З часу
Мураўёва-Вешальніка ў Расейскай імперыі закладалася ідэя, што праваслаўнае
насельніцтва Беларусі не ўспрыняло мэты паўстання 1863 года, ставілася да яго
рэзка негатыўна. Такая думка прасочваецца і ў аўтараў першых прац
пасляпаўстанцкай хвалі, якія малявалі паўстанне як справу выключна шляхты ды
ксяндзоў, а адказнасць за паразу намагаліся перакласці на пасіўнасць, варожасць
тутэйшага, асабліва праваслаўнага, сялянства. У выніку, нават сёння існуе
стэрэатып, у аснову якога была пакладзена мэта надаць паўстанню выгляд
міжканфесійнага канфлікта, падмяняючы такім чынам канфлікт сацыяльны: Divide et impera (“Падзяляй і
ўладар”).
Асабліва
моцна дадзены стэрэатып культывуецца прадстаўнікамі так званага заходнерусізму,
якія сцвярджаюць, што “в среде православного населения белорусских губерний,
как показывает анализ источников, цели восстания 1863 года восприняты не были,
и отношение основной части верующих к этому событию было явно негативным”[1].
Пры гэтым у якасці “источников” выступаюць не архіўныя матэрыялы, а працы
гістарыяграфічнага характару асобаў, зацікаўленых ва ўспрыманні паўстання 1863
года як міжканфесійнага канфлікта і ідэалізацыі мінулага Расейскай імперыі.
Аднак, аналізуючы тыя падзеі, ужо расейскі палкоўнік Аляксандр Гейнс, які
змагаўся супраць паўстанцаў у бітвах пад Коцкам, пры Калішы і Семяцічах, у
асабістым лісце да свайго сябры Канстанціна Каўфмана, аднаго з наступнікаў
Міхаіла Мураўёва на чале Паўночна-Заходняга края Імперыі, запісаў: афіцыйныя
данясенні замоўчваюць факты “зацятай абыякавасці да нас сялян ва ўвесь час
барацьбы”. “Гэта абыякавасць ішла так далёка, што, не ў дакор афіцыйным
данясенням, многія рускія сяляне прымалі ўдзел у паўстанні”. А ў маі 1863-га,
напярэдадні Мілавідскай бітвы ў Слонімскім уездзе, “сяляне цэлымі станамі
прымалі праваслаўную прысягу на вернасць мецяжу…”[2].
Такая сітуацыя назіралася па ўсёй Гродзенскай губерні, дзе значная частка сялян,
у тым ліку праваслаўных, далучылася да паўстанцаў[3],
паколькі вясковае насельніцтва было незадаволена дзеяннямі ўрада па
ажыццяўленню Аграрнай рэформы, распачатай з адмены прыгоннага права 19 лютага
(3 сакавіка) 1861 года. Праваслаўныя сяляне з самага пачатку паўстання былі
шырока прадстаўлены ў атрадах Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага ўездаў[4],
удзельнічалі ў захопе горада Сураж (23.01) і бітве пад Семяцічамі (6-7.02).
Удзел
праваслаўнага насельніцтва Беларусі ў барацьбе супраць расейскага самадзяржаўя
можа зрабіцца адной з важнейшых даследчых праблемаў паўстання 1863-1864 гг. Ва
ўмовах кепскіх адносінаў афіцыйнай улады да царквы ў часы СССР і існавалай
класавай дзяржаўнай ідэалогіі рэлігійны аспект амаль не цікавіў навукоўцаў, што
адлюстравалася ў працы над архіўнымі дакументамі, у якіх гісторыкаў цікавіла
перш за ўсё сацыяльнае паходжанне паўстанцаў і іх непасрэдны ўдзел у падзеях
паўстання. У той жа час новыя дадзеныя ў гэтым накірунку могуць зрабіцца важным
крокам на шляху разумення Паўстання і адным са сродкаў барацьбы з
фальсіфікацыямі Айчыннай гісторыі ў гэтым накірунку.
