне такое рашэнне цалкам падабаецца і я яго падтрымліваю. С. з Г. рэальна на мяне накінуліся, кусаючы раз пораз і Серага, напрыклад, у адказ на яго пытанне пра тое, ці можна будзе курыць электронныя цыгарэты, таварыш Г.сказаў: "конечно нет, ты же ее куришь. Но если ты ее себе в *опу вставишь, то тогда можно". Падпалкоўнік С. адзначыў, што калі ты п'еш безалкагольнае піва, то ніхто ж з даішнікаў не будзе разбірацца, што яно безалкагольнае.
 Да таго ж спадар Г. увесь час намагаўся мяне падкалоць, паколькі яму муляла слых мая гаворка. Таварыш С. дадаў, што на фронце наадварот усе падручнікі па псіхалогіі рэкамендуюць паліць, таму што гэта быццам дапамагае пры голадзе і супакойвае нервы. Я сказаў, што гэта на фронце, а мы жывем у мірных умовах і калі ж будзе вайна, то гэта ўжо зусім іншая сітуацыя. Але гэта яны не чулі і Г. стаў пытаць: а як я супакою байца ў стане стрэса? Я кажу, што гэтага проста не варта дапускаць.
-А якім чынам?
- За кошт высокай ступені маральнасці.
- Гэта што ж за маральнасць такая, -  тут таварыш падпалкоўнік стаў усміхацца.
Гаворка была і пра тэлевізар, і пра антэну. Я сказаў, што ў нас кепска тэлік цяне. Таварыш Г. пахваліўся, што ў іх добра, таму што класная антэна. Я вырашыў пажартаваць і спытаў, каб ён сказаў дзе знаходзіцца тая палатка з такой антэнай. Але Г. вырашыў перадзернуць гэтыя мае словы і сказаў, што я быццам хачу яе затырыць, і што хлопцы, якія там жывуць, яны ў адрозненні мяне нармульныя, таму што і кураць, і выпіваюць, і прыб'юць мяне за антэну. "Видишь какой он, не курит, не пьет, а как антенну с3,14здить, то это да". У дадатак таварыш падпалкоўнік спытаў, ці застрахаваны я. “Так, мама застрахавала”.
Паступова размова пайшла па гістарычнаму рэчышчу. Войны з Масковіяй, якія адразу выклікалі ўсплёск эмоцый. Серы ўзгадаў бітву пад Оршаю, на што С. сказаў, што гэта толькі адзін эпізод. А рускія білі тых, каго мы лічым нашымі тысячу і адзін раз. Таму няма тут чым ганарыцца, тым больш гэта былі не беларусы. Беларусаў увогуле не было, а гэта былі палякі. Усе мае спробы прывесці гістарычныя факты не прыносілі вынікаў, паколькі падпалкоўнік проста перабіваў і не даваў уставіць слова. Дадаткова троліў спадар Г., які ведамі не вылучаўся, але быў таксама падпалкоўнікам.
У адзін з момантаў Г. у мяне спытаў:
-Ты куришь?
-Не.
-Ты пьешь?
- Не.
- Ты женат?
- Не.
- Ну тогда с тобой все понятно.
Далей пайшла размова пра вайну 1654-1667 гг. С. сказаў, што рускія ішлі вызваляць праваслаўных ад польскага гнета. Што іезуіты, якія панавалі ў Польшчы (для С. ВКЛ таго часу гэта таксама Польшча) прыцяснялі праваслаўных і гэта прывяло да вайны, якая пачалася ў 1648 г. Расія не ўступала ў гэтую вайну 7 гадоў. І, напрыклад, у Гродна рускім войскам дапамагалі гродзенцы. Усяго толькі паўтары сотні казакаў было ў Гродна, а адзін з гродзенскіх шляхцічаў сабраў атрад і змагаўся з ім на баку рускіх. Вайна ды чума падкасілі насельніцтва Беларусі, а потым гэта быццам бы спісалі на рускіх і гавораць, што рускія знішчылі 56% насельніцтва Беларусі.
