2013-ы год, нягледзячы на стрыманае стаўленне афіцыйных
уладаў, грамадская супольнасць актыўна пазіцыянавала як 150-ю гадавіну
паўстання 1863-1864 гг. Праводзіліся шматлікія мерапрыемствы, сустрэчы,
ладзіліся конкурсы, вандроўкі “шляхамі паўстанцаў”, выдаваліся зборнікі,
газеты, шляхавікі, байнэт быў насычаны інфармацыяй, прысвечанай тым падзеям.
Аднак для Айчыннай гістарычнай навукі 2013-ы год не зрабіўся плённым[1].
Аб дасягненнях узроўню часу 100-ых угодкаў паўстання мы сёння можам толькі
марыць.
Той падмурак, які быў закладзены класікамі-рупліўцамі
(М.В. Біч, Г.В. Кісялёў, І.Н. Лушчыцкі, А.П. Смірноў) нават сёння застаецца
эталонам і крыніцаю натхнення[2].Аднак
навука – гэта не раз і назаўсёды ўсталяванае разуменне рэчаіснасці. Гэта
несупынны пошук і сістэматызацыя аб’ектыўных ведаў. Рост іх базы ў ідэале
павінен весці да змены ўсёй навуковай парадыгмы, якая з аднаго боку –
адлюстроўвае выклікі грамадства, а з другога – становіцца важкім элементам абнаўлення
ўсёй сістэмы сацыяльных повязяў. Стагнацыя ж навукі разбурае гэтыя сувязі,
вядзе да страты яе аўтарытэту і ў выніку – пераспелы кавалер застаецца цікавым
толькі вузкаму колу паслябальзакаўскіх паненак.
На вялікі жаль, дадзеная сітуацыя характэрна для тэмы
паўстання 1863-1864 гг., у вывучэнні якога сёння мы маем недастатковыя ўмовы
для чарговага кідка наперад. І тут справа не столькі ў палітыцы ці асобна
ўзятых асобах, якія штучна развязваюць “халодныя” ідэалагічныя спрэчкі,
спецыяльна блытаючы навуковыя метады і “чорны піяр”, астуджаючы такім чынам
даследчыцкі запал тэмамі вонкавага супрацьстаяння, адцягваючы ўвагу ад
“гарачага” ўнутрыпраблемнага кола. Справа як раз у тым, што кола такіх праблем дасягнула
крытычнай масы. І менавіта ад іх вырашэння залежыць разуменне Паўстання
1863-1864 гг. як з’явы нашай гісторыі.
1)
Адстунасць спецыялізаванага інстытута па вывучэнню паўстання 1863-1864., што абмяжоўвае працу
асобных даследчыкаў вузкімі зацікаўленасцямі і не дазваляе перайсці такую
патрэбную мяжу аналітычнай працы агульнанацыянальнага значэння[3].
2)
Недастатковае выкарыстанне патэнцыяла архіваў Беларусі[4]. Стварэнне аналітычнай працы рыхтуецца колькасным ростам
інфармацыі, збіраемай калектывам даследчыкаў, апантаных агульнай ідэяй, і
друкуемай у спецыяльных зборніках[5]
дакументаў або спецыяльна створаным электронным рэсурсе.
Здавалася б, развіццё інтэрнэта павінна як нішто іншае
аб’яднаць даследчыкаў. На жаль, кардынальных зменаў у дадзеным накірунку не
назіраецца. Артыкулы пішуцца, але ці чытаюцца? – рытарычнае пытанне, у дадатак
да якога варта зазначыць яшчэ і “ці разумеюцца?”. Тут як раз паўстае праблема
канвенцыялізацыі навуковага апарату.
3)
Тэрміналогія паўстання 1863-1864 гг., падчас якога ўжо ўжываліся такія палярныя
катэгорыі як “мяцеж” і “рэвалюцыя”. У савецкія часы да іх ліку дадаліся
сацыяльныя адзнакі і тэрміны “дробнабуржуазная рэвалюцыя ў Беларусі ў межах
польскага паўстання” (У.М. Ігнатоўскі), “сялянская рэвалюцыя” ці
антыпамешчыцкае паўстанне (І.Ф. Лочмель), або “беларускае паўстанне ў часы
польскай рэвалюцыі” (У.М. Перцаў) ды інш. Сёння, чарговы раз
назіраем пераасэнсаванне тых падзеяў за кошт катэгорый “антырасейскае”[6]
і “антыпольскае”[7]
паўстанне.