Згодна
архіўным матэрыялам, праваслаўныя прымалі ўдзел ужо ў маніфестацыйным руху ў
1861 годзе. Так, жандармамі ў Гродна пры спяванні патрыятычных гімнаў у
Бернардынскім касцёле 12 чэрвеня 1861 года былі заўважаныя праваслаўныя Кулакоў[5] з
казённай палаты і Вышчэловіч[6] з
грамадзянскай палаты, а 31 ліпеня ў Фарным касцёле Палькоўскі[7] з
губернскай канцылярыі і Фядзюшка[8].
У час
паўстання ў Гродзенскім уездзе шырокую падтрымку з боку праваслаўнага сельскага
насельніцтва меў атрад Лянкевіча. Паспяховы напад атрада падпалкоўніка
Аляксандра Лянкевіча (Ляндэр)[9] на
кватэру лясніцтва ў Азёрах стаў для жыхароў мястэчка і ваколічных вёсак
сігналам да пачатку барацьбы. 36 дабраахвотнікаў пры пяці стрэльбах атрымалі
падмацаванне з амаль сотні новых паўстанцаў, сярод якіх было шмат праваслаўных.
Адзін з іх – 17-гадовы панскі батрак Кучынскі Міхаіл Аляксееў з в. Талочкі ў
сваіх паказаннях пасля амаль пяці месяцаў змагання адзначыў: “Мэтаю майго паступлення
ў атрад было толькі тое, што абяцалі даваць грошы, і вольнасць”[10].
Паколькі
Лянкевіч лічыў, што кожны чалавек мае права змагацца за свабоду, стрэльбы
атрымалі нават зусім маладыя хлопцы, як 16-гадовы Адам Кашэтук з в. Гліняны і
Міхаіл Аўсейнікаў з в. Галавачы. Аднак ужо 4 мая на Святых Балотах у бітве
супраць 2 рот царскай пяхоты і 30 казакаў на чале з падпаручнікам Мантойфелем
паўстанцы былі разбітыя. Пасля паражэння ў атрадзе Лянкевіча засталося ўсяго 25
чалавек, да якіх 5 (17) мая далучыліся дабраахвотнікі з Ваўкавыска. Да часу
бітвы пад Мілавідамі 22 мая (3 чэрвеня) у шэрагах атрада Лянкевіча зноў было
шмат праваслаўных сялян, у ліку якіх акрамя жыхароў Гродзенскага былі
прадстаўнікі з Ваўкавыскага і Пружанскага ўездаў.
Аб вайсковых
здольнасцях паўстанцаў праваслаўны селянін Антон Бартанчук з в. Гушчыцы, які да
паўстання пасвіў коней памешчыка Багаткі ў маёнтку Кашубінцы, сведчыў: Лянкевіч
“даў мне старое ружжо і, прабыўшы некалькі дзён, быў пастаўлены на пікет. І
калі я стаў баявым ружжом песціцца, але, не ведаючы як з ружжом абыходзіцца,
неспадзявана выстраліў і ружжо разарвалося. З ім вярнуўся ў атрад, і ўжо ружжо
было ад мяне забранае, а прыстаўлены да абоза, для пераношвання цяжару і ўвесь
час насіў на сабе валізку з аптэчкамі, медыкаментамі. А так пры атрадзе
знаходзячыся брадзяжыў па розным невядомым мне лясам. І аднойчы, калі атрад быў
нагнаны расейскімі войскамі і збег, быў нагнаны расейскімі двума салдатамі, з
якіх адзін мяне параніў штыком у правае плячо, то я, адчуўшы боль, валізку,
якую нёс, кінуў і сам ратаваўся бегствам, і праходзячы па лесе сустрэўся з
атрадамі Гідва і Астрогі, якія мяне ў сувязі з атрыманай ранаю да атрада не
прынялі” [11].
