ПАЎСТАНЦКІ ЛАГЕР ПАД ІНДУРАЙ


21 студзеня 1863 года ў Каралеўстве Польскім было абвешчана пра пачатак паўстання супраць расійскага самадзяржаўя. 1 лютага ў Вільні з’явіўся маніфест аб далучэнні да паўстання Беларусі і Літвы. У актыўную фазу выступленне на землях былога Вялікага княства Літоўскага перарасло вясною 1863 года.
Адкрыццё помніка ў гонар паўстання 1863-1864 гадоў каля Індуры
(кастрычнік 2017 года)
Адной з важнейшых задач па падрыхтоўцы ўзброенага выступлення з’яўлялася стварэнне таемных складоў з харчаваннем, амуніцыяй і зброяй. Яны рабіліся ў лясной мясцовасці, недалёка ад населеных пунктаў, ля якіх павінны былі пралягаць паўстанцкія камунікацыі. У іх ліку быў лясны масіў паміж Малой Жорнаўкай і Яскевічамі, праз які працякала рэчка Індурка. Аднак у адрозненні ад Польшчы, дзе такія склады былі зробленыя загаддзя, у Беларусі іх фарміраванне адбывалася ўжо з пачаткам паўстання і, звычайна, рабілася мясцовымі памешчыкамі і арандатарамі, а таксама спачуваючымі справе паўстання. Да іх ліку маглі належыць сям’я індурскага валаснога пісарчука Цытко, яго памочнік Панцэвіч, якія бралі ўдзел у маніфестацыйным руху ў 1861 годзе. Дадзены рэгіён актыўна наведвалі пераапранутыя ў сялянскую адзежу прадстаўнікі Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, у тым ліку і Канстанцін Каліноўскі, вывучалі магчымасць удзелу мясцовага насельніцтва ў рыхтуемым паўстанні, распаўсюджвалі газету “Мужыцкая праўда”, аб чым сведчаць яе знаходкі ў дадзеным раёне.

З пачаткам паўстання Гродзенскі павет быў падзелены на пяць акруг, адной з якіх з’яўлялася Індурская на чале з Эмільянам Рэдыхам, аканомам маёнтка Свіслач памешчыка В. Пуслоўскага, за што ў 1864 годзе ён быў асуджаны на 10 гадоў катаргі.
У красавіку-маі 1863 года ў ваколіцах Індуры адбываюцца актыўныя перамяшчэнні паўстанцкіх атрадаў, якія рухаліся Індурскім шляхам з раёна Сакоскай пушчы да пераправы ў раёне вёсак Віцькі і Песні на Нёмане, далей на ўсход, побач з Мастамі і Ваўкавыскам у Ружанскую пушчу, або пад Мілавіды ў Слонімскім павеце. Гэта былі атрады Духінскага, Вавера, Урублеўскага і Лянкевіча. Таксама да Індуры даходзілі паўстанцкія раз’езды на чале з Кабілінскімі. Да іх далучыўся шэраг мясцовых жыхароў, як 26-гадовы Тадэвуш Статкевіч або 20-гадовы аднадворац мястэчка Індура Іван Жылінскі да атрада Вавера, за што быў сасланы ў арыштанцкія рот. Некалькі дзесяткаў жыхароў Індуры і яе ваколіцаў далучыліся да паўстанцкага атрада 25-гадовага Віктара Гласкі з маёнтка Жукевічы. Гэты атрад некалькі разоў быў разбіты, але кожны раз аднаўляўся, нават пасля цяжкіх баёў пад Кадышам у Сапоцкінскай зоне, у Святаянскіх лясах, пад Алітай, у Аўгустоўскім і Сейненскім паветах. Удзельнікі гэтага атрада змагаліся да канца паўстання.

Побач з Індурай падчас архіўных росшукаў выпадкаў баёў пакуль не знойдзена. Але ў лясным масіве ў раёне Жорнаўкі павінен быў знаходзіццапаўстанцкі лагер, паколькі менавіта праз гэтую мясцовасць пралягаў рух паўстанцаў у красавіку-маі 1863 года, калі рускія войскі яшчэ не мелі магчымасці актыўна дзейнічаць супраць усіх паўстанцкіх адзінак у дадзеным рэгіёне. У чэрвені паўстанцкія камунікацыі былі перанесеныя далей на поўдзень, у раён Бераставіцы, паколькі царскія ўлады не маглі на далей пакідаць пагрозу губернскай сталіцы – Гродна, з поўдня, таму ў Індуры з’явіліся казакі на чале з індурскім станавым прыставам Смарагдавым.
Лагер у раёне Індуры быў нерэгулярны, толькі для адпачынку на шляху да Нёмана. Побач павінны былі размяшчацца ямы-склады. Звычайна яны не выяўляліся царскімі ўладамі, паколькі мясцовыя сяляне, выдатна знаёмыя з мясцовасцю, забіралі сабе рэшткі паўстанцкай маёмасці.
На поўдзень ад Індуры ў бок Бераставіцы, на захад у бок Адэльска, на ўсход у бок Нёмана вяліся актыўныя баявыя дзеянні, у дакументах зафіксавана больш дзесятка сутыкненняў. Але, звычайна, яны занатоўваліся людзьмі, дрэнна знаёмымі з тутэйшай мясцовасцю, прывязваліся да найбольшых ці проста пачутых назваў населеных пунктаў у рэгіёне, як, напрыклад, мястэчка Крынкі, ці рачулак, як Сцерцеж, або забалочаных мясцовасцей, як Святое Балота. Гэта ўскладняе дакладную лакалізацыю месцаў баёў.
Паколькі раён Індуры з’яўляўся раёнам актыўных паўстанцкіх перамяшчэнняў, ён мог бы зрабіцца важкім пунктам у шэрагу памятных мясцін падзеяў 1863-1864 гадоў у Беларусі. У размешчаным у 30 км ад Гродна мястэчку мог бы паўстаць паўстанцкі лагер для наведвання яго турыстамі, які выдатна дапасоўваўся б да транспамежнага супрацоўніцтва. Да таго ж, дадзеныя мясціны звязаныя з такімі вядомымі ўдзельнікамі паўстання як Валер Урублеўскі, Аляксандр Лянкевіч, Канстанцін Каліноўскі, Віктар Гласка.

Комментарии