У ЦЕНЮ КОБРЫНСКІХ ШЫБЕНІЦ: НАВАСЁЛКАЎСКАЕ ПАЎСТАННЕ

У верасні 1933 года ў Кобрыне адбываўся надзвычайны суд, пад час якога намеснік начальніка аддзела дзяржбяспекі Беластоцкага ваяводства пан Высакіньскі заявіў:“Я гляджу на гэты працэс вачыма трохсот паліцэйскіх, якія загінулі на дарогах Палесся. Жывём як на вулкане. Любая іскра можа ператварыцца ў пажар. Пацыфікацыі [уціхамірванні] былі неабходныя. Неабходныя таксама і кобрынскія шыбеніцы… Шыбеніц тут патрабуюць усе, якія жывуць на гэтых землях… Усе, хто не размаўляе па-польску, патрабуюць шыбеніц…”. У першую чаргу, пан Высакіньскі меў на ўвазе 9 падсудных, якіх абвінавачвалі ва ўздыме паўстання на Кобрыншчыне з мэтаю аддзялення Заходняй Беларусі ад Польшчы.

Помнік у гонар паўстання ў в. Навасёлкі

Змаганне за канфіскаваныя каровы

1933 год у Другой Рэчы Паспалітай выдаўся складаным. На Кракаўшчыне ўспыхнула сялянскае паўстанне, у якім удзельнічалі некалькі тысяч чалавек. Іх мэтаю была барацьба з секвестратарамі – зборшчыкамі падаткаў. Цяжкая сітуацыя назіралася і ў Заходняй Беларусі, асабліва на Палессі, якое, па заўвазе газеты “Ілюстраваны штодзённы кур’ер”, “гэта ХІІІ або XIV стагоддзе”.

25 ліпеня на канферэнцыі Брэсцкай арганізацыі КПЗБ Мікалай Дворнікаў (мянушка “Максім”) прапанаваў падняць насельніцтва рэгіёна на абарону польскіх сялян. Выступленне рыхтавалі паскораным тэмпам, паколькі ў гэты ж дзень у вёсцы Ляплёўка Дамачаўскага раёна (сёння – Брэсцкі раён) пачаліся сутыкненні з паліцыяй даведзеных да адчаю сялян. У Брэст было адпраўлена наступнае сакрэтнае данясенне:
“Даношу. 25 ліпеня г.г. вечарам зборшчык падаткаў Вахмін у суправаджэнні трох паліцыянтаў Дамачаўскага паліцэйскага пастэрунка (участка) у час збору падаткаў у вёсцы Ляплёўка сустрэлі асаблівы адпор жыхароў вёскі.
Пад кіраўніцтвам мясцовых камуністаў натоўп сялян каля 150 чалавек, узброеных дубінкамі, каменнямі, уступіў у барацьбу з паліцыяй. Натоўп напаў на зборшчыка падаткаў і адбіў дзве канфіскаваныя каровы, якія належалі Івану Касцючыку і Лукашу Мелешчуку, самым упартым неплацельшчыкам. Натоўп закідаў паліцыю каменнямі, палкамі і адбіў кароў. Зборшчыку падаткаў, які выстраліў з пісталета, засыпалі вочы пяском, паліцэйскі таксама зрабіў папераджальны выстрал. Аднак натоўп насядаў. Паліцыя, не знаходзячы іншага выхаду, як завалодаць сітуацыяй, пабегла з вёскі. Але натоўп наступаў на паліцыю і за вёскай, наносячы ім удар. Адзін з паліцэйскіх быў вымушаны прымяніць зброю і двума выстраламі смяротна параніў Лявонція Баганскага, які праз некаторы час памёр”.
У ноч на 26 ліпеня ў Ляплёўку былі накіраваныя 30 паліцэйскіх, якія ажыццявілі сапраўдны пагром, які афіцыйна называўся “пацыфікацыяй” або ўціхамірваннем. У арганізацыі выступлення абвінавацілі КПЗБ, паколькі 31 ліпеня ў аўтобусе на шашы Дамачова-Брэст каля станцыі Дубіца была затрымана інструктар партыі Рэгіна Каплан (мянушка – “Валя”). У сваіх пасляваенных успамінах Каплан адмаўляла сваю датычнасць да этага выступлення, падкрэсліваючы яго стыхійны характар.