Хуткае
паражэнне супыніла шырокі ўздым Гродзенскага ўезда. Аднак многія з тых, хто
далучыўся да ліку змагароў, ужо не складаў збоі да самага канца, як праваслаўны
21-гадовы селянін Азёрскага таварыства, садоўнік памешчыка Валіцкага з маёнтка
Вільянава, Сямёнаўскі Іван Міхайлаў[12].
Пасля паражэння атрада Лянкевіча, Сямёнаўскі пайшоў да Раматоўскага (Вавер) ў
Аўгустоўскія лясы. Затым ён дзейнічаў у атрадах Гласкі, Калышкі і Клімкевіча.
Стаў сведкам сялянскай дапамогі паўстанцам харчаваннем, падказваннямі дарогі,
паведамленнямі аб набліжэнні варожых царскіх войскаў. Сямёнаўскі пабачыў
павешанне за даносы двух сялян у Царстве Польскім ды аднаго немца ў мястэчку
Сапоцкіна за спробу збегчы з атрада.
Акрамя
Сямёнаўскага ў атрадзе Лянкевіча дзейнічала некалькі дзесяткаў праваслаўных
паўстанцаў з Гродзенскага ўезда, у асноўным з ваколіц мястэчка Азёры. На жаль,
сёння немагчыма вызначыць іх дакладную колькасць, як і аднавіць прозвішчы ўсіх
загінулых у баях з расейскай арміяй. Памятны ж знак і крыжы на магіле
паўстанцаў з атрада Аляксандра Лянкевіча на Азёрскіх могілках варты ўспрымання
нашчадкамі не толькі як напамін пра загінулых паўстанцаў з ліку каталіцкага
насельніцтва ваколіцы, але як і праваслаўных яе жыхароў.
У
Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у г. Гродна зберагаюцца паказанні
некаторых з падсудных праваслаўных паўстанцаў атрада Лянкевіча, да якіх,
зразумела, неабходна ставіцца крытычна, паколькі яны, як і сведкі
абвінавачванняў, не заўсёды гаварылі праўду[13].
Але гэта важная крыніца інфармацыі пра падзеі тых часоў. У сваіх паказаннях
большасць паўстанцаў, для захавання ўласнага жыцця, гаварыла пра прымусовае
далучэнне да атрада. Сярод іх 27-гадовы ўдзельнік атрада Лянкевіча Міхаіл
Семянчук[14]
з в. Шчэчыцы (сёння – Мастоўскі раён), які ў той жа час пазначыў: “у шайку
вярбоўшчыкамі людзей дастаўляема не было, але ўсялякі з’яўляўся дабраахвотна”.
Прычым сам М. Семянчук быў узброены аднаствольным ружжом і пісталетам, што
разам з тэрмінам знаходжання ў атрадзе гаворыць хутчэй пра дабраахвотнае
далучэнне да атрада, паколькі паўстанцы наўрад ці б давалі зброю тым, каму не
давяралі.
На баку
паўстанцаў у атрадзе Лянкевіча змагаліся наступныя праваслаўныя сяляне з
Гродзенскага ўезда:
Аўсейнікаў Міхаіл Аўгусцінаў[15] Кашубінскага таварыства з вёскі Галавачы памешчыка
Чачота, дзе працаваў батраком пры конях.Два месяцы правёў у атрадзе ў Царстве
Польскім, меў аднаствольнае ружжо. Пасля разбіцця з рэшткамі атрада далучыўся
да Клімкевіча, пад камандаваннем якога Аўсейнікаў знаходзіўся тры тыдні.
Бахановіч Антоній[16] з Азёр памешчыка Валіцкага. З красавіка па кастрычнік
быў у паўстанцкіх атрадах: спачатку Лянкевіча, затым Астрогі. Удзельнічаў у
некалькіх сутычках з расейскімі войскамі.