У гэты момант я ўсё ж не стрымаўся і, улучыўшы момант, калі таварыш С. пераводзіў дух, звярнуўся з чарговай просьбай даць слова мне як апаненту. Пачуўшы станоўчы адказ ад падпалкоўніка Г., стаў прыводзіць довады на ўзроўні, як мне падавалася, якія С. здолее зразумець. Усе яго неаднаразовыя спробы перабіць мяне я спыняў на карню і без перапынку гаварыў і гаварыў наступнае:
"Адкуль вы ўзялі лічбу 56%? да таго ж, спадар С., ніхто не гаворыць, што маскоўцы забілі больш паловы беларусаў. Беларускія гісторыкі падкрэсліваюць, што ў выніку вайны 1654-1667 гг. насельніцтва Беларусі скарацілася больш, чым напалову. і вялікая іх колькасць стала ахвярамі карных аперацый, як напрыклад, мсціслаўская разня, калі былі выразаныя 15 тысяч гараджан.
- Ну не 15, - адазваўся падпалкоўнік С., - а всего лишь 5. 15 тысяч? Да это был бы крупнейший город в мире.
- А пасля таго, як Аляксей Міхайлавіч захапіў Вільню і прыйшло разуменне, што захопленай тэрыторыі яму не ўтрымаць, ен выдае загад аб карным паходзе на Слонім і поўдзень Беларусі для паслаблення свайго ворага. А там жа жылі тыя ж праваслаўныя, каго, па-вашаму, Масковія ішла абараняць. А да таго ж у Масковіі была вялікая, пад 100 тысяч, армія, якой трэба было есці. І дзе яны бралі ежу? У тых жа "праваслаўных", якіх рабавалі, вынікам чаго станавілася ўтварэнне атрадаў шышоў, партызан. Да таго ж нашых праваслаўных у Масковіі роўнымі сабе не лічылі і нават шляхцічам праваслаўным прыходзілася прыносіць прысягу на вернасць цару і перахрышчвацца з праваслаўя на праваслаўе. Тое, што вайна ішла за інтарэсы праваслаўных прыдумалі пры Кацярыне Другой.
Вы гаворыце, што Масковія толькі пасля 7 гадоў уступіла ў вайну? Але ж яна дапамагала хмяльніцкай Сечы. Тым больш, ведаючы наступствы для Сечы гэтай дапамогі, яе знікнення пры Кацярыне Другой, страце аўтаноміі і ўключэнні ў склад Расійскай імперыі мы можам ацаніць кошт гэтай дапамогі. І калі гаварыць пра дапамогу Масковіяй "праваслаўным", то як вы аднясецеся да таго, што на тэрыторыі Беларусі пачнуць дзейнічаць сепаратысцкія незаконныя ваенныя фарміраванні, якім будуць дапамагаць трэція краіны, скажам Польшча? Ці вось вы гаворыце пра дапамогу нават з боку шляхты расейцам? Так, войскі Аляксея Міхайлавіча сапраўды першапачаткова віталі і станоўча ўспрымалі, асабліва сяляне. Але, калі ўспомніць 41-ы, дык у нас, напрыклад, у Заходняй Беларусі, былі выпадкі, калі хлебам-соллю віталі фрыцаў. Але гэта прайшло, таму што пабачылі, да чаго гэта вяло: смерці і вынішчэння. Да таго ж калі гэта такая машына, статысячная армія, то што простым людзям ёй супрацьпаставіць. Трэба выжыць”.
Размова перайшла на Масковію, паколькі я сказаў, што гэта не Расія. Расіі тады не было. Была Масковія, якая ўзрасла на грошах, збіраемых за татарскі ярлык з дапамогаю татарскіх войскаў з усёй беднай і разбуранай Русі. Што ў змаганні з гэтай татарскай Масковіяй рускай Тверы дапамагала Вялікае княства Літоўскае.
Г. і С. увесь час намагаліся мяне спыніць і замест аргументаў дадавалі фразы ў адносінах да мяне і да Серага кшталту: "Ах уж эти националисты. С ними нечего спорить, их все равно не переубедить".
