Адам Ястрэмбскі ўважліва разглядаў рэвальвер – адзін са шматлікіх, якімі быў
запоўнены пакой. У адрозненні ад астатніх гэты, аздоблены раслінным узорам на
металічнай частцы, меў яшчэ і дэкараваную разную ручку. За такой прыгажосцю
Адаму было не да вясёлых жартаў, якімі бавілі час яго чацвёра сяброў па Горыцкім
земляробчым інстытуце, займаючыся чысткаю і прадуваннем рэвальвераў, прывезеных
Міхалам Янкоўскім.
Сам Янкоўскі, выключаны з вучэльні яшчэ зімою, знаходзіўся ў горадзе нелегальна.
Цяпер ён аб чымсьці размаўляў з Язэпам Лапаю, які раскладаў па мяшэчках
свінцовыя кулі, параскідаўшы багата тых па пакоі. Меланхалічнаму Язэпу знайшлі
не надта прыдатную для яго характара працу, але якая ўжо розніца, калі заўтра ён
разам з Адам будзе ў ліку тых, хто пачне ў Горках Рэвалюцыю. Менавіта так
успрымалі распачатае ў Польшчы паўстанне, якое ўжо ахапіла Літву і зараз павінна
распаўсюдзіцца па Беларусі. Адам кінуў некалькі позіркаў на сяброў – Савіцкага і
Мачульскага, якія па чарзе настаўлялі адзін на аднаго рэвальверы. Быццам малыя
дзеці, яны часам то выдавалі гук страляніны, то ледзь не падалі на падлогу, а
пасля гучна смяяліся.
“Няўжо так жа яны будуць і маскалёў біць?” – падумаў
Ястрэмбскі і зірнуў на Мачульскага. Ад усмешкі сябры ён сам незаўважна адкрыў
рот і паказаў пажаўцелыя ад тытуню зубы. Узгадалася, як яны разам пару дзён таму
гулялі ў більярд у пакоі дырэктара Траўтфэтара і Мачульскі так разышоўся, што
ледзь не разбіў шыбу.
Прыемныя ўспаміны перарваў рэзкі, да болю ў вушах, гук, і
юначы твар у адно імгненне перастаў існаваць. Замест яго выглядала сапраўдная
пачвара, якая пацягнула 17-гадовага студэнта долу. Адам адчуў моцны спалох, ад
якога ўсё цела здранцвела і ён, не заўважна для сябе, страціў прытомнасць.
Толькі вядро сцюдзёнай вады, прынесенае Савіцкім, вярнула яго ў рэчаіснасць.
Адам паспрабаваў падняцца, але ногі не слухаліся. Ён апынуўся на падлозе, яшчэ
не разумеючы, што здарылася з Мачульскім. Адам падцягнуўся да сябра, спрабуючы
намацаць яго пульс, схіліўся над акрываўленым тварам, намагаўся злавіць вухам
яго подых. Безвынікова.
- Ён ужо мёртвы. Яму ніяк не дапаможаш! – гучна сказаў
Янкоўскі, падтрымліваючы Лапу.
- Ты ж не доктар! Скуль ты ведаеш? Можа яшчэ
штосьці можна зрабіць? – Язэп спрабаваў вырвацца, але, здаўшыся, пачаў плакаць.
З гэтай карціны выпаў толькі Савіцкі, які адышоў бліжэй да дзвярэй суседняга
пакойчыка і адвярнуўся да сцяны, каб ніхто не бачыў яго твару.
- Адам, ты з
намі? – запытаўся Міхал Янкоўскі. Ястрэмбскі злёгку нахіліў галаву, усё яшчэ
працягваючы сядзець на падлозе і ледзь заўважна прабубнеў: “Дрэнны знак”.
Цела
Мачульскага загарнулі ў коўдру і схавалі пад ложак, а пасля з паўгадзіны чакалі,
што пагрукаюць у дзверы з патрабаваннем адчыніць. Але ніхто не завітаў. Горкі
сустрэлі ноч на нядзелю Юр’ева дня (5 траўня, або 23 красавіка па ст.ст.)
забойствам, якое было прадвесцем хуткіх шматлікіх ахвяраў, але, мабыць, толькі ў
Адама прамільгнула гэтае прадчуванне. Горад спакойна спаў. Лапа, Янкоўскі і
Савіцкі заняліся далейшай падрыхтоўкай зброі, быццам нічога не здарылася.
Ястрэмбскі ж перайшоў у суседні пакойчык і доўга думаў, што, мабыць, іхная
Рэвалюцыя забярэ яшчэ не адну ахвяру. Можа, у тым ліку і яго. Як бы паставіўся
сам Мачульскі, калі б загаддзя хто сказаў яму, што здарыцца? Можа б проста збёг
з горада, не азіраючыся назад і забыўшыся на тыя летуценні, якія віравалі ў іх
галовах усю вясну?
[...]
Мачульскага, загорнутага ў коўдру і схаванага пад ложак, знайшлі. Царскія ўлады
палічылі, што ён стаў ахвяраю паўстанцаў і таму быў пахаваны побач з забітымі ў
Горках рускімі салдатамі. На надгробку з’явілася ўзгадка, што тут спачувае цела
таго, хто не бараніў жыцця, каб застацца верным трону. Двух малодшых братоў
Мачульскага дзяржава змясціла ў кадэцкі корпус на ўласны кошт.
Комментарии
Отправить комментарий