Быль Рыгор Лявонцьеў[17] з в. Галавачы памешчыка Чачота. Уступіў у атрад разам з
аднавяскоўцамі Міхаілам Каханоўскім, Іванам і Міхаілам Аўсейчыкамі ды сваім
братам Яўгенам Былём. У атрадзе Лянкевіча яны спачатку дзейнічалі пад мястэчкам
Азёры, а пасля аднойчы ноччу былі перапраўлены сялянамі на лодках праз Нёман у
Аўгустоўскія лясы. Атрад быў разбіты ва ўрочышчы Глыбокія Броды. У атрадзе
прабыў два месяцы.
Быль Яўген Лявонцьеў[18] да паступлення ў атрад працаваў батраком пры конях у
памешчыка Чачота ў Галавачах. 21 мая былі ўзятыя ў атрад Лянкевіча і прыбылі ў
лясы каля мястэчка Масты. Там знаходзіліся пяць дзён, пасля чаго атрад перайшоў
у лясы пад мястэчкам Азёры, дзе прастаялі тыдзень. Потым ваколічнымі сялянамі
былі перапраўлены праз Нёман на чоўнах у Царства Польскае, дзе блукалі цэлы
тыдзень, пасля чаго ўступілі ў бой з расейскімі войскамі. Атрад быў разбіты і Лянкевіч
пакінуў паўстанцаў. Праз тыдзень рэшткі атрада пад кіраўніцтвам афіцэра Андрэя
Равіча і Надаўскага былі далучаны да атрада Клімкевіча, які размяшчаўся ў лясах
каля мястэчка Сапоцкіна. Пасля праведзеных тут трох тыдняў яны ўвайшлі ў
мястэчка Сапоцкіна, дзе заначавалі. На наступны дзень Яўген Быль збег з атрада
і прыйшоў у маёнтак Келбаскі памешчыка Верына, дзе прабыў пяць тыдняў фурманам,
пасля чаго пакінуў гэтую працу. Быў схоплены падчас таго, як на човене
праплываў па Нёмане каля вёскі Гожа. Паведамляў, што ў атрадзе Клімкевіча былі
пяць шэрагоўцаў[19]
з расейскай арміі, якія пакінулі войска пры поўнай баявой амуніцыі і са
штуцэрамі.
Варацін Фёдар[20] з Гродна быў у атрадзе Урублеўскага. Удзельнічаў у
сутычках у пушчы Ласосіны (24 мая ст.ст.) і ў Серадоўскім лесе (паблізу в.
Серадова, 27 мая ст.ст.).
Губарэвіч Карл Філіпаў[21] з вёскі Кашубінцы. Даглядаў коней у маёнтку Котры
памешчыка Багаткі. Паўстанец атрадаў Шмыгера, які аб’яднаўся з атрадам
Лянкевіча, на месца якога пасля таго выдалення стаў Астрога (Парадоўскі).
Ёзэфовіч Андрэй Якаўлеў[22] селянін вёскі Карашэва Скідзельскага таварыства
памешчыка Чацвярцінскага. У канцы мая ўступіў у атрад каля маёнтка
Мількаўшчыны. Ёзэфовіч атрымаў ружжо і разам з атрадам Лянкевіча накіраваўся
лясамі ў Царства Польскае, дзе да іх далучыўся атрад Вавера і шэраг іншых. Пасля
адной з сутычак з расейскімі войскамі, Ёзэфовіч меў жаданне пакінуць атрад, але
быў затрыманы паўстанцкімі жандармамі і дастаўлены ў іншы атрад. У хуткім часе
ён захварэў і быў пакінуты паўстанцамі ў лесе.
Каралевіч Канстанцін Міхайлаў[23] - аднадворац вёскі Абуховічы Прыгарадзіцкага сельскага
таварыства. У сярэдзіне мая ноччу пасвіў коней разам з Матвеям Блізневічам,
калі да іх падышоў невялікі атрад на чале з Ленкевічам, у які яны ўступілі.