Але ўсялякае намаганне надання выключна вузка
вызначанага характару тым падзеям пазбаўляе іх шматаспектнасці самой
рэчаіснасці і робіць больш беднымі, чым яны мусілі быць насамрэч. У дадзеным
выпадку “нацыянальна-вызваленчае паўстанне” (М.В. Біч) падыходзіць найбольш, паколькі вылучае на першы план два асноўныя яго аспекты:
сацыяльная барацьба супраць царызма і з’яўленне “пакалення 1863-га” (Ф.
Багушэвіч, А. Абуховіч, З. Чаховіч, К. Кастравіцкі і інш.), якое мела ў
Беларусі свае рэгіянальныя асаблівасці і спрычынілася да з’яўлення мадэрнай
беларускай нацыі.
4)
Стварэнне базы ўдзельнікаў паўстання, якая павінна зрабіцца адным з краевугольных камянёў у
фармаванні фонда нацыянальнай памяці[8].
Хрэстаматыйнымі з’яўляюцца лічбы, што на тэрыторыі
Беларусі: 128 чалавек былі пакараныя смерцю, 853 выслалі ў Сібір, 504 адправілі
ў Сібір на вечнае пасяленне, 825 чалавек адправілі на пасяленне ў іншыя
аддаленыя куткі Расейскай імперыі (з паніжэннем у правах), 320 накіравалі ў
армію шэраговымі салдатамі, яшчэ 767 – у арыштанцкія роты. 7836 выслалі ў
адміністрацыйным парадку. Усяго выселілі з Беларусі 12483 чалавекі. Але не маецца
поўнага спісу гэтых асоб, прадстаўленых матэматычнымі адзінкамі ў лічбе
пакараных за ўдзел у паўстанні.
5)
Крыніцы,
якія ляжаць у аснове агульнапрынятых лічбаў самі змяшчаюць недакладнасці, якія
ўплываюць на адлюстраванне гістарычнай рэчаіснасці.
Так, “Алфавитный список лиц, осужденных за участие в
восстании 1863-1864 гг. на лишение прав состояния, конфискацию имущества и
ссылку”, складзены па алфавіту ў адпаведнасці з губерніямі, змяшчае асоб: а)
якія ўзгадваюцца двойчы, б) памылкова прылічваюцца да той ці іншай губерніі, в)
маюць рознае напісанне адных і тых жа прозвішчаў.
6)
Статыстыка паўстання патрабуе верыфікацыі.
Прыклад першы:
Галоўнай крыніцай вызначэння колькасці бітваў і сутычак 1863-1864 гг. як у
мінулым, так і сёння застаюцца крыніцы, створаныя ўдзельнікамі тых баёў з боку
паўстанцаў. Менавіта на іх падставе падрыхтаваў сваю працу бібліатэкар музея ў
Раперсвілі Станіслаў Зеліньскі, які прывёў лічбу ў 1229[9]
узброеных сутыкненняў, адно з якіх адбылося ў красавіку 1865 г. (расейскія
крыніцы называлі лічбу ў 260[10]
баявых сутыкненняў).
Яна і сёння застаецца абгрунтаванай, і ўжываецца ў
навуковых публікацыях[11].
Аднак трэба мець на ўвазе заўвагі, выказаныя ў 1913 г. Юзэфам Бялыняй
Халадэцкім[12]:
- Галоўнай крыніцай інфармацыі пра сутыкненні былі
дадзеныя часопісаў, напісаныя, у большасці, выпадкаў на падставе прыватнай
інфармацыі і недакладных справаздач. Адныя і тыя здарэнні розныя часопісы
апісвалі па-рознаму адносна іх месца і часу. Удзельнікі аднаго і таго ж самага атраду,
адной і той жа самай дружыны, надавалі часта адным і тым жа сутычкам розныя
назвы, у залежнасці ад ваколічных мясцовасцяў, якія захаваліся ў іх памяці;
- У многіх выпадках адна і тая ж бітва адбывалася на
некалькікіламетровым абшары, у форме пагоні, пастаянных сутыкненняў і
перастрэльвання адступаючых атрадаў. Такое сутыкненне магло атрымаць некалькі
назваў і, такім чынам, замацавацца ў крыніцах не як адна, а як некалькі бітваў;
- У некаторых крыніцах вялікая колькасць назваў
мясцовасцяў настолькі скажоная, што нават геаграфічны слоўнік не можа дапамагчы
ў іх вызначэнні;
- Занатаванымі пад дакладна акрэсленай назвай былі толькі
найбольшыя па колькасці ўдзельнікаў і стратаў сутыкненні, акцыі самых вядомых
кіраўнікоў атрадаў, а таксама самыя значныя для самога паўстання[13];
- Праблема з храналогіяй. Толькі значныя, важнейшыя
сутыкненні могуць быць дакладна прывязаныя да даты і часу дня. Для павелічэння
хаўсу ў гэтым пытанні пэўную ролю згуляла розніца паміж лацінскім і грэцкім
календарамі, абодва з якіх ужываліся пры запісванні здарэнняў.
