“…паўстанне ў Царстве заспела Літву
зусім непадрыхтаванаю,” – менавіта так
ахарактарызаваў становішча таемнай арганізацыі ў Беларусі і Літве сам
Канстанцін Каліноўскі ў “Тлумачальнай запісцы”, напісанай 28 лютага 1864 года,
знаходзячыся ўжо за кратамі і ўзгадваючы навіну пра пачатак выступлення. Яго
дапаўняе іншы прадстаўнік ЛПК Ян Козел: “Вестка гэтая была нам паведамлена пры
ўсім Камітэце, і ўсе адзінагалосна адказалі, што мы ні за што не адказваем, што
ніхто не гатовы і што мы маем пісьмовае паведамленне, што Цэнтральны камітэт не
дапусціць паўстання. Між тым паўстанцы ўзялі чыгунку ад Варшавы да Гродна,
Рагінскі ўвайшоў у Гродзенскую губерню, Букавецкі – агент Мераслаўскага – пачаў
у Свянцянскім. Адным словам, пачалі і без нашага дазволу”.
Бляха папругі паўстанца 1863-1864 гадоў. З фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея |
У трагічныя студзеньскія дні 1863 года
Каліноўскі павінен быў зрабіць выбар, ад якога залежыў лёс усяго краю. Разумеючы
гэтую адказнасць, ён неадкладна выпраўляе Яна Козела для вызначэння далейшых
крокаў у Пецярбург да З. Серакоўскага, адкуль той паехаў наведаць яшчэ ў Маскве
Л. Звяждоўскага.
У той жа час ЛПК, знаходзячыся ў стане
разгубленасці і доўгай нерашучасці, выпускае невялічкую абвестку, змацаваную
выяваю пячаткі з поціскам рукі і надпісам “Адвага-Развага”:
“Браты! Каралеўства паўстала – нашы
паўсюдна б’юць маскалёў! Кроў, што льецца за Нёманам, кліча нас да зброі!
Барацьба з захопнікамі за нашы святыя правы, за нашу свабоду блізіцца і ў нас!
Дык разам і згодна, і Бог нам дапаможа!
Божа, збаў Польшчу” .
З пачаткам паўстання Канстанцін
Каліноўскі намагаўся дабіцца ўваходжання ў склад ЛПК аднаго з найбольш
аўтарытэтных асобаў Вільні – Францішка Далеўскага – нават стоячы перад ім на
каленях, але той усё роўна адмовіўся .
У наступныя дзесяць дзён у Вільні
адбываюцца шматлікія таемныя сустрэчы, мэтаю якіх Каліноўскі бачыў крытычны
аналіз магчымасцяў далучэння “Літвы” да паўстання ў Кароне Польскай. У выніку
пошуку кампрамісу паміж разнастайнымі палітычнымі сіламі, 1 лютага (22 студзеня
па ст.ст.) ЛПК быў ператвораны ў Часовы правінцыяльны ўрад у Літве і Беларусі,
які “ад імя польскага Нацыянальнага ўрада” абвесціў маніфест аб ураўнаванні
ўсіх жыхароў краю ў правах і надзяленні сялян зямлёю (“на вечныя часы ў поўнае
ўладанне без чыншаў і выкупаў”), за якую памешчыкі атрымаюць кампенсацыю з
“нацыянальных фондаў”. Таксама адзначалася, што за атрыманыя правы і зямлю ўсе
грамадзяне, павінны “бараніць польскі край, грамадзянамі якога з’яўляюцца з
сённяшняга дня”. Маніфест заяўляў пра скасаванне ўсіх законаў Расійскай
імперыі, што “гэта зямля польская, а не маскоўская”.
Такім чынам, Канстанцін Каліноўскі ва
ўмовах распачатага ў Каралеўстве Польскім паўстання нават пры нездавальняючай
падрыхтаванасці таемнай арганізацыі ў Літве і Беларусі вырашыў далучыцца да
гэтай барацьбы, разумеючы, што толькі ў такім выпадку маецца шанец на перамогу.
Пайшоўшы пры гэтым на фармальнае падпарадкаванне Нацыянальнаму ўраду і
дубляванні выдадзенага ім Маніфеста пра пачатак паўстання. У любым выпадку ён
разумеў, што дзеянні Расійскай імперыі будуць накіраваны на ліквідаванне
таемных структур і па-за межамі Каралеўства і паўстанне будзе немагчымым яшчэ
доўгі час. Таму “выпрацаванае гісторыяю спачуванне Літвы да Польшчы, якое
ўзмацнілася ўсяго больш за час панавання Расіі (факт, на які варта звярнуць
увагу) перасіліла усялякія абставіны адваротныя паўстанню, і Літва
зварухнулася” .
Комментарии
Отправить комментарий