Разам з атрадам пайшлі пад Масты, каля якіх пераправіліся праз Нёман пры
дапамозе ваколічных сялян. З атрадам патрапіў у Навагрудскі павет, у якім
знаходзіліся тры тыдні. Але ў дзесяці вёрстах ад Навагрудка былі разбітыя
расейскімі войскамі, пасля чаго Каралевіч вярнуўся ў родныя мясціны і ў
сярэдзіне верасня з’явіўся ў Гродна да вайсковага начальніка. Паведамляў, што
ва ўвесь час дзеяння атрада ніякіх рабаванняў не было, а за прадукты
расплочваліся з мясцовым насельніцтвам наяўнымі грашыма.
Карловіч Стэфан[24] селянін Жыдамянскага таварыства, працаваў батраком ў
маёнтку Талочкі памешчыка Канеўскага. Разам з сынам пана Уладыславам Канеўскім
і пісарчуком Фартунадам Бржазоўскім паступіў у атрад Лянкевіча ў канцы
красавіка 1863 года. У атрадзе атрымаў піку. Ваяваў пад кіраўніцтвам Лянкевіча,
Астрогі, Сендэка, Любіча і Глеба. Паведамляў, што ў кіраўнікоў былі мапы, пры
дапамозе якіх яны арыентаваліся на мясцовасці.
Карповіч Сцяпан[25] з мызы Талочкі далучыўся да атрада ў ваколіцах вёскі
Азёры, у якой Лянкевіч зачытваў паўстанцкі маніфест. Чатыры месяцы быў у
атрадзе за фурмана, але пасля таго як сур’ёзна захварэў, вымушаны быў пакінуць
паўстанцаў.
Кашэтук Адам Восіпаў[26] з вёскі Гліняны Скідзельскай воласці, які быў пастухом
авечак у памешчыка князя Чацвярцінскага. Яго ўгаварыў далучыцца да паўстанцаў
селянін Карашэў Андрэй Іосіфавіч, разам з якім Кашэтук накіраваўся за мястэчка
Масты, дзе ўступіў у атрад Лянкевіча. Меў ружжо. Але пасля разбіцця атрада
далучыўся да Клімкевіча, які перайшоў на тэрыторыю Царства Польскага, дзе
Кашэтук падаўся хворым і быў адпушчаны дахаты. Паведамляў пра павешанне ў
мястэчку Сапоцкіна нейкага немца[27],
які спрабаваў збегчы з атрада Клімкевіча.
Конан Казімір Іваноў[28] з вёскі Будраўцова, які працаваў шаўцом у маёнтку
Алешэвічы памешчыка Незабітоўскага. Уступіў у атрад пад мястэчкам Масты,
атрымаў аднаствольнае ружжо. У сваіх паказаннях паведамляў пра тое, што
праваднікамі для паўстанцаў былі ў асноўным сяляне.
Марчык Іван Максімаў[29] з вёскі Хілякі працаваў фурманам у памешчыка
Валкавіцкага. Калі быў пасланы ў Беласток за сынамі памешчыка, быў запынены
шасцю чалавекамі і дастаўлены ў атрад Лянкевіча. Пасля паражэння гэтага атрада
змагаўся ў атрадзе Астрогі. Правёў тры месяцы ў лесе.
Праваслаўныя паўстанцы з Гродзенскага ўезда ў атрадзе Лянкевіча
|
|||
№
|
Прозвішча, імя, імя па бацьку
|
Узрост, гадоў
|
Месца паходжання
|
1
|
Аўсейнікаў Міхаіл Аўгусцінаў
|
17
|
Галавачы
|
2
|
Бахановіч Антоній
|
29
|
Азёры
|
3
|
Быль Грыгор Лявонцеў
|
26
|
Галавачы
|
4
|
Быль Яўген Лявонаў
|
18
|
Галавачы
|
5
|
Варацін Фёдар
|
17
|
Гродна
|
6
|
Губарэвіч Карл Філіпаў
|
20
|
Кашубінцы
|
7
|
Ёзэфовіч Андрэй Якаўляў
|
18
|
Карашэва
|
8
|
Каралевіч Канстанцін Міхайлаў
|
25
|
Абуховічы
|
9
|
Карловіч Стэфан
|
27
|
Талочкі
|
10
|
Карповіч Сцяпан
|
25
|
Талочкі
|
11
|
Кашэтук Адам Восіпаў
|
16
|
Гліняны
|
12
|
Конан Казімір Іваноў
|
20
|
Будраўцова
|
13
|
Кучынскі Міхаіл Аляксееў
|
17
|
Талочкі
|
14
|
Марчык Іван Максімаў
|
22
|
Хілякі
|
15
|
Семянчук Міхаіл Міхайлаў
|
27
|
Шчэчычы
|
16
|
Сямёнаўскі Іван Міхайлаў
|
21
|
Вільянава
|
[1] Линкевич В.
