ЗЫГМУНТ СЕРАКОЎСКІ (1826-1863)

Зыгмунт Серакоўскі (1826-1863)
Адным з герояў Паўстання 1863-1864 года быў Зыгмунт Серакоўскі. Ён імкнуўся сумяшчаць у сваёй асобе патрыёта зніклай Рэчы Паспалітай і адказнасць перад Расіяй, грамадзянінам і афіцэрам якой сябе лічыў. За апошняе яго моцна крытыкавалі сябры.
Зыгмунт Серакоўскі (Zygmunt Sierakowski) нарадзіўся 30 мая 1826 года ў вёсцы Лісавое Лукага павета Валынскай губерні (сёння – Украіна).
У 1830 на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай успыхнула паўстанне і яго бацька падаўся ў паўстанцкі атрад. На ўсё жыццё Зыгмунт запомніў пачутыя ад яго словы: “Спі спакойна, уласнымі грудзмі прыкрыю цябе”.  Больш бацька дахаты не врянуўся. Маці аддавала ўсе намаганні, каб выгадаваць трох сыноў і дапамагчы хворай матулі.
Аднойчы да Серакоўскіх прыехаў чыноўнік, каб запісаць дзяцей у кадэцкі корпус. Маці не жадала раставацца з Зыгмунтам і таму пераапранула яго ў дзяўчынку. Але ён выдаў сябе. Калі чыноўнік пачаў перапісваць паперы, у якіх значыўся “сын”, хлопчык прамовіў: “Я не дочка! Я сын – Зыгмунт Серакоўскі!” У выніку з чыноўнікам у дарогу выправілася сямейнае срэбра.
У 1838 годзе Серакоўскі пяць гадоў правучыўся ў Жытомірскай гімназіі. У 1845 годзе ён паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт. Але пасля двух гадоў навучання перавёўся на юрыдычны па разраду камеральных навук.
Вакол Серакоўскага гартуецца актыўная моладзь: Юзэфат Агрызка, Аляксандр Аскерка, Уладзімір Спасовіч, Бальтазар Каліноўскі, Якуб Гейштар, які выступаў супраць збліжэння з рускімі студэнтамі, будучымі петрашаўцамі. Зыгмунт усталёўвае сувязі з братамі Далеўскімі, якія заснавалі гурток “Саюз літоўскай моладзі”.
З. Серакоўскі
Пад час еўрапейскай “вясны народаў” 1848 года Зыгмунт вырашае накіравацца ў Аўстрыю, але 21 красавіка 1848 года быў схоплены на самай мяжы і абвінавачаны ў спробе збегчы за мяжу. Без суда і следства яго накіравалі ў Арэнбургскі корпус салдатам, дзе ён пасябраваў з Т.Р. Шаўчэнкам і Б. Залескім. У 1856 годзе пасля амністыі вярнуўся ў Пецярбург, дзе ў 1859 годзе скончыў Акадэмію Генеральнага штаба. Актыўна супрацоўнічае з рускімі рэвалюцыйнымі дэмакратамі М.А. Дабралюбавым і М.Г. Чарнышэўскім, друкуецца ў часопісе “Современник”.  У адным з артыкулаў Серакоўскі пісаў: «Братство, любовь, взаимное уважение к личности лежит в основе всех наших нравственных понятий. Дальнейшее необходимое развитие мысли о братстве между людьми есть мысль о братстве между народами… Наши сыновья или внуки увидят, может быть, тесные братские союзы всех народов германских, романских, славянских, и, наконец, общий европейский союз».
Серакоўскі актыўна выступае за рэфармаванне рускай арміі, супраць цялесных пакаранняў шпіцрутэнамі: “Захаванне палак у войску краіны, якая прыступіла да ліквідацыі прыгонніцтва, немагчыма. Цялесныя пакаранні ліквідуюць чалавечы гонар, забіваюць тую сапраўдную воінскую дысцыпліну, якая нараджаецца са свядомага выканання свайго абавязку”. Яго погляды падтрымлівае міністр ваенных спраў Мілюцін, які выпраўляе Зыгмунта ў некалькі замежных камандзіровак. У 1860-1861 і 1862 годзе малады капітан наведвае Заходнюю Еўропу, дзе сустракаецца з А.І. Герцэнам, М.П. Агаровым, Дж. Гарыбальдзі і М.А. Бакуніным.