Прыклад другі: Страты.
А) Вайсковыя.
Дакладнае вызначэнне колькасці забітых і параненых у
баявых сутычках фактычна немагчыма, паколькі кожны з варожых бакоў завышаў
страты праціўніка і заніжаў свае.
Варта мець на ўвазе таксама тое, што польскія крыніцы ў
асноўным прыводзяць страты з ліку шляхецкага саслоўя, паколькі інфармаванасць
аўтараў, саміх выхадцаў з ліку шляхты, у гэтым аспекце вышэйшая. З мяшчанамі і,
асабліва, сялянамі сітуацыя вельмі дрэнная: многія прозвішчы і імёны якіх
зніклі разам з палеглымі ў баях. Расейскія крыніцы, адносна паўстанцаў,
падавалі наступныя лічбы: 5934 забітыя, 733 параненыя, 1361 узятыя ў палон[14].
Самай значнай на тэрыторыі Беларусі лічыцца Мілавідская
бітва, якая адбылася 3 чэрвеня (22 мая па ст.ст.) 1863 г. пры ўдзеле каля 800 паўстанцаў
і прыкладна такой жа колькасці расейскіх войскаў. У ёй паўстанцы згубілі
(палоннымі, параненымі і забітымі) 18 чалавек, а расейцы – 50. Гэтыя дадзеныя
атрыманыя за кошт параўнання крыніц, створаных варожымі бакамі, у якіх,
лічыцца, свае страты яны пазначалі больш-меньш дакладна.
Каб паказаць, якім чынам гэта робіцца, звернемся да саміх
крыніц. Згодна І.Арамовічу, “У бітве, названай Мілавідскай,... нашыя страцілі
18, а маскалі 240 забітых – пераважна ўласнай карцеччу”[15].
Лічбу страчаных паўстанцаў паўтарае і С. Зеліньскі. У той жа час колькасць
забітых расейцаў “больш 200 (?)”[16]
ён падае з пытальнікам як пазнаку сумневу ў яе дакладнасці. Што тычыцца
расейскіх дадзеных, то адразу пасля Мілавідскай бітвы ў рапарце кіраўніка
горада Слоніма палкоўніка Клавера былі пазначаныя 10 забітых, параненых 38
шэраговых салдат і 1 обер-афіцэр №5 батарэі прапаршчык Бранеўскі. Таксама
адзначана, што захоплены 2 паўстанцы, адзін з якіх паранены[17].
Некалькі іншая лічба расейскіх стратаў прыведзеная ў рапарце камандзіра батарэі
№ 6 ад 26 мая (па ст.ст.) 1863 г.: забіта 9 чалавек і паранена 40[18],
у дадатак яшчэ адзін салдат, які лічыўся бяз вестак страчаным, быў знойдзены
параненым у паўстанцкім лагеры. Пра страты паўстанцаў гаворыцца наступнае: 2
патрапілі ў палон падчас бітвы, 9 забітых знойдзены побач з шашою каля
паўстанцкага лагера, дзе і пахаваныя, яшчэ 5 цяжка параненых былі знойдзеныя ў
самім лагеры. Вялікім пытаннем з’яўляецца наступны сказ: “…Остальные убитые
инсургенты оставлены на месте и засыпаны или затоплены в ямах самими
мятежниками, поэтому и число их определить нельзя»[19].
У той жа момант для абгрунтавання адступлення расейскіх войскаў значна завышана
колькасць паўстанцаў, якія прымалі ўдзел у бітве: “от 2-3000”[20].
Б) Пакараныя.
Пасля паразы паўстання назіралася тэндэнцыя штучнага
павелічэння колькасці яго ўдзельнікаў, забітых па загаду расейскіх уладаў.
Агатон Гіллер сваю чатырохтомную гісторыю прысвяціў “памяці і ўшанаванню 1500
растраляных і павешаных Масквою патрыётаў”[21].