Паступова размова перайшла да факту існавання саміх беларусаў. С. зноў сказаў што беларусаў у часы Аляксея Міхайлавіча, і тым больш раней, не было. Яны сталі з'яўляцца толькі пасля таго, як узнікла праваслаўная магілеўская беларуская епархія. Ды толькі праз 50 гадоў яе праваслаўныя сталі называць сябе "белорусцы". Тут ён узгадаў і нашых гісторыкаў, што яны няправільныя і несапраўдныя рэчы пішуць.
Г. уставіў некалькі словаў, спытаўшы: а што вось ты думаеш, што трэба лічыць кожную сутычку, калі адзін князек пабіў другога? У Расіі ж нават не ведаюць пра гэтую Аршанскую бітву, ды пра іншыя, якія мы ўлічваем.
- Хай у Расіі і не ведаюць - мне ўсе роўна, ведаюць яны ці не. Галоўнае, каб мы ведалі. Таму што гэта гонар, і ў кожнага народа ёсць нацыянальны міф, вакол якога ен аб'ядноўваецца. Як гэта Вы, таварыш С., жывучы ў Беларусі, дзяржаве нашага народа, адмаўляеце нам у існаванні?
Я ўжо не стрымаўся, і стаў гаварць, шо ен больш адстойвае інтарэсы нашага ўсходняга суседа, чым абараняе нашыя. Мяне ж сталі абвінавачваць, што я супраць Расіі. Аднак сказаў, што супраць нашага саюзніка нічога не маю, але гэта не значыць, што ва ўгоду саюзніку мы павінны выкідаць цэлыя старонкі нашай гісторыі.

Тут таварыш С. спытаў, ці былі мае продкі ў часы Аршанскай бітвы? Таму што свой род ён прасачыў да 17 стагоддзя, калі яго продкі былі ўніятамі. Але чамусьці паправіўся, што гэта не нашая вера, што да гэтага яны былі праваслаўнымі, правільнай веры.
Я сказаў, што канешне былі і ў жарт адзначыў, што ўвогуле Адам і Ева былі беларусамі. Падпалкоўнік Г. учапіўся ў гэтыя словы, успрыняўшы іх на поўны сур'ез. Ен спытаў: "и что, Маисей, Обама, и Нельсон Мандела тоже по-твоему белорусы?"
- Канешне, і Мандэла, і Маісей, і ўвогуле ўсе на зямлі. Толькі пакуль многія з іх пра гэта не ведаюць.
Тут зайшоў старлей і сказаў, што трэба ісці за расцяжкамі для канцэрта і сустрэцца з падпалкоўнікам К. Я стаў збірацца, а С. з Г. пакінулі наш намет.
Выходзячы з палаткі, падпалкоўнік С. сказаў падпалкоўніку Г.: "Хорошо, что истфак разогнали".
Апранулі плашчпалаткі. Я, Серы, Аляксей і старлей пайшлі чакаць падпалкоўніка К. Ен прыехаў на машыне даволі аператыўна, усяго спазніўшыся на 80 хвілін ад прызначанага ім жа самім часу. Мы ўжо паспелі прамокнуць як цуцыкі, нягледзячы на плашчы. Пайшлі на Крынічны амфітэатр здымаць расцяжкі. На сцэне было да халеры вады. Відавочна, дрэнажнай сістэму ў выглядзе пары дзірак па ўскрайку сцэны, будаўнікі не дадумаліся зрабіць. Стала зразумела, якім чынам там грымнулася дзяўчына з ансамбля. Зматалі іх і прынеслі ў палатку, па дарозе былі запыненыя салдатам. Прынеслі, пайшлі есці.
Вячэра: макароны з варанай кансерваю, кавалак сала ды гарбата. Потым памыліся. І тут патэлефанаваў падпалкоўнік Ш. і паставіў нам задачу для выканання. Хлопцы былі збянтэжаныя такім нечаканым, на самы вечар, рашэннем. Мне ж неяк нават стала прыемна, што можна чымсьці яшчэ заняцца і я адказаў казырнаю, і ўсе больш і больш усведамляльнаю фразаю: “Гэта ж армія”.

21.09.13 Ранкам прачнуўся, дажджу не было. Суперскі. Ранкам быў файны рыс з тушонкаю. Я навярнуў дзве порцыі. Ды гарбатка з булкаю і згушчонкаю. Потым з паўгадзінкі паваляўся, пакуль не прыйшоў старлей і трэба было займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі. Затым дапамагаў запраўляць нашую машынку і здымалі масксетку.
