ВОБРАЗ ЗЫГМУНДА СЕРАКОЎСКАГА НА ВЫЯВАХ


Вобраз Зыгмунда Серакоўскага, парэшткі якога былі выяўленыя на гары Гедыміна ў Вільні, быў адным з найпапулярнейшых на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай у час і пасля паўстання 1863-1864 года, зрабіўшыся яго сімвалам. Нездарма выява Серакоўскага змешчана ў цэнтры карткі, дзе адлюстраваны шэраг найважнейшых паўстанцаў. Сярод іх Баляслаў Калышка,  Рамуальд Траўгут, Людвік Звяждоўскі (мянушка “Тапор”), Антоній Мацкевіч, Зыгмунт Падлеўскі.
1863. Rozstrzelani-Powieszeni
Захаваліся здымкі Серакоўскага. Яны значна адрозніваюцца ад ідэалізаванага вобраза, створанага мастакамі. Менавіта такім Зыгмунд Серакоўскі паўстае ва ўспамінах жонкі – Апалоніі з Далеўскіх, “першай прыгажуні Літвы”.
Apolonja z Dalewskich Sierakowska
Пры першай сустрэчы з маладым 33-гадовым афіцэрам Генеральнага штаба яна адзначыла: “Зацікаўленая, я глядзела і думала: дзіўны твар, я выдзеліла б яго сярод тысяч самых разумных людзей. Здзіўляў выраз розуму, энергіі, рашучасці, і пры гэтым дзіўная прамяністасць вялікіх цёмна-шэра-блакітных вачэй, якія адлюстроўвалі кожную думку, кожнае пачуцце. Усё аблічча гэтага чалавека з першага погляду захоплівала, прыкоўвала да сябе”.
Зыгмунд Серакоўскі на фотаздымку
Постаць афіцэра Генеральнага штаба Расійскай імперыі, занатаванага на фотаздымку, зробленым напярэдадні паўстання 1863-1864 гадоў істотна адрозніваецца ад таго, які распаўсюджвалі ў заходніх краінах. Для паўстанцкага ўрада было важна займець станоўчы вобраз, які будзе працаваць на іх карысць і дзейнічаць на грамадскае меркаванне, не абцяжаранае тым, што сапраўды адбывалася ў Польшчы, Беларусі і Літве.
Colonel S. Sierakowski (Dolenga). - Phot. de Nadar.
Таксама было важна выкарыстаць постаць аднаго з выбітнейшых асобаў, вядомага па ўсім краі, яго ахвяру для прапаганды ідэяў паўстання, перш за ўсё сярод шляхты.
Зыгмунд Серакоўскі (1826-1863)
Сярод шэрагу падобных выяваў вылучаецца малюнак, на якім Серакоўскі ў турме, стаіць у поўны рост пры акне, закрытым кратамі. Калі прыглядзецца бліжэй, то выява мае шэраг сімвалічных сюжэтаў: тут і пас з пражкаю Арла і Пагоні, расійскія салдаты, якія расцягнуліся на плошчы за акном.
Zygmunt Sierakowski przy zakratowanym oknie
Удзельнік паўстання Міхал Андрыёлі, вядомага ў далейшым сваімі малюнкамі да кніжак, пакінуў твор, на якім паказаў споведзь Зыгмунда Серакоўскага напярэдадні смяротнага пакарання ад 27 чэрвеня 1863 года. Тут зусім няма нічога гераічнага: Серакоўскі стаіць на каленях перад ксяндзом, які сядзіць і постаць якога значна большая за паўстанца. За дзвярыма ўжо чакаюць царскія вайскоўцы, спрабуючы пачуць тое, што Зыгмунд адмовіўся распавесці следчым і дзеля чаго цяпер рыхтуецца прыняць смерць.
Spowiedź Zygmunta Sierakowskiego skazanego na powieszenie w roku 1863
Постаць Серакоўскага была прыдатная да міфалагізацыі і з той прычыны, што ў ёй была закладзена гісторыя кахання з прадстаўніцай аднаго з вядомейшых родаў свайго часу - Апалоніяй Далеўскай. За дзень да смяротнага прысуду мужа, яна, цяжарная, атрымала магчымасць сустрэцца з ім на 15 хвілін. Але пры гэтым не ведала, што Зыгмунд ужо асуджаны на смерць. Ёй паабяцалі яшчэ адно спатканне з мужам, але таго яна ўжо ніколі не дачакалася. У момант, калі адбывалася смяротнае пакаранне Зыгмунда Серакоўскага, да Апалоніі быў накіраваны паліцмайстар, каб паведаміць ёй трагічную навіну.
Apolonja z Dalewskich Sierakowska w więzieniu, którą Murawiew zmusza do patrzenia na śmierć męża Zygmunta 27 czerwca 1863 r.
Аднак на адной з выяваў быў занатаваны вобраз Апалоніі з Далеўскіх, якую быццам бы трымаюць за кратамі і Міхаіл Мураўёў яе асабіста прымушае глядзець на смяротнае пакаранне Серакоўскага. Гэта вобраз стаў даволі папулярны і моцна замацаваўся ў свядомасці сведкаў тых падзей. А трагічны лёс Апалоніі, якая была адпраўлена ў ссылку, дзе згубіла аднагадовую дачку Зыгмунту, стаў яшчэ адным сімвалам паўстання 1863-1864 гадоў.
Смерць Серакоўскага
Навіна пра смерць Зыгмунда Серакоўскага распаўсюдзілася па ўсім краі, ахопленым паўстаннем. Насельніцтва было запалохана, падтрымка паўстанцаў пайшла на спад. Фактычна пакаранне Серакоўскага адбылося ў час найбольшага ўздыму барацьбы супраць расійскага царызму і, такім чынам, выканала тую функцыю, якую на яе ўскладаў Міхаіл Мураўёў. А нашая супольная з палякамі, літоўцамі і ўкраінцамі (усё ж ён нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняй Украіны) гісторыя папоўнілася яшчэ адной трагічнай старонкай.

Комментарии