Аднак гэтая лічба значна завышаная. Яна тым больш выглядае дзіўна, паколькі ў
1865 г. у Львове з’явілася кніга Іпаліта Ступніцкага “Спіс забітых і памерлых у
1863/4 г.”[22], дзе
пералічаны вядомыя на той час загінулыя паўстанцы, колькасць якіх – 1095.
Прычым, асноўная іх колькасць загінула ў выніку атрыманых раненняў і сутычках з
расейскімі войскамі, а не пакарання.
На сённяшні дзень лічыцца, што на тэрыторыі Беларусі былі
пакараныя 128 чалавек, аднак гэта лічба будзе значна меньшай, калі браць пад
увагу: 1) дадзеныя Вацлава Студніцкага[23],
які, спасылаючыся на архіўныя дадзеныя, узгадвае 189 чалавек пакараных у
Беларусі і Літве; 2) тэрыторыю сучаснай Беларусі (без перададзеных Сталіным
Беласточчыны палякам і Віленшчыны літоўцам).
Прыклад трэці: Колькасць удзельнікаў.
Згодна рэдактару польскага гістарычнага часопіса “Mówią
wieki”, Войцэху Кальвату, праз паўстанцкія шэрагі прайшло каля 200 тысяч
жаўнераў, “хоць у полі ніколі не было іх больш, чым 30 тысяч”[24].
У гэтую колькасць не ўключаныя ўдзельнікі канспіратыўных паўстанцкіх
арганізацый і спачуваючыя, вялікая колькасць якіх таксама за падрымку
паўстанцаў і спагаду ім былі сасланыя. У той жа час маецца шэраг момантаў, якія
неабходна ўлічваць:
- У 1861-1864 гг. на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай была
папулярная мода на дэманстратыўную апазіцыйнасць расейскім уладам. Але як
удзельнікі канспіратыўнага, так і паўстанцкага руху адзначалі, што больш
гаварылася пра супрацьстаянне, чым прымаліся рэальныя дзеянні па яго
ажыццяўленню.
- Расейскія ўлады пад кіраўніцтвам Берга і Мураўёва
разгарнулі палітыку рэпрэсій, ахвярамі якой станавіліся не толькі “вінаватыя”,
але і людзі, не маючыя дачынення да паўстання. Прычым многія з іх не толькі
былі сасланыя, але некалькі такіх чалавек (згодна С. Студніцкаму) былі пакараныя
смерцю. Паказальнікам гэтага з’яўляюцца словы М. Мураўёва, сказаныя тым у
прыватнай размове з князем Чаркаскім: “Вельмі часта саджаю іх без найменшай
віны, нават падазрэння няма, ану ў такім выпадку я заўжды вырашаю: няхай
пасядзіць трохі даўжэй пад замком, быць можа, што-кольвек [на яго] знойдзецца.
І што ж Вы думаеце! Быў так шчаслівы, што заўсёды нешта на рахунак майго
самотніка (майго, значыцца, арыштанта) знаходзілася. Ну, тады падавай мне яго
сюды!”[25].
- Застаецца пад пытаннем дакладная колькасць удзельнікаў
партызанскага і падпольнага супраціву, а таксама загінулых падчас баявых
сутычак. Данясенні камандзіраў расейскіх атрадаў падавалі толькі прыблізныя
лічбы асобных паўстанцкіх частак і іх страты. Аднак на іх падставе была
зроблена выснова, што ў Беларусі і Літве дзейнічала каля 220 атрадаў[26]
колькасцю ў 67957 чалавек[27].
7) Сацыяльны склад
удзельнікаў паўстання, якое закранула ўсе слаі колішняга грамадства.
Дадзеная праблема празмерна ідэалагізаваная, што
закладалася як самымі ўдзельнікамі паўстання з ліку заможнай шляхты (Я.
Гейштар), так і расейскімі ўладамі (у асобе М. Мураўёва). У выніку да
сённяшняга часу ў адносінах падзей 1863-1864 гг. дзейнічаюць стэрэатыпы не
проста памылковыя, але і шкодныя для будучага нашай гісторыі, асабліва ў
пытанні абсалютызацыі падзелу па веравызнанню беларускага насельніцтва: што ў
гэтай барацьбе паўстанцы былі каталікамі, а праваслаўныя выступалі на баку
расейскіх ўладаў. Аднак, насамрэч, як сярод тых, што падтрымліваў расейцаў,
выдаваў паўстанцаў, пісаў даносы былі каталікі, так і сярод паўстанцаў былі
праваслаўныя, якія ўдзельнічалі ў бітвах, паказвалі тым дарогу і перадавалі
інфармацыю пра перамяшчэнне войскаў, хавалі ў сваіх хатах параненых, дапамагалі
ежаю. Прычым лік праваслаўных паўстанцаў у Беларусі ішоў значна больш, чым на
сотні[28],
сярод якіх былі і праваслаўныя святары. Цікавым і патрабуючым вывучэння з’яўляецца
тэма “сыноў уніяцкіх святароў” як паўстанцаў.
