Сяргей Прытыцкі ў 1933 г. (крыніца: archives.gov.by) |
“Я ўсё адмаўляла.
Пачаліся катаванні. Хусткай затыкалі мне рот, а ў нос лілі воцатную эсэнцыю з
вадой… Скоўвалі рукі і ногі, білі па пятках… Я траціла прытомнасць. Адлівалі
вадой, а затым білі зноў. Гэтыя страшныя дні я не забуду ніколі. Карацелі
Шаблоўскі, Шварц і Вільчык прыносілі на допыт фатакарткі падпольшчыкаў,
дабіваліся, каб я назвала прозвішча і дала іх адрасы…”. Так апісвала свае
катаванні ў польскім пастарунку адна з удзельніц КПЗБ Яўгенія Васільеўна
Крупіца, якой у паліцыі далі мянушку “Птушка ў чырвоных ботах”.
Пачатак 1930-х гадоў. У вёсцы Воля-Крупіцы (сёння –
Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці) дзяцей вяскоўцаў прымушаюць вучыцца ў
польскамоўнай школе. Адкрыць беларускую не дазволілі. Адзін з жыхароў, Антон
Крупіца пачаў вучыць грамаце па старым, яшчэ дарэвалюцыйным падручніку “Сеятель”.
Паступова вакол яго згартавалася каля дваццаці маладых людзей, якіх не
задавальняла навучанне ў стане пастаяннага страха. Мірыцца з такім становішчам
яны не збіраліся. І на адзін з іх сходаў патрапіў малады камуніст Сяргей
Восіпавіч Прытыцкі, які распавёў пра жыццё беларусаў у Савецкім Саюзе і
пераканаў юнакоў і дзяўчат стварыць падпольную арганізацыю.
Сярод яе ўдзельніц была Яўгенія Крупіца (у дзявоцтве –
Баклага), хата якой ператварылася ў цэнтральную яўку, дзе пастаянна
сустракаліся кіраўнікі Слонімскай арганізацыі Кавалеўскі Фёдар Дарафеевіч,
Мікалай Пятровіч Малочка, Сцяпан Мікалаевіч Жук, Іван Якаўлевіч Дабрыян, Філіп
Міхайлавіч Балкунец.
Яўгенія Крупіца нарадзілася ў беднай сялянскай сям’і, у
якой было 10 дзяцей. Не памятала дня, каб паелі ўволю хлеба. А каб зарабіць
капейчыну, яна, якая ад прыроды ростам не выйшла, нават дапамагала братам
вывозіць лес.
На адной з летніх сустрэч Прытыцкі спрабаваў адгаварыць
яе ад удзелу ў барацьбе: “Жэнька, у нашай справе ўсякае можа здарыцца. Нават
самае страшнае, - і калі ўбачыў, што дзяўчына ні на кроплі не змяніла свайго
выбару, працягнуў ёй галінку чырвонай півоні. – Трымайся. Будзь мужнай. А гэта
схавай на шчасце”.
Яўгенія Крупіца займалася перапраўкай нелегальнай
літаратуры. Аднойчы яна ішла з вёскі Сліжы, калі насустрач паказаліся
паліцэйскія. У вачах у дзяўчыны пацямнела, ногі пачалі падкошвацца, але яна
намагалася ніякім чынам сябе не выдаць. На пытанне паліцэйскіх адказала, што
наведвала цётку ў Сліжах, а цяпер ад тае нясе муку дахаты: сям’я ж вялікая,
жывуць бедна. Паліцэйскія не сталі яе аглядаць, паверылі на слова, нягледзячы
на тое, што яна ўжо была пад падазрэннем.
