У снежні 1942 года немцы правялі “адну з найбольш паспяховых аперацый” у Беларусі. Менавіта так у дакументах нямецкай паліцыі ахарактарызавана аперацыя “Гамбург” на Слонімшчыне, у час якой было знішчана 1676 партызан, 1510 спачуваючых ім мірных жыхароў, а таксама 2658 яўрэяў і цыган, якія хаваліся ў беларускіх вёсках ад акупацыйных улад. Згодна адкрытым архіўным дакументам, акрамя нямецкіх падраздзяленняў, у яе ажыццяўленні ўдзельнічалі 15-ы літоўскі, 115-ы украінскі і 271-ы латвійскі паліцэйскія батальёны. Таму, нездарма, сведкі ўзгадвалі і “рускі мат” і рускую мову з вуснаў удзельнікаў тых злачынцаў. Немцы ж і іх паслугачы карысталіся польскай мовай.
Манумент у вёсцы Васілевічы Слонімскага раёна ў памяць пра васілёўцаў, знішчаных падчас карнай аперацыі "Гамбург" |
За месяц
да ажыццяўлення аперацыі, 11 лістапада 1942 года камандаванне Вермахта выдала
сакрэтную “Інструкцыю пра абыходжанне з бандытамі і іх памочнікамі” згодна якой
“сама жорсткасць мер і страх перад пакараннем павінны ўтрымаць насельніцтва ад
дапамогі і садзеяння бандам”. У дадатак кіраўнік генштаба нямецкай арміі
Вільгель Кейтэль падпісаў загад, згодна якому “Гэтая барацьба не мае больш
нічога агульнага з салдацкім рыцарствам або палажэннямі Жэнеўскай канвенцыі...
Таму войскі правамоцныя і абавязаныя без усякіх абмежаванняў выкарыстаць у
гэтай барацьбе любыя сродкі, у тым ліку супраць жанчын і дзяцей, абы гэта
прынесла поспех”. Гэты ж дакумент здымаў з нямецкіх салдат усялякую адказнасць
за прымененыя дзеянні ў адносінах да мірнага насельніцтва на акупаваных
тэрыторыіях.
Аператыўны
загад аб правядзенні аперацыі “Гамбург” 7 снежня 1942 года выдаў начальнік СС і
паліцыі Беларусі Готтберг, які, акрамя прызначаных для знішчэння партызанскіх
лагераў пазначыў “вёскі, прыязна настроеныя да бандытаў”: “Разведчыкі называюць
наступныя вёскі, жыхары якіх асабліва дабразычліва адносяцца да бандытаў:
Васілевічы, Парэчча, Задвор’е, Ферадкі, Камлявічы, Паўлавічы, Ніз”. Аднак
мясцовае акупацыйнае кіраўніцтва праявіла ініцыятыву, знішчыўшы ў дадатак
насельніцтва вёсак Гарадкі, Баравікі, Акунінава, Вялікая Воля.
Вокладка кнігі "Я з вогненнай вёскі" |
Аперацыі
“Гамбург” прысвечана цэлая глава кнігі “Я з вогеннай вёскі…”, напісанай
нападставе размоў з жывымі сведкамі той бесчалавечнай акцыі, Алесем Адамовічам,
Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, яшчэ ў 1975 годзе. Пераважная колькасць
носьбітаў тых успамінаў ужо сышла, а для цяперашняга пакалення беларусаў, на
жаль, яны засталіся непатрэбныя.
У снежні
1942 года нямецкія сілы, аб’яднаныя ў баявую групу Готтберга, прыступілі да
рэалізацыі аперацыі “Гамбург” з мэтаю ліквідацыю 8 партызанскіх лагераў,
размешчаных у Ліпічанскай пушчы на правым беразе ракі Шчара. Дзякуючы дзейнасці
разведчыкаў, у тым ліку з саміх партызан, немцы мелі дакладную інфармацыю пра
знаходжанне тых, каго яны называлі “бандытамі” і нават іх камандзіраў –
палкоўніка Барысава, Булака і Максіма.
Аднак
колькасць партызан у амаль 3000 чалавек была завышаная ў разы. Гэта дазволіла
немцам накіраваць для аперацыі 7 батальёнаў і яшчэ некалькі ротаў – у агульнай
колькасці каля 3500-3800 чалавек пры падтрымцы артылерыі і бранетранспарцёраў.