Польское восстание 1863 года и его влияние на конфессиональную ситуацию в
Белоруссии // http://zapadrus.su/zaprus/tradbl/905-polskoe-vosstanie-1863-goda-i-ego-vliyanie-na-konfessionalnuyu-situatsiyu-v-belorussii.html [Дата доступа: 16.04.14]
[3] Згодна дадзеным, атрыманым Сусаннай Самбук, з усіх
сялянаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні на тэрыторыі сучаснай Беларусі, больш за
33 % прыходзіліся на Гарадзеншчыну. Гісторыя Беларускай ССР. – Мн., 1972. –
С. 59.
[4] У атрадзе Старжынскага ваяваў 18-гадовы Казлоўскі Шымон
Якубаў з вёскі Жаўткі (Беластоцкі ўезд). Касінерам у атрадзе Святлінскага
(Пярун) быў 25-гадовы Талочка Савярыл Аўгусцінаў з вёскі Чэхі, у атрадзе
Дзікоўскага два месяцы правёў 17-гадовы Дземянчык
Маркель Ільіч з в. Лысы (абодва – Бельскі ўезд). З в. Студнякі Сакольскага
ўезда адразу некалькі сялян пайшлі ў атрад Духінскага, у тым ліку 18-гадовы
Сінкевіч Васіль Матвеяў, які таксама змагаўся пад кіраўніцтвам Улодака і
Урублеўскага.
[5] НАРБ у Гродна, Ф.1,
воп.
34, спр. 3 Списки
жителей гор. Гродно, подозревавшихся в политической неблагонадежности, арк. 38.
[9] Лянкевіч Аляксандр Алойзавіч (1820-?) – адстаўны
падпалкоўнік расійскага войска. Разам з братам Антонам валодаў маёнткам Панюкі.
Часовы
правінцыяльны ўрад надаў яму званне палкоўніка. Узначальваў атрад Гродзенскага
павета, створаны ім у канцы красавіка 1863 года. Паспяхова дзейнічаў
супраць расейскіх войскаў у Гродзенскім, Ваўкавыскім, Слонімскім і Аўгустоўскім
паветах. Кіраваў агульнымі сіламі паўстанцаў у бітве пад Мілавідамі 3 чэрвеня
1863 г. У верасні эміграваў у Францыю. У 1865 годзе завочна прыгавораны да
смяротнага пакарання.
[10] НАРБ у Гродна Ф.1, воп.34,
спр. 730 Дело о водворении на прежнее местожительства добровольно явившихся из
повстанческих отрядов жителей Гродненского, Волковыского и Слонимского уездах,
арк. 125.
[13] «Показания
повстанцев – источник, хотя и субъективный, но очень богатый фактами и
интересный по содержанию. Субъективный – потому что, охраняя свою жизнь и
судьбу своих родных, а также боевых товарищей, повстанцы не могли говорить всю
правду. Кроме того, рядовые повстанцы многого не знали и не обладали полной
информацией о деятельности повстанческих отрядов и их руководителей» //
Повстанческое движение в Гродненской губернии. 1863-1864 гг. – Брест, 2006. –
С. 18.
Комментарии
Отправить комментарий