НЕВЯДОМАЕ ПАЎСТАННЕ 1863. Частка 16. Барацьба за Ашмянскі павет

Ашмяны праславілі сябе яшчэ ў паўстанні 1830-1831, калі яго жыхары вызваліліся з-пад расейскай улады, за што царскія войскі паселішча спалілі, а каля 500 яго насельнікаў  выразалі ў дамініканскім касцёле падчас набажэнства. У 1863 годзе за гэты павет, у сувязі з яго важным стратэгічным размяшчэннем, разгарнулася інтэнсіўная барацьба.
Ніжэй змяшчаю перакладзены ўрывак з кніжкі Анны Кжышоўскай, выдадзенай у Вільні з нагоды 70-й гадавіны паўстання і прысвечаны падзеям на Ашмяншчыне.
Паўстанцы 1863-га
Перадпаўстанцкія дэманстрацыі адбываліся таксама ў Ашмянскім уездзе. У Гальшанах ксёндз Жабо настройваў народ патрыятычнымі казаннямі, прызываў парафіян да спявання нацыянальных гімнаў і распаўсюджваў паміж людзьмі брашуры “Гаворка старога дзеда”. Распачатае следства не дало вынікаў, дзякуючы станоўчым адносінам жыхароў да ксяндза.
Зыгмунт Мінейка
(1840-1925)
Самыя Ашмяны, памятаючы свой лёс у 1830 і 1831 гг., удзел у дэманстрацыях не бралі. У той жа час у Ашмянах, падобна як у Свянцянах і Вільні, адбываліся таемныя сходы так званых пянтковічаў – універсітэцкай моладзі, якая мела на мэце збліжэнне пана і селяніна. Акрамя моладзі ў сходах бралі ўдзел ўладальнікі зямлі, гараджане намагаліся наблізіцца да вяскоўцаў і праводзіць сярод іх агітацыю наконт падзелаў і расейскай палітыкі падвойных стандартаў. У Ашмянскім уездзе агітацыйную дзейнасць сярод сялян праводзіў Зыгмунт Мінейка – кадэт інжынернай школы, пазнейшы ваенны начальнік таго ж уезду. Прыязджаючы на канікулы да мацяры, ён апранаўся ў сялянскую вопратку і, як селянін, хадзіў сярод сялян.
Аднак на пачатку паўстання, калі на тэрыторыі гэтага ўезда распачаў дзейнасць прыбылы з Свянцянскага атрад, ашмянскае насельніцтва не было дастаткова падрыхтаванае да ўзняцця зброі. Гэты атрад быў створаны ў Жэляндзіне, збіраючы грамадкі па дарозе з Вільні, Свянцян, Міхалішак, накіраваўся дарогаю на Ігналін (Ігналіна), Падбродзе, каля Варнян, побач Жэйміраў ў ваколіцы Смаргоні. У Даўкшыскіх лясах паміж Герсвятамі і Соламі адбылася сутычка паўстанцкага атрада з пераследуючай іх калоннай маскоўскіх войскаў. Паўстанцы, згубіўшы толькі аднаго забітага, паспяхова адступілі і рушылі далей на Смаргоні. Віславух і Бухавецкі прыбылі ў Ашмянскі ўезд з намерам ўзмацніць свой атрад, аднак, не знайшоўшы тут падтрымкі і падрыхтоўкі, на якую спадзяваліся вымушаныя былі распусціць свой атрад.

