НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 7. Адмена прыгоннага права і сялянскі рух

Калі нічога не будзе да 19 лютага,
чэрнь з'явіцца да Зімовага палаца
з патрабаваннем вызвалення.
Вялікая княгіня Алена Паўлаўна ў лісце
да ваеннага міністра Д.А. Мілюціна

Аляксандр II, карыкатура з Vanity Fair
У гадавіну ўступлення  на трон 19 лютага (3 сакавіка па н.ст.) 1861 цар Аляксандр ІІ выдаў маніфест аб адмене прыгоннага права сялянства - адзін з яскравейшых прыкладаў ашуканства мільёнаў людзей.
Сяляне, якія фактычна знаходзіліся ў становішчы рабоў дзяржавы і памешчыкаў цяпер, па царскаму маніфесту, з “прыгонных” ператвараліся на “часоваабавязаных”. Фармальна яны атрымоўвалі АСАБІСТУЮ СВАБОДУ з правам уласнасці на свае хаты, гаспадарчыя пабудовы, рухомую маёмасць, але БЕЗ ПРАВА НА ЗЯМЛЮ. Зямля заставалася ва ўласнасці паноў, прычым за яе карыстанне (вырошчванне харчавання, выпас свойскай жывёлы, вырубванне лесу) сяляне павінны працягваць выконваць баршчыну, адпрацоўваючы на зямлі пана, ці плаціць чынш. І не мелі права адмовіцца ад зямлі 49 гадоў. Сяляне таксама атрымоўвалі магчымасць выкупіць зямлю ў паноў або адмовіцца ад права яе выкупу. Да таго ж дзяржава выступіла сапраўдным абаронцам менавіта памешчыкаў, прадаставіўшы тым гарантыі выплочвання грошай за зямлю замест сялянаў, якія цяпер павінны былі выплочваць грошы дзяржаве.
Б.М. Кустадзіеў, Вызваленне сялян. Чытанне маніфеста
У разуменні селяніна сапраўдная воля - гэта валоданне сваім кавалкам зямлі. А што такое "асабістая воля", для яго заставалася цёмным лесам, паняццем незразумелым і, відавочна, што ўспрымалася як адкрытае махлярства, спроба з боку памешчыкаў прыхаваць сапраўдную волю, гарантаваную добрым "царом-бацюшкам". Імперыя, якая існавала за кошт рымскага прынцыпа "падзяляй і ўладар", ва ўмовах Беларусі і Літвы знайшла выдатную глебу для яго культывавання, гуляючы на павелічэнні ўзроўню варожасці паміж памешчыкам і сялянамі.
Гэтаму садзейнічала і сквапнасць і карыслівасць многіх прадстаўнікоў землеўладальнікаў, якія, ведаючы пра будучую адмену прыгону, адабралі ў сялян ўрадлівую зямлю, замяніўшы тую “пясочкам”. Забіраліся лясы, сенакосы, палі. Памешчыкі Беларусі забралі ў сялян напярэдадні рэформы трэць зямлі, якой тыя да таго карысталіся. Як заўважыў гісторык Смірноў: сялян вызвалялі не ад прыгнёту памешчыкаў, а ад хлеба і зямлі.

