Ганаровае адкрыццё капліцы пад Мілавідамі ў 1933 годзе |
Артыкул быў напісаны для краязнаўчага бюлетэня "Слонімскі край" (№5)
3 чэрвеня (22
траўня па ст.ст.) 1863 года каля вёскі Мілавіды Слонімскага павета адбылася
самая вядомая бітва паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі. Гэта быў адзін з тых
рэдкіх эпізодаў гераічнага змагання, у якім паўстанцы святкавалі перамогу. На
жаль, яго наступствы не былі выкарыстаныя належным чынам.
У студзені
1863 года на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай пачалося паўстанне, вышэйшай
кропкай якога на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Мілавідская бітва.
У канцы траўня
1863 года на мяжы Гродзенскай і Мінскай губерняў каля вёскі Мілавіды пачалі
збірацца паўстанцкія атрады з мэтаю каардынацыі сумесных дзеянняў. Тут
размясціўся лагер слонімскага атрада на чале з Францішкам Юндзілам, які ўвесь
час павялічваўся, у выніку дасягнуўшы 311 чалавек. Гэта былі ў асноўным сяляне:
з адной толькі вёскі Плаўскія іх налічвалася 62 добраахвотнікі.
Расійскі
палкоўнік Аляксандр Гейнс, які змагаўся супраць паўстанцаў у бітвах пад Коцкам,
пры Калішы і Семяцічах, у асабістым лісце да свайго сябры Канстанціна Каўфмана,
аднаго з наступнікаў Міхаіла Мураўёва на чале «Паўночна-Заходняга края»
Імперыі, запісаў: афіцыйныя данясенні замоўчваюць факты “упорного равнодушия к
нам крестьян во все время борьбы” і “это недоверие шло так далеко, что, не в
укор официальным донесениям, многие русские крестьяне принимали участие в
восстании”. А ў траўні 1863 года, напярэдадні Мілавідскай бітвы ў Слонімскім
павеце, “крестьяне целыми станами принимали православную присягу на верность
мятежу…”[1]
17 траўня
І.Лукашэвіч з часткаю слонімскага атрада заняў вёску Дабромысел. Ён сабраў у
царкве членаў воласці, а затым разам з настаяцелем праваслаўнай царквы
Хрыневічам абвесціў аб перадачы зямлі сялянам і роўнасці ў правах усіх
саслоўяў. Быў падпісаны дакумент аб гэтым, за подпісам І. Лукашэвіча, старшыні
воласці Яна Лазарчука і сялян Змітрука Шачэлы і Тамаша Каневехты.
Мілавідскі
лагер ператвараўся ў сапраўднае паселішча, дзе адначасова знаходзіліся каля 800
паўстанцаў: ваўкавыскі атрад Стравінскага (каля 270 чалавек), гродзенскі
Лянкевіча (каля 25), пружанскі Улодака (каля 50), навагрудскі Міладоўскага
(каля 140). Агульнае камандаванне ўзяў на сябе палкоўнік Аляксандр Лянкевіч.
Апісанне лагера пакінуў адзін з удзельнікаў Мілавідскай бітвы Ігнат Арамовіч:
“Лагер Юндзіла быў растаўлены на развілцы дарог да Асаўца і Мышанкі. Іншыя
атрады сталі пры дарозе паміж палянай і невялікім балотам. На паляне
размясцілася пляцоўка для коней і кухня. Адпаведна з мясцовасцю і наяўнымі
сіламі палкоўнік Лянкевіч арганізаваў у лесе пры шашы, з боку абозу, засаду,
расставіўшы справа ад дарогі з абозу да шашы роту Стравінскага і Хадакоўскага,
а роту Улодака і частку роты Юндзіла, якая складалася з 180 стральцоў, павярнуў
у кірунку дарогі да Смалярні, а з тылу за імі размясціў касінераў на чале з
Ельскім. Налева ад дарогі да абоза да шашы размясціліся 130 касінераў з
ксяндзом Лашкевічам і рота Самуліча. У абозе Юндзіла ў якасці аховы засталася
другая частка ягонай роты – 120 стральцоў”.[2]
Вечарам 20
траўня (1 чэрвеня) лагер інспектаваў Кастусь Каліноўскі і Эразм Заблоцкі.