Навасёлкаўскае паўстанне

Мясцовая арганізацыя КПЗБ была занятая падрыхтоўкай узброенага выступлення. Яно павінна было пачацца паходам у вёску Булькова да маёнтка памешчыкаў Малачэўскіх, якія не выплацілі сялянам запазычанасць за палявыя работы. Паход быў прызначаны на 4 жніўня.

Ужо загаддзя людзі пачалі збірацца каля вёскі Радванічы. Аднак гэта быў толькі адцягваючы манёўр. Сапраўдным цэнтрам выступлення павінны былі стаць Навасёлкі – вёска ў 1200 жыхароў, у якой размяшчаліся гміннае кіраўніцтва, участак паліцыі і паштовае агенцтва.

Штаб выступлення ўладкавалі паміж вёскамі Франопаль і Радванічы.

Увечары 3 жніўня адбыўся выпадак, які перакрэсліў увесь далейшы ход распланаваных падзей. У 9 гадзін вечара паліцэйскі Кнароўскі, праязджаючы на ровары на скрыжаванні дарог каля вёскі Паўлапаль, сустрэў грамаду сялянскай моладзі. Адчуўшы небяспеку, напалоханы паліцэйскі хутка падаўся ў бок Навасёлкаў. Але на шляху яму сустрэлася другая суполка, якая накіроўвалася з Навасёлак.

На пытанне Кнароўскага “Dokąd, Panowie?” прагучала “Бі яго!” Паліцэйскі так спалохаўся, што кінуў на дарозе ровар і торбу, а сам стаў ўцякаць. Услед яму грымнулі стрэлы. Кнароўскі быў паранены ў пятку і плячо. Але яму пашанцавала дабрацца да пастарунка ў вёсцы Навасёлкі.

Камендант паспрабаваў паведаміць у Кобрын пра пачатак сялянскага бунта. На адваротным баку тэлефоннай лініі ніхто не адказваў. Аднак з пастарунка быў працягнуты яшчэ адзін кабель – да вёскі Дзівіна. Менавіта адтуль у Кобрын адправілася вестка пра пачатак паўстання.

Такім чынам, планы КПЗБоўцаў былі парушаны ў выніку абставін і пралікаў. Навасёлкаўская група, перарэзаўшы адну лінію сувязі (з Кобрынам), рушыла на злучэнне з астатнімі сіламі. І толькі потым, спахапіўшыся, паўстанцы спілавалі тры слупы на лініі Навасёлкі-Дзівін. Але было ўжо позна: на падаўленне паўстання выступілі буйныя сілы паліцыі.

У гэты час група сялян з вёсак Дарафеевічы, Навасёлкі і Паўлапаль колькасцю ў 70 чалавек абкружылі сядзібу мясцовага асадніка Ксенскага – Бельск. Пасля таго, як ён адмовіўся выйсці на двор, сяляне ўзламалі дзверы ў яго хату, а затым наведаліся яшчэ да двух асаднікаў. У выніку ў руках паўстанцаў апынуліся тры рэвалюверы. На пытанне “Хто вы такія?” асаднікі пачулі: “Цяперашняя ўлада ўжо скончылася. Цяпер будзе наша ўлада”.

Далей ранкам атрад выступае ў кірунку Навасёлкаў. Сяляне запатрабавалі, каб іх суправаджаў Ксенскі. У Навасёлках яны накіраваліся да дзвярэй пастарунка. Ксенскі выступіў пасярэднікам у перамовах з камендантам Дамброўскім, які доўга не слухаючы, пачаў страляніну. У адказ пачалі страляць і сяляне з тых некалькіх рэвальвераў і паляўнічых стрэльбаў, якія мелі. Астатнія проста ж закідвалі пастарунак каменнямі. Перастрэлка доўжылася каля гадзіны.

