Бел-чырвона-белы
сцяг сёння стаў сімвалам Беларусі, што ўзнялася на барацьбу супраць гвалту і
несправядлівасці, і гэта бачыць увесь свет. Народ, які перамог фашызм не
пацерпіць яго праяў у ХХІ стагоддзі. Менавіта таму нацыянальны сцяг набыў новы
змест пасля пралітай крыві нязгодных пры задушэнні выступленняў дэманстрацый у
Мінску і іншых беларускіх гарадах, пасля катаванняў на Акрэсціна, пасля
забойства Аляксандра Тарайкоўскага і смерці Аляксандра Віхора. Беларусы
ператвараюцца ў сапраўдную нацыю, аб’яднаную змаганнем за волю, праўду і
справядлівасць, і менавіта ў гэтым нашая галоўная моц.
Таму сілы,
якія супрацьстаяць нашым каштоўнасцям, імкнуцца дыскрэдытаваць сімвал нашай
еднасці. Гавораць, што “ён выкарыстоўваўся пасобнікамі акупантаў” у гады
Вялікай Айчыннай вайны. Але гэта больш чым несправядліва, бо ў такім разе трэба
“адмяняць” сучасныя дзяржаўныя сцягі паловы еўрапейскіх краінаў, у тым ліку
Расіі, Францыі, Даніі і Нарвегіі.
2. Аўтарам БЧБ як беларускага нацыянальнага сцяга з’яўляецца архітэктар і адзін з творцаў Беларускай Народнай Рэспублікі Клаўдыюш Душ-Душэўскі (1891-1959), ураджэнец мястэчка Глыбокае, чый прадзед загінуў у паўстанні 1830-1831 гадоў, а дзед – у паўстанні 1863-1864 гадоў. У 1940 і 1952 гадах Дуж-Душэўскі арыштоўваўся НКУС, у час Другой сусветнай вайны адмовіўся ад супрацоўніцтва з немцамі, быў арыштаваны за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Правянішкесе.
3.
БЧБ
стаў набываць значэнне нацыянальнага сімвала пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917
года. 12 сакавіка ён ужо стаў галоўным элементам падчас свята “нацыянальны
Дзень беларускага значка”, калі бел-чырвона-белыя значкі, кукарды і сцяжкі
можна было пабачыць на вуліцах Мінска. Сцягі, пашытыя паводле эскіза
Дуж-Душэўскага былі разасланыя ў мясцовыя арганізацыі. Адзін з іх 17 траўня
атрымаў у Слуцку Радаслаў Астроўскі. Бел-чырвона-белыя стужкі выкарыстоўвалі
вайскоўцы-беларусы, якія знаходзіліся ў Адэссе. Шырокі ўжытак БЧБ набыў падчас Першага Усебеларускага з’езду снежня 1917
года, на Беларускай нацыянальнай канферэнцыі ў студзені 1918 года, і стаў
афіцыйным сімвалам Беларускай Народнай Рэспублікі.
4.
Пра стварэнне сцяга
Клаўдыюш Дуж-Душэўскі ўзгадаў ва ўспамінах, датаваных 31.8.1934 года, што
пацвердзіў падчас допытаў у НКУС у 1940 годзе: «Цікава адзначыць, што беларусы
лічылі сваім дзяржаўным сцягам такой жа сцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік
на чырвоным фоне, але нацыянальнага сцяга тады яшчэ не было, і мне давялося
зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з якіх быў прыняты, а
менавіта белая, чырвоная і белая палосы. З гэтага часу гэты сцяг і з’яўляецца
беларускім нацыянальным сцягам».
5.
Чаму Клаўдыюш
Дуж-Душэўскі абраў менавіта дадзены варыянт беларускага нацыянальнага сцяга
даюцца розныя тлумачэнні. Аднак відавочна, што ён, у першую чаргу, кіраваўся спалучэннем
традыцыйных нацыянальных колераў з глыбокім хрысціянскім падтэкстам. Нездарма
спалучэнне бел-чырвона-белага ўжывалася беларускай Праваслаўнай царквой задоўга
да ўвядзення гэтага сцяга ў якасці нацыянальнага. Як прыклад, выявы прылічанага
да ліку святых зямлі Беларускай архіепіскапа Георгія Каніскага (1717-1795), а таксама выкарыстанне іх Праваслаўнай царквой.
6.
