НА ВЫШЫНЮ НАШЫХ МАГІЛ: АСКЕРКА

ПРАЦЯГ.
НА ВЫШЫНЮ НАШЫХ МАГІЛ: ПАРФІЯНОВІЧ - тут
Аскерка прывёў свайго юнага знаёмага ў адзін з двухпавярховых дамоў, размешчаных па Вялікай вуліцы на Ратушскай плошчы. Тут знаходзілася кватэра Ямантаў – месца збора прадстаўнікоў падпольнай суполкі, сапраўдны штаб паўстання. Але Міхал аб апошнім мэтанакіравана змаўчаў.
Міхал Аскерка (1836-1864)
Ён асабліва не давяраў Парфіяновічу, аднак прыходзілася ісці на рызыку: абяскроўленай царскім тэрорам і арыштамі арганізацыі патрэбныя новыя сябры. Да таго ж малады студэнт меў магчымасць наведвацца ў сталіцу Імперыі, выклікаючы мінімум падазрэнняў. Аб гэтым Аскерка паведаміў Каліноўскаму і Мілевічу, на сустрэчу з якімі ён накіраваўся разам з Іосіфам Ямантам адразу ж па прыездзе ў Вільню. Дыктатар паўстання скептычна аднёсся да патрэбы ў росце арганізацыі ва ўмовах мураўёўскага тэрора, лічачы неабходным захаваць толькі яе ядро. Аднак усё ж пагадзіўся асабіста зірнуць на неафіта.
Гасцей сустрэла Алена Ямант у чорнай жалобнай сукенцы. Міхал яшчэ раз здзівіўся яе падабенству на старэйшую сястру – Марылю. Аднолькавая манера рухацца, чысты адкрыты твар, русыя валасы, сабраныя ззаду, блакітныя вочы... І ўсё ж вочы розныя: у Алены яны смяюцца зіхоткай вясёлкай, а ў Марылі – глыбока задуменныя. Пакуль Міхал у сваіх думках параўноўваў старэйшых сясцёр сям’і Ямантаў, Алена правяла яго з Парфіяновічам у невялікі пакой насупраць уваходных дзвярэй. Памяшканне было абстаўлена па-простаму, але з густам: справа стаяла канапа, пры ёй стол з двума крэсламі, за якімі вылучалася прыгожая камода. Побач з канапаю ў сцяне было акенца ў наступнае памяшканне-галерэю. Госці накіраваліся менавіта туды, паспеўшы па дарозе павітацца з гаспадыняй кватэры – Схаластыкай Ямант, апранутай, як і дачка, ва ўсё чорнае, што выглядала асабліва змрочна і яшчэ мацней падкрэслівала яе сталы ўзрост.
Міхал прадставіў Вітольда Парфіяновіча Мілевічу і Каліноўскаму, пасля чаго спакойна заняў вольнае крэсла. Тыя не сталі называць сваіх прозвішчаў, а адразу утаропіліся ў невядомага ім маладога чалавека ацэньваючымі позіркамі.
Парфіяновіч стаяў, не ведаючы што рабіць, не маючы магчымасць сесці і саромеючыся пачаць размову першым. Чырвань пырснула па яго твары, што асабліва падкрэслівала юнацкія гады. Міхал не меў магчымасці дапамагчы прыведзенаму ім на “закланне баранчыку” і чакаў, што будзе далей.
Раптам са свайго месца падняўся Каліноўскі і прапанаваў Парфіяновічу прысесці. “У нагах праўды няма, а я ўжо насядзеўся”, - сказаў ён. “Значыць прынялі”, падумаў Міхал і раслабіўся. Пайшла размова, спачатку на адвольныя тэмы: Мінск, дарогу і ўражанні ад Вільні; затым пераключыліся на Паўстанне. Цяпер амаль выключна гаварыў Каліноўскі. Ён так і не прысеў, нягледзячы на прапанову ўзяць крэсла з суседняга памяшкання, цалкам аддаўся сваім думкам. Міхал слаба слухаў, што гаварыў яго сябар, больш сканцэнтраваны на голасе Каліноўскага, яго апантанасці і ўпэўненасці. Ён ведаў манеру Кастуся падстройвацца пад слухача, шукаць водгукі ў яго душы і сэрцы, эмацыйна афарбоўваць сваю прамову, знаходзіць довады для кожнага.
