У сувязі з падрыхтоўкай да святкавання
50-х угодкаў Студзеньскага паўстання ў 1913-м, польская супольнасць вяла актыўную працу
па выданню ўспамінаў вядомых удзельнікаў падзей 1863-1864 гг, сярод якіх
выдзяляліся мемуары Якуба Гейштара (1827-1897). Гейштар быў кіраўніком Аддзела
кіраўніцтва правінцыямі Літвы, лідарам "белых" і ідэйным праціўнікам
Кастуся Каліноўскага (Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857-1865. 2 t. Wilno,
1913). Важным элементам успамінаў Гейштара
зрабіліся дадаткі да іх, у большасці сваёй - бібліяграфічнага характару. Гэта
вынік працы некалькіх даследчыкаў, сярод якіх і Людвіг Чэрноўскі. Відавочна,
менавіта ён стаў аўтарам змешчанай тут даведкі на Кастуся Каліноўскага (T. 1. S. 370-371).
У
аснову даведкі, акрамя ўспамінаў Нікоціна і Масолава, ды артыкула Licza
(“Gazeta Wileńska”, 1906, № 17), былі пакладзеныя таксама лісты
сястры Каліноўскага Казіміры Багушэвічавай, ды спадарыні Марыі Плаўскай (апублікаваныя ў артыкуле Алеся Смаленчука «Асоба Кастуся Каліноўскага як
даследчая праблема» у зборніку «Кастусь Каліноўскі іяго эпоха ў дакументах ікультурнай традыцыі», 2011).
Якуб Гейштар
(1827-1897)
|
Канстанцін Вікенцій Каліноўскі – адзін з
самых дзейных удзельнікаў паўстанцкай арганізацыі ў Вільні, пра выключную ролю
якога неаднаразова ўзгадваюць дадзеныя ўспаміны. У нас атрымалася сабраць ад
сям’і наступныя дадзеныя пра яго.
Ён нарадзіўся 21 студзеня [па новым
стылі - 2 лютага - В.Г.] 1838 года ў
Мастаўлянах Ялоўскай парафіі Ваўкавыскага павету Гродзенскай губерні, бацька –
Сымон і маці – Вераніка з Рыбінскіх, са шляхты, якія мелі ў Якушоўцы ў 10
вёрстах ад Свіслачы (Ваўкавыскага павету) фабрыку ткацкіх вырабаў; таму таксама
К. Кал. раз ад разу называецца “сынам ткача”, хоць такое азначэнне даволі
павярхоўнае, бо, паводле інфармацыі, якую маем, Сымон Каліноўскі меў толькі
агульны нагляд над фабрыкаю і прафесійным ткачом не быў.
Пасля заканчэння пяці класаў прагімназіі
ў Свіслачы, К. Кал. падаўся да Пецярбурга. Тут яго забраў старэйшы брат Віктар
Кал., які на той час працаваў у Імператарскай Публічнай Бібліятэцы і пакінуў
шматлікія рукапісы, пазней прададзеныя за некалькі сотняў рублёў у Варшаве –
невядома каму. У Пецярбургу Канстанцін Кал., пасля адпаведнай падрыхтоўкі і
экзаменаў, паступіў у Пецярбургскі універсітэт і навучаўся як стыпендыят на
праўна-камеральным факультэце, які скончыў са ступенню кандыдата (ва ўспамінах
Гейштар называе яго “эксстудэнт Пецярбургскага ўніверсітэта”).
Перад паўстаннем ён прыбыў да краю,
зрабіўся разам з Эдмундам Вярыгаю, Янам Казелаю і іншымі (якіх імёны падаюцца
ва ўспамінах) адным з самых дзейных прадстаўнікоў "Камітэту руху". Ужо тады яго
шукала паліцыя, бо, калі праз два тыдні пасля смерці брата Віктара (які памёр
ад сухотаў у кастрычніку 1862 г.) прыбыў да дому да бацькоў на адзін дзень,
адразу ж пасля яго ад’езду прыбыла са Свіслачы паліцыя, якая распытвалася пра
яго.
Пасля аддзялення "Камітэту руху" (арганізацыя "чырвоных") з грамадзянскай арганізацыі ("белых") у "Аддзел кіраўніцтва
правінцыямі Літвы", быў Калін., як вынікае з успамінаў Гейштара, самым руплівым,
а адначасова самым радыкальна настроеным яго сябрам. Гэта ён стварыў
арганізацыю ў Гродне, ездзіў у Коўна, хацеў абудзіць народныя масы і выдаваў у
таемнай друкарні Нацыянальнага ўраду на беларускай мове газетку пад назваю
“Мужыцкая праўда” (якой некалькі нумароў – вельмі рэдкіх – мае музей графа
Мураўёва ў Вільні), а таксама адозвы на той жа мове, як, напрыклад, “Пісьмо ад
Яські Гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай”.
Акрамя ўсяго, гуляючы па-просту з
небяспекаю, будучы прысутным на амаль кожным смяротным пакаранні ў Вільні, з
пашпартам Вітольда Вітажэнца, пражываў ён у Свянтаянскіх мурах, дзейнічаў цягам
цэлага 1863-га году і быў напрыканцы, пасля выезду іншых на эміграцыю, арыштаў
і смяротных пакаранняў, адзіным прадстаўніком цэнтральнай паўстанцкай улады ў
Літве. Быў К. схоплены толькі ў студзені 1864 года, праз сведчанні
Парфіяновіча, зробленыя для Камісіі А.М. Лосева ў Мінску.
Пасля двухмесячнага даследавання ў
Следчай камісіі, у па-даніміканскіх мурах, дзе кіраваў генерал Сабалеўскі,
Каліноўскі быў пакараны праз павешанне 10/23 сакавіка 1864 года ва ўзросце 26
гадоў на Лукішскай плошчы, “несучы таямніцу сваіх дзеянняў разам з сабою ў
магілу. Пад шыбеніцай, падчас зачытвання прысуду, у якім ён быў названы
шляхцічам, выкрыкнуў: “шляхты няма, усе роўныя!” Гэта было апошняе пакаранне,
выкананае ў часы Мураўёва ў Вільні.
Тут варта адзначыць, што: 1) падвойнае
імя Каліноўскага (Канстанцін Вікенці, і імя брата – Віктар) дало падставы да
некалькіх баламуцтваў ва ўспамінах пра 1863 год, 2) Канстанцін Каліноўўскі не
мае нічога агульнага (акрамя прозвішча) з Юзафам, сынам дырэктара шляхецкага
інстытута, таксама актыўным ў арганізацыі ў Вільні (пра якога ніжэй).
Вышэй пададзеныя звесткі паходзяць: ад
сястры Канстанціна Каліноўскага, Казіміры Багушэвічавай, ад спадарыні Марыі
Плаўскай, а таксама з успамінаў Нікоціна, стр. 242-244. Таксама Licza “Gazeta
Wileńska” (1906, № 17).
Комментарии
Отправить комментарий