Абеду: файны суп, макароны з тушонкаю ды гарбата з хлебам. Трохі пагаварылі, потым 20 хвілін паляжаў і пачалі збірацца на канцэрт.
Былі на канцэрце, прысвечаным дню матастрылка, які быў усталяваны ў Беларусі ў 2005 г. Я ж таксама махровы. Даехалі туды нейкімі танкавымі дарогамі, быццам на амерыканскіх горках. Першая частка канцэрта была вельмі папсовая. Толькі дзеткі, нягледзячы на дробны дожджык і халадрыну, паказвалі жывы характар і даволі добранька танчылі. Бээмпэшкі з бэтээрамі выстраіліся паўколам. На іх размясціліся матастрэлкі і вэдэвэшнікі. Мы стаялі ў самай сярэдзіне. У другой частцы канцэрта выступіў з Расіі ансамбаль імя Аляксандрава, які вельмі добра праспяваў і ўсё спадабалася, акрамя апошняй песні, дзе яны спявалі, што мы ўсе служым Расіі. Такіх моцных галасоў я яшчэ не чуў. Пасля гэтага зноў былі амерыканскія горкі. Вярнуліся ў лагер, павячэралі грэчкай з тушонкаю і белым хлебам са згушчонкаю ды гарбатаю.
Я памыўся, прыехала наша машынка, разгрузіліся і даведаліся, што ў час нашай адсутнасці на лагер здзейснілі напад спецназаўцы. Арганізавалі разведку боем, са стралянінаю. Аднаго пацыка, які пайшоў пасцаць спецы схапілі і абасцалі.
Дарэчы, перад канцэртам на палігоне адзін з вадзілаў пайшоў па грыбы і нарваўся на дзве расцяжкі,якія запусцілі ракеты ў паветра. Прыбегла разведка і дала яму наганяю.
Андрэй Міхайлавіч расказваў, як у 2008 г. яны зрабілі лінію вакол свайго лагера, прыхаваўшы некалькі замаскіраваных схованак з гаўном, якое яны туды адкладалі тры дні. І спецназаўцы ўваліліся ў гэтыя ямы, калі спрабавалі пранікнуць у лагер. Наступленне спынілася, паколькі іх баявы дух быў падарваны ў прамым і пераносным сэнсе.
Нам сказалі, што цяпер будзем па два чалавекі кожныя дзве гадзіны ўдзельнічаць у патруляванні. 22 рота напала на 40 батальен, замініравала аб'екты размяшчэння батальёна.
Прыйшоў маер Г. і сказаў нам пароль "***-***". Сказаў, што нам выдзелілі ўчастак патрулявання і дадаў: біць нас ніхто не будзе. Яны будуць толькі пры дэмаскіроўцы адступаць. Але, зразумела, што насамрэч, спецы ніякіх правілаў прытрымлівацца не будуць і пры магчымасці далбануць па галаве і забяруць пісцік. Пайшлі і паглядзелі свой маршрут. я з Аляксеем у дзяжурстве з нуля да двух ночы. Прыйдзецца цягаць з сабою і пісцік. Праўда, галоўнае, не згубіць яго. Можна было б яго і не цегаць, але наш таварыш маёрс сказаў, што лёпш зброю насіць пры сабе: могуць прыйсці контрыкі і запытацца, дзе твой пээм. Сення ўвогуле ўсю ноч спаў з пісталетам на поясе.
Крыху кімарнуў. За пятнаццаць хвілін да прызначанага часу ўжо былі гатовыя. Поўны месяц, усе бачна як на далоні. Мы выйшлі да месца збору. Змяніліся. Заступілі ў каравул. Прыслухоўваліся да кожнага шоргату. Аляксей заўседы быў за пару метраў спераду, я з калом ззаду. Начальніка штаба запынілі. Таварыш Г. нават жартуючы казаў мне, каб кала прыбраў, бо баіцца, што магу яму ляпнуць. Самае небяспечнае ў нас месца - гэта тубзік, які пры абходзе я закідваў кавалкамі ветак. Аляксей сказаў, што неяк сумна нам у каравуле, бо няма дыверсантаў.