У беларускай гістарычнай навуцы разуменне паўстання як
з’явы непарыўна звязана з успрыманнем ролі сялянства ў ім, у сувязі з выключным
значэннем таго для захавання культурнай спадчыны і фармавання ідэнтычнасці
нашага народа. У беларускай гістарычнай навуцы ХХ ст. назіралася гайданне як ад
абвяшчэння паўстання “сялянскім”, так і адваротная тэндэнцыя – заніжэння іх
удзелу ў паўстанні, або, у стылі ХІХ ст., падкрэсліванне іх дапамогі царскім
уладам.
Польскі гісторык Веслаў Кабан адзначае, што ў другой фазе
паўстання – з лета 1863 года да моманту яго задушэння ў сакавіку 1864 года –
вяскоўцы складалі каля 55 % усіх удзельнікаў атрадаў[29].
Да такіх падлікаў ён прыйшоў на падставе аналізу лістоў сялян, сасланых у
Сібір.
У нашай гістарычнай навуцы прынятыя за аснову
статыстычныя дадзеныя, атрыманыя Сусаннай Самбук. Згодна яе падлікам, у
паўстанцкіх атрадах на Беларусі 75% удзельнікаў паходзілі з ліку шляхты, сялян
налічвалася толькі 18%. Прычым, з усіх сялянаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні на
тэрыторыі сучаснай Беларусі, больш за 33 % прыходзіліся на Гарадзеншчыну, 27 %
на беларускія паветы Віленскай губерні, 20 % на Мінскую, 13 % на Магілёўскую, 7
% на Віцебскую[30]. Але
гэтыя лічбы, атрыманыя на падставе афіцыйнай дакументацыі часу Расейскай
імперыі, не ўлічваюць шэраг важкіх фактараў:
- Расейскія ваенна-следчыя камісіі кіраваліся правіламі з
царскага цыркуляру ад 23 мая 1863 года, згодна з якім вышэйшыя пакаранні
прызначаліся для прывілеяваных слаёў: памешчыкаў, купцоў, чыноўнікаў, ксяндзоў,
лекараў і настаўнікаў. Сяляне, аднадворная шляхта і непаўнагадовыя вучні, пры
ўмове таго, што на судзе гаварылі пра прымус іх да ўдзелу ў паўстанні і паказвалі
пакаянне ў сваіх учынках, вызваляліся ад прысуду або, у горшым выпадку,
падпадалі пад паліцэйскі нагляд. Прысуд атрымоўвалі толькі тыя сяляне, якія
змагаліся да канца са зброяю ў руках або самі падбухторвалі іншых да ўдзелу ў
паўстанні.
- У сувязі з вялікай колькасцю арыштаваных і недахопам
памяшканняў для іх утрымання[31],
а таксама з няздольнасцю ваенна-следчых камісій справіцца з абрынутым на іх
аб’ёмам працы[32], расейскія
ўлады вымушаны былі адпускаць арыштаваных за ўдзел у паўстанні сялянаў, што
шырока практыкавалася перш за ўсё ў Беластоцкім і Бельскім уездах.
- У атрадах, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі і
ўзначальваліся буйнымі памешчыкамі, удзел сялянаў штучна абмяжоўваўся і
выклікаў непакой. Да таго ж, паколькі адной з важнейшых праблемаў паўстанцаў
было ўзбраенне, то ў свае шэрагі на другім этапе паўстання яны ўключалі ў
асноўным тых, хто меў зброю. Ад бяззбройных ці ўзброеных косамі сялянаў
прыходзілася адмаўляцца.
- Статыстычныя дадзеныя сацыяльнага складу ўдзельнікаў
вельмі спрошчана адлюстраваць рэчаіснасць і не могуць паказаць сітуацыю ў
кожным з дзеючых атрадаў. Так, напрыклад, у патрапіўшым у палон атрадзе Адама
Пуслоўскага, сялян было 12[33]
з 29 (або амаль 41,4 %). І гэта дадзеныя да пачатку “фальсіфікавання” ўдзелу
сялян у паўстанні з боку афіцыйных уладаў з канца мая 1863 г.
8) Мураўёў vs
Каліноўскі.