У той жа час
са Слоніма супраць паўстанцаў была накіравана калона расійскіх войск
Стараінгерманландскага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Булгарына агульнай
колькасцю каля 700 чалавек – 3 роты пяхоты, 30 коннікаў, 4 гарматы з разлікамі.
Булгарын
падзяліў падначаленыя яму войскі на дзве часткі. Адной, на чале з маёрам
Ягоравым у складзе адной роты, двух гармат і 15 коннікаў, ён загадаў ісці праз
Жыровічы, Быцень і адтуль праз Дабромысел і Югалін выйсці да Грудаполя. Сам жа
Булгарын на чале другой групы ў складзе двух гармат, двух ротаў і 15 конніках
накіраваўся туды ж, да Грудаполя, праз Коўбавічы. Паблізу вёскі Ямышына ён
спыніўся ў чаканні раз’езда артылерыйскага афіцэра прапаршчыка Бранеўскага з
некалькімі коннікамі. Як толькі той паведаміў, што шаша свабодная, як з боку
леса пачуліся стрэлы.
Булгарын
загадаў рассыпаць першы ўзвод цэпам і накіраваў іх праз лес да шашы. Больш
ніякіх стрэлаў не адбывалася. Як высветлілася, Бранеўскі яшчэ да падыхода
асноўных сіл Стараінгерманландскага палка паслаў у бок Мілавідаў канвойнага
падафіцэра Кушму з некалькімі коннікамі, але яны патрапілі ў пастку. Кушма быў
схоплены, і пазней забіты адным з паўстанцаў. [3]
Да Булгарына
падышла рота маёра Ягорава. На ноч яны размясціліся ў вёсцы Грудаполе. З
Нясвіжа рускім было паведамлена пра хуткі падыход двух ротаў на чале з маёрам
Радовым, да якога Булгарын накіраваў аднаго са сваіх людзей, каб той перадаў
запіску, у якой Радову загадвалася ўдарыць на Мілавіды. Стрэлы яго атакі
стануць сігналам для наступлення самога Булгарына. І такім чынам паўстанцы
трапяць у пастку. Але да 11 гадзін 22
траўня стала відавочным, што чаканні не спраўдзіліся, таму Булгарын вырашыў
самастойна пачаць наступ на паўстанцкі лагер пад Мілавідамі.[4]
Бой паўстанцаў. Малюнак пачатку ХХ стагоддзя |
Налева ад
дарогі да лагера знаходзіліся атрады Лукашэвіча і Сасуліча. 60 стральцоў
Юндзіла размясціліся злева, пры дарозе з лагера на шашу, за імі паставілі роту
Стравінскага і Хадакоўскага. Ельскі з касінерамі засталіся ў лагеры.
Бітва пачалася
каля паловы дванаццатай. Рускія наступалі з боку Чамёлаў, дзе іх удар на сябе
прынялі 60 паўстанцаў, растаўленых на скрыўленні леса. Але яны хутка адступілі,
збіраючыся на пляцоўцы для коней. Пачаўся ўпарты бой.