Што было рабіць з імі, калі высветлілася: маштаб партызанскага руху на
Слонімшчыне значна меншы, чым паведамляла разведка? Менавіта тады аперацыя
“Гамбург” ператварылася ў карную. Напрыклад, у вёсцы Вялікая Воля засталося
толькі 9 з 286 жыхароў. Людзей растрэльвалі проста з кулямётаў. Іван Іосіфавіч
Павачка ўспамінаў: “Першая кулямётная чарга прайшла па галовах ляжачых, і быў
смяротна паранены мой сын Міхаіл, а мне куля на левай руцэ адарвала сярэдні
палец, а безыменны і мезенец раздрабіла. Мой сын паспеў сказаць: “Тата, мне
баліць”,— і кончыўся”.
Нямецкія
падраздзяленні ўваходзілі ў вёскі і нападставе арганізацыі сходаў або праверкі
пашпартоў збіралі ў адным месцы насельніцтва. Пры гэтым выкананне растрэлаў
адбывалася па-рознаму. Напрыклад,у вёсцы Гарадкі, экзекуцыя пачалася пасля
польскага слова-сігнала “бэндон”, аб чым успамінаў Пётр Іосіфавіч Саўчыц:
“немец хутка адступіў назад два крокі, а салдаты пачалі біць па ўсіх — і па
людзях, і па солтысу. У немцаў так было дагаворана паміж сабой”.
У
выпадку вёскі Акунінава, 22 снежня ўсіх яе жыхароў сагналі ў сад. Іван
Ігнатавіч Рубец успамінаў: “Хадзілі па хатах, шукалі, дзе хто схованы, нават
былі старыкі і жанчыны, каторыя не маглі ісці,— іх дабівалі ў хаце...” Але,
нягледзячы на гэта людзі не маглі паверыць у тое, што ўжо ўсведамлялі. Калі ж
на іх вачах застрэлілі аднаго старога і акружэнца, які працаваў у кузніцы
малатабойцам, пачалася паніка, людзі разбягаліся хто куды. Менавіта на гэта
разлічвалі фашысты, выкарыстоўваючы дадзеную сітуацыю для адпрацоўкі страляніны
з засады па мішэнях, якія рухаюцца: “Але тут круга саду і круга вёскі сядзелі
засады, кулямёты стаялі. Куды б ты ні пайшоў, цябе— скрозь спатыкала. Хто
ўцякаў — ніхто не ўцёк”. У выніку было забіта 229 чалавек, а сама вёска ператварылася
ў папялішча.
Калі ў
Акунінава растрэльвалі ўсіх без разбору, то ў вёсцы Баравікі адбіралі
ўдзельнікаў партыханскіх сем’яў, актывістаў, і нават тых, хто яшчэ ў міжваенны
час засвяціўся ўдзелам у КПЗБ. Як было ў выпадку Марыі Рыгораўны Кулак:
“Пераходжу я туды з тым дзіцем. Стаю. Да партызанскіх сем'яў нас усіх
далучаюць. А кулямёты так стаяць усе! Тыя людзі — як заплакалі! Усялякімі
галаскамі, як пчолы. Яны — як касанулі! Усё... Як касанулі па нас, я ўспела
накланіцца. А на мне такі ватовік быў тоўсты. Парвала мне куляй ватовік і так
мяса закаціла, што рукою не накрыць. Каб яшчэ чуць, дык яна б у мяне сюды
выйшла, куля. Я ляжу жывая, і дзіця жывое. А я так жму яго ліцом, а яно
крычыць. Чуствую, што задушваю, сэрца баліць. I я жывая, і дзіця жывое... Пушчу
вальней, яно закрычыць… А яны ходзяць з пісталетамі і дабіваюць. Дайшоў да
мяне, чуе, што дзіця крычыць, а на мяне ён не падумаў, што я жывая: валасы ў
мяне панясло і хустку, і тутака кроў... У тое дзіця бахнуў і мне пальцы
прастрэліў. Як дзяржала я яго за лічыка, так і ў мяне пальцы ён прастрэліў. I
дзіця сціхла, кроў на мяне, чую, свішча на твар...”
