У. Перцаў (1877-1960) |
У студзені 1944 года ў грамадска-палітычным літаратурным
часопісе «Беларусь» (№ 2, с. 22-25) быў надрукаваны артыкул акадэміка У.
Перцава, прысвечаны асобе Кастуся Каліноўскага. І хоць гэты тэкст насіў штамп
дзяржаўнай класавай ідэалогіі ды меў шэраг факталагічных памылак, фактычна ім
распачыналася праца па ўвядзенні імя Каліноўскага ў кантэкст Айчыннай гісторыі
ў новым яго вымярэнні (аб чым сведчыць пачатак артыкула, які на дзесяцігоддзе
стаў праграмным).
Сам вобраз Кастуся Каліноўскага, які ўжо праявіў сябе ў
значэнні нацыянальнага героя ва ўмовах змагання беларусаў за свае правы ў
Заходняй Беларусі, паказаў сваю актуальнасць і падчас барацьбы з нямецка-фашысцкімі
захопнікамі (выкарыстоўваўся ў тэкстах вершаў, песень, назвах партызанскіх
злучэнняў).
Кастусь Каліноўскі быў сімбалем беларуса-змагара,
барацьбіта за правы роднага народа, які не спыняўся ні перад чым у дасягненні мэты.
Нават калі іншыя ішлі на здраду, каб захаваць жыццё, ён адправіўся на шыбеніцу
ў імя Радзімы, каб застацца верным да апошняга прынцыпам і будучыні свайго
беларускага народа.
Да таго ж увядзеннем Каліноўскага ў кантэкст гісторі
БССР, В.Перцаў праводзіў працу па барацьбе са спаўзаннем гэта імя ў
нацыяналістычны кантэкст, ажыцяўляемы на акупаваных фашыстамі землях Беларусі,
што пры падтрымцы немцаў было распачата яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны
(прыклад, Ляковский А.И. Литва и Белоруссия в восстании 1863 г . (по новым архивным
материалам). Berlin, 1939).
Разумеючы патэнцыял і значэнне Каліноўскага для гісторыі
Беларусі, В. Перцаў звярнуўся да яго асобы, выдаў некалькі артыкулаў і
паўплываў на станаўленне поглядаў гісторка А.Ф. Смірнова, аўтара шэрагу
біяграфій Каліноўскага на беларускай і рускай мовах.
Перцаў В., Кастусь Каліноўскі (Да васьмідзесяцігоддзя з дня смерці)
Кастусь Каліноўскі быў
самым яскравым, самым адданым і самым таленавітым дзеячом беларускага паўстання
ў часе польскай рэвалюцыі 1863 года. Ён аднолькава змагаўся і супроць царскай
Расіі і супроць панскай Польшчы і імкнуўся надаць рэвалюцыйнаму руху на
Беларусі самастойны – рэспубліканскі і дэмакратычна-рэспубліканскі характар,
спадзяючыся ў выніку рэвалюцыі стварыць на роднай беларускай зямлі свабодныя,
прасякнутыя духам дэмакратычнай роўнасці парадкі, пры якіх працоўным масам
жылося-б лёгка і радасна. Ён быў прыроджаным рэвалюцыянерам, які ні пры якіх
абставінах не хацеў крывіць душой, і праз усё сваё кароткае 26-цігадовае жыццё
ён пранёс сцяг рэвалюцыі чыстым і незаплямленным. Любоў да свабоды, нянавісць
да прывілегій і пагарда да прыгнёту і свавольства былі яго другой натурай, і
ўся кіпучая энергія яго маладой, смелай і чыстай душы была накіравана да адной
мэты – даць шчасце працоўным масам роднай зямлі, для чаго яе – гэтую зямлю, -
неабходна было вырваць з падпарадкавання і рускаму самаўладству, і польскаму
напоўфеадальнаму ладу. Яго жыццё, жыццё дробнага шляхціца са збяднелай сям’і –
было суцэльнай барацьбой, і да рэвалюцыі ён прыйшоў не як старонні наглядальнік
сучасных яму падзей, а як непасрэдны ўдзельнік іх, асабістае шчасце якога
злучалася з вызваленнем яго радзімы ад навісшага над ёю цяжару чыноўнічага
своевольства і памешчыцкага прыгнёту.
Кадр з фільма "Кастусь Каліноўскі, 1927 |
Ён
нарадзіўся 21 студзеня 1838 года ў фальварку Мастаўляны (па іншых звестках –
Якушоўкі), Гродзенскай губерні, у сям’і беднага шляхціча, які прайшоў цяжкую
школу барацьбы за існаванне і быў то дробным чыноўнікам, то прыказчыкам невялікай
ткацкай фабрыкі. На сабе самім Кастусь рана выпрабаваў нягоды лёсу. Пасля
сканчэння прагімназіі ў мястэчку Свіслач, ён паступіў спачатку ў Маскоўскі
ўніверсітэт, але хутка вымушаны быў пакінуць яго з-за сваіх рэвалюцыйных
поглядаў. Пасля гэтага ён пераехаў у Пецярбург і паступіў там на юрыдычны
факультэт. У студэнцкія гады ён зблізіўся, з аднаго боку, з рускімі
народніцкімі гурткамі, а з другога боку – з польскімі рэвалюцыйнымі
арганізацыямі. Гэта вызначыла ўсю яго будучую дзейнасць і накіравала яе на барацьбу:
па-першае – за шчасце “мужыка”, а па-другое – за палітычную свабоду. З гэтага
часу надзел сялян зямлёй і ўстанаўленне
свабоднага рэспубліканскага ладу на Беларусі зрабіліся мэтаю ўсёй яго
грамадска-палітычнай дзейнасці. На Беларусі ён увесь аддаецца дзейнасці
палітычных гурткоў, у якіх прымала гарачы ўдзел перадавая моладзь таго часу.