 Толькі ў палове другога ўбачылі іншага каравульнага. Ён нас троху ўзбадзёрыў навіною, што заўважылі трох дыверсантаў з боку бані. Сказаў нам лепш стаяць на месцы і прыслухоўвацца, чым хадзіць і выдаваць сябе.
У 1:45 злева ад нас з боку таго каравульнага пачулі крык "Стой, стрелять буду". Пачуўся бег некалькі параў ног, быццам якія ласі. Ен несся ў накірунку прыбірален. Аляксей накіраваў у той бок ліхтар, які пакуль не ўключаў. Пры набліжэнні гэтага гуку да нас, ён раптам уключыў ліхтар. Я заўважыў чыесьці ногі і гучна крыкнуў "Стой, страляць буду". Тыя, як ашпараныя, кінуліся ад нас у іншы бок. Я ж паказаў знак Аляксею і пабег на іх гук адначасова крычаў “Стой, блін!”, “Стой!”. Адбегшы так метраў сто пяцьдзесят, я раптам спыніўся і заўважыў, што стаю адзін пасярод начнога лесу. Ні святла, ні Аляксея не бачыў, і толькі чуў “ласёў”, якія далі добрага драпака. Але тут я таксама зразумеў, што мне не варта працягваць пагоню, паколькі я адзін, а іх колькі – не ведаў. Спыніўся, заўважыў ззаду святло ліхтара. Пайшоў назад. Праз некалькі хвілін побач з намі былі ўжо нашыя хлопцы. Яны пачулі, як я крычаў. Як аказалася, сёння вечарам старлей расказаў, што ў месца размяшчэння 6-й брыгады прыбеглі чацвера напужаных спецназаўцаў з гранатаметам, выпадкова ўбеглі у размяшчэнне брыгады, куды яны беглі ратуючыся ад тых, хто ім здавалася бег за імі. І там іх лавілі ўсім лагерам, пакуль упакавалі. Можа старлей і пажартаваў, не ведаю.
Праз дзесяць хвілін наша змена скончылася, прыйшлі перакусілі і ляглі спаць, але ўжо праз дзесятак хвілін зноў быў на нагах, паколькі побач з нашай палаткаю мы перахапілі двух салдат. Тыя вырашылі зрэзаць праз нашу тэрыторыю дарогу да кэпэпэ, куды яны ішлі на змену. Яны не ведалі пароль і вырашылі, што іх трэба патрымаць і паказаць начальніку штаба Г. Я пабег за ім, але ён бачна аглядаў пасты. Таму прыйшлося падняць камбата і прывесці хлопцаў да яго, дзе тыя выслухалі некалькі “добрых” словаў пра іх несур'езнасць і тупасць, паколькі яны не пайшлі прызначаным ім маршрутам. Карацей, вяселая ночка.
У палове чацвертага ў метрах пяцістах ад нас, побач з месцам размяшчэння радыстаў, пачуліся стрэлы. Гэта нашыя запалілі дыверсантаў і абстралялі іх. Канешне, халастымі, але, галоўнае, што заўважылі іх.
Наш маер Т. расказваў пра свае чарнобыльскае мінулае, куды ен быў накіраваны. Таксама расказаў пра устаў. Устаў пісаўся крывею. Таму яскравы прыклад – Афганістан. Калі нашыя войскі ў 1979 годзе ўвайшлі туды, ніхто не быў гатовы да вайны ў горных умовах. Салдат прызвычаіўся спаць. Першы год амаль не было баеў, але выразалі нашых, калі тыя засыналі ў каравуле.

Чаму нельга курыць у каравуле? Таму што звычайна пры ахове складоў зброі і боепрыпасаў закурыў і смерць. І справа тут не ў варожых снайперах, якія могуць заўважыць агонь цыгарэты, і не ў дыме, які можа за некалькі кіламетраў выдаць у лесе таго, хто паліць. Справа ў самой што ні на есць няўважлівасці і тупасці, пра што салдаты забываюць і ў выніку - смерць ад сваей жа тупасці.

Комментарии