ТЭОРЫЯ "ІНФАРМАЦЫЙНАЙ ВАЙНЫ"



Сучаснасць ставіць перад Чалавецтвам новыя выклікі. Традыцыйныя сілавыя спосабы вырашэння праблем паміж Дзяржавамі, як формамі сацыяльна-палітыка-эканамічнай арганізацыі людзей, ва ўмовах наяўнасці арсеналаў ядзернай зброі ставіць пад пагрозу само існаванне Чалавека як біялагічнага віда. Але станаўленне “інфармацыйнага грамадства” (М. Порат, Й. Масуда) выводзіць канфрантацыю на новы ўзровень, пераносячы яе ў свядомасць і нават падсвядомасць людзей. Увасабленнем дадзенай сітуацыі становіцца “інфармацыйная вайна” (далей - ІВ) як праблема нацыянальнай бяспекі.

Сам тэрмін ІВ як «information war» быў выкарыстаны вучоным-фізікам Т. Рэйнерам у 1976 годзе у адносінах войн, якія ставяць на мэце перамогу над інфармацыйнымі сістэмамі. Тэрмін пачаў інтэнсіўна распрацоўвацца з сярэдзіны 80-х гг. ХХ ст. І ўпершыню на яго звярнулі ўвагу падчас вайны ў Персідскім заліве ў 1991 г. Але спецыялісты США памянялі адценні дадзенага спалучэння слоў і сталі тлумачыць ІВ як «information warfare»: інфармацыйная дзейнасць, якая прадпрымаецца палітычным утварэннем, каб аслабіць або знішчыць іншае палітычнае ўтварэнне” [1]. Але да сённяшняга моманту паняцце ІВ носіць публіцыстычны характар і не ўвайшло ў шырокі навуковы ўжытак, што звязана з праблемаю яго тлумачэння. Так, беларускі даследчык Лазарэвіч А.А. зазначае, што ІВ “уяўляе сабою прынцыпіяльна новы від вайны” з дапамогай інфармацыі і інфармацыйных тэхналогій [2, c. 195]. Крыніна В.Ю. на аснове крытычнага аналіза прыходзіць да высновы, што інфармацыйная вайна – “камунікацыйная тэхналогія па ўздзеянню на масавую свядомасць з даўгачасовымі і кароткачасовымі мэтамі” [1].

У 1997 годзе Міністэрства абароны ЗША прыйшло да высновы, што ІВ можа стаць значнай перавагаю і рашаючым відам ваеннага “супрацьборства”, якое ажыццяўляецца ў асноўным (ці выключна) шляхам праграмна-тэхнічнага, радыёэлектроннага і фізічнага паражэння ваеннай і грамадзянскай інфармацыйнай інфраструктуры дзяржавы-праціўніка, дэзарганізацыі яго сістэм дзяржаўнага і ваенна-палітычнага кіраўніцтва, аказання кантралюемага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння на асабовы склад арміі і грамадзянскае насельніцтва як дзяржавы-праціўніка, так і яго саюзнікаў і суседніх дзяржаў пры адначасовай абароне ўласных аб’ектаў. Сутнасць такой вайны заключаецца ў нанясенні ваеннага паражэння праціўніку шляхам дасягнення і выкарыстання інфармацыйнай перавагі над ім.  

Шэраг расійскіх аўтараў указваюць на тое, што тэрмін “інфармацыйная вайна” ў адносінах да сучасных інфармацыйных спосабаў вядзення вайны не зусім адпавядае стану рэчаў і было б больш правільна называць гэты від ваенных дзеянняў “інфармацыйнай барацьбой” як інфармацыйны кампанент ўзброенай барацьбы.

