Пакаранне (урывак з кнігі "Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда")


10 (22) сакавіка ў 9 гадзін раніцы Канстанціна Каліноўскага ў суправаджэнні канвоя з ліку жандармаў, казакаў і салдат вывелі з віленскага Дамініканскага кляштара. Па горадзе пачалі разносіцца гукі барабанаў і вайсковых труб. За пачаткам гэтага відовішча з бацькоўскай кватэры па вуліцы Дамініканскай назіраў Юзаф Каліноўскі, які стаў на калені і звярнуўся да Багародзіцы, каб тая “ўзяла пад сваю апеку душу Канстанціна” . Хутчэй за ўсё, затым Каліноўскага пасадзілі на так званую “калясніцу”, як называлі спецыяльную турэмную карэту зняволення . На ёй паўстанца давезлі да Лукішскай плошчы, дзе ўжо сабраўся вялізны натоўп.
Каліноўскі ўзняўся на эшафот шыбеніцы, да якой стаў тварам. Тут яго ўжо чакалі віленскі паліцмайстар Саранчоў і прафесійны кат. Апісваючы пакаранне, сакратар М. Мураўёва А. Масолаў адзначаў, што Каліноўскі каментаваў прысуд (канфірмацыю), якую зачытваў Саранчоў. Так, пасля таго, як паўстанец быў названы “Дваранін Вікенцій Канстанцін Каліноўскі”, ён дадаў: “У нас няма дваран; усе роўныя!” . Гэты вокліч ўвайшоў у гісторыю – пэўны час яго прыводзілі ўвогуле як адзіную фразу, вымаўленую паўстанцам на эшафоце. На жаль, іншых словаў Каліноўскага Масолаў не згадаў, спасылаючыся на эмацыйны фон атмасферы акту пакарання: “Не стану апісваць падрабязнасцяў гэтага смутнага відовішча, падобных якому не дай Бог калі-небудзь яшчэ ўбачыць” . Успрыманне мемуарыстам павешанага паўстанца ўвасобілася ў словах, выкрасленых на пачатку 1880-х цэнзураю: “З самых апошніх воклічаў Каліноўскага было бачна, што ён не толькі быў польскім мяцежнікам, але дзіця ўсясветнай сацыяльнай рэвалюцыі” .
Апісваючы сцэну пакарання, Усевалад Крэстоўскі, які назваў Каліноўскага “фанатыкам рэвалюцыйнай ідэі”  і “апошнім з Магікан” , дадаў: “Ён ведаў заранёў куды ідзе і што яго чакае… Ці не таму і памёр ён з такой цвёрдасцю і спакоем, як могуць паміраць толькі глыбока ўпэўненыя людзі…” .
Пакаранне Канстанціна Каліноўскага было праведзена 10 сакавіка ў 10.30 на Лукішскай плошчы ў Вільні. Цела было перавезена на Замкавую гару на тэрыторыі цытадэлі - чым далей ад доступу людзей, каб не даць магчымасць ператварыць месца пахавання “круля Літвы”, як яго называлі віленчукі, у мемарыял.

Комментарии