Апалонія Далеўская
30 ліпеня ў мястэчку Кейданы, недалёка ад Вільні, адбылося вяселле Серакоўскага з маладзейшай за яго на 15 гадоў Апалоніяй Далеўскай. На гэтае вяселле сабраліся як “белыя”, так і “чырвоныя”. Край быў на ваенным становішчы, таму любыя масавыя гулянні былі забаронены. На вяселле з’явіліся нават жандармы, але пабачылі афіцэра Генеральнага штаба ў мундзіры, адказыралі і з’ехалі.
 Да пачатку паўстання Серакоўскі працаваў у Генштабе, дзе падрыхтаваў загад аб адмене цялесных пакаранняў у рускай арміі, які ўступіў у сілу 17 красавіка 1863 года. Сам жа Серакоўскі атрымоўваў чын палкоўніка.
Але ўжо 3 красавіка Зыгмунт накіраваўся ў Коўна, каб узначаліць паўстанцкія войскі ў Ковенскай губерні пад мянушкай Даленга (у перакладзе з польскай мовы – “спрытны”). У суправаджэнні І. Ляскоўскага выехаў 5(17) красавіка ў панявежскія лясы, куды загадаў сцягвацца мясцовым жыхарам з гарадоў і мястэчак. У Жамойціі ўспыхнула паўстанне, дзе першым сцяг барацьбы ўзняў ксёндз Антон Мацкевіч. Узброенымі атрадамі тут таксама камандавалі Баляслаў Калышка,Баляслаў Длускі,Ян Станевіч (Пісарскі) і інш. Атрадам Длускага і Пісарскааг Даленга загадаў накіравацца ў лясы ў ваколіцах Палангі, куды павінна была прыбыць марская экспедыцыя Лапінскага, якой неабходна было забяспечыць высадку на бераг. Але ўсё было безвынікова. Капітан карабля быў падкуплены царскімі агентамі і сарваў экспедыцыю. Серакоўскі ў цэлым змог аб’яднаць некалькі атрадаў агульнай колькасцю да двух тысяч чалавек. Але расійскія ўлады перакінулі дадатковыя сілы і ў выніку Серакоўскі пацяпеў паражэнне ў бітве пад Біржамі 25-27.4 (7-9.5) 1863 года.
Серакоўскі быў выдадзены ўладам памешчыцай Касцялкоўскай, у хаце якой яго хавалі. У яе была рэсорная брычка, якую паўстанцы намагаліся выкарыстаць, каб вывезці цяжкапараненага Зыгмунта. Але памешчыца тройчы адмаўляла. У выніку яе сваяк, які служыў у Серакоўскага, вырашыў усё ж пайсці на экспрапрыяцыю. Але гаспадыня пасля гэтага пабегла ў дом іспраўніка. Серакоўскі быў схоплены. Куля раздрабіла яму тры рэбры.
Серакоўскі адмаўляўся назваць імёны кіраўнікоў паўстання. У выніку Мураўёву надакучыла чакаць і 11 (23) чэрвеня каля ложка хворага адбыўся ваенна-палявы суд, які доўжыўся некалькі гадзін. Суд прыняў рашэнне аб пакаранні Серакоўскага смерцю. 13 чэрвеня Мураўёў зацвердзіў прысуд: “Соглашаясь с мнением военно-судной комиссии я определяю: Сераковского казнить смертью, но вместо расстрела – повесить, исполнив приговор над ним в Вильно,  на одной из площадей города публично”.
Апалонія Серакоўская і Міхаіл Мураўёў
Напярэдадні пакарання да Серакоўскага прывялі цяжарную жонку , якой не паведамілі, што гэта яе апошняя сустрэча з мужам.
Пакаранне смерцю Зыгмунта Серакоўскага
Суботнім ранкам 15 (27) чэрвеня 1863 года Зыгмунта Серакоўскага павесілі на мураўёўскай шыбеніцы. Яго жонку чакала ссылка, у якой яна нарадзіла дачку Зыгмунту. Тая пражыла толькі годзік. Сама Апалонія Далеўская пражыла доўгае жыццё і памерла ў 1919 годзе, пакінуўшы цікавыя, напоўненыя смуткам успаміны.



Комментарии