Большасць аўтараў адносіць інфармацыйную вайну да сферы геапалітычнага супрацьборства. Так, спецыялісты Міністэрства замежных спраў РФ пад ІВ  разумеюць “супрацьборства паміж дзяржавамі ў інфармацыйнай прасторы з мэтаю нанясення шкоды інфармацыйным сістэмам, працэсам і рэсурсам, крытычна важным структурам, падрыва палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сістэм, а таксама масіраванай псіхалагічнай апрацоўкі насельніцтва з мэтаю дэстабілізацыі грамадства і дзяржавы”.

Панарын  лічыць, што “у канцы ХХ ст. інфармацыйная вайна ёсць асноўны сродак сучаснай сусветнай палітыкі, дамінуючы спосаб дасягнення палітычнай і эканамічнай ўлады”. Галоўнымі ж тэндэнцыямі інфармацыйнага супрацьборства ў свеце з’яўляюцца: барацьба за наасферу, у першую чаргу аб’ектамі яе стануць дзяржаўныя ідэі, духоўныя і нацыянальныя каштоўнасці, духоўная сфера жыццядзейнасці людзей; барацьба эліт; фінансавая вайна; супрацьборства ў інтэрнеце; інфармацыйнае супрацьборства падчас выбарчага працэса. Забеспячэнне бяспекі інфармацыйнага асяроддзя нашага грамадства – важная дзяржаўная задача.

Такім чынам, вылучаюць тры асноўныя разуменні паняцця інфармацыйнай вайны:
1. Асобныя інфармацыйныя мерапрыемствы і аперацыі, інфармацыйныя спосабы і сродкі кааператыўнай канкурэнцыі або вядзення міждзяржаўнага супрацьборства ці ўзброенай барацьбы;
2. Сфера ваеннага супрацьборства;
3. З’ява знешне мірнага перыяда міждзяржаўнага супрацьборства, якое дазваляе вырашыць знешнепалітычныя задачы несілавым у традыцыйным разуменні шляхам.

Элементы “інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння” для дасягнення сваіх мэтаў выкарыстоўваюцца людзьмі са старажытных часоў. Аб гэтым сведчыць вопыт старажытных рымлян. Так, перамога Рыма ў ходзе Пунічных войн вывела Італійскую дзяржаву на новую ступень - лідэра ў Заходнім Міжземнамор’і. Але галоўным сталася магчымасць выкарыстання перамогі ў якасці фактара ўздзеяння на сваіх ворагаў. “Карфаген павінен быць разбураны” – словы Катона, якія ён паўтараў пры любой магчымасці, пакуль адзін з першых зафіксаваных дэвізаў ІВ не быў рэалізаваны ў 146 г. да н.э. Вобраз Карфагена шырока выкарыстоўваўся рымлянамі як ўвасабленне “Імперыі Зла” свайго часу, а жыхарам Карфагена прыпісваліся адвергнутыя археалогіяй дадзеныя аб тым, што “пуны” забіваюць дзяцей у рытуальных мэтах.

Нягледзячы на выкарыстанне элементаў камунікацыйнага супрацьстаяння, толькі на сучасным этапе развіцця гісторыі Чалавецтва дасягнула стану, калі інфармацыя стала масавым жыццёва неабходным прадуктам спажывання. Тэндэнцыя да сімвалізацыі света з дамініраваннем вобразна-знакавых сістэм, пры якой уяўныя аб’екты замяняюць сапраўдныя, ставіць перад грамадствам праблему распазнавання праўдзівасці. Гэтая сітуацыя стварае магчымасць наўмыснай маніпуляцыі інфармацыяй з мэтаю ўздзеяння на свядомасць чалавека. Становішча чалавека, які выкарыстоўвае пры знаёмстве са светам вобразы вобразаў, а, у большасці выпадкаў, не вобразы рэальна атрыманыя ў выніку асабістага кантакта з аб’ектам (вобразы аб’ектаў) падымае праблему інфармацыйнай бяспекі.