Пасля правалу спробы захапіць паліцэйскі ўчастак выявілася далейшая немагчымасць працягваць выступленне, лёс якога ўжо быў прадвырашаны. Таму пасля абмеркавання, кіраўнікі выступлення вырашылі распусціць сялян па хатах.

На світанку некалькі грузавікоў з узброенымі паліцэйскімі прыбылі ў вёскі Франопаль і Радванічы, заняўшы там баявыя пазіцыі. Побач ішоў мітынг. Выступаў Дворнікаў, як раз у той самы час, калі адбываліся падзеі ў Навасёлках. У Радванічы прыбег сувязны і прынёс хвалюючае паведамленне. Паўлопальскі падрайком пад кіраўніцтвам Лявонція Багдановіча ў парыве гневу вырашыў, перш чым пайсці ў Радванічы, а потым на памешчыкаў і ў Брэст, ачысціць сваю тэрыторыю ад паліцыі і ваенных асаднікаў. Спроба ж гэтая скончылася поўным правалам.

Паліцыя разагнала мітынг, і пачала праводзіць арышты. 5 жніўня на Палессі было аб’яўлена ваеннае становішча. У Кобрынскі і суседнія паветы ўлады сцягнулі паліцыю і вайсковыя часці.

Барэльеф на Навасёлкаўскай школе ў гонар паўстання

Кобрынскі суд

Ужо 2 верасня ў Кобрыне пачаўся ваенна-палявы суд, які павінен быў стаць паказальным для ўсёй Заходняй Беларусі. Каб патрапіць на гэтае відовішча, неабходна было прайсці пяць пастоў паліцыі. У саму ж судовую залю прапускалі па білетах, кошт якіх даходзіў да 10 злотых.

Ваенна-палявым судам у Другой Рэчы Паспалітай падлягалі ўсе справы, якія ахоплівалі артыкулы 93-1 і 94, п.1 Крымінальнага кодэкса. Гэтыя артыкулы прадугледжвалі пакаранне за замах на незалежнасць Польшчы і аддзяленне ад яе часткі тэрыторыі або замах на прэзідэнта краіны.

Менавіта надзвычайным судом судзілі 8 найбольш актыўных дзеячоў КПЗБ на Берасцейшчыне: Л. Багдановіча, І. Кіцеля, В. Ніканчука, А.Гузюка, С. Казловіча, І. Лісковіча, Р. Мацюка і Р. Цімашчука. Самымі маладымі сярод іх былі Аляксей Гузюк (21 год), Іван Кіцель (23 гады) і Васіль Ніканчук (29 гадоў). Галоўнае ж абвінавачванне было скіравана супраць “Валі” (Рэгіны Каплан) – інструктара КПЗБ, яўрэйкі па нацыянальнасці, якая была арыштана за пяць дзён да паўстання і за сто кіламетраў ад Навасёлкаў.

Удзельнікі Навасёлкаўскага паўстання

Падсудныя абвінавачваліся ў тым, што жадалі адарваць паўночна-ўсходнюю тэрыторыю ад Польшчы. На заяву абароны ў тым, што гэтае абвінавачванне несправядліва, пракурор адразу ўзгадваў праграму КПЗБ, у якой гаворылася: “адарваць Заходнюю Беларусь ад дзяржавы Польскай і далучыць яе да БССР”. Адвакатамі абароны выступілі самыя вядомыя людзі з Варшавы, такія як Лурач, Вінавер, Дамброўскі, Брэйтэр і іншыя.

Следства спачатку будавалася на паказаннях падсуднага Лявона Багдановіча, 40-гадовага селяніна-палешука, якому падчас допытаў скалечылі абедзве нагі. Але ён, як і астатнія 8 абвінавачаных, адмовіўся прызнаць сваю віну:
“Я не вінаваты. На следстве мяне мучылі, і пісалі тое, што хацелі”.
Ужо ў першы дзень суда выявілася, што дэфензіва ў дачыненні арыштаваных прымяняла страшэнныя катаванні: прапускалі праз цела электраток, лілі ў лёгкія праз нос ваду, бензін, білі да страты прытомнасці, ламалі косці…

3 верасня ў БССР у газеце “Звязда” было апублікавана паведамленне пра падзеі ў Кобрыне:
“Узброенае выступленне сялян у Заходняй Беларусі. Дзевяці ўдзельнікам выступлення пагражае смяротная кара”. Пра судовы працэс публікаваліся падрабязнасці не толькі ў польскіх газетах, але і савецкай “Праўдзе”.
У першы ж дзень пракурор запатрабаваў пабудаваць у Кобрыне 9 шыбеніц для абвінавачаных, каментуючы: “Злачынства было цяжкае і пакаранне павінна быць суровым”.