Самы
жудасны лёс быў адведзены вёскам, якія немцы пазначылі як “прыязна настроеныя
да бандытаў”. 16 снежня 1942 года жыхарам Васілевічаў было загадана сабрацца на
сход у цэнтры вёскі. Так атрымалася, што ў гэты сцюдзёны зімовы дзень дарослыя
мужчыны выехалі на нарыхтоўку лесу. Жанчыны ж з дзецьмі спачатку паўдні
памёрзлі ў чаканні ўпаўнаважанага са Слоніма па прозвішчы Экерт, які прыехаў на
таксі і адразу загадаў усіх васілёўцаў загнаць у бліжэйшае гумно, каб затым яго
падпаліць. Бачна, Экерт моцна спяшаўся назад у горад. Але калі высветлілася,
што больш двухсот чалавек уціснуць у гаспадарчую пабудову немагчыма, загадаў
гнаць іх у канец вёскі.
Марыя
Фёдараўна Сасноўская, у якой у час акцыі забілі шасцёра дзяцей, прыкрыўшы целам
толькі аднаго малодшага сына, успамінала: “I тады пагналі нас на могліцы. А я
яго пад сябе, закруціла і ўпала на яго (паказвае на сына, што сядзіць побач),
калі пачалі страляць. Чую, ужо мае нагі няма, ранена ўжо нага. А я ўжо... чую:
кроў кап-кап-кап... Ямаў яны не капалі. Прама прыжануць дзесяць чалавек,
паложаць на зямлю... I мы гэта лажымося... Вядома, каб чалавек не бачыў гэтыя
кулі. I гэтак усё ў галаву, у галаву... Калі маіх дзяцей пабілі потым — я ўжо
не бачыла і не чула, бо не паднімалася. Усіх перабілі, адно адна жанчына...
Дзяцей яе пабілі, яна бачыць, што іх пабілі, а сама скінула валёнкі і бягом у
Парэчча. Тыя ўжо не гналіся за ёю і не забілі. Але ўсё роўна сохла-сохла яна і
памерла. А тады ўжо назаўтра пазганялі падводаў, мужчынаў, выкапалі яму такую
велькую, як капец, і тады ўсіх гэтых трупаў пацягалі і пазакрывалі. Не з нашай
вёскі мужчыны, вераб'ёўскія і разанаўскія. У нас не было падводаў. Нашы каторыя
мужчыны былі, то яны паехалі на вывазку ў лес. Адно жанчыны былі дома...”
Уратаваны
жанчынай сын Аляксандр дапаўняў маці: “Калі ўсіх перабілі, пашлі ў дзярэўню
тыя немцы. Давай па хатах хадзіць, куры браць, парасёнкі, пачалі грабіць.
Чуваць было нам на могілках, як яны грабілі тут усё”. Не ведаў васілёвец, што
такія дзеянні паліцэйскіх загаддзя былі ўлічаны нямецкім камандаваннем, у плане
якога прапісана: “Трафеі, дабытыя ў выніку аперацыі “Гамбург”, пасля
задавальнення патрэбаў частак, якія змагаюцца, паступаюць у распараджэнне
раённых камісараў”.
Тэкля
Пятроўна Герасімчык дадавала: “Я на могілках ляжала, не чула, ці каго стралялі,
бо ў мяне сэрца забілася, і не помню... Я пасля ўжо ачнулася — нікога няма,
толькі вакол трупы ляжаць... Я падняла галаву — ой, ужо не бачу нічога на адно
вока, мне ўсё тут запухла. Куля тут во папала і праз вока выйшла. Я паднялася,
зноў упала, бачу: дзіця ляжыць нежывое. Я гавару яму: «Косцік, Косцік», а ён
нічога, ужо нежывы. Тут свёкар забіты, тут залоўка ляжыць. Ятроўка забітая з
дзіцем. Я паднялася і зноў упала...”. У выніку ў Васілевічах немцы і іх
памагатыя растралялі 270 чалавек.
Вёсцы
Парэчча пашчасціла. Яе жыхары былі папярэджаныя і ўратаваліся. У адрозненні ад
Паўлавічаў і Нізоў.