У міжваенны час бел-чырвона-белы сцяг быў
сімвалам барацьбы за незалежнасць. Сведчаннем таму сталіся шматлікія фотаздымкі
з тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе яго ўжыванне з’яўлялася рэчавым доказам
“антыдзяржаўнай” дзейнасці супраць Другой Рэчы Паспалітай, што пагражала
штрафам і нават зняволеннем. Ім карысталіся беларуская эсэраўская партызанка,
беларускія хадэкі, Таварыства беларускай школы, і некаторыя структуры
Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Бел-чырвона-белы сцяг ужывалі і
беларускія спартоўцы. Нават заходнебеларускія камуністы ставіліся да яго
прыхільна, аб чым сведчыць верш “Ты чуеш, брат?” (1930 г.) паэта-камуніста
Максіма Танка, які сёння як ніколі актуальны:
Вятры, лёд
крышучы, гудуць,
Як на сваю
радзіму з песняй
Зноў птушкі
з выраю лятуць.
І вы
рыхтуйцеся ў паход,
Каб знішчыў
путы векавыя
Наш
заняволены народ.
Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў
доўгачаканы час,
Пад сцягам
бел-чырвона-белым
Чакае
перамога нас.
Гартуйма
нашу еднасць, моц!
Вядзі нас,
Воля прасвятая,
Да новай
славы, новых сонц!
7. У гады
Вялікай Айчыннай вайны бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся як нацыянальны
сімвал (у іншым выпадку гэта было б немагчыма), адпаведна як і ў іншых краінах
Еўропы, акупаваных нямецкай арміяй. Аднак ніякіх паленняў вёсак пад бел-чырвона-белым
сцягам не было. Паліцыя, напрыклад, насіла белыя павязкі з чорнай літарай “Р”
або жоўтыя з чорным імперскім арлом і надпісам па-нямецку “Памочнік”. Нават
сённяшні «триколор» Расійскай Федэрацыі ўжываўся як рускімі эмігранцкімі
антыбальшавіцкімі фарміраваннямі ў складзе нямецкай арміі, так і, разам з
Андрэеўскім крыжам, уласаўцамі, прыкладамі чаго з’яўляюцца згадка пра яго ў
“Маршы Рускай Вызваленчай Арміі” і выкарыстанне падчас параду 1-й Гвардзейскай
брыгады РВА ў Пскове 22 чэрвеня 1943 года.
8. Сённяшні
дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь бярэ свой пачатак толькі ў 1951 годзе. Ён
створаны мастаком Мікалаем Іванавічам Гусевым, які падчас акупацыі жыў у Менску
і маляваў партрэты нямецкіх афіцэраў. Дарэчы у тым самым акупаваным Менску
гэтым жа займаўся і аўтар герба БССР, з якога пачынаецца сучасны герб нашай
краіны – Валянцін Віктаравіч Волкаў. Акрамя вядомай карціны “Мінск, 3 ліпеня
1944 года”, ён, напрыклад, з’яўляецца аўтарам партрэта нямецкага камісара
Менску Янэцке і яго жонкі.
9. Змена дзяржаўных
сімвалаў у 1995 годзе адбылася з парушэннем Канстытуцыі. Па Канстытуцыі 1994
года, якая дзейнічала на момант правядзення рэферэндуму, дзяржаўная сімволіка
з’яўлялася яе неад’емнай часткаю і за яе змену павінна была прагаласаваць
большасць ад агульнай колькасці грамадзянаў, унесеных у спісы для галасавання.
За змену сімволікі было пададзена 3 622 851 галасоў, што склала 75 % ад
удзельнікаў галасавання (3 622 851 з 4 830 582). Але ад агульнай колькасці
грамадзянаў, унесеных у спісы для галасавання гэта лічба складала меньш за
неабходную палову выбаршчыкаў – 48,7 % (3 622 851 з 7 445 820).
10. Кожны
час, кожнае пакаленне напаўняе традыцыйныя сімвалы новым зместам. Сёння БЧБ –
гэта сімвал разняволення ад страху, сімвал актыўнага грамадзяніна, які свядома
бярэ на сябе адказнасць за лёс сваёй краіны, які не пацерпіць гвалту і здзекаў
над суайчыннікамі. Белы колер – гэта колер волі і чысціні нашых думак. Чырвоны
на белым – гэта колер змагання ў імя нашай мэты – “людзьмі звацца”.
Комментарии
Отправить комментарий