Асоба Кастуся Каліноўскага ў ХХ стагоддзі
стала знакам-памяццю, які спрыяў кансалідацыі беларусаў у самыя складаныя
моманты нашай гісторыі (Раз'яднаная Беларусь, Вялікая Айчынная вайна і распад
Савецкага Саюза). Спрэчкі, якія паўставалі на гэтым шляху толькі ўмацоўвалі
вобраз абаронцы народа. Але новае стагоддзе выклікала чарговы ўсплёск негатыву
ў адносінах да вялікага сына Беларусі з боку прадстаўнікоў так званага
“заходнерусізму” – ідэалогіі па сваёй сутнасці шавіністычнай, якая лічыць
беларусаў непаўнавартасным і сапсаваным народам ды адмаўляе як беларусам, так і
краіне нашага народа – Рэспубліцы Беларусь у самастойным іх існаванні. Таму на
першы план прадстаўнікі так званага “заходнерусізму” вылучаюць асобу
генерал-губернатара М. Мураўёва[34], якога лічаць сваім
“героем”. На жаль, такая пераацэнка галоўных асобаў паўстання патрапіла і ў
школьныя падручнікі[35].
Сёння маецца патрэба з’яўлення новай
біяграфіі Кастуся Каліноўскага[36], якая б адказала на
найбольш злабадзённыя пытанні яго жыцця, паколькі адзін з лідэраў паўстання ў
Беларусі і Літве ўспрымаецца праз ролю яго вобраза, а не праз яго рэальную
асобу.
Такім чынам, кола праблемаў, якое існуе ў даследаванні
паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве даволі шырокае. І нават прыведзены
вышэй пералік не дазваляе ахапіць іх усіх. Застаюцца адкрытымі пытанні ўдзелу ў
барацьбе супраць царскай улады вайскоўцаў расейцаў, габрэйскага насельніцтва ды
адносінаў да яго ў розных рэгіёнах Расейскай імперыі, а таксама ўзаемасувязі
паміж ахопленымі паўстаннем уездамі, Беларуссю, Літвою, Украінаю і Польшчаю. Да
таго ж нельга ні ў якім разе скідваць з рахунку фармаванне ідэалогіі
паўстанцкага руху з яго плынямі ва ўмовах развіцця агульнаеўрапейскай
філасофскай думкі. Актуальнай з’яўляецца таксама праблема пабытовасці ў
паўстанні ды разумення паўстанца як суб’екта падзей 1863-1864 гг., яго вобраза
ў літаратуры і мастацтве.
Праблемаў і пытанняў багата. Ад іх вырашэння залежыць
разуменне паўстання 1863-1864 гг. як суцэльнай з’явы нашай гісторыі і яго ролі
для беларускага народа.
[1] Выключэнне: Фірыновіч, А.Э. Паўстанне 1863-1864 гг.:
вядомыя і невядомыя крыніцы беларускіх архіваў. – Мн., 2013. – 315 с.
[2] Прыклад: Кісялёў, Г.В. Смак Беларушчыны. – Мн., 2013. –
498 с. У кнізе сабраныя як раней друкаваныя артыкулы, многія з якіх істотна
дапрацаваныя і пашыраныя, так і апублікаваныя ўпершыню.
[3] Не хапае манаграфічных даследаванняў, кшталту: Смирнов,
А.Ф.
Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии. - М., 1963.
[4] Фірыновіч, А.Э. Паўстанне 1863-1864 гг.: вядомыя і
невядомыя крыніцы беларускіх архіваў, с. 5: “…патэнцыял мясцовых архіваў
выкарыстаны недастаткова. Таму лагічным і навукова неабходным з’яўляецца
паглыбленае вывучэнне дакументальнай базы беларускіх архівасховішчаў і яе
інфармацйных магчымасцяў у раскрыцці праблемы”.
[5] У 25-томнай серыі 60-х гг. ХХ ст. “Восстание 1863 года: Материалы и документы” два тамы прысвяцілі падзеям у Беларусі і Літве: Революционный
подъем 1861-1862 гг. в Литве и Белоруссии. М.: Наука, 1964. 779 с.; Восстание
в Литве и Белоруссии 1863-1864 гг. М.; Вроцлав: Наука, 1965. 588 с.
[6] Кастусь
Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі: Матэрыялы міжнар.
Навук. Канф., Менск, 25 верасня 2009
г . Мн.: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2011. 222 с.,
с. 2: «Аўтары разглядаюць розныя аспекты разгортвання антырасейскага паўстання
на беларускіх землях…»
[8] Цікавым у гэтым плане з’яўляецца вопыт палякаў.