Адным з найбольш дзейных рэвалюцыйных гурткоў таго часу была так званая
“Пецярбургская рэвалюцыйная арганізацыя”, звязаная з “Цэнтральным народным
камітэтам”, які толькі што ўтварыўся ў Варшаве і падрыхтоўваў паўстанне ў
Польшчы.
У
гуртку бралі ўдзел будучыя польскія і беларускія рэвалюцыянеры. Яны чыталі
газету “Колокол”, што выдавалася ў Лондане і горача абмяркоўвалі артыкулы
Герцана і Бакуніна, якія друкаваліся ў ёй. На
Каліноўскага асабліва вялікае ўражанне зрабілі думкі Герцана, аб тым, як
павінна быць вырашана ў блізкім будучым польскае пытанне. У асноўным гэтыя
думкі зводзіліся да абароны двух
асноўных сцверджанняў: па-першае, польскае паўстанне павінна быць накіравана не
толкьі супроць польскага самаўладства, але і супроць польскіх і рускіх
памешчыкаў, якія звілі сабе гнёзды ў Польшчы, гэта значыць, яно павінна мець не
толькі палітычны, але і соцыяльны характар. Па-другое, было-б неправільна
ўключаць у склад незалежнай Польшчы Беларусь, Украіну і Літву, гэта значыць,
аднаўляць Польшчу ў межах да 1772 года, як на гэтым настайвала правая партыя
(так званыя, “белыя”) у польскім “Цэнтральныс народным камітэце” – бо гэта
азначала-б падначаленне беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў чужой ім уладзе.
Каліноўскі ўсімі сіламі сваёй душы стаў на пункт гледжання гэтых герцанаўскіх
перакананняў. У хуткім часе ў Вільні ўтварыўся “Літоўскі камітэт”, як аддзел
варшаўскага “Цэнтральнага камітэта”. Вось ў гэты “Літоўскі камітэт” і быў
пасланы ў пачатку 1862 г. “Пецярбургскай рэвалюцыйнай арганізацыяй” Каліноўскі,
- які да гэтага часу скончыў універсітэт і атрымаў званне “кандыдата правоў”. У
“Літоўскім камітэце” – таксама, як і ў “Цэнтральным камітэце” ў Варшаве, ішла
гарачая барацьба паміж правай групай (“белымі”), якая хацела дабіцца вызвалення
Польшчы, галоўным чынам, з дапамогаю еўрапейскай дыпламатыі, і левымі (так
званым “чырвонымі”), якія былі схільны абаперціся на падтрымку мас, але не
хацелі да канца і паслядоўна праводзіць дэмакратычную і рэвалюцыйную праграму,
настойваючы на аднаўленні межаў 1772 года і згаджаючыся заплаціць выкуп
памешчыкам за зямлю, што адыйдзе ад іх у карысць сялян. Каліноўскі не толькі
далучыўся да “чырвоных”, але і пайшоў далей за іх, паслядоўна развіўшы асноўныя
прынцыпы рэвалюцыйна-дэмакратычнай праграмы. Увайшоўшы ў чырвоную групу
“Літоўскага камітэта”, ён не абмежаваўся адным кіраўніцтвам рэвалюцыйным рухам
зверху, а сам пайшоў у народныя масы. Спачатку ён едзе ў родную вёску Якушоўку,
але ўжо на другі дзень пасля з’яўлення ў ёй ён вымушаны быў уцякаць ад паліцыі,
пасланай яго арыштаваць. Некаторы час ён быў валасным пісарам у мястэчку
Свіслач (ці каля яго), а пасля, пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, пачаў жыць
вандроўным жыццём, хадзіў па Гародзеншчыне з вёскі ў вёску, прыслухоўваючыся да
таго, што гавораць у народзе, вядучы палітычную дзейнасць сярод сялян. Ён
выпускае адозвы да сялян на беларускай “мужыцкай” мове, у якіх выказвае думку,
што ў беларускіх сялян – два ворагі – польскае панства і рускае самаўладства. У
гутарках з лялянамі ён гаварыў: “Паўстанне павінна быць чыста мужыцкім; шляхта,
паколькі яна за мужыком не пойдзе, павінна загінуць”. Такім чынам у паўстанні, якое рыхтавалася, ён хацеў перанесці цэнтр
цяжару на ўдзел у ім мас, прапагандуючы сярод іх ідэю ўзброенага паўстання.
Пры гэтым ён бачыў у сялянскіх і гарадскіх масах не толькі пасіўны натоўп,
абавязаны падпарадкавацца кіраўніцтву цэнтральнай рэвалюцыйнай улады. Ён
настайваў на ўвядзенні ў кіраўнічыя арганізацыі сялянскіх прадстаўнікоў і бачыў
у гэтым адзін з галоўных сродкаў для наладжвання моцных сувязей з масамі.
Комментарии
Отправить комментарий