НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 2. "Вельмі часта саджаю іх без найменшай віны..." (Міхаіл Мураўёў)

Спакойным мяккім голасам і з добразычлівай усмешкай на твары ў прыватнай размове з князем Чаркаскім Міхаіл Мураўёў гаварыў пра падазраваных ва ўдзеле ў паўстанні 1863-1864: “Вельмі часта саджаю іх без найменшай віны, нават падазрэння няма, ану ў такім выпадку я заўжды вырашаю: няхай пасядзіць трохі даўжэй пад замком, быць можа, што-небудзь знойдзецца. І што Вы думаеце! Быў такі шчаслівы, што заўсёды нешта на рахунак майго самотніка знаходзілася. Ну тады падавай мне яго сюды!”.
А. Казакевіч, Новы таварыш
Поўны тытул Міхаіла Мураўёва з траўня 1863, калі ён выехаў у Вільню для падаўлення другога па ліку паўстання ў тутэйшым краі гучаў як Віленскі ваенны, Ковенскі, Гродзенскі і Мінскі генерал-губернатар з падпарадкаваннем Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Камандуючы войскамі, ва ўсіх яго губернях размешчанымі, з правамі і ўладаю камандзіра асобнага корпуса на ваенны час”. І менавіта гэты чалавек зацвярджаў смяротныя прысуды, пазбаўленне званняў і грамадзянскіх правоў як для паўстанцаў, так і тых, каго ўлада такімі палічыла. Таксама ён меў права дараваць вінаватым і змяншаць пакаранне, накладзенае судом. Ступень пакарання паўстанцаў вызначалі таксама кіраўнікі губерняў. Але менавіта праз рукі Мураўёва прайшлі лёсы амаль усіх прызнаных удзельнікамі Паўстання 1863-1864 у Беларусі і Літве. Гэта патрабавала вялікіх высілкаў, што ў выніку падарвала яго здароўе і ў кастрычніку 1896-га ён памёр. Аляксандр Герцэн аб гэтай падзеі сказаў проста і ёміста: "Задохнулся отвалившийся от груди России вампир".

Аднак рэпрэсіўная сістэма, усталяваная Мураўёвым ў Беларусі, да сённяшняга часу застаецца прыкладам беспраўнага стаўлення і ганебнага ўспрымання каштоўнасці чалавечага жыцця і самой праўды. У прыняцці рашэнняў як пакараць таго ці іншага чалавека справядлівасць не мела ніякага значэння. Галоўнае імкненне - насадзіць у людскіх галовах мясцовага насельніцтва парасткі страху: даносамі, пільнымі ператрусамі, арыштамі за драбнюткую праяву нелаяльнасці, прывядзеннем смяротных пакаранняў, высылкамі за межы краю, канфіскацыямі маёмасці. Нават за кавалак хлеба паўстанцу, тым больш прытулак або, самае горшае - паведамленнем пра перамяшчэнні расейскіх войскаў, можна было атрымаць грашовы штраф, патрапіць у арыштанцкія роты, або адправіцца таптаць ногі ў Сібір.
Я. Мальчэўскі, Смерць выгнанкі
“Істотным элементам вайскова-рэпрэсіўнай сістэмы на землях Беларусі гэтага часу", як адзначае гісторык Алесь Радзюк, з'яўляліся ўездныя следчыя камісіі. Яны выконвалі ўсю чарнавую працу пры першапачатковым разглядзе спраў схопленых паўстанцаў і спачуваючых ім. Яны ж прымалі рашэнне аб вінаватасці або невінаватасці чалавека. А таксама нападставе паказанняў выяўлялі іншых асоб, якія мелі дачыненне да паўстання.
Аднак звычайна ў гэтых установах панавала некампетэнтнасць у выкананні сваіх абавязкаў. У якасці прыкладу варта прывесці словы жандармскага афіцэра, адрасаваныя Гродзенскаму генерал-губернатару, аб стане спраў у Брэсцкай следчай па палітычных справах камісіі [НАРБ у Гродна, Ф.1, Воп., 34, Спр. 170, арк. 100]: "Состав же следственной по политическим делам комиссии в крепости Брест Литовске, считаю очень неудовлетворительным: презус комиссии выслужился из нижних чинов и, говорят, безграмотный. Два асессора люди совершенно неопытные по следственным делам, тем более по политическим, расследование которых требует более осмотрительности и соображения с данными, на основании которых обвиняются личности; исправляющий должность аудитора, офицер из полка, в котором нельзя предполагать знание всех законов Гражданских в такой степени, что бы он безошибочно их применял бы при производстве следствия над обвиняемыми и потому от подобных лиц составленная следственная комиссия очень легко по неопытности и незнанию своего дела, может упускать виновного от заслуженного наказания, а невинного подвергать незаслуженному наказанию". 
У. Бакаловіч, Рэвізія
Расейскія ваенныя суды сталі прыкладам выключнага бяспраўя. Паказанні вымагаліся інквізіцыйнымі сродкамі. Але непасрэдна праз фізічныя катаванні яны выбіваліся рэдка. Часцей практыкавалася ўвядзенне ў зман у адносінах лёсу блізкіх і родных людзей, падсоўванне фальшывых сведчанняў таварышаў. Стваралася атмасфера, што следчым усё вядома. Прымяняліся нават “сяброўскія” размовы. Адной з яскравых постацяў мураўёўскага жандарма з’яўляецца  Лосеў, пра якога сакратар Міхаіла Мураўёва Масолаў успамінаў: “Слёзы, спачування, гарачая зычлівасць, пацалункі – вось сродкі А.М. Лосева. Памятаю адно яго выказванне пасля допытаў упартага мяцежніка: “Шэсць разоў яго пацалаваў, і які – ані слова мне не сказаў”.
Таксама практыкаваўся такі метад, як выдзяленне з ліку абвінавачаных найбольш слабейшага і ўздзеянне на яго рознымі захадамі і сродкамі. Менавіта гэта зрабіў Лосеў з сябрам менскай арганізацыі Вітольдам Парфіяновічам, які здаў расейскаму жандарму свайго сябру Кастуся Каліноўскага.
Такім чынам, ад самай нізкай ступені - уездных следчых камісій, да вышэйшай асобы - Міхаіла Мураўёва, у адносінах абвінавачаных ва ўдзеле ў Паўстанні і супрацоўніцтве з яго ўдзельнікамі нельга было разлічваць на справядлівае стаўленне пры разглядзе судовых справаў. Мэтаю расейскай рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі было максімальна хуткае "супакойванне" краю, пры дасягненні якой інтарэсы асобы не мелі шанца быць улічанымі. Сёння немагчыма падлічыць дакладную лічбу тых, каго з больш чым 12 тысяч мясцовых жыхароў пакаралі несправядліва. Аднак той узровень бяспраўя, які панаваў пры разглядзе іх справаў мог прывесці да таго, што лік у дадзеным выпадку ішоў нават не на сотні, а на тысячы.

Комментарии