Аскерка перавёў погляд з Каліноўскага на Парфіяновіча і заўважыў, як той мяняецца: яшчэ гадзіну таму расчараваны, разгублены і заблытаны малады чалавек цяпер на вачах ажываў. Яго скулы напружыліся, вочы гатывыя былі выпрыгнуць, на хударлявых руках, сціскаючых крэсла, моцна праступілі блакітныя ніткі жылак. Уся постаць Вітольда паказвала, што дайце толькі загад, і ён рынецца ў бой, нават з голымі рукамі супраць любога ворага.
-  Наш Край знаходзіцца ў ар’ергардзе барацьбы за сацыяльную справядлівасць ва ўсім свеце – ад Амерыкі да Кітая. Гэта ўжо не проста “вясна народаў”, гэта суцэльнае абнаўленне ўсёй сістэмы, якой патрэбны радыкальны штуршок, прыкладу Французскай рэвалюцыі. Славянскія народы неймаверна адстаюць ад заходніх краін, у шэрагу якіх яны знаходзяцца ў прыніжаным становішчы. Але і ў такой сітуацыі яны могуць стаць прыкладам як для Еўропы, так і Азіі. Тым больш менавіта тут, у архаічнай Імперыі маецца магчымасць пачаць барацьбу, якая распаўсюдзіцца далёка за яе межы. Рыхтуемы вясновы ўздым паўстання ў Беларусі і Літве будзе не проста дапамогаю Каралеўству Польскаму, а ахопіць усю Расію, абрынецца сваёй моццу не толькі на царызм, але перш за ўсё на памешчыкаў, здрадзіўшых інтарэсам народа. А пакуль неабходна стварыць умовы для сумневаў царскіх улад у адным з яго слупоў – памешчыках. Для гэтага неабходна знаёміцца з абшарнікамі і ўгаворваць іх падпісаць лісты на імя Імператара з выказваннем яму недаверу. Так званыя “кантр-адрасы”. Яны павінны прывесці да росту рэпрэсій супраць мясцовых памешчыкаў і, такім чынам, перацягнуць частку з іх на бок паўстанцаў, няхай нават у выглядзе грашовай дапамогі.
Раптам Каліноўскі прапанаваў Парфіяновічу пасаду камісара ў Магілёве, што стала для Міхала сапраўднай нечаканасцю. Для яе атрымання, Вітольду неабходна спачатку выканаць заданне: адправіцца ў Пецярбург да аднаго з удзельнікаў паўстанцкай суполкі - Баранецкага. У гэты момант Каліноўскі дастаў з-пад абруса абвестку з пастаўленай на ёй пячаткай паўстанцкага ўрада і перадаў Вітольду, каб яго без усялякіх праблем прынялі ў сталіцы Імперыі. Больш падрабязныя звесткі ён пазней атрымае ад Аскеркі. Міхал і тут не паказаў свайго здзіўлення, толькі злёгку ўсміхнуўшыся Парфіяновічу.
-  Цяпер нам неабходна абмеркаваць некаторыя пытанні, таму Вы можаце быць вольныя, - звярнуўся Каліноўскі да Парфіяновіча.
-  Рады… знаёмству. Я Вас не падвяду! - пасля невялікай паўзы сказаў Парфіяновіч і нерашуча падняўся з крэсла, якое заняў Каліноўскі. Вітольд накіраваўся ў суседні пакой, дзе яго ўжо чакала Алена Ямант.
Калі пачуўся гук зачыненых дзвярэй, Міхал не вытрымаў і гучна запытаўся:
-  Навошта прызначаць гэтага студэнціка камісарам, тым больш у губерню, дзе мы маем самыя слабыя пазіцыі?