Для існавання сённяшніх дзяржаўных інтытутаў у свеце неабходна суцэльнасць інфармацыйнага працэсу абмена інфармацыі не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой. Ва ўмовах геапалітычных пагроз – гэта стала актуальнай праблемай, аб чым мы маем ўяўленне на падставе Іракскай вайны. Так, размешчаная ў г. Атланта, штат Джорджыя, CNN забяспечвае ЗША спрыяльнае для іх асвятленне асноўных сусветных падзей. Амерыканскія спецыялісты зазначалі, што калі б арабы на пачатку ХХІ ст. валодалі каналам CNN, падзеі вакол Ірака атрымалі зусім іншы сусветны рэзананс [3, с. 29].

Шаціла Я.С. выдзяляе наступныя сродкі ўздзеяння на чалавека ў ходзе ІВ [4,c. 43]:
- сродкі масавай інфармацыі,
- літаратура,
- мастацтва,
- адукацыя,
- выхаванне,
- асабістыя зносіны.

Асаблівую ўвагу Шаціла Я.С. надае адукацыі [4]. Так, рэфармаванне сістэмы адукацыі ў суседняй РФ ён класіфікуе як элемент ІВ, выкліканы жаданннем разбурыць традыцыйную сістэму расійскай адукацыі. Праблема ў адукацыйнай сферы маецца перад шэрагам дзяржаў былога СССР, «утечка мозгов» з рэгіёна на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя выклікала ўсплёск развіцця інфармацыйных тэхналогій на Захадзе. Таму перад Рэспублікай Беларусь як дзяржавай, якая ўвайшла ў ХХІ ст. стаіць праблема ў сферы адукацыі і прыцягнення таленавітай моладзі да супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій. Беларуская «сіліконавая даліна» стала адным з першых крокаў на гэтым цярністым шляху, але неабходна прыкладаць значна болей намаганняў у дадзеным кірунку. Таму што калі эканоміку можна аднавіць, то інтэлектуальнае багацце страчваецца назаўсёды.

Перад грамадствам ўзнікае праблема інфармацыйнай бяспекі – комплекс мер, накіраваных на абарону асобы і грамадства, дзяржавы і іх інтарэсаў ад негатыўнага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння, у тым ліку з мэтаю прадухілення інфармацыйна-псіхалагічнай вайны [2, c. 190]. Інфармацыйная бяспека ўключае наступныя ўзроўні: інфармацыйная рызыка, пагроза, выклік, зброя, вайна. Загадам № 390 ад 17 ліпеня 2001 г. была зацверджана новая «Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Пытанням інфармацыйнай бяспекі ў Канцэпцыі прысвечаны асобны раздзел: «Бяспека Рэспублікі Беларусь ў інфармацыйнай сферы», дзе адзначана залежнасць рэспублікі ад замежных сродкаў інфарматызацыі. Толькі супрацоўніцтва дзяржавы і грамадства дазволіць стварыць умовы, пры якіх прымяненне інфармацыйнай зброі (як прыклад, творы Суворава-Рэзуна) будуць мець мінімальны каэфіцыент дзеяння.

Застаецца канстатаваць, што пры ІВ лінія фронту праходзіць у галовах простых грамадзян. Таму неабходны пошук канструктыўных спосабаў вырашэння дадзенай праблемы, адным з накірункаў якой з’яўляецца пашырэнне ведаў пра гісторыю Бацькаўшчыны і выхаванне на ідэях патрыятызма.

Літаратура:
1.                     Крыніна В.В.,  Дефиниции понятия «информационная война»: анализ российского и зарубежного опыта // Новые технологии. – 2009. - № 3.
2.                     Лазарэвіч А.А., Глобальное коммуникационное общество. – Минск: Беларус. Наука, 2008. – 350 с.
3.                     Уткін А.І., Новый мировой порядок. – М.: Алгоритм, Эксмо, 2006. – 640 с.
4.                     Шатило Я.С., Информационная война третьего поколения // Научно-практический журнал. – 2009 - № 1 (4) - с. 42-45.

Комментарии