Каля ракі яе сустрэў Сяргей Прытыцкі. Літаратуру паклалі
ў лодку і паплылі. Аб тым выпадку Крупіца пазней успамінала: “Прытыцкі добра
валодаў вёсламі. І плыць з ім было адно задавальненне. Я нават не ўспомніла,
што іду на рызыку… Вось так бы і плыць насустрач невядомаму. Пры развітанні, зусім
забыўшы аб кансірацыі, я па-дзіцячы закрычала:
-Сяргеюшка, Сяргеюшка, я зараз вярнуся. Ты толькі прыйдзі
з Валодзем мяне сустракаць…”
Сяргей Прытыцкі ў 1944 годзе (крыніца: archives.gov.by) |
Але сустрэцца ім не было наканавана. Па даносу старшыні
вёскі Вострава Слонімскага павета Аляксандра Семкі Крупіцу арыштавалі. У
дэфензіве ёй прад’явілі паперу, дзе абінавачвалі ў тым, што з’яўляецца
сувязной, падпольшчыцай, камсамольскім важаком, прысутнічала на адной з
дэманстрацый у Вільні, а яе кватэра з’яўляецца месцам збору варожых Польшчы
элементаў. Пачаліся катаванні, затым суд, які прысудзіў 8 гадоў зняволення за
антыдзяржаўную дзейнасць і адзіночная камера Гродзенскай турмы, дзе яе збівалі
гумовымі дубінкамі, кідалі ў карцэр. Але ў выніку перавялі ў агульную камеру,
дзе ўмовы былі ў разы лепшымі. Амаль восем гадоў яна займалася навучаннем
арыштантаў, пакуль не надышоў верасень 1939-га года:
“Часці Чырвонай Арміі яшчэ не дайшлі да нас, але горад
ужо хваляваўся, бурліў. У тую памятную ноч ніхто не спаў. У чатыры гадзіны
ранку мы пачулі крыкі: “Ура! Свабоду палітзняволеным!” Не паспелі разабрацца ў
чым справа, як турэмныя дзверы, не вытрымаўшы ўдараў кувадлы, рухнулі… Гэта
вызвалілі нас рабочыя горада Гродна. На турэмным двары мітынг. Начальнік турмы,
выканаўшы патрабаванні рабочых, аддаў ім ключы. Тут жа скарыўся… Было радасна і
незразумела, адкуль столькі людзей? Сустрэчы, слёзы шчасця… Улада ў руках
рабочых! Мы тут жа сфарміравалі два атрады, на чале аднаго з іх, у які трапіла
я, стаў Філіп Пястрак, будучы беларускі пісьменнік. Па яго загаду ўсе
адправіліся да складоў разбіраць зброю. Я цягала скрынкі з патронамі. Але яны
здаваліся мне самымі лёгкімі. Атрымаўшы зброю, нашы таварышы ішлі ў бой…
Не паспелі закончыць раздачу зброі, як склады акружылі
паліцэйскія. Пачалася моцная кулямётная страляніна, цкаванне сабакамі. Для
многіх гэта стычка з ворагам аказалася апошняй. Паўстанне было задушана. Нас
зноў кінулі ў камеры. Стогн і крыкі не змаўкалі ўсю ноч. На наступны дзень нас
судзіў ваенны трыбунал. Аб’явілі прыгавор – праз 24 гадзіны растраляць.
І вось мы, восем дзяўчат, чакаем пакарання смерцю,
спрабую ўспомніць усё сваё жыццё. І ў памяці паўстае адно і тое ж: бязрадаснае
дзяцінства, юнацтва, аддадзенае барацьбе, ды родная вёска. Хата, уросшая ў
зямлю з гнілым дахам, праз які ліў дождж проста на ложак…
І той хлеў, дзе збіраліся дзяўчаты і хлопцы з адзіным
жаданнем: змяніць гэта жыццё… І Сяргей Прытыцкі, які падарыў на шчасце чырвоную
півоню… Усё як сон. На выратаванне ўжо ніхто не разлічваў, хутчэй бы ўсё
скончылася.
Раптам крокі, якія ўсіх насцярожылі. Мы прыслухаліся…
Чуцен толькі стук уласнага сэрца. Яно гатова вырвацца з грудзей. Засталося
апошняе – дастойна памерці. Але што гэта? Даносіцца руская мова. Чуцен кароткі
загад: “Здаць зброю, здаць ключы ад камер!”…
Калі адчыніліся дзверы, мы, не верачы сваім вачам,
убачылі савецкіх салдат”.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны яна жыла на беразе Нёмана ў
вёсцы Орля (сёння – Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці), якая славілася сваімі
магутнымі ліпамі і клёнамі. А побач з уласнай хатай Яўгенія Крупіца разбіла
вялізны кветнік, які аднавяскоўцы называлі “Раем зямным”. І раслі ў ім кветкі
чырвоных півонь. Іх колер на ўсё жыццё для яе застаўся сімвалам крыві, якой
нямала пралілося за свабоду. А пра 1930-я гады Яўгенія Крупіца без ваганняў
адказвала: “Гэта быў непаўторны час. А як мы верылі ў сябе. І ў справу, на якую
ішлі… Якое моцнае жаданне ахоплівала нас пабудаваць новы свет, поўны дабра і
справядлівасці”.
Комментарии
Отправить комментарий