За 7 дзён суда былі апытаныя 35 сведкаў, якімі выступалі паліцэйскія, апранутыя ў свае мундзіры, следчыя ў цывільным адзенні, даносчыкі (канфідзенты), асаднікі. Адной са сведак абвінавачвання выступала нават маладая жанчына па прозвішчы Мінкус, якая сядзела ў Кобрынскай турме ў адной камеры з Рэгінай Каплан. Яна 6 разоў арыштоўвалася за крадзяжы, а ў турме атрымала ад наглядчыцы заданне сачыць за Каплан. І паспяхова яго выканала, выхапіўшы ў Рэгіны хлебны мякіш з сакрэтным пісьмом (грыпс).

Па прапанове абароны на працэс быў выкліканы цяжка хворы кіраўнік Бунда адвакат Эрліх.

Галоўная лінія абвінавачвання грунтавалася на прынятым у 1932 годзе новым крымінальным кодэксе Польскай рэспублікі, у якім было замацавана: усім, хто са зброяй у руках імкнецца адарваць Заходнюю Беларусь ад цэласнасці Польшчы і далучыць яе да СССР, пагражае смерць. Але адвакат Эрліх павінен быў пацвердзіць, што КПЗБ і КПП з 1932 года змянілі сваю праграму і сталі выступаць толькі за “самавызначэнне”, частку ж пра “далучэнне да СССР” партыя проста зняла.

КПП-КПЗБ заяўлялі пра неабходнасць свабоды беларускага народа. Куды ж яму далучыцца, гэта воля самога народа. І Эрліх станоўча з гэтым справіўся. Нават намеснік начальніка беластоцкай дэфензівы Высакіньскі, нягледзячы на патрабаванне смерці для падсудных, згадзіўся, што КПЗБ выправіла сваю праграму. Але прычыну для гэтага бачыў не ў рэальнай змене генеральнай лініі партыі, а ва ўзмацненні жорсткасці крымінальнага кодэкса Польшчы.
Пракурор жа ва ўвесь голас заклікаў: “Павесіць іх!”

8 верасня з апошнім словам на судзе выступіла Рэгіна Каплан:
“Я веру, што прыдзе дзень, калі не будзе надзвычайных судоў. Я не разумею наогул, як у век культуры, асветы і развіцця тэхнікі можа быць што-небудзь падобнае”.
9 верасня быў вынесены прысуд: 8 палешукоў былі асуджаны да пажыццёвага зняволення, а справу Каплан перадалі ў Пінскі суд, які прызначыў ёй 15 гадоў. Агульная ж колькасць падсудных за ўдзел у Навасёлкаўскім паўстанні дасягала 40 чалавек. 13-17 снежня 1933 года адбыўся самы буйны “працэс 22-х”. Па яго выніках чатыры селяніна атрымалі па 12 гадоў турмы, яшчэ 14 чалавек асудзілі на 10 гадоў, дваім меру пакарання вызначылі ўмоўна, а дваіх апраўдалі.

Так скончылася спроба КПЗБ арганізаваць узброенае паўстанне ў Заходняй Беларусі ў 1933 годзе. Яго наступствам стаў разгорнуты паліцэйскі тэрор і пацыфікацыі ў дачыненні да насельніцтва Палесся.

У 1967 годзе ў вёсцы Навасёлкі быў пастаўлены помнік у гонар паўстанцаў, а ў 1983 годзе на будынку мясцовай школы зроблены барэльеф у гонар 50-годдзя паўстання.

Комментарии