Блаславенне дабраахвотнікаў
У першыя месяцы паўстання спрабаваў стварыць у Ашмянскім ўездзе вялікі атрад Алізар Навакоўскі. Аб’яднаў ён у ім Хадзькоў, Яманта, Бакштанскага і іншых і накіраваўся са сваім атрадам, называным “атрадам Бакштанскага”, да Вілейскага ўезда. Праз Аборэк, Бярэзаўцы, Докшыцы, Ларочын, Гродэк дайшоў ён да Свечак, дзе атрад з 20 чалавек быў разбіты маскоўскім войскам, наведзеным сялянамі.
19 красавіка ў Ашмянскім уездзе мела месца яшчэ адна сутычка – пад Налібокамі. Тут сабраліся з розных уездаў некалькі атрадаў, якія агулам налічвалі каля 150 чалавек. Маскоўскія войскі, наведзеныя праз урадавага лесніка, ударылі на паўстанцаў, якія недасведчаныя ў вайсковай справе, рушылі наперад, але пад градам карабінных куль разбегліся, пакінуўшы пасля сябе 20 забітых і 5 трапіўшых у палон, над якімі здзейснены жудасныя катаванні. Сяляне дапамаглі расейцам злавіць яшчэ 30 паўстанцаў. Ксёндз Лашкевіч з рэшткамі паўстанцаў накіраваўся ў Гродзенскі ўезд.
Даволі позна, толькі напрыканцы мая, Літоўскі аддзел прызначыў вайсковым кіраўніком Ашмянскага паўстання Зыгмунта Мінейку (грамадзянскім начальнікам тут быў доктар Шышла). Першым заданнем Мінейкі было злучэнне ў адзін атрад дробных партызанскіх адзінак, часам нават толькі па пару чалавек, якія ствараліся ў Ашмянах, Мурванай Ашмянцы, Смаргоні, Клеях, Гальшанах, Валожыне, Крэве.
Мінейка прызначыў месца збору недалёка ад дарогі, якая вяла з Вішнева на Магенцы і, да свайго расчаравання, сустрэў тут толькі 4-х чалавек. На наступны дзень каля мястэчка Лоска знайшоў ён 8 дабраахвотнікаў – сярод іх і гімназістаў. 4 чэрвеня да яго далучыўся атрад з каля 20 паўстанцаў з Мураванай Ашмянкі, з Клей і іншых мясцовасцяў пад кіраўніцтвам Чарноцкага.
Цяпер Мінейка накіраваўся са сваім атрадам у бок Вішнёўскай пушчы, павялічваючы яго па дарозе некалькімі новымі дабраахвотнікамі. Ён затрымаўся, каб папрактыкаваць свой атрад у валоданні зброяй, на левым беразе ракі Гарты, скуль рушыў праз Барсуковую Граду ў бок Букатава. Перайшоў далей раку Бярэзіну і ў Лавінскіх лясах злучыўся са смаргонскім атрадам (45 чалавек), прыведзеным Ясевічам і Струтынскім.
Цяпер свой атрад, які налічваў больш 70 паўстанцаў ён арганізаваў, падзяліўшы на 4 часткі, кожнай з якіх прызначыў кіраўніка. А, даведаўшыся, што яго шукаюць расейцы, расалішскімі лясамі дайшоў да ракі Іслач. Тут, не ведаючы апошніх навінаў і не маючы харчу, пайшоў з атрадам да Расалішак, найбліжэйшай вёскі, па ежу.
Вяскоўцы ахвотна частавалі паўстанцаў хлебам, сырам і малаком. Мінейка зачытаў сялянам маніфест і абавязаў тых прысягаю да захавання таямніцы перад расейцамі аб іх прыбыванні ў вёсцы. У лагеры панаваў станоўчы настрой. З-пад Расалішак атрад Мінейкі перайшоў раку Іслач і, калі недалёка ад Расалішак пераправіліся праз балоты, былі дагнаныя расейскімі войскамі пад кіраўніцтвам капітана Юзэфовіча. Пасля першага ж трапнага стрэлу ў аднаго з забітых паўстанцаў, недасведчаныя дабрахвотнікі далі драпака, не рэагуючы на загады кіраўніка атрада Мінейкі (16.6).
Мінейка, пакінуты паўстанцамі, трапіў у рукі расейцаў. Смяротнае пакаранне было пазбегнута за кошт багатага выкупу з заменаю пакарання на 12 гадоў цяжкіх прац ў капальнях Сібіры і пазбаўленне правоў.
Урад Мураўёва не дазволіў пасля разбіцця атрада Мінейкі зарганізаваць новы, больш значыны атрад у Ашмянскім уездзе. Наступнікам Мінейкі Літоўскі аддзел прызначыў Густава Чаховіча, які дзейнічаў перад гэтым на тэрыторыі Свянцянскага ўезду. Чаховіч 29-30.7 злучыўся ў Ашмянскім уездзе каля Крэва-Баруноў з атрадам Караля Ясевіча, які налічваў 80 чалавек, пасля чаго Густаў Чаховіч перайшоў у Свянцянскі ўезд. Пасля бітвы пад Дубнікамі, дзе 28.8 загінуў Ясевіч, Густаў Чаховіч вярнуўся да Ашмянскага ўезда і, верагодней за ўсё, яго атрад здзейсніў невялікую сутычку з расейцамі 1.9 каля Баруноў са стратаю некалькіх параненых і забітых з боку расейцаў.
У сувязі са згасаннем паўстання ў Літве, пасля бітвы пад Клявіцамі, Густаў Чаховіч, бачачы бязмэтнасць далейшай барацьбы, частку атрада распусціў, а з большасцю (35) дабраахвотнікаў перайшоў у Аўгустоўскі ўезд.
Расейцы жорстка помсцілі схопленым са зброяю дабраахвотнікам. Асабліва з групы паўстанцаў, якія ўзялі ўдзел у забойстве “аднадворца” – Яна Насевіча – шасцёра былі павешаныя або растраляныя. Гэта былі: Аляксандровіч Францішак павешаны ў Ашмянах, Апановіч павешаны ў Смаргонях, Ласінскі Вінцэнт растраляны ў Альшанах, Мацкевіч Прат. растраляны ў Ашмянах (15.11). Снадзкі Адрыян растраляны (17.8), Станевіч Эдвард павешаны (6.11) у Альшанах на гандлёвым рынку.

Урывак з кніжкі: Anna Krzyszowska, Powstanie styczniowe na Wileńszczyźnie. - Wilno, 1934.

Комментарии