Апошні год
свайго жыцця Каліноўскі пражываў у Вільні пад рознымі прозвішчамі, сярод якіх былі
Хамовіч, Макарэвіч, затым Ігнацій Вітажэнец. Для кожнага з іх ён рыхтаваў
пэўную легенду. Так, у выпадку Вітажэнца – гэта шляхціч Віленскага ўезда, выхаванец
Віленскай гімназіі. Ва ўніверсітэце не вучыўся, з лета да кастрычніка 1863 года
знаходзіўся ў паўстанцкім атрадзе Віславуха, пасля чаго вярнуўся ў Вільню, дзе
наняў кватэру ў гімназіі. Займаўся “зборам гістарычных характараў Славянскіх
народнасцяў”.
Мэтаю
Каліноўскага, які заставаўся ў Вільні, нягледзячы на рэкамендацыі сяброў пакінуць
горад і выправіцца ў эміграцыю, з’яўлялася падтрыманне падпольнай арганізацыі і
замяшчэнне яе членаў, арыштаваных мураўёўскімі жандармамі, сярод якіх у ноч на
26 верасня 1863 года апынуўся яго сябар Ігнацій Здановіч. Адзін з арыштаваных
паплечнікаў Каліноўскага, цывільны начальнік Віленскага ваяводства Францішак
Канаплянскі 6 кастрычніка дае падрабязныя паказанні ў следчай камісіі пра
дзейнасць Каліноўскага як свайго непасрэднага кіраўніка.
КВАТЭРА № 16
У кастрычніку
Каліноўскі пад імем Вітажэнца жыве спачатку некалькі дзён у віленскай гасцініцы
Пузыны, а затым у сярэдзіне месяца здымае кватэру чыноўніка Жаброўскага (№16) у
“Гімназіяльным доме пры Замкавай вуліцы” (так званыя “Святаянскія муры”).
Канстанцін
Жаброўскі - чыноўнік Віленскай казённай палаты, 31 год, каталік, жанаты на Соф’і
Вейс, мае дачку 4х гадоў. Уражэнец Вількамірскага ўезда Ковенскай губерні,
навучэнец Слуцкай гімназіі. З 1855 года знаходзіўся Вільні, з 1861-га пражываў у
будынку гімназіі разам з цесцям Феліксам Вейсам, настаўнікам малявання ў
Віленскай гімназіі.
За прыватныя
заняткі пры Канцылярыіі Віленскай дырэкцыі вучылішч Жаброўскі замест грошай 29
верасня 1863 года атрымаў кватэру, якая складалася з двух пакояў. Паколькі
Жаброўскі жыў у цесця, то падаў аб’яву аб здачы кватэры. У палове кастрычніка
да яго з’явіўся Каліноўскі, які аглядзеў кватэру, прадставіўся Вітажэнцам, і вырашыў
яе наняць. Трохі пагандляваўшыся, ён вырашыў аплаціў кватэру на паўгады наперад,
заплаціўшы праз тры дні пасля іх першай сустрэчы 30 рублёў срэбрам. Пашпарт
Вітажэнца быў перададзены ўпраўляючаму дома Уладзіславу Станкевічу, які пасля
праверкі паліцыяй, вярнуў яго назад.
РАСКЛАД ДНЯ КАЛІНОЎСКАГА
Прыслугоўваў
Каліноўскаму дворнік Ігнацій Шоцік, казённы селянін Віленскага ўезда, 40 гадоў,
каталік, жанаты, які пяты год служыў пры Віленскай гімназіі. За сваю працу
Ігнацій ад Каліноўскага атрымоўваў 2 рублі срэбрам штомесяц.
Першапачаткова
кватэра Каліноўскага была без мэблі, таму, як паказаў Ігнацій, тая яму была
дастаўлена ад спадарыні Длускай, якая таксама жыла ў Святаянскіх мурах. Праз
пару тыдняў гэтую мэблю Длускай вярнулі, а замест яе ў габрэяў была набыта
іншуя.
У арганізацыі
жытла Каліноўскаму дапамагала паўстанцкая сувязная Караліна Яцына, пакараная
высылкай у Сібір. На наступны дзень пасля засялення Каліноўскага, яна прынесла
яму цёплую коўдру, а яшчэ праз дзень дзве шклянкі са сподачкам. Пасля гэтага
яна прыходзіла да Каліноўскага адзін-два разы на тыдзень і заўсёды каля 9
гадзін раніцы.
Каліноўскі
звычайна ўставаў каля 9 гадзін, і, напіўшыся гарбаты, у 10 гадзін накіроўваўся
з хаты па справах (у выпадку прыходу да яго спадарыні Яцыны, выходзіў пазней).
Вяртаўся амаль заўсёды ў 12 або пад абед. Напачатку 6-га вечара да яго ў пакой
дворнік Ігнацій прыносіў самавар. Пасля гарбаты, Каліноўскі зноў выходзіў з
кватэры і вяртаўся ў 8 або да паловы 9-й.
ПРАЦА Ў ВІЛЬНІ
Звычайна
Каліноўскі выпраўляўся ў госці да Ямантаў, дзе сустракаўся са сваімі сябрамі па
Віленскаму камітэту, і, у першую чаргу, каб пабачыцца са сваёй нарачонай
Марыляй Ямант, або заходзіў на кансіратыўныя кватэры, дзе пісаў лісты. 19
кастрычніка ён прызначыў свайго сябру і паплечніка па Літоўскаму камітэту Б.
Длускага ваенным камісарам Літвы і Беларусі за мяжою з правам распараджацца
замежным грашовым фондам віленскага паўстанцкага цэнтра.