У
Паўлавічах ўсіх вяскоўцаў сагналі ў адну акружаную патрулямі вялікую хату. А
побач, выводзячы па 8-10 чалавек, адбываўся растрэл. Марыя Міхайлаўна Скок
успамінала: “Во гэтак во: за адну руку дзяржыць, падвядзе пад яму і ў затылак
б'е... Там у іх чатырох чалавек было, каторыя расстрэльвалі, пазакатваны пасюль
во рукава і дзяржаць ліворверы ў руках. Адзежа на каторых была лепшая, дык яны
здымалі і ў кучу скідалі. З жывых яшчэ, да расстрэлу. Падвядуць да ямы і— у
затылак. Сто два чалавекі са мной было ў той магіле. Са ста двух чалавек —
адна. Мяне зразу...як выстралілі, то я ўпала і без чуўсцвія была, а пасля
дайшла да сазнання. Дык яны во — у ладошкі!..
Вечарэла
ўжо. Каб дзе пад ніз, дык дзе я там устала б, а то наверсе ляжала. Парасстрэльвалі
і ў ладошкі пахлопалі.
- Вот,-
гавораць,- капут вам!
Я гэта
помню ўжо. Я гэта да памяці дайшла. Відаць, яны яшчэ хацелі гранаты кідаць, але
потым нешта пагергеталі і пайшлі.
Ой, што
было піску, енку!.. Там многа жывых людзей падушылася. Але не было іх каму
раскапаць. I прасіліся: і “ратуйце нас!”, і “спасайце нас!”, але не было каму.
А яшчэ і
да бою здзекаваліся: і віламі паролі, і нагамі хадзілі, і білі — ой!.. Дзеці
малыя былі, то па жывых нагамі хадзілі. А некаторыя зналі, што немцы яйца
любяць, нясе каторае дзіця яму яічак ды просіцца, каб не забілі. А ён як дасць
яму нагою, дык яно і перакуліцца —і з нагамі па ім пайшоў…”
Пры
гэтым менавіта дэталі, якія засталіся ў памяці жыхаркі Паўлавіч кранаюць да
глыбіні душы: “Адзін хлопчык, гадоў яму, мусіць, шэсць — устаў, і знаў ён,
прыпомніў, дзе гэта бацьку пагналі,— у другую хату пайшоў. А яны сустрэлі яго,
у картафляную яму завялі... Увесь у крыві, ранены, а яны ў картафляную яму
завялі і дабілі. А дзевачка сядзела — мацеру забілі, а яна, чатыры годзікі,
сядзела і ўсё прасілася: “Мама, годзе спаць, уставай, ідзем дадому!” I таксама
расстралялі”.
Кадр з фільма "Ідзі і глядзі" |
У
наступнай вёсцы, Нізы, карнікі загадалі капаць яму пад будучыя растрэлы
сагнаным для гэтага мужчынам. Але тыя адмовіліся. Тады немцы аддзялілі ад іх
вяскоўцаў ад 16 да 40 гадоў і накіравалі іх у Слонім для адпраўкі ў Германію.
Астатніх жа сагналі ў адну хату, з якога выводзілі невялікімі групамі за гумно
і растрэльвалі з пісталетаў у патыліцу, - кожны немец свайго падканвойнага.
Яўгенія Адамаўна Бардун цудам уратавалася: “Даводзілі нас да сарая. Тады я
забегла неяк наперад сястры. Немец ей у патыліцу стрэліў, а яна мяне з ног
збіла, і я так засталася. Яна на мяне ўпала так во — ад шыі да пояса, а на ногі
— другіх людзей куча навалілася. Людзі да мяне ўсё падыходзілі, іх стралялі,
яны на мяне валіліся. Але галава мая была наверсе, не пад людзьмі, і так я і
ўцалела. I ўжо як тут пабілі, дык сталі біць на другім канцы вёскі. А я ўжо
ляжу. Засталося тры хлопцы раненых, мае равеснікі " раненыя, у трупах. Я
падняла голаву — яны плачуць, раненыя, кроў цячэ з іх. I я аказалася да іх,
чуць галаву прыпадняла. Але не ўстала, бо мне не было як устаць: на мне трупы
велькія ляжалі. Я аказалася, і тут ляціць немец. Даляцеў да іх і з вінтоўкі
проста падабіваў”. У Нізах карнікі забілі 296 чалавек.
22
студзеня 1943 года немцы паведамлялі пра поспех аперацыі “Гамбург”, у час якой
было знішчана 5918 жыхароў Слонімшчыны. Немцы ж мелі ўсяго 7 забітых і 18
параненых. Нездарма, яе назвалі”адной з найбольш паспяховых”. І толькі першай у
шэрагу многіх іншых.
Комментарии
Отправить комментарий