Напрыклад, рэсурс http://www.genealogia.okiem.pl/
[9] Stanisław Zieliński, Bitwy i potyczki 1863-1864. –
Rapperswil, 1913.
[10] Архивные
материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг.
в пределах Северо-Западного края.Часть 2. Переписка о военных действиях с 10-го
января 1863 года по 7-е января 1864 года. – Вильна, 1915. – с. L.
[11] Гэтую лічбу (“больш 1200 бітваў і сутычак”) паўтарыў
польскі гісторык В. Кальват: Kalwat Wojciech, Leśne powstanie // Mówią wieki.
2013. - № 1/13 (636). - S. 41.
[12] Józef Białynia Chołodecki, Pamiętnik powstania
styczniowego w pięćdziesiątą rocznicę wypadków. – Lwów, 1913. – s. 56
[13] Адну з самых вядомых у літаратуры бітваў (дзякуючы Элізе
Ажэшцы) пад Мінявічамі і Багатырэвічамі, на месцы якой стаіць крыж-помнік 40
паўстанцам С. Зеліньскі не згадвае, як і шэраг іншых аўтараў, што даследвалі
паўстанне па “свежых слядах”.
[14] Архивные
материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг.
в пределах Северо-Западного края. Часть 2, с. LIV: «Это будет minimum, так как в донесениях и в составленном на основании
их «Перечне», число убитых не указано в 45 боевых столкновениях, число раненых
в 150 и пленных в 95 столкновениях и в 8-ми случаях показаны общие потери свыше
1000 т.е., убитых и раненых вместе».
[15] Арамовіч Ігнат, Мары. Успаміны аб партызанскім руху ў
Гродзенскім ваяводзтве ў 1863 і 1864 гг. // Arche. – 2010. - № 11 (99). – с. 32.
[17] Рапорт
начальника гор. Слонима за № 955 начальнику штаба войск Виленского Военного
Округа о поражении мятежников в Миловидских лесах // Архивные материалы
Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах
Северо-Западного края.Часть 2., с. 186.
[18] Копия с рапорта
командира № 6 батареи от 26 мая 1863 г. за № 619 командиру 3 Артиллерийской
бригады, о стычках у дер. Миловиды // Архивные материалы Муравьевского музея,
относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного
края.Часть 2.,
с. 191.
[21] Giller A. Historja powstania narodu polskiego w 1861-1864 r.
4 t. Paryż, 1867-1871.
[22] Stupnicki Hipolit, Spis poległych i zmarłych w 1863/4 r.
– Lwów, 1865.
[23] Studnicki W., Rok 1863. Wyroki śmierci. – Wilna, 1922.
Пераклад узяты з: http://www.kalinouski.arkushy.by/library/rok_1863/uvodziny.htm (дата доступу: 26.07.13)
[26] Архивные
материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 гг.
в пределах Северо-Западного края. Часть 2, с. LII.
[27] Там жа, с. LIIІ: «Но
сюда не вошли те шайки, о численности которых в официальных донесениях или
ничего не сказано, или же стоять такие определения: «шайка простиралась до
нескольких тысяч», или «в несколько сотен», или «число повстанцев было очень
значительно». Если положить, что каждая из этих 62 шаек, не имеющих обозначения
их численности, простиралась в общем до 150 чел., то общее число повстанцев,
сражавшихся с русскими войсками, в 1863-1864 гг. в пределах Северо-Западного
края, будет свыше 77000 и это будет maximum».
[28] Ва ўмовах кепскіх адносінаў афіцыйнай улады да царквы ў
часы СССР і існавалай класавай дзяржаўнай ідэалогіі рэлігійны аспект амаль не
цікавіў даследчыкаў, што адлюстравалая ў працы над архіўнымі дакументамі, у
якіх гісторыкаў цікавіла перш за ўсё сацыяльнае паходжанне паўстанцаў і іх
удзел у саміх падзеях паўстання.
В.М. Зайцев, Социально-сословный состав участников восстания 1863 г. (Опыт
статистического анализа). – М., 1973. – 233 с. – с. 114: даследчык адзначыў
наступныя лічбы аб веравызнанні рэпрэсаваных паўстанцаў: 3,15% праваслаўныя,
1,21% іудзеі, 0,53% іншыя веравызнанні, 95,11% каталікі.