Сяляне атрымоўвалі свабоду, якой не мелі магчымасці карыстацца, і вымушаныя былі ісці зноў да таго ж пана, каб прасіць у яго ласку на валоданне кавалкам зямлі. Расейскія ўлады разумелі, што абвяшчэнне маніфеста прывядзе да ўсплёску выступленняў сялян, якія і так пасля Крымскай вайны нарошчвалі тэмп хваляванняў. У сувязі з гэтым зачытванне маніфеста ў розных раёнах Імперыі праводзілася ў розны час: у Беларусі і Літве 8-12 сакавіка (па ст. ст.). "В четверг 9 марта в Минске читали манифест. Сотские и десятские сгоняли в собор с улиц мужиков, продававших дрова... Собранные мужыки слушали, слушали и, прослушав, сказали: "Провались вы с вашей вольной. Паны подкупили и не дают еще настоящей". Неудовольствие мужиков большое, в особенности к помещикам..."
Улады ў красавіку 1861 спешна канфіскоўваюць у сялян паляўнічыя стрэльбы, а па вёсках размяшчаюць казацкія пасты.
У Беларусь былі перакінутыя дадаткова 12 батальёнаў. Так Стараінгерманландскі полк, які 3 траўня 1863 будзе ўдзельнічаць у Мілавідскай бітве, у красавіку 1861-га засвяціўся задушэннем выступленняў сялян у ваколіцах Дзятлава. Самыя значныя выступленні, падчас якіх сяляне адмаўляліся ад адпрацоўкі павіннасцяў, праходзілі ў маёнтку Заблудава, Іўі, Лыскаве. І нягледзячы на тое, што яны праходзілі ў форме непадпарадкавання, без прымянення сялянамі сілы, расейскія войскі іх жорстка задушылі. Адзін з памешчыкаў пісаў на гэты конт свайму сябру: "Дай бог здоровья нашим начальникам губернии Назимову и Похвистневу, что строго принялись за усмирение бунтов, а иначе, если б они показали слабость, то дело дошло бы и до наших шей! Что будет с нашими доходами?"
Прыклад афіцыйнай прапаганды аб адмене прыгону
У Ашмянскім уездзе ў непадпарадкаванні памешчыкам удзельнічалі каля 10 тысяч сялян. Цэнтрам хваляванняў стала мястэчка Іўе, дзе 4 тысячы чалавек на чале з сялянамі Сямёнам Полкам і Іосіфам Гарбачом адчулі на сабе сілу расейскага штыка: "При попытке, по приказанию члена губернского присутствия, пехоты взять главных зачинщиков, толпа бросилась на штыки конвоя...".  Карны атрад паруччыка графа Тышкевіча патапіў выступленне ў крыві. Такая ж сітуацыя здарылася і ў маёнтках Зальмуйжа і Людвіямпаль Віцебскай губерні, дзе тысячы сялян аказалі супраціўленне расейскаму войску. Самыя жорсткія катаванні і здзекі прымяняліся ў адносінах кіраўнікоў сялян.
Аднак гэтыя падзеі вымушалі расейскі ўрад ісці на саступкі, абмежаваўшы колькасць павіннасцяў на карысць памешчыкаў.
У 1862 сялянскі рух набывае новы накірунак - байкот міравых пасроднікаў і адмова падпісваць устаўныя граматы, па якіх сяляне прызнавалі сваё "часоваабавязанае" становішча, выступы супраць перасяленняў з адвеку адпрацоўваемай імі зямлі ("бацькаўшчыны") на новыя месцы, меньш урадлівыя. Сяляне ў спадзяванні на добрага "цара" завальваюць дзяржаўныя ўстановы скаргамі, як у выпадку Дабрамысельскай воласці Слонімскага ўезда: сяляне памешчыка Керсноўскага вёсак Млавіцы, Кулькі і Скарышкі былі пазбаўлены "бацькаўшчыны", адмовіліся падпісваць устаўныя граматы і скардзіліся губернатару на памешчыка ды расейскіх чыноўнікаў. Такія скаргі сяляне вёсак амаль 2 гады падавалі на імя губернатара, але адказу і дапамогі не атрымоўвалі. Таму не дзіва, што вясною 1863-га многія сяляне вёсак Млавіцы, Кулькі і Скарышкі пайшлі ў паўстанцы.
Кіраўнік 4-ай акругі корпуса жандармаў Гільдэбрант пасля інспекцыі края напрыканцы 1862-га, асабіста пераканаўся, што ўвядзенне ўстаўных грамат натыкнулася "на упорное сопротивление со стороны крестьян..., грамоты вводятся большей частью принудительно и крестьяне, как и везде, остаются при надежде, что весной будущего года им будет отдана земля даром...". Аднак вясною 1863-га года спадзяванні сялян не спраўдзіліся.

Комментарии

  1. Прощай, немытая Россия,
    Страна рабов, страна господ,
    И вы, мундиры голубые,
    И ты, им преданный народ.

    5 Быть может, за стеной Кавказа
    Сокроюсь от твоих пашей,
    От их всевидящего глаза,
    От их всеслышащих ушей.

    1841?

    ОтветитьУдалить

Отправить комментарий