-  Я б сказаў, што мы не маем ніякіх пазіцый, - усміхнуўся Каліноўскі. І тут на ўвесь пакой загучаў моцны смех Мілы[1], які, бачна, доўга сябе стрымліваў, але больш не меў на гэта сіл. Аскерка разгублена сядзеў і не мог уцяміць, што здарылася. Калі ў пакоі зноў усталявалася цішыня, Каліноўскі працягнуў: “Пасада камісара Магілёўскай губерні фармальная, ніякай уладай не забяспечаная. Аднак яна стане стымулам для гэтага Парфіяновіча. Я адчуваю ў ім чалавека амбітнага, і той жа момант вельмі чуллівага і ўражлівага. Баюся, што рана ці позна гэта згуляе з ім злы жарт, а магчыма і з намі”.
Апошнія словы напачатку вельмі насцярожылі Міхала, але іх Каліноўскі гаварыў усё ж з лёгкай усмешкай, і таму яны хутка забыліся. Да таго ж у пакой увайшла служанка Ямантаў Каруся, жанчына ўжо не маладая, але яшчэ даволі прывабная, запрасіла на вячэру. Міхал адчуў моцнае пачуццё голаду і таму не стаў сябе доўга ўгаворваць. Шчырая сямейная атмасфера ўпершыню за апошні месяц дазволіла забыцца на цяжкія страты, пазбавіла пачуцця трывогі, зноў вярнула душэўны спакой. Міхал выйшаў ад Ямантаў калі ўжо сцямнела, напоўнены новымі сіламі, і адразу накіраваўся ў віленскую гасцініцу “Пецярбургская” на сустрэчу з Парфіяновічам.
Замест разгубленага невядомасцю студэнта Аскерка пабачыў упэўненага ў сабе і запаленага мэтаю Парфіяновіча, у якім ужо не адчувалася ранейшых ваганняў. Яму нават падалося, ці не захварэў Вітольд, ці не б’е яго гарачка, аб чым нават запытаўся. Але ў адказ пачуў палымяную прамову пра гонар і самаахвярнасць. Міхал уважліва выслухаў Парфіяновіча, адзначыўшы пра сябе, што той гаворыць як фанатык, перадаў яму ўмовы задання, ліст да афіцэра Артылерыйскай акадэміі ў Пецярбургу і 483 рублі срэбрам для Баранецкага. Пасля чаго, стомлены, адправіўся ў свой пакой, дзе адразу ж прылёгшы на ложак, без задніх ног, праваліўся ў сон.

Аскерка і Парфіяновіч правялі ў горадзе яшчэ тры дні, пасля чаго 17 верасня пакінулі Вільню і накіраваліся ў Мінск. Напачатку лістапада царскія жандармы выйшлі на след Міхала Аскеркі.
Арыштаванага Аскерку, пад моцным эскортам даставілі ў Магілёў на суд, падчас якога ён ні ў чым не прызнаўся, нікога не выдаў і ўвогуле адмаўляў свой удзел у паўстанні. Улады ўжо былі гатовыя закінуць справу Аскеркі, але ў канцы студзеня 1864 года з’явіліся новыя доказы яго віны – паказанні Парфіяновіча. У лютым Міхала адправілі ў Вільню, але да апошняга ён ні ў чым не прызнаўся, толькі патрабуючы вочнай стаўкі з тымі, хто яго абвінавачваў. Пад свой кантроль яго ўзяў асабіста жандарм Лосеў. Пасля доўгіх, але няўдалых спроб угаварыць Аскерку прызнаць віну, ён так і не паддаўся. Таму яго вярнулі ў родны Магілёў. 4 мая, у Вялікую пятніцу, Мураўёў падпісаў загад аб яго растрэле. І ўжо 10 мая 1864 у 9 гадзін раніцы за турэмным замкам на вучэбным пляцы Аскерку растралялі.
У той жа дзень, вечарам, на просьбу сястры Міхала Канстанцыі прыйшло памілаванне. Але было позна…



[1] Мянушка Ільдэфонса Мілевіча

Комментарии