Рускія войскі,
падышоўшы да ўзлеска, за якім размяшчаўся лагер, абстралялі яго карцечнымі
стрэламі. Як піша І. Арамовіч, “затым скіраваныя на ўваход з шашы на дарогу да
лагера, яны абстрэльвалі лес і шкодзілі больш сваім, чым нашым”.[5]
Пасля гэтага
першая рота рускіх войск пачала хуткае наступленне ўправа ад шашы. А першы
ўзвод трэцяй роты, увайшоўшы ў лес, завязаў перастрэлку з боку пляцоўкі. Другі
ўзвод трэцяй роты наступаў з боку Смалярні з барабанным боем, каб прыцягнуць да
сябе ўвагу паўстанцаў і прымусіць іх адцягнуць свае сілы з месца асноўнага
ўдара рускіх войскаў. Але паўстанцы не паддаліся на гэта, таму што разумелі
непрыступнасць занятых імі пазіцый. Дзве гадзіны ішла перастрэлка на ўзлеску,
пасля чаго Булгарын вымушаны быў адвесці першую роту ў рэзерв, а замест яе
накіраваў другую, але і свежыя падмацаванні не дапамаглі. Рускія імкнуліся
ўдарам дабрацца да сцяжынкі, якая злучала шашу з паўстанцкім лагерам, і такім
чынам перарэзаць сілы паўстанцаў. Але максімум, што ўдалося рускім, гэта ў
некалькіх месцах прасунуцца да поўступаў да лагера. Пры чым адтуль яны былі
адкінутыя касінерамі на чале з Ельскім і з ксяндзом Лашкевічам, якія тройчы
вадзілі падначаленых ім паўстанцаў у атаку. Паўстанцам таксама ўдалося
паралізаваць дзеянні трэцяй роты рускіх пад кіраўніцтвам маёра Ягорава. У сувязі са стратамі, стомленасцю войск і
надыходам цемры Булгарын прыняў рашэнне аб адступленні.
Лянкевіч у
пачатку бою з большасцю паўстанцаў адышоў наперад і цалкам убок, а потым да
лагера Юндзіла, збіраючыся ўдарыць у тыл рускім войскам. Але ў лагер прыйшла
вестка пра падыход свежых рускіх 10 ротаў з Мілавідаў (у сапраўднасці, іх было
2, і яны падышлі толькі на наступны дзень), таму Лянкевіч адмовіўся ад атакі. І
ў выніку замест пераследу ворага паўстанцы ўвечары вырашылі пакінуць лагер,
падзяліцца і накіравацца ў розныя бакі. Такім чынам, гэтае памылковае рашэнне
каштавала таго, што на наступны дзень рускія войскі на чале з Булгарыным,
умацаваныя свежымі 2 ротамі, занялі Мілавідскі лагер. У гэтым баі рускія
страцілі 9 забітымі і 41 параненым (адзін з іх памёр у шпіталі), паўстанцы – 18
чалавек.
Пасля бітвы
загінулых паўстанцаў і рускіх салдат пахавалі ў розных магілах побач з шашою.
На магіле царскіх салдат быў пастаўлены чыгунны крыж, а ў гонар палеглых
паўстанцаў у 1933 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай капліцы.
У 1990 годзе
тут быў пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і
надпісам па-беларуску.
Крыніцы і
літаратура:
1. Смирнов, А.Ф. Восстание 1863 года в
Литве и Белоруссии. М., 1963, с. 244.
2. Арамовіч
І., Мары. Успаміны пра партызанскі рух у Гродзенскім ваяводстве ў 1863 і 1864
гг. // Arche. № 10. 2010, с. 31.
3. Адзін з прадстаўнікоў сучаснага заходнерусізма А. Гронскі
сумняецца ў гэтым факце, выкарыстоўваючы яго як сведчанне “фальсіфікацыі”
паўстанцкіх крыніц, напрыклад, І.Арамовіча: “В русских же рапортах о бое этих
данных не приводится вообще, поэтому правдив ли данный случай, остаётся неясным”.
Насамрэч, расійскія крыніцы змяшчаюць дадзеныя пра гэты факт: НАРБ у Гродне, Ф.
1. Оп. 34. Д. 220 Дело о повстанческом движении по Слонимскому у. в 1863 г., арк. 62адв.
4. НАРБ у Гродне, Ф. 1. Оп. 34. Д. 220 Дело о
повстанческом движении по Слонимскому у. в
1863 г., арк. 63а.
5. Арамовіч І., там жа,
с. 32.
Комментарии
Отправить комментарий