У ВІЛЬНІ ЗНОЙДЗЕНА МАГІЛА ЗЫГМУНДА СЕРАКОЎСКАГА

У Вільні за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў былі пакараныя 22 чалавекі, сярод якіх найбольш слынныя дзеячы – Зыгмунд Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі. Спіс астатніх таксама вядомы.
Магчымыя парэшткі
Зыгмунда Серакоўскага
Выкананне смяротнага пакарання адбывалася на Лукішскай плошчы, затым іх парэшткі перазахоўвалі ў іншых месцах. Гэта рабілася для таго, каб грамадства не магло ператварыць такія магілы ў месцы памяці. У гэтым плане паказальным стаў растрэл 2 чэрвеня 1863 года ў Мінску за чытанне сялянам першай беларускай газеты “Мужыцкая праўда” Міхаіла Цюндзявіцкага. Яго пахавалі на месцы пакарання – недалёка ад сённяшняга паштамта (каля вуліц Серпухоўскай і праспекта Незалежнасці). Магілу штодзень наведваў вялізны натоў мясцовых жыхароў і ваколічнага люду, якія прыносілі кветкі. У сувязі з гэтым цела Цюндзявіцкага выкапалі і пахавалі ў невядомым месцы. Тое ж самае магло адбыцца і з пакаранымі ў Вільні.
Пярсцёнак з надпісам па-польску "Zygmund Apolonija 11 Sierpnia/30 Lipca 1862 r."
(Зыгмунд Апалонія 11 жніўня / 30 ліпеня 1862 г.)
Таму іх проста хавалі ў лясных гушчарах, на ўскрайку могілак у непазначаных трунах, а таксама на тэрыторыі цытадэлі, размешчанай на віленскай гары Гедыміна, куды звычайным людзям уваход быў забаронены. Але гараджане памяталі пра гэта. І калі царскія ўлады ў 1915 годзе падчас першай сусветнай вайны адступілі з Вільні, мясцовая грамадскасць паставіла на гары Гедыміна крыжы, у знак пакараных паўстанцаў. Прастаялі яны тут да 1940 года, пакуль не былі знішчаныя. Але з-за спрэчнасці ўпісвання падзей паўстання 1863-1864 гадоў у савецкую ідэалагічную сістэму, а таксама з-за цяжкасці ў тым, як “падзяліць” гэтую спадчыну паміж народамі-суседзямі, на гэту старонку гісторыі проста не звярталі ўвагі, быццам і не было яе.

Пакуль, нарэшце, пасля навагодняй адлігі 2017 года ссунуўся грунт на гары Гедыміна і адкрыліся чалавечыя косткі. Пачаліся археалагічныя раскопкі, вынікам якіх сталі знойдзеныя магілы, у якіх рэшткі людзей былі засыпаныя вапнаю, а рукі ў іх былі звязаныя за спінаю. На пальцы правай рукі аднаго з такіх мужчынскіх цел быў знойдзены пярсцёнак з надпісам “Зыгмунд Апалонія”, у дадатак да якіх дата вяселля Серакоўскага і Апалоніі Далеўскай у двух каляндарных варыянтах – па юліянскім і грыгарыянскім календарах, якія адначасова дзейнічалі ў нас. Гэта выдатны доказ таго, што знойдзены як раз Серакоўскі. Але пацвердзіць гэта павінны яшчэ антраполагі, пры дапамозе старых фотаздымкаў аднаго з кіраўнікоў паўстання.


Зыгмунд Серакоўскі
Серакоўскі быў схоплены ў канцы красавіка 1863 года пасля бітвы, у якой ён быў цяжка паранены – куля раздрабіла яму тры рэбры. Допыты над ім вяліся ў прамежках паміж аперацыямі. Царскія ўлады па загаду Міхаіла Мураўёва, вядомага на нашых землях як “Вешальнік”, імкнуліся выціснуць з Серакоўскага сведчанні супраць яго сяброў і прозвішчы ўдзельнікаў паўстанцкай арганізацыі. Ён адмовіўся. Тады ваенна-палявы суд прысудзіў яго да растрэла, замененага п загаду Мураўёва на павешанне. Увечары напярэдадні пакарання, пра дакладны дзень якога Серакоўскі не ведаў, да яго пусцілі цяжарную жонку Апалонію. Тая пра вынесены прысуд нічога не ведала. Далі ўсяго 15 хвілін на спатканне. На развітанне Зыгмунд прамовіў: “Ахапі мацней шыю, каб у хвіліну, калі пятля будзе заціскаць яе, я мог узгадаць счапленне тваіх рук! Лягчэй мне будзе паміраць!”. Незадоўга да сваёй смерці Серакоўскі паспеў перадаць праз рускага шпітальнага ўрача апошні ліст да жонкі, напісаны на вырваным з Біблія аркушы.


Зыгмунда павесілі 27 чэрвеня 1863 года. Яго жонку, непасрэдна па загаду Мураўёва, саслалі ў вядомы цяжкім кліматам Белаазерск. На спробу дактароў патлумачыць царскаму службоўцу, жо цяжарная жанчына проста не зможа перанесці ўмоў утрымання, Мураўёў адказаў: “Тем лучше”.
Апалонія Серакоўская з роду Далеўскіх

Апалонія нарадзіла дачку, названую Зыгмунтай. Тая пражыла ўсяго год. Сама ж Апалонія Серакоўская, заставаўшыся вернай мужу, памерла праз 56 гадоў пасля яго.

Комментарии