У гэты час, 25
кастрычніка, на Гродзеншчыне царская паліцыя арыштоўвае Канстанціна
Хайноўскага, якога (за падабенства прозвішча) лічаць Каліноўскім, і выпраўляюць
таго ў Вільню. Але 27 кастрычніка, калі высветлілася памылка, з Вільні ў Гродна
губернатару Скварцову накіроўваюць сапраўдныя прыкметы Каліноўскага: “каля 30
гадоў, росту сярэдняга, мажны, цёмна-русы, твар вялікі, рысы грубаваты”.
Робіцца дапушчэне, што гэта менавіта той чалавек, які ў кастрычніку 186 года
раскідваў газету “Мужыцкая праўда” ў Слонімскім павеце. 30 кастрычніка Скварцоў
рассылае цыркуляр пра пошукі Каліноўскага па ўсёй Гродзенскай губерні. А ён у
гэты час жыве ў Вільні, і нават час ад часу наведваецца ў мясцовыя рэстарацыі,
напоўненыя царскімі шпікамі.
Антоні Мацкевіч |
3 лістапада па
прапанове Каліноўскага арганізатарам узброеных сіл і выконваючым абавязкі
ваеннага начальніка Ковенскага ваяводства прызначаецца ксёндз Антон Мацкевіч,
які ў хуткім часе быў схоплены і 16 снежня ў Коўна быў пакараны смерцю.
Каліноўскі
накіроўвае ўсе свае сілы на падрыхтоўку ўмоў для паўстання на вясну 1864 года: “Калі б мясцовыя ўмовы
прымусілі начальніка распусціць свій атрад, то салдатам выдаваць адпускныя
білеты, каб часовы роспуск атрада не меў выгляду канчатковага роспуску войскаў”.
Так, 4 снежня Каліноўскі адправіў Б. Длускаму за мяжу ліст з просьбай
распрацаваць і надрукаваць ваенныя статуты, а таксама арганізаваць зімой
ваенную школу.
У канцы
кастрычніка-пачатку снежня Каліноўскі начуе на канспіратыўнай кватэры на
Зарэчнай вуліцы, але дом неспадзявана акружылі паліцыянты і салдаты. Кастусь
выбраўся ў бялізне праз акно на пакрыты шыферам дах, і пакуль праводзіўся
вобыск, знаходзіўся там. Л. Радзевіч-Ямант успамінала: “Толькі такая маральная
і фізічная сіла, як у яго, здолела вытрымаць гэтае страшэннае выпрабаванне”.
5 снежня
царскія ўлады арыштавалі ў Коўна цывільнага начальніка Ковенскага ваяводства
Людвіга Дзічкоўскага, які паведаміў кіраўніку асобай камісіі палкоўніку
Шалгунову падрабязныя звесткі пра Віленскі паўстанцкі цэнтр, кіруючую ролю ў ім
Кастуся Каліноўскага і назваў дакладны адраз пражывання сакратара Каліноўскага
і яго блізкага сябры – Ціта Далеўскага (пражываў пад імем Парфіяновіча),
арыштаванага 8 снежня на кватэры ўдавы паэта Сыракомлі на вуліцы Рудніцкай.
Ціт Далеўскі (1840-1863) |
Царскія
жандармы ўсё бліжэй і бліжэй падыходзілі да Каліноўскага. У снежні Юзаф
Каліноўскі ў размове з Кастусём указваў на безнадзейнасць далейшай барацьбы і
на небяспечнасць яго становішча: “раіў паехаць самому з Вільні. Ён не згаджаўся
з маёй думкай і гаварыў, што абавязак, ускладзены і прыняты ім, пакінуць не
можа”. Не змянялі сітуацыю і пакаранні яго самых блізкіх сяброў: 21 снежня ў
Вільні на Лукішскай плошчы павешаны Ігнацій Здановіч, а 30 снежня тут жа быў
растраляны Ціт Далеўскі.
У канцы снежня
ў Коўна Каліноўскі з лістом адправіў Стэфанію Фальскую, якая была арыштавана і ў
прысутнасці палкоўніка Шалгунова паведаміла, што ведае Каліноўскага пад
прозвішчам Макарэвіча. У гэты час, 25 снежня Каліноўскі сустракаецца на кватэры
Ямантаў з Вітольдам Парфіяновічам і запрашае таго да сябе на кватэру ў
Святаянскія муры – гэта была вялікая памылка, якая каштавала Кастусю жыцця.
Жандармы падбіраюцца ўсё бліжэй, а ён у гэты час яшчэ апантанна працуе,
намагаючыся арганізаваць выданне за мяжой газеты“Głos z Litwy”,
першы нумар якой пабачыў свет 20 студзеня ў Кёнігсбергу.
21 студзеня
Каліноўскаму споўнілася 26 гадоў. Ці светкаваў ён гэты апошні свой дзень
народзінаў?
Праз тыдзень,
у ноч на 29 студзеня пасля паказанняў Парфіяновіча пра месцазнаходжання
Каліноўскага, увесь Святаянскі квартал Вільні быў акружаны двума ротамі царскіх
салдат. Кастуся схапілі на лесвіцы напаўапранутага, са знічкай у руках, пасля
названага ім прозвішча “Вітажэнец”. Яго даставілі ў Дамініканскі будынак, дзе
засядала Асобная следчая камісія пад старшынствам палкоўніка Шалгунова.
Кастусю
Каліноўскаму заставалася жыць меньш двух месяцаў.
Комментарии
Отправить комментарий