У вядомай кнізе Вацлава Студніцкага “Rok 1863. Wyroki śmierci” прыведзены
дадзеныя пра 180 такіх асоб (яшчэ 9 – казакі, пакараныя за гвалт над
насельніцтвам і стараабрадцы, удзельнікі рабавання аднаго з маёнткаў і гвалце
над яго ўладальнікамі і іх служкамі) удзельнікі з так званага “Северо-Западного
края”, тэрыторыі сённяшняй Беларусі, Літвы і
патрапіўшай у склад Польшчы Беласточчыны. З іх 43 (па паходжанні) – сяляне,
што складае каля 24 %. У межах сучаснай Беларусі былі пакараныя смерцю 9 сялян,
прычым чацвёра з іх належалі да ліку “жандармаў-вешальнікаў”.
[31] НАРБ у Гродна, Ф.1, Воп., 34, Спр. 170, арк. 153. З дакладной
запіскі ваеннага начальніка Пружан ад 29 кастрычніка 1863 на імя Гродзенскага
губернатара: “Так
как многие лица арестованы единственно вследствие доноса евреев, часто ничем не
подтверждаемого или подтверждаемых двумя тремя свидетелями из евреев же, то
разрешить мне, арестованных таким образом и обвиняемых же в менее важных
проступках крестьян, помещичью прислугу и евреев из острога, до начала
следствия”.
Освободить,
оставив их в Городе Пружанах под надзором полиции
[32] Таксама следчыя камісіі характарызаваліся сваёй
некампетэнтнасцю, аб чым паведамлялася ў сакрэтных справаздачах жандармаў. НАРБ
у Гродна, Ф.1, Воп., 34, Спр. 170, арк. 100: "Состав же следственной по
политическим делам комиссии в крепости Брест Литовске, считаю очень
неудовлетворительным: презус комиссии выслужился из нижних чинов и, говорят,
безграмотный. Два асессора люди совершенно неопытные по следственным делам, тем
более по политическим, расследование которых требует более осмотрительности и
соображения с данными, на основании которых обвиняются личности; исправляющий
должность аудитора, офицер из полка, в котором нельзя предполагать знание всех
законов Гражданских в такой степени, что бы он безошибочно их применял бы при
производстве следствия над обвиняемыми и потому от подобных лиц составленная
следственная комиссия очень легко по неопытности и незнанию своего дела, может
упускать виновного от заслуженного наказания, а невинного подвергать
незаслуженному наказанию".
[33] http://archives.gov.by/index.php?id=880799
(дата доступа: 26.07.13).
[34] Поўны яго тытул гучаў як: Віленскі ваенны, Ковенскі,
Гродзенскі і Мінскі генерал-губернатар з падпарадкаваннем Віцебскай і
Магілёўскай губерняў. Камандуючы войскамі, ва ўсіх яго губернях размешчанымі, з
правамі і ўладаю камандзіра асобнага корпуса на ваенны час.
[35] У навучальным дапаможніку для вучняў 10 класаў з
беларускай мовай выкладання за 2008 (аўтар і рэдактар Я. Тращанок) з'явіўся
параграф "Гісторыяграфічны міф пра Вікенція (Кастуся) Каліноўскага",
дзе тоўстым шрыфтам вылучаныя словы: "Па этнічнай ідэнтыфікацыі ён быў
палякам і ніколі не называў сябе беларусам". Далей робіцца выснова:
"Ніякіх аб'ектыўных падстаў для ператварэння В. Каліноўскага ў
"нацыянальнага героя беларускага народа" не існуе". У наступным
параграфе гэтага ж падручніка генерал М. Мураўёў
названы "таленавітым адміністратарам і арганізатарам".
[36] Прыкадам могуць стаць ужо напісаныя: Станкевіч А., К.
Каліноўскі — пачынальнік беларускага палітычнага вызвалення (рэферат да
70-годдзя з яго смерці). Вільня, 1934; Смірноў А.П. Кастусь Каліноўскі ў
паўстанні 1863 года. Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя
сацыяльна-эканамічнай літаратуры, 1959. Смирнов А. Ф. Кастусь Калиновский. М.:
Изд-во социально-экономической литературы, 1959; Кастусь Калиновский. Мн.:
Госиздат БССР, 1963; Кісялёў Г. В.
Сейбіты вечнага. Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, Рэдакцыя мастацкай
літаратуры, 1963; Кісялёў Г. В. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага
/ З думай пра Беларусь. Мн.: Беларусь, 1966; Шалькевіч
В.Ф. Кастусь Каліноўскі. Мн., 1985; Kordowicz W.
KonstantyKalinowski. Warszawa, 1955.
Комментарии
Отправить комментарий